Бiзнэс-лiфтынг, або Касметалогiя без цудаў
Гутарыла Святлана БАРЫСЕНКА
Клiнiчныя цэнтры па касметалогii функцыянуюць у кожным абласным цэнтры, у раёнах — адпаведныя кабiнеты. У сталiцы ёсць i цэнтр, i кабiнеты — на базе скурна-венералагiчнага дыспансэра, цэнтра медыцынскай рэабiлiтацыi i бальнеалячэння, плюс кабiнеты ў прыватных медыцынскiх структурах. Часам касметалогiя становiцца бiзнэсам, а гэта можа нашкодзiць тым, хто давярае ёй сваё здароўе. Як жа захаваць i здароўе, i прывабнасць? Чаго не варта чакаць ад касметалогii? Адказы на гэтыя пытаннi шукайце ў iнтэрв’ю з галоўным спецыялiстам па касметалогii Камiтэта аховы здароўя г. Мiнска, загадчыцай касметалагiчнага аддзялення Клiнiчнага цэнтра пластычнай хiрургii i медыцынскай касметалогii г. Мiнска Нiнай КIМ.
— Прафесiя «касметолаг» была зарэгiстравана ў нашай краiне толькi ў 1998 годзе. Нiна Канстанцiнаўна, раскажыце, калi ласка, аб яе асаблiвасцях. — Пасля завяршэння вучобы на лячэбным факультэце медыцынскага ўнiверсiтэта трэба на працягу года працаваць урачом-стажорам i пацвердзiць тэрапеўтычную спецыялiзацыю, далей пяць гадоў адпрацаваць урачом-дэрматавенеролагам i, нарэшце, атрымаць спецыялiзацыю па касметалогii на кафедры скурна-венералагiчных захворванняў Беларускай медыцынскай акадэмii паслядыпломнай адукацыi. БелМАПА двойчы ў год выпускае 6 урачоў-касметолагаў. У Беларусi да касметолага прад’яўляюцца досыць высокiя патрабаваннi, таму высокаквалiфiкаваных спецыялiстаў нямнога. — Якiя накiрункi можна вылучыць у касметалогii i цi можна лiчыць яе больш эфектыўнай у параўнаннi з дэрматалогiяй? — Фундаментальная медыцына дзелiць касметалогiю на тэрапеўтычную i хiрургiчную. Аднак у тэрапеўтычнай я б вылучыла яшчэ два накiрункi: лячэбны i эстэтычны. Мы лечым усе скурныя захворваннi — ад праблемнай скуры да выпадзення валасоў i дэрматозаў. Павiнна заўважыць, што найбольш эфектыўны вынiк забяспечвае камбiнаванае лячэнне ў дэрматолага з выкарыстаннем касметалагiчных працэдур. — Калi пацыент звяртаецца да касметолага па лячэбную дапамогу, — напрыклад, каб выдалiць папiломы, хутчэй за ўсё, ён будзе задаволены вынiкам. Аднак, напэўна, не вельмi проста дагадзiць пацыенту, якi прыйшоў па эстэтычную дапамогу, для якой няма медыцынскiх паказанняў... — Некаторыя пацыенты перакананыя, што самi цудоўна ведаюць, у якой дапамозе маюць патрэбу. Мiж тым, усiм i кожнаму, хто прыходзiць да нас, мы рэкамендуем атрымаць папярэднюю кансультацыю. Такiм чынам, бакi акрэслiваюць жаданнi, магчымасцi i наступствы. Нярэдка, скажам, да нас звяртаюцца людзi, якiя апынулiся ў стрэсавай сiтуацыi, перажылi няўдачы ў асабiстым жыццi. Такiм пацыентам здаецца, што працэдуры па амаладжэнню твару дапамогуць усё выправiць. На самай справе касметолаг тут не дапаможа: пацыент не пазбавiцца расчаравання i незадаволенасцi, якiм бы нi быў вынiк манiпуляцый. — А хто вiнаваты, калi манiпуляцыi сапраўды прайшлi не лепшым чынам? — На ўрача кладзецца вялiкая адказнасць. Па-першае, ён не павiнен брацца за праблему, у якой не бачыць магчымасцi атрымання станоўчага вынiку, а, па-другое, павiнен адсеяць тых пацыентаў, якiя неадэкватна ўспрымаюць касметалагiчную дапамогу — вераць у цуд. Дрэнную паслугу тут аказвае рэклама. Яна сцвярджае, напрыклад, што на месцы рубца можа быць гладкая скура. А гэта нерэальна. Можна зрабiць шрам менш заўважным, але здаровую скуру мы не вернем. — З «прафiлактычнай» мэтай, да касметолага, напэўна, трэба звяртацца яшчэ ў падлеткавым узросце... — Сапраўды, першыя