Барыс ТАРЛЕЦКI: «Не там мала карупцыянераў, дзе iх ловяць за руку, а там — дзе людзi не даюць хабар»
Мікола ДЗЯБЁЛА
На пытаннi аглядальнiка «Звязды» адказвае намеснiк Генеральнага пракурора Беларусi Барыс ТАРЛЕЦКI. — Сапраўды, летась у Беларусi было зарэгiстравана 3387 злачынстваў, звязаных з карупцыяй. Гэта на 18 працэнтаў менш, чым у 2005 годзе. I такi вынiк зусiм заканамерны. Бо процiдзеянне карупцыi — адзiн з прыярытэтаў палiтыкi нашай дзяржавы. Парламентам летась быў прыняты новы Закон «Аб барацьбе з карупцыяй». Вялiкую ўвагу гэтай праблеме ўдзяляе i Прэзiдэнт Беларусi, якi прыняў шэраг вельмi важных захадаў для выкаранення карупцыi. Так, напрыклад, пры Савеце бяспекi дзейнiчае Мiжведамасная камiсiя па барацьбе са злачыннасцю, карупцыяй i наркаманiяй, створаная паводле ўказа кiраўнiка дзяржавы. Неўзабаве Прэзiдэнтам будзе зацверджана чарговая Дзяржаўная праграма па процiдзеянню карупцыi. Словам, карупцыя ў нашай краiне не набыла такога размаху, каб уяўляць пагрозу для далейшага развiцця дзяржавы. Аднак заспакойвацца рана. Кожны факт карупцыi, незалежна ад сумы хабару цi маштабу злоўжывання чыноўнiкам сваiм службовым становiшчам, наносiць даволi адчувальны ўдар па маральных i эканамiчных устоях нашага грамадства. Нiводзiн iнвестар нiколi не будзе ўкладваць грошы ў эканомiку краiны, дзе неабходна трацiць сродкi на подкуп чыноўнiкаў. Немалыя эканамiчныя страты нясуць ад карупцыi i шараговыя грамадзяне нашай краiны, бо ўсе выдаткi на подкуп чыноўнiкаў, у рэшце рэшт, закладваюцца ў сабекошт прадукцыi, тавараў цi паслуг. А самае страшнае, што прадажныя чыноўнiкi i казна-крады разбураюць веру людзей у справядлiвасць i давер грамадзян да сiстэмы ўлады. Нездарма ж, нават у краiнах, дзе вельмi нiзкi ўзровень карупцыi, гэтай праблеме тым не менш надаюць вельмi вялiкую ўвагу. Увогуле, карупцыя даўно пераўтварылася з лакальнай праблемы асобных дзяржаў у транснацыянальную злачынную з’яву, бо хабарнiкi i казнакрады звычайна iмкнуцца адмыць «брудныя» грошы за мяжой. — Як вы патлумачыце той факт, што паводле леташняга даследавання мiжнароднай арганiзацыi «Trаnsраrеnсу Intеrnаtiоnаl», праведзенага для 163 краiн свету, па «iндэксу ўспрыняцця карупцыi» Беларусь заняла 151 радок. З усiх постсавецкiх дзяржаў горшы паказчык мае толькi Узбекiстан. Адметна, што яшчэ пяць гадоў таму наша краiна прызнавалася «самай неспрыяльнай» у СНД тэрыторыяй для пражывання «прадажных чыноўнiкаў». — Я даволi скептычна стаўлюся да такога «рэйтынгу», бо давяраю толькi дакладным фактам i навуковым даследаванням. У Беларусi, на жаль, падобныя даследаваннi праводзяцца вельмi рэдка. А ў дадзеным выпадку не разумею, па якiх крытэрыях рабiлася ацэнка ўзроўню карумпаванасцi нашага грамадства. Невядома, як праводзiлiся адпаведныя «замеры» не толькi ў Беларусi, але i на ўсёй постсавецкай прасторы. Бо сярод краiн СНД толькi Казахстан заканадаўча вызначыў саставы злачынстваў, якiя маюць «статус карупцыйных». Калi ж няма дакладнай класiфiкацыi такiх парушэнняў закона, то можна па свайму жаданню i разуменню «жанглiраваць» лiчбамi i паняццямi. Увогуле, пры адсутнасцi правiльных методык i недасканалым заканадаўстве можна звесцi ўзровень карупцыi да нуля. Але каму