Зялёныя яблыкi — тайная зброя супраць зiмовага ўпадку сiл
Надзея НIКАЛАЕВА
Кожную зiму нам пачынае здавацца, што яна нiколi не скончыцца. А апошнiя гады надвор’е асаблiва любiць жартаваць: то замест хрышчэнскiх маразоў дожджык л’ецца за каўнер, то ў сярэдзiне красавiка зямлю пакрывае пушыстае снежнае покрыва, а то напрыканцы лiстапада над Беларуссю грымiць летняя навальнiца. Пакуль метэаролагi i клiматолагi шукаюць усiм «жартам» беларускага надвор’я нейкае лагiчнае тлумачэнне, большасць з нас па свайму ўласнаму стану здароўя (ногi «ломiць», суставы «круцiць») могуць амаль беспамылкова прадказаць, што будзе ў блiжэйшы час адбывацца з надвор’ем. Хоць, як сцвярджаюць медыкi, метэаадчувальнасць — гэта зусiм не асаблiвы дар прадбачання. Рэагаванне на зменлiвыя ўмовы надвор’я — гэта сiмптом, якi сiгналiзуе, што ў арганiзме не ўсё гладка: у здаровага чалавека арганiзм падстройваецца пад надвор’е хутка i непрыкметна. Аднак у кожнага трэцяга сучаснага чалавека з адаптацыяй узнiкаюць праблемы.
У нашых шыротах перажыць доўгiя зiмовыя месяцы, асаблiва пры адсутнасцi снегу, якi «ажыўляе» шэры пейзаж, вельмi праблематычна. Ужо ў сярэдзiне зiмы здаецца, што жыццёвая энергiя нас пакiдае. Для таго, каб зменшыць залежнасць ад карпрызаў надвор’я i дэфiцыту святла, трэба прытрымлiвацца наступных рэкамендацый. Па-першае, у любое надвор’е трэба выходзiць на вулiцу, каб падыхаць свежым паветрам. Асаблiва карысна рабiць гэта ў ранiшнiя гадзiны, калi ў паветры ўтрымлiваецца найбольшая колькасць бiялагiчна актыўнага кiслароду. Як мага больш хадзiце пехатою. Увогуле любая рухальная актыўнасць, нават хатняя ўборка цi мыццё падлогi, падбадзёрвае лепш, чым кубачак кавы. Здабываць жыццёвую энергiю дапамагаюць лёгкi бег (можна на трэнажоры), плаванне, аквааэробiка i ў-шу. А самым лепшым лячэбна-прафiлактычным сродкам лiчыцца лазня (зразумела, калi яна вам не процiпаказана). Нiдзе так, як у лазнi, сасуды не вучацца адэкватна i хутка рэагаваць на розныя тэмпературныя раздражняльнiкi. I людзi, якiя рэгулярна наведваюць лазню, як правiла, не адчуваюць змен у надвор’i. У хатнiх умовах можна практыкаваць кантрастны душ, якi таксама добра ўмацоўвае сасуды. Ранiцай кантраст тэмпературы можа складаць 10—12 градусаў, а завяршаць душ трэба халоднай вадой. Вечарам, наадварот, аблiванне завяршаецца цёплай вадой. Па-другое, неабходна падсiлкоўваць мозг сератанiнам, якi з’яўляецца рэгулятарам нашага настрою. Невыпадкова жанчыны iнтуiтыўна цягнуцца да ласункаў. З’едзенае пiрожнае тут жа ўзнагароджвае iх выкiдам сератанiну. Аднак трэба правiльна скласцi меню. Варта памятаць, што ёсць як карысныя, так i шкодныя вугляводы. Нават пры дэпрэсii ад рэгулярнага спажывання шакаладных цукерак цi булачак карысцi будзе менш, чым шкоды. Лепш аддаваць перавагу садавiне, крупам цi нават макароне з нятлустым соусам. Зялёныя яблыкi з кiславатым смакам дапамагаюць змагацца са стомленасцю, а бананы — з дрэнным настроем. На сняданак можна з’есцi макарону з сырам цi бутэрброд з варэннем. Вельмi важна дабаўляць у рацыён вiтамiны, асаблiва групы В: у гэтым плане вельмi карысны будзе чорны хлеб i хлеб з вотруб’ем. Па-трэцяе, з дэфiцытам святла трэба змагацца з дапамогай яркага штучнага асвятлення. Процiстаяць змрочнаму фону зiмовых месяцаў можна з дапамогай больш яркага адзення. Немалую ролю адыгрывае i гукавое суправаджэнне: часцей слухайце спакойную i светлую музыку. У абедзенны перапынак пастарайцеся выходзiць на вулiцу: нават у дажджлiвы цi снежны дзень iнтэнсiўнасць святла там у некалькi разоў вышэйшая, чым унутры памяшкання. З прыродных псiхастымулятараў медыкi раяць жэньшэнь, лiмоннiк i шыпшыну. Ранiцай можна выпiць адвар з шыпшыны, у абед — шклянку маркоўнага соку, а на ноч — рамонкавы чай. Яшчэ адна складовая дрэннага настрою i ўпадку сiл — гэта манатоннасць нашага жыцця. Рашуча ламайце зiмовую аднастайнасць дзён. Лепш за ўсё частку водпуску пакiдаць на зiмовы час. У крайнiм выпадку правядзiце блiжэйшы ўiк-энд не на канапе перад тэлевiзарам, а за горадам — на дачы з шашлычком цi ў кампанii з сябрамi...
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Кожную зiму нам пачынае здавацца, што яна нiколi не скончыцца. А апошнiя гады надвор’е асаблiва любiць жартаваць: то замест хрышчэнскiх маразоў дожджы |
|