Беларусам не хапае... лёду!
Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА
З 1999 года ў Беларусi пачалася эпоха адкрыцця лядовых палацаў. Сёння iх па ўсёй рэспублiцы 14. У новым 2007 годзе адкрыты чарговы — у Мазыры. Аднак грамадскае меркаванне наконт гэтых нятанных спартыўных аб’ектаў неадназначнае. Каб адарвацца ад узроўню кухонных размоў i высветлiць, наколькi на самай справе лядовыя палацы запатрабаваныя ў насельнiцтва, карэспандэнт «Звязды» адправiўся ў той, якi з’явiўся адным з першых.
— Лядовыя палацы патрэбны людзям, — упэўнены генеральны дырэктар культурна-спартыўнага дзяржаўнага ўнiтарнага прадпрыемства «Мiнскi лядовы палац спорту» Алег Курчэўскi. — Вялiкая загружанасць Мiнскага палаца — лепшы таму доказ. Падчас масавых катанняў тут адначасова на лёд выходзiць па 250 чалавек, за суботу i нядзелю мы прадаём 3,5—4 тысячы бiлетаў. Мiнскi лядовы палац адкрыўся 1 верасня 1999 года, ён працуе на прынцыпах гаспадарчага разлiку i не атрымлiвае з бюджэту нiякага фiнансавання. Масавыя катаннi адкрыты тут па буднях з 20 гадзiн i па выхадных з 16 гадзiн. Увесь астатнi час лёд аддадзены спартсменам. На базе палаца працуе Мiнская дзiцяча-юнацкая спартыўная школа па фiгурнаму катанню, дзе дзеткi з 4 гадоў i падлеткi займаюцца бясплатна, i трэнiруецца хакейны клуб «Керамiн», якi аплачвае арэнду лёду. Масавыя катаннi займаюць толькi 18 працэнтаў усяго часу i прыносяць асноўны даход палацу, забяспечваюць яго супрацоўнiкаў заробкам. Толькi з мiнулага года Мiнскi палац у сваёй гаспадарчай дзейнасцi выйшаў на невялiкi прыбытак. Але грошы ў гэтай справе — не галоўнае, лiчыць генеральны дырэктар, галоўнае — тое, што сюды можа прыйсцi кожны, каб атрымаць задавальненне i адначасова паправiць сваё здароўе. Алег Паўлавiч i па сабе заўважыў, што як толькi занядужыцца, варта выйсцi на лёд, i ўсе немачы як рукой здымае. — Напэўна, таму што арганiзм прыходзiць у тонус, у крывi адбываецца выкiд адрэналiну, — мяркуе генеральны дырэктар. Вось толькi нават дырэктару знайсцi час, калi лёд свабодны — практычна немагчыма. Хiба а палове сёмай ранiцы, бо ўжо без чвэрцi — пачынаюцца трэнiроўкi, i толькi апоўначы лёд зноў пусцее. У нядзелю, 14 студзеня, я на свае вочы ўбачыла, што адбываецца ў Лядовым палацы падчас масавых катанняў. У 17.35 тут ля кас стаяла чарга, хвост якой па-за шклянымi дзвярыма цягнуўся яшчэ метраў на 60. Бiлеты пачалi прадаваць з 16 гадзiн. — Паўтары гадзiны мы прастаялi ў чарзе, — расказала мне Наталля Кастаглод, якая з пяцiгадовым сынам Пецем прыехала з процiлеглага раёна горада — мiкрараёна Усход. — Я другi раз тут. Першы раз была са старэйшым сынам, яму 18 гадоў. Цяпер вось вырашыла паспрабаваць i з малодшым. Ён упершыню стане на лёд. Паглядзiм, што будзе. Па дывану на каньках вунь як спрытна гойсае. Наталля i яе муж працуюць iнжынерамi на дзяржпрадпрыемстве. Нядзельная паездка мацi з малодшым сынам у Лядовы палац для бюджэту сям’i абышлася прыкладна ў 20 тысяч беларускiх рублёў: дарослы i дзiцячы бiлет — 5800+2800, пракат дзвюх пар канькоў — 8 тысяч i непаз-бежны ў прысутнасцi Пецi пачак папкорну — 2 тысячы рублёў. Калi