21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Перасяленцы

25.08.2009 22:18 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

У адпаведнасцi з пастановай Савета Мiнiстраў СССР ад 9 лiпеня 1946 года «Аб мерапрыемствах па засяленню раёнаў i развiццю сельскай гаспадаркi Калiнiнградскай вобласцi», Савет Мiнiстраў БССР i Цэнтральны Камiтэт КП(б)Б прыняў 20 лiпеня сваю пастанову, згодна з якой з Беларусi на добраахвотных пачатках неабходна перасялiць на пастаяннае жыхарства 2500 сем’яў калгаснiкаў. Былi ўстаноўлены тэрмiны перасялення: жнiвень—кастрычнiк 1946 г. Размеркаванне па абласцях выглядала наступным чынам. З Вiцебскай вобласцi — 425 сем’яў, Гомельскай — 400, Бабруйскай — 400, Магiлёўскай — 425, Мiнскай — 450, Палескай — 350 i з Полацкай вобласцi — 50 сем’яў. Заходнiя вобласцi чамусьцi ў гэту разнарадку не ўвайшлi.

Пастановай прадпiсвалася накiраваць у лiку калгаснiкаў 50 старшыняў калгасаў, 50 загадчыкаў жывёлагадоўчых фермаў, 50 брыгадзiраў, 29 трактарыстаў i 50 рахункаводаў. Устанаўлiвалася, што з лiку калгаснiкаў, якiя падалi заявы аб перасяленнi, у першую чаргу накiроўваць у Калiнiн-градскую вобласць лепшых, якiя маюць найбольшую выпрацоўку працадзён. Пры гэтым у складзе сям’i павiнна быць не менш чым два працаздольныя члены. Па спiсах перасяленцаў з Вiцебскай вобласцi, якiя захавалiся, можна зрабiць выснову, што сярэдняя колькасць сям’i складала 4 чалавекi, але былi i шматлiкiя сем’i. Так, сям’я Абойня Майсея Цiмафеевiча з Лепельскага раёна складалася з 10 чалавек, сям’я Крупянкова Iвана Iванавiча з Аршанскага раёна — з 9 чалавек, сям’я Мiдзюка Цiмафея Мiхайлавiча з Талачынскага раёна — з 8 чалавек, сям’я Казакова Дзмiтрыя Паўлавiча з Чашнiцкага раёна — з 7 чалавек i г.д.

Калгаснiкi, якiя добраахвотна ехалi ў Калiнiнградскую вобласць, атрымлiвалi льготы. З iх знiмалiся нядоiмкi па абавязковых пастаўках дзяржаве сельскагаспадарчых прадуктаў, а таксама падаткi i страхавыя плацяжы. Перасяленцам рэкамендавалася перавозiць з сабой уласную свойскую жывёлу, птушку i пчоласем’i. Пры гэтым сем’i, якiя не мелi скацiны i птушкi ва ўласным карыстаннi, забяспечвалiся каровай, дзвюма авечкамi, адным парасём, 5—10 птушкамi з фермаў калгасаў, членамi якiх яны з’яўлялiся. Акрамя гэтага, Мiнiстэрству гандлю БССР даручалася забяспечыць продаж кожнай сям’i перасяленцаў па дзяржаўных цэнах: аднаго палiто, 30 метраў баваўнянай тканiны, 10 лiтраў газы, 10 кг солi, 40 пачкаў запалак i кожнаму члену сям’i: адну пару абутку, адзiн галаўны ўбор, па дзве пары шкарпэтак i панчох, 2 катушкi нiтак i 1 кг мыла.

На дарогу таксама выдзяляўся сухi паёк тэрмiнам на 10—15 дзён i 1 раз на суткi перасяленцы забяспечвалiся гарачым харчаваннем. Выдавалася бязвыплатная грашовая дапамога ў памеры 1 тыс. рублёў на галаву сям’i i па 300 рублёў на кожнага члена сям’i.

Перавозка перасяленцаў ажыццяўлялася спецыяльнымi эшалонамi. Згодна з iнструкцыяй начальнiка перасяленчага эшалона, норма праезду складала 25—30 чалавек у адным двухвосевым вагоне. Акрамя гэтага, у саставе кожнага эшалона былi вагоны для скацiны, сена, асабiстай маёмасцi калгаснiкаў, вагон-iзалятар, вагон-крама, вагон для абслуговага персаналу. Па плану аддзела перасялення i рэпатрыяцыi Савета Мiнiстраў БССР для перавозкi калгаснiкаў у Калiнiнградскую вобласць патрабавалася 20 эшалонаў, 1090 вагонаў, у сярэднiм па 160 вагонаў на кожную вобласць.

