Кантрольная для сакратара Савета
Святлана ЯСКЕВIЧ
ВУЧЭННЕ — СВЯТЛО Работнiкi сельвыканкамаў папаўняюць свае веды ў Цэнтры павышэння квалiфiкацыiДва разы на год у Цэнтры павышэння квалiфiкацыi кадраў органаў дзяржаўнага i гаспадарчага кiравання Брэсцкага аблвыканкама праходзяць заняткi для сакратароў сельсаветаў. Звычайна на вучобу збiраюцца групы па 25 чалавек i займаюцца дзесяць дзён. Апошнi раз сакратары пярвiчных органаў улады з усiх раёнаў вобласцi наведвалi курсы ў канцы кастрычнiка мiнулага года. Галоўны спецыялiст Цэнтра Людмiла Пранюк расказала карэспандэнту «МС», што на занятках з гэтай катэгорыяй спецыялiстаў асаблiвы ўпор робiцца на веданне заканадаўства i практычнае яго прымяненне. Таму ў першыя днi работы слухачам прапануецца лекцыя аб практыцы прымянення Закона Рэспублiкi Беларусь «Аб мясцовым кiраваннi i самакiраваннi». Не толькi лекцыю, але i практычныя заняткi па гэтай тэме з сакратарамi заўсёды праводзiў старшыня абласнога Савета дэпутатаў Леанiд Лемяшэўскi. Семiнары часта вылiвалiся ў абмеркаванне самых надзённых праблем мясцовай улады, нават у гарачыя дыскусii, а Леанiд Антонавiч, як вельмi вопытны i квалiфiкаваны савецкi работнiк, падрабязна тлумачыў складаныя пытаннi i ўважлiва ставiўся да ўсiх закранутых праблем. Часта такiя заняткi не абмяжоўвалiся лекцыйнымi гадзiнамi, але працягвалiся i пасля iх. Шмат пытанняў да выступаючых заўсёды бывае на лекцыях па зямельнаму заканадаўству, калi на сустрэчу прыходзяць кiраўнiкi землеўпарадкавальнай i геадэзiчнай службаў. З цiкавасцю ставяцца сакратары i да заняткаў з работнiкамi натарыяльных кантор. Бо выдзяленне зямельных участкаў, афармленне спадчыны, шэраг iншых натарыяльных дзеянняў даводзiцца здзяйсняць служачым Саветаў з дыпломамi педагогаў у кiшэнi. А веданне як асноў заканадаўства, так i асобных яго нюансаў вельмi патрэбна кожны дзень. Апошнiм часам ўведзена новая тэма для слухачоў — пра крымiнальную адказнасць за злоўжыванне службовым становiшчам, службовы падлог. На жаль, у краiне былi выпадкi, калi да адказнасцi прыцягвалiся работнiкi сельскiх Саветаў. Таму намеснiк старшынi абласнога суда Мiкалай Сiз, якi звычайна праводзiць заняткi па гэтай тэме, падрабязна расказвае пра небяспеку хабару i iншых незаконных дзеянняў. Праходзяць сакратары Саветаў i этыку дзелавых зносiнаў, культуру мовы i моўных паводзiнаў. Правiльна размаўляць з людзьмi iх вучаць выкладчыкi Брэсцкага дзяржаўнага ўнiверсiтэта iмя Пушкiна. Цiкавасць ва ўсiх выклiкаюць практычныя заняткi ў Доме грамадзянскiх абрадаў. Сакратары рэгiструюць шлюбы ў сваiх населеных пунктах, у кожнага ёсць свой вопыт, свае сцэнарыi. Тут яны якраз i дзеляцца здабыткамi, напрацоўкамi, абмяркоўваюць, як зрабiць гэты абрад прыгожым i памятным. Практычныя заняткi, паводле слоў Людмiлы Пранюк, для гэтай катэгорыi навучэнцаў маюць асаблiвае значэнне. З кастрычнiцкай групай яны выязджалi ў Пiнскi раён, i слухачы засталiся вельмi задаволенымi наведваннем Дубайскага, Плешчыцкага, Малоткавiцкага сельсаветаў. Карыснай для iх аказалася сустрэча i са старшынёй раённага Савета дэпутатаў Марыяй Боршч. Марыя Мiкалаеўна, у мiнулым старшыня буйнога сельскага Савета, шмат гадоў ўзначальвала раённую прадстаўнiчую ўладу, на ўсе пытаннi адказвала з вялiкiм веданнем справы i давала канкрэтныя парады па праблемных пытаннях. Па сутнасцi практычнымi з’яўляюцца заняткi па Канстытуцыi Рэспублiкi Беларусь i заканадаўству аб выбарчай сiстэме, якiя са слухачамi праводзiць начальнiк галоўнага ўпраўлення арганiзацыйна-кадравай работы аблвыканкама Аляксандр Каляда. Аляксандр Мiхайлавiч спачатку чытае лекцыю, а потым слухачы пад яго кiраўнiцтвам пiшуць кантрольныя работы. На абарону гэтых кантрольных прыходзяць супрацоўнiкi аргкадравага ўпраўлення — куратары раёнаў, i заняткi перарастаюць ў своеасаблiвы «круглы стол» з абмеркаваннем тых цi iншых праблем канкрэтнага сельсавета цi раёна. Бывае, што падчас дыскусii агульнымi намаганнямi i вызначаюцца шляхi вырашэння пытання. I кiраўнiкi практыкуму, i слухачы адзначаюць карысць ад такой формы заняткаў. Дырэктар Цэнтра павышэння квалiфiкацыi Вольга Клiмаховiч адзначыла, што ў час навучання сакратароў сельсаветаў асаблiвая ўвага ўдзелена пытанням работы па дэбюракратызацыi дзяржаўных органаў i рабоце па прынцыпу «аднаго акна», а таксама рабоце са зваротамi грамадзян як адной з важнейшых формаў дзейнасцi мясцовых органаў улады. Гэтай катэгорыi слухачоў грунтоўна выкладаюцца асновы сацыяльнай палiтыкi дзяржавы i накiрункi развiцця аграпрамысловага комплексу. А зараз у Цэнтры, паводле слоў Вольгi Клiмаховiч, рыхтуецца праграма навучання для старшынь сельскiх Саветаў, якiя прыедуць на курсы ў сакавiку.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Работнiкi сельвыканкамаў папаўняюць свае веды ў Цэнтры павышэння квалiфiкацыi |
|