Па той бок палатна
Вiкторыя ЦЕЛЯШУК
Майстар-клас У звычайных людзей — звычайныя жонкi. У мастака Андрэя Смаляка — Муза. Яны разам яшчэ з трэцяга курса Тэатральна-мастацкага iнстытута — некалькi дзесяцiгоддзяў. Вольга заўжды побач: у жыццi i ў творчасцi. Яна — на многiх карцiнах мужа. I таму нiчога дзiўнага, што менавiта Вольга Смаляк узялася за маштабны праект — выпуск другога альбома жывапiсу Андрэя Смаляка, куды трапiлi больш як 200 мастацкiх работ, напiсаных з 1980 па 2006 год.— Колькi доўжыўся праект? — перапытвае Вольга. — Так адразу i не скажаш. Непасрэдна складаць альбом мы пачалi мiнулай вясной, а атрымалi першы, сiгнальны экзэмпляр напярэдаднi Калядаў. Але задумалi гэты альбом мы значна раней... Вольга, паводле яе ўласных слоў, толькi тым i займаецца, што раскручвае «дзве найярчэйшыя зоркi» — Андрэя Смаляка i Анжэлiку Агурбаш (Вольга — даўняя сяброўка i мiнскi дырэктар спявачкi). «Яны мае зоркi, а я — пры iх», — смяецца Вольга. Яна расказала, што альбом «Андрэй Смаляк. Жывапiс» зроблены не зусiм звычайным. I не толькi таму, што яго выпуск падтрымлiваўся дзяржаўнымi датацыямi, а вынiковы кошт у беларускiх крамах выклiкае прыемны шок у аматараў мастацтва. Проста прадстаўлена гэта «галерэя карцiн» не адрэзкамi часу — год гэткi i гэткi, а тэмамi. Усяго iх 9: «Музыка», «Гараджане», «Экзерсiсы», «Iнтымны дзённiк», «Вера», «Камедыянты», «Жыццё», «Прырода» i «Персоны». Кожны раздзел адкрываецца фiласофскiмi выказваннямi мастака на зададзеную тэму. Увогуле, Андрэй так захапiўся гэтай справай, што зараз падумвае напiсаць мемуары, i нават надыктоўвае на дыктафон асобныя разважаннi i ўспамiны. «Думаю, што я ўвесь, мая ўнутраная iснасць — цiкавейшыя за альбом, i што мне ёсць чым падзялiцца, што расказаць людзям», — з усмешкай тлумачыць мастак свой «пенсiянерскi» занятак. А хто ж спрачаецца — як-нiяк, Андрэй Смаляк — ганаровы акадэмiк Еўрапейскай акадэмii мастацтваў, якi ўзнагароджаны сярэбраным медалём Еўрапарламента за ўклад у еўрапейскае мастацтва, аўтар заказнога партрэта прынцэсы Бельгii, уладальнiк персанальнай аўтарскай галерэi «Эрмiтаж», мастак, на рахунку якога больш за 30 персанальных выстаў... I вельмi яркая, нават эпатажная асоба. Напрыклад, з прэзентацыi адной сваёй карцiны Смаляк зрабiў суцэльнае касцюмiраванае шоу, у якiм задзейнiчаў i сяброў, сярод якiх мноства беларускiх зорак, i журналiстаў. Дарэчы, гэты момант знайшоў адлюстраванне ў вiдэафiльме «Аўтапартрэт», якi зрабiлi прафесiяналы Белтэлерадыёкампанii — намеснiк старшынi БТРК Аляксандр Мартыненка, рэжысёр Сяргей Рыбакоў, карэспандэнт Мiхась Равуцкi... DVD-дыск з гэтым фiльмам i яшчэ некалькiмi сюжэтамi — iнтэрв’ю, хронiкамi выстаў — мiж iншым, прыкладаецца да кожнага асобнiка альбома жывапiсу, выпушчанага дзвюхтысячным тыражом. I калi выпуск альбома ўзялi на сябе Мiнiстэрства iнфармацыi РБ i Мiнская фабрыка каляровага друку, то дыск — своеасаблiвы падарунак прыхiльнiкам мастацтва ад мастака i прадзюсарскага цэнтра Анжэлiкi Агурбаш. У хуткiм часе альбом, паводле слоў дырэктара ВРУП «Мiнская фабрыка каляровага друку» Аляксандра Аксёненкi, будзе прадстаўлены ў лiку лепшых выданняў, выпушчаных у Беларусi за 2006 год, на Франкфурцкай мiжнароднай кнiжнай выставе-кiрмашы ў Германii. Больш за тое, Аляксандр Iванавiч лiчыць, што па якасцi палiграфii гэта выданне цалкам можа трапiць у экспазiцыю «100 лепшых кнiг свету». Што датычыцца планаў самога мастака, то, як расказаў Андрэй Смаляк, яго ўжо на працягу чатырох месяцаў чакаюць з выставай у Талiне. Акрамя таго, запланавана экспазiцыя ў Нацыянальным мастацкiм музеi. А яшчэ крыху пазней чакаецца бенефiс Смаляка ў.... цырку. Прычым у праграме возьмуць удзел многiя вядомыя людзi Беларусi, якiя прадставяць гледачам вобразы з карцiн мастака, «ажывяць» iх. А чаму не? Карцiны Смаляка — гэта заўжды шоу. А шоу нiколi не заканчваецца...
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У звычайных людзей — звычайныя жонкi. У мастака Андрэя Смаляка — Муза. Яны разам яшчэ з трэцяга курса Тэатральна-мастацкага iнстытута — некалькi дзеся |
|