ЯРЫЛА
Анатоль БУТЭВIЧ
(Працяг. Пачатак у нумары за 13 студзеня.)
Цi ведаеце вы, калi ў беларусаў пачынаўся даўней новы год? А калi веснавы дзень раўняецца ночы? А з якога часу можна было араць зямлю? Аказваецца, усе гэтыя падзеi звязаны мiж сабой. Да ўсiх iх мае непасрэднае дачыненне адзiн з багоў дахрысцiянскага пантэона беларусаў — бог сонца, урадлiвасцi i пачуццёвага кахання Ярыла. Ягонай спадарожнiцай па жыццi была багiня вясны Ляля. Трапяткiм i нецярплiвым было чаканне прыходу Ярылы. Пасля веснавога сонцавароту (21 сакавiка) пачынала выходзiць з зiмовай спячкi прырода, усё жывое набiралася сiлы, дужэла. Штораз даўжэйшы дзень перамагаў цёмную ноч, светлавокая вясна пазбаўлялася чараў халоднай i панурай зiмы. Усё гэта яшчэ раз мусiла пераканаць людзей, што жыццё нязводнае i бясконцае, што яно заўсёды пануе над смерцю. I ён прыходзiў. Напорыста i iмклiва. Па-маладому радасна i весела. Як сапраўдны пераможца Чарнабога. Сваiмi чароўнымi ключамi рашуча адмыкаў да жыцця зямлю, выпускаў на волю расу i клiкаў людзей на поле. Зямля набiралася ласкавасцi i пяшчоты маладой нявесты. Журавы трубiлi ў трубы — абвяшчалi з’яўленне Ярылы. Радасную вестку разносiлi жаўрукi, якiя лiчылiся Ярылавымi пасланцамi. Набрынялая зямля толькi цяпер станавiлася плоднай. Пачынала расцi трава, з’яўлялiся першыя кветкi. Дружна апраналiся ў цнатлiвыя лiсцiкi дрэвы. У iхнiх галiнах ладзiлi гнёзды i спявалi песнi кахання птушкi, якія прыляцелі з выраю . Лес агучвала куванне зязюлi. У кустах залiвалiся недасяжныя па майстэрству салаўi. Сагрэтае ласкавым сонейкам, усё на свеце адраджалася, станавiлася маладым i дужым — такi спрадвечны кругазварот жыцця. Неўзабаве з выраю прыляталi ластаўкi, якiя разам з голубам лiчылiся божымi птушкамi. Iх шанавалi, паважалi i аберагалi. Нельга было разбураць ластаўчыны гнёзды, бо, хто зробiць гэта, у таго стане рабацiнiстым твар — на iм пасеюцца вяснушкi. Iмклiвыя ластаўкi паслугавалi нават самым нясмелым хлопцам: тыя прасiлi птушак, каб знайшлi iм дзяўчыну, якую яны маглi б пакахаць i зрабiць сваёй жонкай. У гонар вясёлага бога ладзiлi беларусы яркае свята Ярылкi. Яго называлi яшчэ святам засевак. Адбывалася яно 27 красавiка па стараму стылю. Маглi святкаваць i ў маi, чэрвенi — на Сёмуху, на Купалле. Весела i займальна. Бо гэткiм жа апантаным маладой неўтаймоўнасцю i юрлiвасцю, захоплены каханнем, падвяселены хмельнымi напоямi быў i сам Ярыла. Ягоная стыхiя — забавы, гульнi, скокi, заляцаннi, бязмежная весялосць. Таму i стаў апекуном кахання i пладавiтасцi, шчаслiвага шлюбу i сямейнага дабрабыту. Толькi на гэтае свята юнакам i дзяўчатам дазвалялася пакаштаваць вiна, якое здаўна лiчылася напоем багоў. У гэты момант моладзь нiбыта раўнялася з самiм Ярылам. Аднак пiць трэба было толькi крышку, адно каб узбудзiць пачуццi кахання i маладой захопленасцi. Вечарам на высокiх пагорках палiлi вогнiшчы, каб убачыў iх сам Ярыла i завiтаў у госцi. Тут заканчвалiся забавы i карагоды моладзi. На адыход людзi прасiлi ў сонечнага бога цёплага лета, багатага ўраджаю, моцнага кахання, шчаслiвага сямейнага жыцця ды здаровых дзетак. А якi ж ён быў — гэты гарэза i неўтаймоўны весялун бог Сонца Ярыла? Вядомы даследчык жыцця беларусаў Адам Кiркор зазначаў, што несмяротны сын Лады i Дажбога нагадваў маладога