Перасяленню папярэднiчала вялiкая масава-растлумачальная работа. Пры абласных i раённых выканкамах былi створаны камiсii, якiя займалiся ўсiмi пытаннямi перасялення. У калгасах праводзiлiся агульныя сходы калгаснiкаў, iндывiдуальныя гутаркi па азнаямленню з умовамi перасялення, з прыроднымi i эканамiчнымi асаблiвасцямi месцаў Калiнiнградскай вобласцi, з урадавымi льготамi для перасяленцаў. Пытаннi перасялення асвятлялiся ў мясцовым друку i па радыёвяшчальнай сетцы, выдавалiся спецыяльныя лiстоўкi, дэманстравалiся фiльмы.

Першы эшалон з Беларусi з калгаснiкамi Мiнскай вобласцi адправiўся 18 жнiўня 1946 года. У саставе налiчвалася 60 вагонаў, у якiх размясцiлася 150 сем’яў, жывёла, маёмасці i iншыя службы.

У цэлым работа па падрыхтоўцы i адпраўцы перасяленцаў праходзiла паспяхова. Аднак мелi месца выпадкi зрыву тэрмiну адпраўкi, замены калгаснiкаў служачымi або рабочымi, не забеспячэння жывёлай, фуражом i г.д. У сувязi з гэтым 11 кастрычнiка 1946 года старшыня Савета Мiнiстраў БССР П.К. Панамарэнка накiраваў кiраўнiкам аблвыканкамаў наступную тэлеграму: «Перасяленне сем’яў калгаснiкаў у Калiнiнградскую вобласць праходзiць нездавальняюча. Растлумачальная работа адсутнiчае... У вынiку перасяленне ў Калiнiнградскую вобласць стаiць пад пагрозай зрыву. Абавязваю вас узяць пад найстражэйшы кантроль выкананне пастановы ўрада. Закончыць у кастрычнiку адбор i адпраўку сем’яў калгаснiкаў».

Своечасова прынятыя меры далi станоўчыя вынiкi. У кастрычнiку ў Савет Мiнiстраў паступаюць з месцаў адна за адной тэлеграмы аб адпраўцы чарговых эшалонаў. Так, Вiцебскi аблвыканкам паведамляе, што «па стану на 14 кастрычнiка ў Калiнiнградскую вобласць адпраўлена 355 сем’яў, 19 кастрычнiка адпраўляем апошнi эшалон».

17 i 19 кастрычнiка Гомельскi i Магiлёўскi аблвыканкамы паведамляюць аб адпраўцы чарговых эшалонаў, а 25 кастрычнiка з Бабруйска i Мiнска адпраўлены апошнiя эшалоны з сем’ямi калгаснiкаў i жывёлай.

Не паспелi чыноўнiкi апамятацца пасля напружанай работы па набору i адпраўцы калгаснiкаў у Калiнiнградскую вобласць па пастанове Савета Мiнiстраў БССР i ЦК КП(б)Б ад 20 лiпеня 1946 года, як на падставе пастановы саюзнага ўрада Савет Мiнiстраў БССР 26 кастрычнiка 1948 года выносiць новую пастанову «Аб перасяленнi калгаснiкаў i iншага насельнiцтва з БССР у саўгасы Калiнiнградскай вобласцi». На гэты раз дзесяць абласцей рэспублiкi абавязаны былi ў 1949—1950 гадах накiраваць 1000 сем’яў калгаснiкаў i iншага насельнiцтва, у сярэднiм па 100 сем’яў ад вобласцi. Дзве вобласцi — Мiнская i Вiцебская — былi вызвалены ад адпраўкi перасяленцаў. У цэлым умовы перасялення заставалiся ранейшымi, за выключэннем таго, што на гэты раз маглi выязджаць сем’i не толькi калгаснiкаў.

