Алё, народ на провадзе
Язык мой — вораг...
Чым адметны канец снежня пачатак студзеня, дык гэта безупынным святочным марафонам: каталiцкае Ражство, Новы год, Каляды, стары Новы год... I кожнае са святаў — асаблiвае: вясёлае, чароўнае. I пагуляць можна, i паваражыць, i паштукарыць — суседавы вароты недзе занесцi, руплiвай гаспадынi шкло на комiн палажыць, санi зацягнуць... на дах аўтобуснага прыпынку. Цяпер за гэткiя жартачкi можна i 15 сутак атрымаць, а калiсь... Аднаго дзецюка (на жарты непадатнага) хлопцы загадзя папярэдзiлi, што «ў госцi» прыйдуць. Той узяў добрага дрына, сеў у зацiшку (у прыбiральнi), чакае, пакуль з’явяцца, пакуль штукарствы свае распачнуць, каб тады выскачыць i добра-такi ўсыпаць... На бяду яму — згледзелi хлопцы, дзе ён схаваўся... Падкралiся цiхенька. Ну, i... павалiлi тую прыбiральню. Добра яшчэ, што дзверцамi ўверх... Старому пуцейцу дзядзьку Антуку таксама нашкодзiлi — дзесяць шпал на ганак прыцягнулi, а для надзейнасцi — яшчэ i вадою iх палiлi. Цётцы Марысi дзверы дратвай заснавалi — павук такой гусценькай павуцiны не пляце. У Мiхала веснiчкi на другi канец вёскi занеслi... Карацей — абышлi ўсю вулiцу, кожнаму нешта ўтварылi. Адна хата засталася — родная: там двое завадатараў жылi. Пачухалi яны патылiцы, кажуць: — Трэба i сабе нешта ўтварыць, а то здагадаюцца людзi, чыiх рук справы... Давай нашы вароты да Марысi зацягнем. ...Ранiца ў той дзень выдалася ў вёсцы шумнай: нехта некаму тэлефанаваў, нехта, не могучы вылезцi з хаты, грукаў у дзверы, нехта вароты шукаў (або iх гаспадара), нехта ўсялякiмi словамi сварыўся на выхадкi «фулiганскай» моладзi. «Моладзь» жа тая (у прыватнасцi ў асобах двух братоў-падшыванцаў) бестурботна спала. Пакуль... — Раман, уставай, — штурхануў бацька меншага. — Нехта вароты ў нас зняў... Кажуць, у Марысi ляжаць. То iдзi, сынок, прынясi. — Паўлiк занёс, — то ён i няхай забiрае, — буркнуў спрасоння брат i... зразумеў, што сам сябе выдаў. Нiна Рыбiк, г. Астравец. Чужымi рукамi... Наша вёска Падлiпцы раскiнулася ну, зразумела ж, пад лiпамi, з поўначы на поўдзень, уздоўж ракi. Даўнiя жыхары яе займалiся пчалярствам. Мёд iх вельмi славiўся, бо быў лекавы — лiпавы. У такога — аматараў пачаставацца заўсёды шмат. Неяк каля вёскi пасялiлiся цыганы. I калi ў iх нарадзiлася малое, папрасiлi аднаго з пчаляроў быць за кума. Згадзiўся той. Але ж нажыў сабе дадатковы клопат: бацька таго дзiцяцi не-не ды i ўвалiцца ў хату, папросiць мёду. Раз пачаставалi яго, два, тры — добра чужымi рукамi жар заграбаць — прыходзiць у чацвёрты. Не вытрымаў пчаляр, кажа: — Вось на гэтай лiпе — калода з мёдам. Забiрай. — А як? — пытаецца цыган. — Вось лесвiца, залазь... Цыган, не доўга думаючы, шусь наверх. А там... Як наляцелi пчолы... Карацей — унiз ён «шаснуў» куды хутчэй. I мёду ў пчаляра не прасiў больш нiколi. Мiхаiл Фёдаравiч Янковiч, в. Падлiпцы, Слуцкi раён Выхоўваем... А хто каго? Па тым часе гэта было надзвычайным здарэннем — шасцiкласнiк, падчас зiмовых