Мой адрас — не дом i не вулiца?
Аляксандр ПУКШАНСКI
У вiцебскi карпункт нашай рэдакцыi патэлефанавалi з вёскi Копцi, што ў Вiцебскiм раёне. На цяжкае жыццё не скардзiлiся. Проста жанчына расказала аб мясцовай праблеме.
«Чаму на дамах у Капцях няма спецыяльных таблiчак з назвамi вулiц i нумарамi дамоў? Колькi разоў вадзiцелi машын хуткай дапамогi доўгi час шукалi канкрэтны дом, дзе вiзiту ўрача чакаў цяжкахворы! Ды i ў iншых, самых розных, сiтуацыях знайсцi нейкi дом вельмi складана. Як бывае? Прыезджаму гавораць: вунь за белым домам — шэры, а праз два ад яго будзе той, што вам патрэбны. А ў нас жа аграгарадок нядаўна ў Капцях афiцыйна адкрылi! Думалi мы, што абавязкова парадак ва ўсiм будзе. Ды не!...» Копцi — кiламетраў за 20 ад абласнога цэнтра. Канешне, праблема «нумарацыi дамоў» — тыповая. Нават у Вiцебску яна iснуе, i ўжо даўно, i на жаль, чыноўнiкамi вырашаецца не вельмi актыўна. У Капцях аграгарадок афiцыйна адкрылi нядаўна. А работы ў iм яшчэ працягваюцца. У вёсцы жывуць больш за 1100 чалавек. У прынцыпе, самiх вулiц няшмат, так што праблему нумарацыi дамоў, каб усе яны былi «вызначаны» таблiчкамi, маглi б вырашыць. I сапраўды, у г. зв. прыватным сектары патрэбны дом знайсцi складана. Чарговую экскурсiю па вёсцы — аграгарадку мы зрабiлi з бадай самым паважаным чалавекам у Капцях, ветэранам Вялiкай Айчыннай вайны, падпалкоўнiкам у адстаўцы, старшынёй савета ветэранаў Кастрычнiцкага сельскага Савета Вiктарам Цярэшчанкам. Ён, дарэчы, расказаў аб тым, што цяпер вулiца ад цэнтральнага ўезда ў населены пункт Копцi называецца «Вулiца 33-й Армii». Адпаведнае рашэнне было прынята за некалькi дзён да Новага года. Вiктар Дзям’янавiч правёў доўгую, вельмi карпатлiвую пошукавую работу (звяртаўся па дапамогу нават у архiў РФ), каб гэта армiя, аб якой, на жаль, ведаюць на Вiцебшчыне толькi спецыялiсты, была ўвекавечана. Ветэраны вырашылi самастойна заказаць 4 таблiчкi, каб замацаваць на дамах у пачатку i канцы вулiцы. Каштаваць гэта будзе мiнiмум тысяч 120. Але ж нiякiя грошы не могуць, на думку ветэранаў, стаць «праблемай» для ажыццяўлення такой значнай патрыятычнай справы... Як расказаў старшыня Кастрычнiцкага сельскага Савета Вiцебскага раёна Валерый Чалнакоў, пытанне абазначэння вулiц у Капцях «iснуе». Напрыклад, усе 33 шматпавярховыя дамы, што абслугоўваюць камунальнiкi раёна, наогул не маюць нумароў. Але ж пры гэтым на кожным такiм «гарадскiм» доме ёсць г. зв. пашпарт (iнфармацыя аб тым, калi дом быў пабудаваны i г.д). А прыватныя дамы маюць «нумарацыю» мiнiмум працэнтаў на 70. Валерый Фёдаравiч паабяцаў, што праблема з афармленнем назваў вулiц будзе паэтапна вырашацца. На будаўнiцтва аграгарадка з бюджэтных сродкаў пойдзе каля 6,5 мiльярда беларускiх рублёў, так што пранумараваць дамы (на адзiн патрабуецца больш за 30 тысяч) будзе не вельмi дарагой справай.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У вiцебскi карпункт нашай рэдакцыi патэлефанавалi з вёскi Копцi, што ў Вiцебскiм раёне. На цяжкае жыццё не скардзiлiся. Проста жанчына расказала аб мя
|
|