У дадзенай пастанове больш канкрэтна выкладалiся ўмовы рассялення перасяленцаў, якiя прыбылi на месца. Кожнай сям’i ў месячны тэрмiн пасля прыбыцця перадаваўся ва ўласнасць жылы дом або частка шматкватэрнага жылога дома з надворнымi пабудовамi, з умовай пагашэння перасяленцам затрат на рамонт i будаўнiцтва з сум, якiя ён атрымлiваў у крэдыт. Крэдыт выдзяляўся да 10 000 рублёў на адну гаспадарку з наступным аднясеннем 50 працэнтаў гэтых сум за кошт дзяржавы i з пагашэннем адной часткi пазыкi на працягу сямi гадоў, пачынаючы толькi з трэцяга года пасля атрымання крэдыту.

За кожнай сям’ёй замацоўваўся прысядзiбны ўчастак у памеры 0,5 га. Выдавалася таксама доўгатэрмiновая пазыка ў памеры 3000 рублёў для набыцця скацiны. Неабходна адзначыць, што на той час гэта былi нармальныя ўмовы. Можа, таму добраахвотнiкаў паехаць з Беларусi было дастаткова. I тым не менш урад рэспублiкi быў занепакоены ходам работ па адпраўцы перасяленцаў. 7 лютага 1949 года намеснiк старшынi Савета Мiнiстраў БССР К.В. Кiсялёў дасылае дырэктыўныя пiсьмы ў адрас старшыняў выканкамаў Маладзечанскай, Пiнскай, Гродзенскай, Баранавiцкай i Брэсцкай абласцей з патрабаваннем «прыняць усе меры да выканання перасялення ва ўстаноўлены тэрмiн». Вобласцi адрэагавалi iмгненна. Ужо 15 лютага Пiнскi аблвыканкам рапартуе аб выкананнi плана адбору сем’яў, 21-га — Брэсцкi, 28-га — Гродзенскi i г.д. Толькi з Пiнска, згодна з пратаколам пасяджэння абласной адборачнай камiсii па перасяленню, было накiравана 44 сям’i.

Як уладкавалiся нашы землякi на новым месцы? У якiх умовах працавалi i якiм было iх матэрыяльнае становiшча? Адказы на гэтыя пытаннi можна атрымаць з дакладной запiскi начальнiка аддзела перасялення i рэпатрыяцыi Магiлёўскай вобласцi I. Кавалiка, накiраванай 11 красавiка 1949 года ў Савет Мiнiстраў БССР. Ён выязджаў у Праўдзiнскi раён Калiнiнградскай вобласцi, куды ў 1946—1947 гадах былi накiраваны калгаснiкi з Магiлёўскай вобласцi.

Вось што ён пiша: «Калгас iмя М. Горкага размешчаны ў населеным пункце Доно-Вiльтэн за 10 км ад райцэнтра Праўдзiнск. Калгас вельмi багаты, цудоўная жывёлагадоўчая ферма, свая школа, свой магазiн. Сельгасiнвентару багата. Грамадскiя пабудовы выдатныя i цалкам забяспечваюць калгас, нават ёсць свой млын i крупарушка, маюць 80 пчоласем’яў, цудоўную сажалку для рыбы, калгаснiкi ўладкаваны добра ў каменных дамах з чарапiчным дахам, добрымi сядзiбамi, i большасць маюць сады, трымаюць пчол, у кожнага калгаснiка ёсць свая карова, авечкi i свойская птушка. На працадзень атрымалi па 1,5 кг збожжа. Калгаснiкi задаволены, што перасялiлiся». Падобныя пiсьмы паступалi ў Беларусь i ад перасяленцаў, якiя пiсалi родным i знаёмым аб нармальных умовах жыцця ў Калiнiнградскай вобласцi.

Такiм чынам, за перыяд з 1946 па 1950 год з Беларусi ў Калiнiнградскую вобласць выехала добраахвотна больш чым 3,5 тысячы сем’яў. Калi браць за сярэднюю колькасць членаў сям’i 4 чалавекi, то ўсяго выехала больш чым 14 000 чалавек.

Мiнула 60 гадоў. Вырасла новае пакаленне. Але сувязь нашых землякоў са сваёй радзiмай не страчана.

Прадстаўнiкi беларускай нацыянальнасцi складаюць другую пасля рускiх па колькасцi групу насельнiцтва Калiнiнградскай вобласцi. Гэта каля 100 тыс. чалавек, а калi да iх дадаць змешаныя сем’i, то практычна ў кожнага трэцяга-чацвёртага жыхара вобласцi этнiчныя каранi знаходзяцца ў Беларусi.

