Мiкалай ДАМАШКЕВIЧ: «Будзем выкарыстоўваць кожную магчымасць для атрымання таннай энергii»
Дзмiтрый АЛЬФЕР
У час сцюдзёных энергетычных вятроў на Мiншчыне была ўведзена ў эксплуатацыю чарговая, шостая па лiку, гiдраэлектрастанцыя. Мiнi-ГЭС размясцiлася ў басейне салiгорскага вадасховiшча, на левым беразе ракi Случ. Адкрыццё новай станцыi адбылося невыпадкова. Як паведамiў старшыня Мiнскага абласнога выканаўчага камiтэта Мiкалай Дамашкевiч, 15 працэнтаў энергii ў вобласцi ў будучым павiнны вырабляць менавiта гiдраэлектрастанцыi.
Салiгорскую ГЭС узводзiлi год, пачынаючы са снежня 2005-га. Кошт яе будаўнiцтва склаў 903 мiльёны рублёў i яшчэ 220 мiльёнаў выдаткавалi на набыццё абсталявання. Уся сiстэма механiзмаў цалкам працуе ў аўтаматычным рэжыме, такi ж прынцып прадугледжаны i пры спыненнi работы ў выпадку аварыi. Фактычна абслугоўваць ГЭС i назiраць за стабiльным яе функцыянаваннем будзе толькi адзiн чалавек. «Адказны» за стварэнне станцыi, генеральны дырэктар «Аб’яднання «Мiнскмелiяводгас» Мiкалай Грыцук расказаў карэспандэнту «Звязды», што за адзiн год салiгорская ГЭС будзе вырабляць 1 мiльён кiлават-гадзiн энергii. Гэтага хопiць, каб бясплатна асвятляць адну вялiкую вёску на 700 дамоў, або чатыры маленькiя населеныя пункты. — Раней вада скiдвалася з левага берагу салiгорскага водасховiшча i iшла прамым патокам, без карысцi для чалавека. Але мы паставiлi дзве турбiны агульнай магутнасцю у 150 кВт, вада зараз iдзе праз станцыю, i яе моц дапамагае выпрацоўваць святло, — растлумачыў прынцып дзеяння Мiкалай Грыцук, — Дарэчы, турбiны мы набылi айчыннай вытворчасцi. Тэрмiн акупляльнасцi мiнi-ГЭС — пяць—шэсць гадоў. Летась пяць гiдраэлектрастанцый выпрацавалi сукупна дзевяць з паловай мiльёнаў кiлават-гадзiн, i вось да iх далучылася шостая. На наступныя некалькi гадоў распрацаваны план па далейшаму з’яўленню аналагiчных станцый. Так, ужо вядома, што пачалася праца над яшчэ дзвюма станцыямi. Адна размесцiцца ў Валожынскiм раёне, другая, Войкаўская, каля Плешчанiц. Праектныя дакументы падрыхтаваныя i нават прайшлi экспертызу. Дзве новыя ГЭС прынясуць яшчэ 1,3 мiльёна кiлават-гадзiн у энергетычную сiстэму Мiнскай вобласцi. Дарэчы, акрамя будаўнiцтва гiдраэлектрастанцый, Мiкалай Дамашкевiч запатрабаваў яшчэ больш актыўнай рэалiзацыi i iншых праектаў. Галоўнае, каб Мiншчына з кожным годам павялiчвала аб’ёмы выкарыстоўваемай энергii ад «уласных» рэсурсаў: — Трэба пашырыць выкарыстанне ў якасцi мясцовага вiду палiва саломы ў цюках, гэты вопыт ужо паспяхова рэалiзуецца на абласных прадпрыемствах. Кожны павiнен шукаць спосабы, дадатковыя крынiцы. Для атрымання таннай энергii будзем выкарыстоўваць любую магчымасць.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У час сцюдзёных энергетычных вятроў на Мiншчыне была ўведзена ў эксплуатацыю чарговая, шостая па лiку, гiдраэлектрастанцыя |
|