ўлiчыць, што гэта другая паездка за сезон, то выдаткi невялiкiя, лiчыць жанчына. Яна мяр-куе, што аднаго Лядовага палаца недастаткова для двухмiльённага горада. Некалькi iнакш сфармуляваў сваю думку наконт гэтага прадпрымальнiк Андрэй Мiкалаевiч, якi чамусьцi не захацеў называць сваё прозвiшча. — Мы рэгулярна прыязджаем сюды па выхадных, — расказаў ён. — Сям’ёй i з сябрамi, сёння наша кампанiя склала 10 чалавек. Прыязджаем з раёна ўнiвермага «Беларусь» — гэта не блiзка, але нам вельмi падабаецца! Адзiнае — шкада, што масавыя катаннi тут толькi з 16 гадзiн, а сёння ўвогуле з 17. Нам было б больш зручна з ранiцы, каб потым i дзецi маглi да школы падрыхтавацца, i ў дарослых вечар быў свабодны. I лепей было б, каб бiлеты можна было набыць напярэдаднi. Увогуле, чаму б не аддаць масаваму катанню цалкам усе выхадныя? Напэўна, тады народу на адзiн сеанс было б не так шмат, а значыць, катацца было б больш бяспечна i зручна. Аднак лёду не хапае ўсiм. У Мiнску тры крытыя лядовыя пляцоўкi. I толькi адна з iх — Лядовы палац — прадастаўляе лёд на некаторы час усiм жадаючым. Увесь астатнi лёд — для вучняў спартыўных школ i прафесiяналаў. Каток у дзiцячым парку iмя Горкага належыць хакейнаму клубу «Юнацтва-Мiнск», лядовую пляцоўку Палаца спорту на праспекце Пераможцаў арандуе хакейны клуб «Дынама-Мiнск». Ёсць для гараджан яшчэ адкрыты каток са штучнага лёду на праспекце Пераможцаў, ён працуе i пры плюсавой тэмпературы, але ў дождж, а гэтай зiмой ён iдзе ледзь не штодня, катацца там немагчыма, i тады ён закрыты. Зараз завяршаецца будаўнiцтва адкрытага штучнага катка ў Чыжоўцы, на вулiцы Галадзеда — ён адкрыецца ў наступным сезоне. У перспектыве магчыма таксама з’яўленне дзвюх пляцовак са штучным лёдам ля холадакамбiнатаў: там для гэтага ёсць усе магутнасцi, i днямi гарадское Упраўленне спорту i турызму абмяркоўвала гэта пытанне з архiтэктарамi. Пакуль жа мiнчанам застаецца задавальняцца Лядовым палацам i адкрытай пляцоўкай на праспекце Пераможцаў (калi няма дажджу). Праўда, калi мы дачакаемся як мiнiмум 7-градусных маразоў на працягу 5—7 дзён, то яшчэ праз 3—4 днi ў сталiцы з’явiцца адразу 170 каткоў, абсталяваных пунктамi пракату, музыкай i асвятленнем. Праўда, у сёлетнюю звар’яцелую зiму гэтыя ўмовы здаюцца малаверагоднымi. Калi зiма нават i возьмецца за розум, то колькi ж яе застанецца? Вось такiя справы з масавым катаннем. Думаю, што і ў іншых вялікіх гарадах пуставаць падобныя ўстановы не будуць — людзі ўсё больш думаюць пра здароўе сваё і дзяцей, пра здаровы лад жыцця. Заклікамі шкодныя звычкі не выкараніць. Лёду не хапае i спартсменам. — Наша школа з’яўляецца лiдзiруючай не толькi ў Рэспублiцы Беларусь, — расказаў дырэктар Мiнскай школы па фiгурнаму катанню Уладзiмiр Клачок, — але i на мiжнародных спаборнiцтвах. Зараз мы збiраемся ехаць на дзiцячыя этапы Гран-пры Еўрапейскага крытэрыума. Там прадстаўлена больш за 200 еўрапейскiх клубаў, а таксама клубы з ЗША i Аўстралii. Па рэйтынгу ўдзелу ў Крытэрыуме мы знаходзiмся ў першай дзесятцы найбольш моцных еўрапейскiх клубаў. Мы маглi б прэтэндаваць i на прызавое месца, калi б удзельнiчалi