ад гэтага будзе лягчэй. Праблема ўсё роўна застанецца. — Карупцыя бывае розных маштабаў i вiдаў. Цi ёсць у пракуратуры i iншых праваахоўных органаў прыярытэтныя накiрункi антыкарупцыйнай дзейнасцi? — Безумоўна, ёсць некалькi асноўных вектараў барацьбы з карупцыяй у нашай краiне. У першую чаргу мы звяртаем увагу на чысцiню чыноўнiкаў, якiя працуюць у органах улады кiравання. Менавiта па iх рабоце i паводзiнах людзi складаюць сваё меркаванне аб усёй сiстэме ўлады ў краiне. Да таго ж гэтыя людзi надзелены вялiкiмi паўнамоцтвамi. Яшчэ адным антыкарупцыйным прыярытэтам з’яўляецца барацьба з нядобрасумленнымi супрацоўнiкамi праваахоўных органаў. Наўрад цi варта падрабязна тлумачыць якую шкоду наносяць «пярэваратнi ў пагонах». Адметна, што кiраўнiцтва «сiлавых» структур разумее важнасць ачышчэння сваiх шэрагаў i не цырымонiцца з асобамi, якiя заплямiлi гонар мундзiра. I пасады ў праваахоўных органах нашай краiны не прадаюцца. Прыярытэтны накiрунак — эканомiка, асаблiва тыя галiны i прадпрыемствы, якiя прыносяць вялiкi прыбытак i ад якiх залежыць дабрабыт цэлых гарадоў i рэгiёнаў. I аддаваць такiя «смачныя кавалкi» на спажыву карупцыянераў нi ў якiм разе нельга. Зрэшты, i гэтак званая «бытавая карупцыя», дзе фiгуруюць звычайна мiзэрныя сумы хабару, наносiць немалы ўрон аўтарытэту ўлады, падрывае стабiльнасць у грамадстве. На барацьбу з праявамi такога вiду злачынстваў мы таксама пастаянна арыентуем праваахоўныя органы. — Якiя меры, на вашу думку, неабходна прыняць, каб прывiць супрацоўнiкам праваахоўных органаў iмунiтэт супраць хабарнiцтва? Магчыма, варта павысiць заробкi цi па прыкладу кiраўнiцтва Дзяржкамiтэта пагранiчных войскаў, варта ва ўсiх «сiлавых» структурах укаранiць сiстэму заахвочванняў за адмову ад хабару? — Я не падтрымлiваю такой практыкi. Увогуле лiчу, што з маральнага пункту гледжання зусiм няправiльна плацiць людзям у пагонах за сумленнасць. Яны ж прысягу давалi добрасумленна выконваць свае службовыя абавязкi. Заахвочваць людзей трэба за прафесiйна выкананую працу. Тое ж самае датычыцца i антыкарупцыйных мераў. Вядома ж, кожная службовая асоба павiнна атрымлiваць прыстойны заробак i мець належныя ўмовы для жыцця. Але гэта не панацэя ад карупцыi. Вельмi важна закласцi трывалы маральны падмурак у кожнага супрацоўнiка праваахоўных органаў. Таксама, я лiчу, многае залежыць ад кiраўнiкоў, якiя павiнны ведаць, чым займаецца кожны падначалены. Менавiта, неналежнае выкананне сваiх абавязкаў колiшнiм кiраўнiцтвам УУС Гомельскай вобласцi прывяло да таго, што ў рэгiёне доўгi час дзейнiчалi аж тры злачынныя арганiзацыi. Больш таго, i некаторыя супрацоўнiкi мiлiцыi, як кажуць, знаходзiлiся на ўтрыманнi ў бандытаў. — Цi лiчыце вы мэтазгодным пры прыёме на працу ў праваахоўныя органы правяраць кандыдатаў на адказныя пасады на «дэтэктары хлуснi», каб загадзя высветлiць яго схiльнасць да хабарнiцтва? — Нягледзячы на тое, што падчас працы ў сiстэме МУС я быў адным з iнiцыятараў прымянення палiграфа пры раскрыццi злачынстваў, наўрад цi гэты апарат засцеражэ ад пранiкнення ў шэрагi праваахоўных органаў нядобрасумленных людзей. Ёсць нямала спосабаў падману «дэтэктару хлуснi». Да таго ж iснуе верагоднасць памылкi, з-за якой