прыгожага юнака. Кучаравы. Светлавалосы. У белым плашчы i на белым канi басанож ездзiць гэты малойца па свеце. На галаве — вянок з першых палявых кветак. У левай руцэ — жменька жыта, у правай — палiца. Махне Ярыла жытам — нiва коласам мацнее, палiцай махне — гром грымiць, дождж сыплецца. Конь у Ярылы таксама малады i нястрымны. Ён такi гарачы, што на адным месцы i хвiлiны не пастаiць, «капытамi камянi разбiвае, хвастом зямлю падмятае, вушамi далёка ваўка чуе, вачамi зоры лiчыць», пiсаў вучоны У. М. Дабравольскi. Куды конь нагу паставiць — шаўковая трава сцелецца, кветкi дзiвосныя расцвiтаюць, растаюць ад ягонага дыхання снежныя Зюзевы сляды. А там, дзе малады прыгажун Ярыла ступаў сваiмi босымi нагамi, густа каласiлася жыта, прагна пiлi жыццядайную сiлу яравыя пасевы, каб умалотным ураджаем аддзячыць руплiваму сейбiту. Аднак простым людзям у гэты дзень забаранялася хадзiць босымi, бо iнакш можна было зблытаць iх з божымi пасланнiкамi. Калi ж нейкая жанчына адважвалася ранкам выгнаць кароў басанож i прайсцiся па некранутай расе, яе маглi назваць ведзьмай. За гэта пастух павiнен быў адлупцаваць кабету пугай: каб зняць чары. У гонар Ярылы называлi нават паселiшчы, урочышчы, iншыя мясцiны. Напрыклад, у Ваўкавыскiм раёне захавалася вёска Ярылаўка. Вобраз Ярылы ў паэтычнай творчасцi беларусаў быў звязаны з казой. Мо за тое, што гэтая жывёлiна мела неспакойны характар i юрлiвыя паводзiны, была сiмвалам пладавiтасцi i ўрадлiвасцi? Восенню ладзiлi свята ўраджаю. Людзi добрымi словамi згадвалi шчодрага i пладавiтага Ярылу, дзякавалi яму за спрыянне. Затым ён апускаўся пад зямлю, дзе цягам усёй зiмы змагаўся з богам цемры Чарнабогам. А ранняй вясной пераможцам з’яўляўся на зямлi. Пераемнiкам Ярылы ў хрысцiянскi час стаў святы велiкамучанiк Георгiй Пераможац. У правай руцэ ён трымае кап’ё, якiм забiвае страшнага змея, што краў людзей, а тыя мусiлi адкупляцца ад яго сваiмi дзецьмi. Георгiй перамог ненаеднага Цмока i тым самым уратаваў ад знiшчэння чалавечы род. Сёння ён найбольш шанаваны святы сярод праваслаўных вернiкаў. Свята Юрай, Юр’е, Ягор’я, Георгiя адзначалi двойчы: 6 мая i 9 снежня. У народзе дагэтуль жыве перакананне: той, хто на веснавога Юр’я раненька выйдзе на поле, можа ўбачыць, як святы Юрый-Ягорый спускаецца з неба, адмыкае зямлю i выпускае на волю расу. Юрый з’ўляецца заступнiкам жывёлы i нiвы. На белым канi ездзiць ён па палетках, адведвае сялянскiя сядзiбы. Там, дзе праедзе Божы пасланнiк, i дрэвы хутчэй распускаюцца, i трава спарней расце, i рунь мацней зелянее, i сады дружней зацвiтаюць. Веснавы Юрай лiчыўся святам пастухоў, бо ў гэты дзень упершыню выганялi кароў на расу. У руках пастухоў замест пугi была асвечаная ў царкве велiкодная вярба. З гэтага дня i ажно да позняй восенi ваўкi не нападалi на кароў i коней, бо веснавы Юрай пазамыкаў iм раты. I толькi асеннi Юрай адмыкае iх. Звыклымi былi спевы ў гонар Юр’я: Святы Юр’я, Божы пасол, Да Бога пайшоў, А ўзяў ключы залатыя, Адамкнуў зямлю сырусенькую, Пусцiў расу цяплюсенькую На Белую Русь i на ўвесь свет. (Працяг будзе.) Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Цi ведаеце вы, калi ў беларусаў пачынаўся даўней новы год? А калi веснавы дзень раўняецца ночы? А з якога часу можна было араць зямлю? Аказваецца, усе |
|