ва ўсiх этапах, на жаль, у нас няма такой магчымасцi, а значыць, няма неабходнай колькасцi балаў для каманднай перамогi. Сярод старэйшых хлопцаў i дзяўчат у нас ёсць удзельнiкi чэмпiянату Еўропы, выступаюць нашы выхаванцы i на чэмпiянаце свету. Адзiнага, чаго нам не хапае — стварэнне мiнiмальна неабходных умоў для трэнераў i спартсменаў. Уладзiмiр Мiхайлавiч мае на ўвазе зручны для работы час для вучэбна-трэнiровачных заняткаў. Як правiла, школе фiгурнага катання лёд аддаецца ў першай палове дня — час, калi дзецi павiнны знаходзiцца ў агульнаадукацыйнай школе. I юным спартсменам даводзiцца выбiраць: альбо трэнiроўкi, альбо заняткi ў школе. Да таго ж, фiгурнае катанне патрабуе двух, трох, i чатырохразовых заняткаў у дзень — гэта адзiн з самых складана-тэхнiчных вiдаў спорту. — Хацелася б, каб Лядовы палац цалкам быў аддадзены фiгурыстам, — уздыхае дырэктар спартыўнай школы. — Нам не хапае не толькi лёду, але i памяшканняў: распранальняў, трэнiровачнай залы. Мы вельмi спадзяёмся, што сiтуацыя крышку зменiцца да лепшага, калi да Лядовага палаца зробяць прыбудову. Яшчэ лепей было б, лiчыць дырэктар, каб у сталiцы была не адна школа фiгурнага катання: канкурэнцыя ў спорце толькi да лепшага. А гэта значыць, што i Лядовы палац патрэбны не адзiн. Жадаючых жа аддаць сваiх дзяцей у гэты вiд спорту дастаткова. Мiнская школа фiгурнага катання з двухсот дзетак, якiя займаюцца ў платных групах, штогод адбiрае сто. Усяго ў школе займаецца каля трохсот дзяцей. Пяцiгадовую Кацю Карташэвiч мама прывяла год таму па рэкамендацыi ўрача: дзяўчо было схiльнае да ларынгiтастэнозаў. — Яна задыхалася начамi ад ацёкаў, — тлумачыць мама Кацi. — Нешта падобнае было i з маiм старэйшым сынам — ён хварэў на алергiчны бранхiт. I толькi калi я аддала яго ў хакейны клуб, мы забылiся пра лекi i кашаль. Каця таксама хварэе ўсё радзей. Не ведаю, у чым тут справа — можа выпарэнне лёду так дзейнiчае. Пакуль Каця займалася ў платнай групе, ездзiць на заняткi было зручна — па суботах i нядзелях. Платныя заняткi для дзяцей з 4 да 7 гадоў каштуюць 58 тысяч (два разы на тыдзень па дзве акадэмiчныя гадзiны: гадзiна на лёдзе, гадзiна ў трэнiровачнай зале). Але як толькi дзяўчынку запрасiлi ў школу фiгурнага катання, то аб працы яе мацi прыйшлося забыць. Яна прывозiць сюды дачку 2—4 разы на тыдзень i, як правiла, днём. Размова наша адбылася ў панядзелак а адзiнаццатай ранiцы, прытым фае было напоўнена Кацiнымi аднагодкамi i iх бацькамi, бабулямi i дзядулямi. Дарэчы, у Мiнскiм лядовым палацы сёлета створана новая паслуга: платныя групы з трэнерам для дарослых. Яна не танная: за чатыры гадзiны ў месяц — 100 тысяч рублёў. Тым не менш гэтыя групы карыстаюцца вялiкiм попытам. Не толькi таму, што яны нешматлiкiя (па сем чалавек), але i таму, што iх удзельнiкi лiчаць, што задавальненне, якое яны атрымлiваюць, вартае тых грошай. Ну i канешне, «Танцы на лёдзе» зрабiлi сваю справу.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
З 1999 года ў Беларусi пачалася эпоха адкрыцця лядовых палацаў. Сёння iх па ўсёй рэспублiцы 14. У новым 2007 годзе адкрыты чарговы — у Мазыры |
|