Андрэй Тур: «Неабходна шукаць альтэрнатыўныя крынiцы атрымання энергii...»
Iгар ШЧУЧЭНКА
Надзённае Умовы, па пастаўцы газу i нафты, якiя навязвалi Беларусi расiйскiя партнёры, сталi прычынай таго, што беларускi бок шукаў пэўны кампрамiс у вырашэннi гэтых пытанняў. Так, наша краiна вымушана была пайсцi на нявыгаднае пагадненне па пастаўках газу, каб вырашыць праблему па нафце: кампрамiс з больш выгаднымi пазiцыямi па газу для РФ павiнен быў кампенсавацца больш выгадным для рэспублiкi кампрамiсам па нафце. Аднак, каментуе сiтуацыю «Звяздзе» намеснiк мiнiстра эканомiкi Беларусi Андрэй Тур, па сутнасцi справы, выкруцiўшы Беларусi рукi на газавым рынку, расiяне тое ж самае паспрабавалi зрабiць i на нафтавым рынку.— Расiяне намагалiся максiмальна ўзмацнiць свае пазiцыi на нафтавым рынку i пазбавiць нас усiх выгод нафтавага бiзнэсу, — гаворыць Андрэй Тур. — У многiм, на мой погляд, гэта звязана з тым, што пэўныя расiйскiя алiгархiчныя структуры на фоне павышэння цэн на энерганосьбiты, i ў цэлым на фоне таго, што ўдалося «працiснуць» першае рашэнне па газу, паспрабавалi i тут дасягнуць максiмальнага вынiку. А расiйскi ўрад у цэлым выглядаў у пэўнай ступенi як выканальнiк памкненняў гэтых структур, якiя ўвогуле гэтага i дабiвалiся. Калi ж весцi гутарку пра нашы дзеяннi ў гэтай сiтуацыi, то ўсе кампрамiсы, якiя шукаў Прэзiдэнт i ўрад засноўвалiся, фармiравалiся з пазiцый адстойвання iнтарэсаў у цэлым беларускай эканомiкi, беларускай дзяржавы i народа. Мiж iншым, у мяне ёсць шмат добрых сяброў у Расii, i ў многiх з iх выклiкала здзiўленне i нават абурэнне той каласальны цiск, якi аказваўся на Беларусь, а таксама i тое, як расiйская прэса «смакавала» пазiцыi па пастаўках газу, а потым па пытаннях, звязаных з адменай мытнай пошлiны на нафтавы транзiт: маўляў, паставiлi беларусаў на каленi — вось якое шчасце, выйгралi магутнейшую кампанiю. Гэта паказчык якраз таго, што ўсе гэтыя рэчы насiлi заказны варыянт. — У вынiку напружаных перагавораў па нафце, што вялiся памiж нашымi краiнамi, тым не менш, нам удалося дабiцца iстотнага знiжэння памеру ўвазной пошлiны на нафту са 180,7 долара да 53. Падзелена таксама i пошлiна на экспарт светлых нафтапрадуктаў з Беларусi. Гэта значная перамога на фоне тых умоў, што Расiя вылучала першапачаткова? — Гэта, сапраўды, пэўны кампрамiс у наш бок. Але я б разглядаў гэта больш як вельмi глыбокi для нас урок, i ў прынцыпе як сiстэму задач, якая цяпер перад намi стаiць, каб засцерагчы сябе ад небяспекi, i стварыць усе ўмовы для таго, каб эканомiка развiвалася надалей стабiльна i дынамiчна. Гэта рэалiзацыя праблем, якiя звязаны з энергетычнай бяспекай па ўсiх напрамках: знiжэнне энергаёмiстасцi, асваенне новых тэхналогiй, звязаных з гэтым, змяненне нават структуры эканомiкi ў цэлым у бок тых вытворчасцяў, тых паслуг, якiя менш энергаёмiстыя, якiя даюць больш дабаўленай вартасцi. Сiтуацыя, што склалася з энерганосьбiтамi, прымушае нас шукаць i альтэрнатыўныя крынiцы атрымання энергii. У iх лiку — выкарыстанне альтэрнатыўных вiдаў палiва — торфу, сланцаў, драўнiны, атамной энергетыкі, асваенне iншых нафтагазаносных рынкаў. — Калi размова заходзiць пра магчымасцi здабычы нафты ў iншых краiнах свету, гэта не значыць, што маецца на ўвазе толькi транспарцiроўка вуглевадароднай сыравiны ў рэспублiку з далейшай яе перапрацоўкай на НПЗ? — Размова iдзе аб вельмi сур’ёзнай праблеме, якую нам прыйдзецца вырашаць. Сутнасць яе ў наступным: мы павiнны больш актыўна ўключацца ў еўрапейскi i сусветны рынак энерганосьбiтаў. Беларусь i Украiна маюць вялiкае поле дзейнасцi ў стварэннi сучаснага рынку энерганосьбiтаў, мы валодаем элементамi транспартнай iнфраструктуры. Зразумела, што важна не толькi здабываць нафту i газ, але, самае галоўнае, даставiць сыравiну спажыўцам. Таму тут мы можам выпрацаваць адзiную транзiтную палiтыку з Украiнай, шукаць варыянты сумеснага выкарыстання геапалiтычнага становiшча. Калi расiяне прэтэндуюць на частку нашай газатранспартнай сiстэмы, то, я лiчу, што нашы меры ў адказ — прапанаваць, каб расiяне дапусцiлi беларускiя кампанii на ўмовах канцэсii або арэнды да распрацоўкi радовiшчаў нафты i газу на тэрыторыi РФ. Гэта было б эфектыўна па стварэнню адзiнага нафтагазаноснага рынку. З iншага боку, маючы вопыт у эксплуатацыi той жа транспартнай iнфраструктуры, неабходна iсцi далей. I калi размова заходзiць аб Венесуэле, цi аб Сярэднiм i Блiзкiм Усходзе, дзе таксама могуць быць прадстаўлены нашы iнтарэсы, гэта не азначае, што Беларусь проста збiраецца адтуль транспартаваць нафту i перапрацоўваць яе на нафтаперапрацоўчых заводах. Нафтавы рынак настолькi дыверсiфiкаваны па вiдах дзейнасцi, што гэта можа быць i iншая форма, калi, напрыклад, здабытую ў Венесуэле нафту можна прадаваць у Злучаныя Штаты па сусветных цэнах, а на выручаныя грошы Беларусь будзе купляць вуглевадародную сыравiну ў той жа Расii. Гэты рынак трэба глыбей вывучаць, пранiкаць у яго, ствараць свае iнфраструктурныя элементы i актыўна iх выкарыстоўваць.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Умовы, па пастаўцы газу i нафты, якiя навязвалi Беларусi расiйскiя партнёры, сталi прычынай таго, што беларускi бок шукаў пэўны кампрамiс у вырашэннi |
|