Зямельнае пытанне патрабуе сур’ёзнага падыходу
Сяргей КУРКАЧ
На пытаннi чытачам «Звязды» адказвае старшыня Дзяржаўнага камiтэта па маёмасцi Беларусi Георгiй КУЗНЯЦОЎ
(Працяг. Пачатак у нумарах за 20, 23 студзеня.) — Маю прыватызаваны зямельны ўчастак у прыгарадзе. Цi магчыма будзе прадаць яго ў выключных выпадках, цi павялiчыць тэрмiн будаўнiцтва жылога дома? Уладзiмiр ЗАЙЦАЎ, г. Бабруйск. — Прадаваць пустыя зямельныя ўчасткi сёлета ўжо нельга. Трэба разабрацца, калi вы атрымалi зямлю i што на ёй ужо зроблена. Калi ўчастак ужо доўгi час пустуе i на iм не было пачата будаўнiцтва, то магчыма ўжо зараз трэба ставiць пытанне аб адабраннi ад вас зямлi. Калi ўласнiк зямлi не завершыць пачатае будаўнiцтва дома па нейкiх аб’ектыўных прычынах, тады мясцовыя ўлады могуць прадоўжыць тэрмiн будаўнiцтва такога дома яшчэ на год. — Калi праз 4 гады мы так i не дабудуем дом, што можа адбыцца тады? — У гэтым выпадку зямельны ўчастак можа канфiскоўвацца, далей ажыццяўляецца ацэнка незавершанага будаўнiцтвам аб’екта i нерухомасць прадаецца на аўкцыёне. — Чуў, што можна будзе такi аб’ект i закансерваваць? — Так, але гэты працэс не з’яўляецца танным. На практыцы кансервацыя недабудаванай нерухомасцi патрабуе iстотных сродкаў. Бываюць выпадкi, калi аб’ект лягчэй дабудаваць, чым ажыццявiць яго поўную кансервацыю. Праўда, сам механiзм кансервацыi зараз мае ўжо просты алгарытм. Разам з тым па гэтаму алгарытму трэба абавязкова зрабiць трывалы дах пабудовы, абаранiць ад уздзеяння навакольнага асяроддзя вокны i iншыя праёмы дома такiм чынам, каб аб’ект з цягам часу не разбураўся. Карэспандэнт «Звязды»: — Чытачы нашага выдання цiкавiлiся, што зараз можна зрабiць з тымi зямельнымi ўчасткамi, на якiх пачатае будаўнiцтва завяршыць будзе праблематычна ў вызначаны заканадаўствам тэрмiн па фiнансавых цi iншых прычынах. Цi можна будзе прадаваць закансерваваныя аб’екты? Намеснiк начальнiка юрыдычнага ўпраўлення — начальнiк аддзела прававога забеспячэння маёмасных адносiнаў Дзяржаўнага камiтэта па маёмасцi Беларусi Кацярына Лук’янава лiчыць, што ў гэтым выпадку недабудаваны аб’ект магчыма закансерваваць, зарэгiстраваць у агенцтве па дзяржаўнай рэгiстрацыi i кадастру. У гэтым выпадку ўласнiк будзе прадаваць не пусты зямельны ўчастак цi незавершанае будаўнiцтва, а аб’ект нерухомай маёмасцi. Прадаваць зямельны ўчастак з узведзенай на iм гаспадарчай пабудовай нельга, бо зямля была дадзена грамадзянiну менавiта для будаўнiцтва i абслугоўвання жылога дома. На зямельным участку можа быць пабудаваны недарагi дом, але ён павiнен узводзiцца згодна з зацверджаным праектам i прайсцi акт прыёмкi. Толькi ў гэтым выпадку дом будзе зарэгiстраваны ў агенцтве па дзяржаўнай рэгiстрацыi i кадастру ў якасцi аб’екта нерухомасцi. — Групе жыхароў нашай вёскi ў гэтым годзе перадалi бясплатна двухпавярховыя катэджы. У гэтых дамах мы жывём ужо каля 20 гадоў. Зараз мы вырашылi аформiць права ўласнасцi на гэтую нерухомасць. Сёння нам трэба зрабiць тэхнiчныя пашпарты сваiх кватэр i рэгiстрацыю дзяржактаў на зямлю. Тут узнiклi пытаннi. Напрыклад, адзiн кватэраздымальнiк афармляе права на зямлю, а другi жыхар катэджа не. Нам жа прапануюць плацiць за афармленне ўсяго ўчастка зямлi пад двухкватэрным домам. Што нам рабiць? Таццяна РАДКЕВIЧ, вёска Тальмiнавiчы Ляхавiцкага раёна. — У вас iснуе долевае права на зямлю: ваша i вашага суседа. Вы афармляеце права на адзiн зямельны ўчастак, дзе ў дакуменце будуць вызначаны долi. Нашы спецыялiсты абмерваюць увесь участак пад домам i афармляюць дакумент. Гэта будзе вам каштаваць прыкладна 100 тысяч рублёў. Калi сёння сусед адмаўляецца афармляцца, зрабiце зараз сваiмi сiламi. Праз нейкi час суседу трэба будзе рэгiстравацца, вось тады вы прадасце яму копiю дакумента на яго долю зямельнага ўчастка за палову сумы, якую аплацiце зараз за абмер усяго ўчастка. — Ёсць яшчэ адна праблема. Кажуць, што калi зямельны ўчастак афармляе адзiн уладальнiк зямлi, а не два, то ўчастак рэгiструецца толькi ў арэнду. — Гэта не так. Сёння грамадзяне Беларусi маюць права браць зямельны ўчастак у пажыццёвае валоданне з правам перадачы ў спадчыну, ва ўласнасць або ў арэнду. Рашэнне аб гэтым будзе прымаць мясцовы орган улады. — Побач з домам стаiць хлеў, якi падзелены на чатырох уласнiкаў. Нам палiчылi два ўчасткi, пад домам i вакол хлява, але яны спачатку былi агароджаны адным шчыкетнiкам i асобна не iснавалi... — Звярнiцеся да вашага землеўпарадчыка, каб ён адшукаў генеральны план будаўнiцтва гэтых дамоў. Калi па генплану ваша зямля ўваходзiць у адзiн зямельны ўчастак, тады пытанне будзе вырашана хутка i без дадатковых страт. Па тэлефоне гэта пытанне я не вырашу. — У 1995 годзе нам афармлялi чэкi «Маёмасць» i чэкi «Жыллё». У нас уласны дом, таму чэкi «Жыллё» мы перавялi ў чэкi «Маёмасць». Зараз мы даведалiся, што летась праводзiлi перарэгiстрацыю чэкаў «Жыллё». Але ў мяне на руках чэкi «Маёмасць». Я нават не ведала, што трэба было звяртацца ў сельскi Савет, браць даведку i звяртацца ў райвыканкам, каб назад вымаць з чэкаў «Маёмасць» чэкi «Жыллё». Пераафармляць чэкi трэба было да 1 студзеня 2007 года. Якi далейшы лёс чэкаў «Маёмасць»? Таiса ГАТОЎЧЫЦ, вёска Крывошын Ляхавiцкага раёна. — Толькi летась нашаму камiтэту быў перададзены Фонд дзяржмаёмасцi. На ваша пытанне я зараз дакладна не адкажу, але праз газету мы растлумачым хутка ўсе нюансы па чэках. Сёння я дам даручэнне сваiм падначаленым, i яны падрыхтуюць падрабязны адказ на гэту тэму. З гэтым пытаннем у рэдакцыю на «прамую лiнiю» звярнулася больш за 10 чалавек. Адказ рэдакцыя плануе надрукаваць не пазней, чым на наступным тыднi. — Адкажыце, колькi трэба плацiць падатку за карыстанне зямлёй, калi ў Калодзiшчах ёсць дача з участкам 10 сотак? Леанiд СЯНЮТА, г. Мiнск. — Так адразу i не адкажу. Дакладныя лiчбы тарыфаў ведае мясцовы землеўпарадчык i iнспектар падатковай службы. Я, напрыклад, за сваю дачу ў вёсцы Шчомыслiца заплацiў падатак на нерухомасць i зямельны падатак за год у памеры 115 тысяч рублёў. — Калi трэба такiя падаткi плацiць? Цi налiчаць мне пеню, калi заплачу не ў пачатку года? — Плацiць трэба раз у год, да лiстапада ўключна. — У Дзяржынскiм раёне ў мяне ёсць зямельны ўчастак у пажыццёвым валоданнi з правам перадачы ў спадчыну. Цi магу я там не будаваць дом? Марыя ПЯТРОВА, г. Мiнск. — Вам вырашаць. Але тады зямлю ад вас забяруць i ўсё. Колькi гэты ўчастак знаходзiцца ў вас? — Недзе больш як 10 гадоў. — Упэўнены, што ўжо ў лютым зямельны ўчастак ад вас забяруць. Гэта трэба было зрабiць яшчэ ў мiнулым годзе. — Я не згодная. У маёй паперы на зямлю прапiсана толькi права на будаўнiцтва, але гэта не абавязак. — Зямельны ўчастак вам быў дадзены на якiя мэты? — Для агарода. — Вы ў гэтым упэўнены? Згодна з рашэннем сельскага Савета ўчастак вам быў дадзены дзеля чаго? — Там надрукавана, што з правам будаўнiцтва. Каб дакладна вам адказаць, трэба перачытаць тое рашэнне. — Калi зямельны ўчастак быў дадзены для будаўнiцтва i абслугоўвання жылога дома, то будаваць на iм жыллё трэба абавязкова. Калi зямля даецца для агароднiцтва, тады на ёй трэба вырошчваць бульбу, агуркi i цыбулю. Абавязкова будаваць там не трэба. — Вас з Мiнска турбуюць. Справа ў тым, што колькасць машын у сталiцы штогод павялiчваецца, а парковак больш не робiцца. Куды аўтамашыны ставiць у горадзе? Вы гэты працэс неяк кантралюеце? Алена БРЫЛЯ, г. Мiнск. — Гэтай праблемай павiнна займацца мэрыя Мiнска. У горада iснуе камiтэт архiтэктуры, якi праектуе гарадскi масiў. Даволi добра ведаю гэтую праблему, прыпаркавацца ў горадзе сапраўды складана. Днямi ў Савеце Мiнiстраў была распрацавана пастанова, якая датычыцца арганiзацыi стаянак для аўтатранспарту. Урад ведае праблему i будзе яе вырашаць. Падчас праектавання новых мiкрараёнаў i дамоў менавiта каля дамоў будуць будавацца сучасныя аўтастаянкi. (Працяг будзе.)
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
На пытаннi чытачам «Звязды» адказвае старшыня Дзяржаўнага камiтэта па маёмасцi Беларусi Георгiй КУЗНЯЦОЎ
|
|