можа пацярпець сумленны чалавек. — А якiя асноўныя фактары садзейнiчаюць праяўленню карупцыi ў нашай краiне? — Прычыны, якiя садзейнiчаюць карупцыi, я падзялiў бы на дзве асноўныя часткi. Першая — недасканаласць нарматыўна-прававой базы, якая рэгулюе ўзаемаадносiны ў эканомiцы i сацыяльнай сферы. Гэта дае магчымасць чыноўнiкам на сваю карысць тлумачыць парадак прымянення законаў, дэкрэтаў i ўказаў. Нядобрасумленныя чыноўнiкi вымушаюць людзей «блукаць па кабiнетах» i недвусэнсоўна намякаюць на хабар. У вынiку ўкаранення прынцыпу «аднаго акна» такiх бюракратычных бар’ераў становiцца менш. Калi гаварыць пра эканомiку, то аптымальным сродкам барацьбы з карупцыяй у гэтай сферы было б спрошчванне парадку лiцэнзавання, а ў некаторых выпадках i поўнай яго адмены, а таксама наладжванне празрыстай сiстэмы правядзення тэндараў. Тым самым у нядобрасумленных чыноўнiкаў не будзе магчымасцi злоўжываць сваiм службовым становiшчам. Другая частка «карупцыйных умоў» — чалавечы фактар. Нават пры самым дасканалым заканадаўстве нядобрасумленны чыноўнiк знойдзе зачэпку, каб патрабаваць хабар. Таму немалаважная ўмова для перамогi над карупцыяй — фармiраванне ў людзей непрыняцця самой iдэi хабарнiцтва. Прасцей кажучы, кожны чалавек павінен жыць па прынцыпу: не браць і не даваць хабар. — Напрыканцы студзеня ўступiць у сiлу новы Закон «Аб барацьбе з карупцыяй». Якiм чынам гэта паўплывае на эфектыўнасць барацьбы з памянёным вiдам злачыннасцi? Цi аблегчыць ён працу антыкарупцыйных падраздзяленняў праваахоўных органаў? — «Антыкарупцыйнай працы» ў нас будзе значна больш і яна ўжо праводзіцца. Напрыклад, напрыканцы мінулага года па ініцыятыве Пракуратуры была праведзена канферэнцыя, падчас якой былі абмеркаваны самыя злабадзённыя праблемы барацьбы з карупцыяй. Адзначу, што памянёны закон у асноўным носiць сiстэмаўтвараль-ны характар i больш скiраваны на лiквiдацыю ўмоў для дзейнасцi карупцыянераў. У прыватнасцi, законам акрэслены дадатковыя аб-межаваннi для дзяржаўных службовых асоб i членаў iх сем’яў, пашыраны пералiк дзеянняў, якiя варта аднесцi да карупцыйных. Устаноўлена адказнасць службовых асоб за стварэнне ўмоў для дзейнасцi карупцыянераў. Увогуле прыняцце гэтага закона дасць магчымасць на заканадаўчым узроўнi стварыць у Беларусi адзiную сiстэму прадухiлення i спынення карупцыi. Напрыклад, на аснове iнфармацыi з iншых праваахоўных органаў у пракуратуры, на якую ўскладзены абавязкi па каардынацыi антыкарупцыйнай дзейнасцi, будзе створаны адзiны банк даных аб фактах хабарнiцтва, злоўжывання службовым становiшчам. Безумоўна, новы закон будзе спрыяць выкараненню карупцыi. Але трэба мець на ўвазе, што нiякае заканадаўства само па сабе не змагаецца са злачыннасцю. Вельмi многае залежыць не толькi ад супрацоўнiкаў праваахоўных органаў, але i ад усяго беларускага грамадства. Перафразуючы вядомае выслоўе, адзначу: не там мала карупцыянераў, дзе iх ловяць за руку, а там — дзе людзi не даюць хабар. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Барыс ТАРЛЕЦКI: «Не там мала карупцыянераў, дзе iх ловяць за руку, а там — дзе людзi не даюць хабар» На пытаннi аглядальнiка «Звязды» адказвае намеснiк Генеральнага пракурора Беларусi Барыс ТАРЛЕЦКI |
|