Беларусы займаюць дастойнае месца ў розных сферах народнай гаспадаркi вобласцi: у прамысловай, аграрнай, навуковай, медыцынскай, культурнай, ваеннай, а таксама ў органах улады.

Дэпутат Дзяржаўнай Думы Расii ад Калiнiнградскай вобласцi Уладзiмiр Нiкiцiн — беларус. Старшыня абласной Калiнiнградскай Думы Сяргей Булычаў таксама беларус. Беларусы ўзначальваюць 10 раёнаў вобласцi з 18.

Заслужанай павагай у калiнiнградцаў карыстаюцца Героi Сацыялiстычнай Працы Iван Шурыкаў i Зiнаiда Белякова, галоўны хiрург вобласцi Леанiд Савiч, рэктар Балтыйскай дзяржаўнай акадэмii рыбапрамысловага флоту, доктар тэхнiчных навук, прафесар Аляксандр Пiмашэнка, галоўны санiтарны ўрач вобласцi Таццяна Паўлаўна Грунiчава, генеральны дырэктар буйной кампанii «Кёнiнгсберг Трэйдзiнг» Мiхаiл Грыб, генеральны дырэктар СП «Расбелрыба» Сяргей Лютарэвiч, генеральны дырэктар аб’яднання «Калiнiнградгазiфiкацыя» Уладзiмiр Клiманкоў i многiя iншыя.

Значны ўклад ва ўмацаванне абараназдольнасцi Балтыйскага флоту ўносяць беларусы: вiцэ-адмiрал Васiль Апановiч — першы намеснiк камандуючага Балтыйскiм флотам, генерал-лейтэнант Васiль Арцюх — камандуючы берагавымi войскамi Балтыйскага флоту. Усяго на Балтыйскiм флоце служыць 12 адмiралаў i генералаў беларускай нацыянальнасцi.

Беларускае зямляцтва (рэгiянальная нацыянальна-культурная аўтаномiя «Калiнiнградскае зямляцтва беларусаў») створана 2 лiпеня 2000 года. У дзесяцi гарадах i раёнах вобласцi, а таксама на Калiнiнградскай чыгунцы створаны мясцовыя аддзяленнi Зямляцтва.

Пры Зямляцтве створаны i дзейнiчаюць шэсць творчых калектываў: фальклорныя народныя ансамблi «Чабор» i «Весялуха», ансамбль беларускай песнi «Крынiцы», вакальнае трыо «Краса», ансамбль «Напеў» i дзiцячы вакальна-iнструментальны ансамбль пры школе мастацтваў г. Светлага.

Зямляцтва штогод купляе ў «Белкнiгi» беларускiя кнiгi i перадае iх бязвыплатна ў абласныя, гарадскiя, раённыя i пасялковыя бiблiятэкi. За гэты перыяд у бiблiятэкi перададзена больш за 6 тысяч беларускiх кнiг.

На ўласныя сродкi Зямляцтва выраблены ў Мiнску i ўстаноўлены ў г. Калiнiнградзе манументальны помнiк Францыску Скарыне. На маляўнiчым беразе Калiнiнградскага залiва ўзведзены i асвечаны расiйска-беларускi праваслаўны храм, якi ўяўляе сабой сапраўдны шэдэўр беларускага драўлянага дойлiдства.

У вобласцi ствараецца музей беларускай культуры, нацыянальных традыцый i побыту. Да лiпеня 2007 года ў г. Калiнiнградзе будзе ўзведзены сквер расiйска-беларускай дружбы.

Зямляцтва падтрымлiвае цесныя сувязi з беларускiмi мiнiстэрствамi культуры, iнфармацыi, адукацыi, камiтэтам па справах рэлiгiй i нацыянальнасцяў.

Генадзь БАРКУН, галоўны архiвiст Нацыянальнага архiва Рэспублiкi Беларусь.

Iосiф ГРАЧКО, старшыня Беларускага зямляцтва ў Калiнiнградзе.



 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У адпаведнасцi з пастановай Савета Мiнiстраў СССР ад 9 лiпеня 1946 года «Аб мерапрыемствах па засяленню раёнаў i развiццю сельскай гаспадаркi Калiнiнг
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика