Перамагае толькi адзiн
Святлана БАРЫСЕНКА
«Мужнае» здароўе Старажытная фiласофiя пошуку радасцi, а не задавальнення чамусьцi не «працуе» сёння. Спецыялiсты мяркуюць, што дрэнную паслугу ў няправiльным светаўспрыманнi аказваюць у тым лiку СМI. Сапраўды, iх прадстаўнiкам удалося «раздзьмуць» пытанне магчымасцi атрымання задавальнення з дапамогай сэксу, а гэта балюча ўдарыла па гарманiчных адносiнах памiж жанчынай i мужчынам, па жаданню ствараць шлюб, планаваць сям’ю, клапацiцца пра сваё здароўе, каб нараджаць здаровых нашчадкаў. Прадметам сённяшняй гутаркi стануць мужчыны, размова пра iх месца i ролю ў справе рэпрадукцыi. Хоць пачаць размову хочацца ўсё роўна з жанчын. А раптам сучасныя матулi страцiлi асновы правiльнага выхавання сыноў? Адказвае загадчык кафедрай уралогii i нефралогii Беларускай медыцынскай акадэмii паслядыпломнай адукацыi, доктар медыцынскiх навук, прафесар Аркадзь ГРЭСЬ.— Абодвух бацькоў складана абвiнавачваць у нейкiх памылках выхавання. Амаль заўсёды яны паводзяць сябе правiльна. Аднак варта памятаць, што самае важнае ў выхаваннi хлопчыкаў — прысутнасць у яго жыццi мужчыны, бацькi. Гэта ўплывае на характар, не дазваляе стаць жаноцкiм, з прыкметамi нарцысiзму i жаданнем упрыгожвацца. — А «злоўжыванне» памперсамi — не памылка з пункту гледжання здароўя будучага мужчыны? — Памперсы — добрая рэч, калi трэба iсцi на прагулку, у палiклiнiку... А пастаяннае iх выкарыстанне можа быць шкодным перш-наперш з-за скарачэння кантактаў маленькага чалавечка, якi ўспрымае навакольны свет лiтаральна толькi праз пачуццё дотыку. Калi мацi паднiмаецца ноччу, уключае святло, штосьцi гаворыць дзiцяцi, пераапранае яго, дзiця набывае пачуццё абароненасцi. Сярод дзяцей, якiм удзялялi належную ўвагу, менш злачынцаў, яны больш душэўныя i адкрытыя. Акрамя псiхалагiчнага, ёсць i iншы аспект. Памперс — гэта залiшняя цеплыня для мужчынскiх органаў. А лiшак цеплынi спрыяе расслабленню вен i мышцаў. — Ёсць аптымальны час пачатку палавога жыцця для мужчыны? — Аптымальны тэрмiн пачатку палавога жыцця надыходзiць пасля палавога выспявання, якое назiраецца, дарэчы, у сучасных хлопчыкаў крыху пазней, чым нейкi час таму. Прыцягненне сродкамi масавай iнфармацыi надзвычайнай увагi да сэксу правакуе ўзнiкненне ў клiнiчнай практыцы выпадкаў, калi дзяўчынкi маюць палавыя кантакты яшчэ да ўстанаўлення менструальнага цыкла, а хлопчыкi — да надыходу палавога выспявання, раней за 14—16 гадоў. Не думаю, што для няспелага арганiзма карысная сэксуальная нагрузка. — Устрыманне ад палавога жыцця мае адмоўны бок для маладога чалавека? — Гэта выключна маральны аспект. Адсутнасць сэксу не аказвае адмоўнага ўздзеяння на арганiзм маладога чалавека. Вядомыя выпадкi, калi, напрыклад, рускiя рыбакi па году жылi без жанчын, вярталiся дадому i нараджалi дзяцей. — Ад чаго ж у мужчыны залежыць працягласць сэксуальнага жыцця, рэпрадуктыўнай функцыi? — У жанчын дзетародны ўзрост абмежаваны колькасцю менструацый, пры якiх можа адбыцца зачацце, а для мужчын абмежаванняў не iснуе: ён здольны да дзетараджэння i ў 20 гадоў, i ў 70 гадоў. Праўда, не 100 працэнтаў мужчын. I тут мае значэнне генетычная «схiльнасць». Тым не менш, чым даўжэй захоўваецца сэксуальнае жыццё, тым пазней надыходзiць яго завяршэнне. Нормы па iнтэнсiўнасцi палавога жыцця не iснуе. У кожнага яна свая, важна толькi прытрымлiвацца яе, прычым так, каб муж i жонка, у якiх гэтая норма можа быць рознай, не адчувалi дыскамфорту. На працягласцi сэксуальнай актыўнасцi адбiваюцца i ўмовы пражывання, уплыў навакольнага асяроддзя, стрэсы, злоўжыванне алкаголем, курэнне i iншае. — Дарэчы, якiм чынам на якасць семянной вадкасцi ўплываюць моцнаградусныя напоi i тытунь? — Для магчымасцi зачацця патрабуецца не меней за 40 працэнтаў актыўных, рухомых сперматазоiдаў. Астатнiя могуць быць маларухомымi цi нерухомымi. Усе сперматазоiды з’яўляюцца носьбiтамi генетычнага матэрыялу, аднак толькi актыўныя, а дакладней, выключна адзiн здольны данесцi яе да яйцаклеткi. А пад уздзеяннем алкаголю колькасць актыўна рухомых змяншаецца. Нездарма маладым на вяселлi не дазваляецца ўжываць нават шампанскае. I наогул 80 працэнтаў зачаццяў адбываецца ў першы месяц сумеснага жыцця. — Тым не менш, якраз пiтушчыя людзi вылучаюцца часам шматдзетнасцю... — Па-першае, колькасць актыўных сперматазоiдаў знiжаецца пад уздзеяннем алкаголю, але я не сказаў, што яны знiкаюць увогуле. Па-другое, здараецца нярэдка i так: хто моцна нечага жадае, у таго нiчога не атрымлiваецца i наадварот. У рэшце рэшт адмоўнае ўздзеянне алкаголю здольнае адступаць як толькi чалавек перастае ўжываць апошнi. Значна больш шкодны ў вышэйпамянёным сэнсе нiкацiн, якi ўплывае не на сперматазоiды, а непасрэдна на «фабрыку» па iх выпрацоўцы — клеткi сяртолi, своеасаблiвы iнкубатар, якi паступова знiшчаецца нiкацiнам. Калi мужчына-курэц выканаў сваю рэпрадуктыўную функцыю, то ён можа нават не здагадвацца аб сваёй няздольнасцi да зачацця. — Такiя напоi, як кава цi чай могуць адмоўна паўплываць на мужчынскiя палавыя клеткi? — У любога захаплення ёсць адмоўны бок. У нармальных дозах нi кава, нi чай у гэтым сэнсе няшкодныя. Лепей звярнуць увагу матуль на якасць пiтной вады, харчовы рацыён сыноў з самага ранняга дзяцiнства. Няхватка бялку — мяса, рыбы, яек, арэхаў i г.д. выклiкае дэфiцыт масы цела. А слабая мышачная маса, слабая палавая канстытуцыя — гэта будучыя праблемы з рэпрадукцыяй. — Хутчэй за ўсё не любiць рэпрадуктыўная сфера i стрэсаў... — Стрэс змяншае здольнасць да эрэкцыi. Ёсць нават такi тэрмiн — неўроз чакання няўдач, да развiцця якога могуць падштурхнуць, дарэчы, i няправiльныя, некарэктныя паводзiны жанчыны. Дарэчы, для самой жанчыны стрэс таксама вельмi шкодны, бо правакуе перавыспяванне яйцаклеткi, а гэта — фактар рызыкi для ўзнiкнення анамалiй развiцця будучага дзiцяцi. У момант зачацця жанчына павiнна быць спакойнай, не раздражнёнай. А для гэтага яна павiнна жыць у афiцыйным шлюбе i планаваць разам з мужчынам, якому давярае, на якога можа разлiчваць, нараджэнне дзяцей. На жаль, цяперашнiя дзецi найчасцей «выпадковыя». Многiя мае пацыенты, паводле iх слоў, пражываюць у грамадзянскiх шлюбах. Але я не думаю, што гэта станоўча ўплывае на жанчыну. Хутчэй, такiя абставiны з’яўляюцца бар’ерам для рэалiзацыi яе жадання стаць мацi. Сям’ю абавязкова трэба планаваць. Неабходна загадзя абследавацца: ёй — у гiнеколага, яму — ва ўролага. Да таго, як адважыцца на дзетараджэнне, кожны чалавек павiнен як мага больш ведаць пра сваё здароўе. — Чым небяспечныя для мужчыны