яўныя праблемы са скурай праяўляюцца ў падлеткавым узросце. У адных яны з цягам часу знiкнуць, а iншым сапсуюць жыццё, таму варта звяртацца па кансультацыю да касметолага, каб той прызначыў схему лячэння, догляду ў хатнiх умовах. Трэба прыйсцi на кансультацыю i для таго, напрыклад, каб 15-гадовая дзяўчынка i яе мацi ведалi, што рабiць эпiляцыю ў такiм узросце, — мякка кажучы, няправiльна. Не скажу, што ў нашым цэнтры вам трэба праводзiць штодня i ўсё жыццё. Аднак мiнiмум ведаў пра догляд скуры аднойчы трэба атрымаць ад спецыялiста. — Здаровая скура зараз наогул сустракаецца? — Найчасцей сустракаецца адчувальная, алергiчная. Справа ў тым, што на яе стан адмоўным чынам уплывае шэраг фактараў. Напрыклад, дрэнная экалогiя, незбалансаванае харчаванне, жорсткая вада, сонца. Яны парушаюць абменныя працэсы, пазбаўляюць скуру вiльгацi. Дрэнным чынам уплывае i тытунёвы дым. Кроў тады ўзбагачаецца не кiслародам, а вуглякiслым газам, што адбiваецца на колеры твару. На колер твару паўплывае, дарэчы, i парушаная работа страўнiкава-кiшачнага тракту. Важную ролю адыгрывае тут, безумоўна, i спадчынны фактар. Выправiць спадчыннасць немагчыма. Аднак гэта не азначае, што скуру не трэба даглядаць. Абавязкова не толькi ачышчайце яе — з дапамогай адпаведных геляў цi касметычных вяршкоў, але i ўвiльгатняйце i абараняйце ад неспрыяльнага ўздзеяння навакольнага асяроддзя з дапамогай крэмаў. Прысвячайце гэтым працэдурам па некалькi хвiлiн ранiцай i вечарам. — Цi праўда, што крэм перыядычна трэба мяняць? — Мяняйце... Пакуль аднойчы не атрымаеце алергiчную рэакцыю, пазбавiцца якой будзе практычна немагчыма. Калi хочаце памяняць крэм, праверце яго ўздзеянне спачатку на невялiкiм участку. А ўвогуле калi ў наступны раз збіраецеся набыць вельмi дарагi касметычны прэпарат, прыгадайце, калi ласка, тое, што было сказана вышэй: цудаў у касметалогii не бывае. — Вы хочаце сказаць, што i тут, у касметалагiчным цэнтры, працэдуры па амаладжэнню твару — дарэмная трата грошай? — Да ўсяго варта ставiцца разумна. Па-першае, неабходна разумець, для чаго асабiста вам патрэбны падобныя працэдуры. Вы займаецеся бiзнэсам? Дзелавое асяроддзе прад’яўляе да вашай знешнасцi адпаведныя патрабаваннi? У вас «няроўны шлюб»? У такiх выпадках ваша рашэнне можна зразумець. Па-другое, не забывайцеся, што вынiк, якi вы атрымаеце, трэба будзе «падтрымлiваць». Няма працэдур, якiя робяцца раз i назаўсёды. Па-трэцяе, калi вы чуеце пра чарговую новую методыку, распытайце касметолага пра пабочныя эфекты, падумайце пра наступствы. На маю думку, заўсёды павiнна быць насцярожанасць у дачыненнi да любых працэдур. Дарэчы, я нiколi не параiла б эксперыментаваць нават з маскамi. Адкуль вы ведаеце, што iх кампаненты не справакуюць асабiста ў вас алергiчную рэакцыю? Думайце пра адваротны бок. Скажам, вядома, што павярхоўны i сярэднi хiмiчны пiлiнг дае станоўчыя вынiкi, а глыбокi, як аказалася, настолькi таксiчны, што наўрад цi можна суаднесцi карысць i шкоду. Таму ў нашай краiне ён нават не будзе сертыфiкаваны. — Сучасная касметалогiя прываблiвае, наколькi я заўважыла, i мужчын? — Мужчыны цяпер i пластычныя аперацыi робяць, i на масажы ходзяць. Iм, як i жанчынам, хочацца схавацца за хоць бы вiзуальнай маладосцю. Нiчога дрэннага ў гэтым няма.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Клiнiчныя цэнтры па касметалогii функцыянуюць у кожным абласным цэнтры, у раёнах — адпаведныя кабiнеты. У сталiцы ёсць i цэнтр, i кабiнеты — на базе с |
|