канiкулаў, выпiў гарэлкi i п’яны бадзяўся па вёсцы. Гэту «навiну» мясцовае сарафаннае радыё ў той жа дзень данесла класнаму кiраўнiку. I той ужо сабраўся з думкамi, каб пагаварыць з вучнем. Але потым рашыў, што толку будзе болей, калi тое ж зробiць дырэктар школы. Аўтарытэт, як нiяк, хоць, на жаль, i падмочаны. Якраз тым самым — гарэлкай... Рашэнне, аднак, было прынята: вучня выклiкалi ў кабiнет. Дырэктар пачаў выхоўваць. Гаварыў, гаварыў, гаварыў... Пытае нарэшце: — Ёсць пытаннi? — Ё. — Задавай. — А чаму некаторым можна выпiваць кожны дзень, а мне — нават на Новы год нельга? ...Хто сказаў, што дарослыя выхоўваюць дзяцей? Дзецi дарослых — таксама. I невядома яшчэ, хто каго болей. Iван Iванавiч Ласiцкi, в. Дворышча, Лiдскi раён Слова лечыць. I калечыць — можа таксама Гэта «прыгода» адбылася з маёй прабабуляй, калi яна трапiла ў бальнiцу. Там яе абследавалi, трохi падлячылi. — Усё, — кажа доктар, — можаце iсцi дадому. — Не, бабулька, пачакайце, — з парога крычыць медсястра. — Мы забылiся вам чэрап зняць! — А Божа ж мой! А дзетачкi... Лепш я памру цi хворай застануся... Як жа — без чэрапа? Нашто яго здымаць? — Выбачайце, бабулька, — гаворыць медсястра, — я не так сказала. — Мы сасуды галаўныя прасвятлiць вам збiралiся... — Дык ты, любачка, так i кажы... У наступны раз. А то надумалася — «чэрап зняць»... Такiм чынам галава ў прабабулi засталася на месцы. Але ў бальнiцу ехаць яна болна не хоча. Сяржук Чылiкiн-Садэльскi, г. Мiнск Складаная задача Было гэта гадоў пятнаццаць назад. Збылася мара «iдыёта» — я купiў домiк у вёсцы. Месца — казачнай прыгажосцi, але i папрацаваць трэба было, каб прывесцi яго ў парадак. Пачаў з самага неабходнага, з будаўнiцтва прыбiральнi: параiўся з мясцовымi мужыкамi, дзе паставiць, з чаго пабудаваць. Майстроў знайшоў. А для пачатку, мне сказалi, яму трэба выкапаць. На гэта, як вядома, розуму шмат не трэба, хапiў я рыдлёўку, адмераў метраў 15 ад хаты, i давай махаць. Сiла ёсць, надвор’е добрае, душа пяе. Дарваўся, карацей, як дурны да лыжкi: ледзь не па грудзi выкапаў (пры маiх 180), памер — два на паўтара. Суседка прыходзiць, стала на пясочку, на «беразе», зверху пазiрае i разважае ўслых: — Сцяпанавiч, а што гэта ты — склеп капаеш? Дык, а чаму так далёка ад хаты? Возьмуць ды пакрадуць яшчэ што... — Не, кажу, Бярнардаўна, вось тут — не пакрадуць нiчога: тут яма будзе. Пад прыбiральню. — Суседзе, — рукi злажыла яна, — а на халеру ж такая вялiкая? — Ну, — тлумачу, — каб не на год, каб надоўга хапiла. Паглядзела бабуля, падумала i за галаву як хопiцца: — А людцы ж мае... Дык гэта ж колькi дабра трэба праз зубы прапусцiць, каб гэткую яму запоўнiць?! ...Праўду казала: 15 гадоў «прапускаем». I ўсё яшчэ месца шмат. У. С., г. Мiнск. Рубрыку вядзе Валянцiна Доўнар.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Чым адметны канец снежня пачатак студзеня, дык гэта безупынным святочным марафонам: каталiцкае Ражство, Новы год, Каляды, стары Новы год... I кожнае с |
|