iнфекцыi, якiя перадаюцца палавым шляхам? — У мужчын вiрусы могуць асядаць на паверхнi сперматазоiда i рабiць яго менш рухомым. Наогул сперматазоiды маюць адмоўны электрычны зарад, яны пастаянна адштурхоўваюцца адзiн ад аднаго. А бактэрыя, якая налiпла, мае станоўчы зарад. Сперматазоiды прыцягваюцца, i нiкуды, зразумела, ужо бегчы няздольны. Развiццё запаленчых працэсаў мае меншае значэнне для мужчын, чым для жанчын. Для мужчын больш важна эфектыўна пралячыць iнфекцыi разам з партнёршай, паколькi недалечаная хранiчная iнфекцыя здольна выклiкаць бясплоднасць. Таму трэба здаць аналiзы не толькi адразу па завяршэннi лячэння, але i праз паўгода. — Дапусцiм, у абследаванай, здаровай пары i год, i тры, i болей няма дзяцей. У чым можа быць прычына? — Можа мець месца iмуналагiчны канфлiкт. Згодна з законам прыроды, жанчына павiнна мець здаровых нашчадкаў. Цэрвiкальны канал маткi працуе так, што прапускае толькi моцных сперматазоiдаў, а калi шмат слабых, то арганiзм пачынае выпрацоўваць антыцелы да iх — гэткiх воiнаў, якiя будуць «з’ядаць» слабакоў. У такiм выпадку пары рэкамендуецца на нейкi час устрымацца ад адкрытага жыцця i прайсцi курс тэрапii, якая выдалiць антыцелы. — А раптам проста не стае актыўных сперматазоiдаў? Цi можна павялiчыць iх колькасць? — Можна правесцi лячэнне мужчынскiмi палавымi гармонамi. Ёсць i тэрапiя ганадатропнымi гармонамi, якiя выпрацоўваюцца галаўным мозгам. Прыкладна 20—30 працэнтаў «вiны» ў адсутнасцi нараджэння дзiцяцi натуральным шляхам прыпадае на мужчын. Але некаторым з iх удаецца дапамагчы. Можна зрабiць пункцыю i бiяпсiю прыдатка яечка цi самога яечка. Мы робiм такiя аперацыi, пасля якiх мужчына становiцца «здольным» да экстракарпаральнага апладнення, бо семянная вадкасць такога пацыента будзе ўтрымлiваць у лепшым выпадку некалькi тысяч сперматазоiдаў. Мiж тым, паводле даных Сусветнай арганiзацыi аховы здароўя, для зачацця патрабуецца 40—60 мiльёнаў сперматазоiдаў. Навошта менавiта столькi, наўрад цi хто здольны адказаць. Аднак вядома, што 10—15 гадоў таму тая ж арганiзацыя заяўляла пра iншую норму для натуральнага зачацця — 80—100 мiльёнаў сперматазоiдаў. Вiдавочна, мужчыны слабеюць... — Дарэчы, пра слабасць. Здаецца, менавiта ў апошнiя гады з’явiлася незлiчоная колькасць разнастайных стымулятараў палавой актыўнасцi для мужчын. Наколькi яны бяспечныя для здароўя? — Iндустрыя сэксу — гэта адказ на попыт заходняй цывiлiзацыi, якая прымае разняволены сэкс, калi мужчына i жанчына жывуць кожны сваiм жыццём, калi з’явiлася неабходнасць у больш частай змене партнёраў. Спатрэбiлiся стымулятары. I яны з’явiлiся. Гадоў 20 таму пра iх нават не чуў нiхто. Яшчэ не так даўно самым вядомым моцным прэпаратам, якi ўздзейнiчаў, дарэчы, усяго на 5 працэнтаў спажыўцоў, быў ёхiмбiн. А сёння ўжыванне такiх прэпаратаў, як вiягра, сiялiс, лявiтра i iншых прыводзiць да эфекту ў 70 працэнтаў мужчын. З’явiлася досыць многа медыцынскiх спосабаў, якiя абавязкова прыводзяць да рэалiзацыi жадання. Уплыў гэтых намаганняў на здароўе, магчыма, толькi вывучаецца.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Старажытная фiласофiя пошуку радасцi, а не задавальнення чамусьцi не «працуе» сёння. Спецыялiсты мяркуюць, што дрэнную паслугу ў няправiльным светаўсп |
|