«Кракадзiл», альбо «Белы кiтаец»
Барыс ПРАКОПЧЫК
У Вiцебскай вобласцi ўпершыню мiлiцыянеры канфiскавалi 8 грамаў наркотыку, якi спажыўцы называюць «Белы кiтаец», альбо «Кракадзiл».
Кошт гэтай партыi — 2,5 тысячы долараў. «Кракадзiл» знайшлi ў жанчыны цыганскай нацыянальнасцi, што жыве ў Талачыне, яна прывезла партыю з Санкт-Пецярбурга. У Мiнску ўжо было 30 фактаў перадазiроўкi «кракадзiлам». Гэты наркотык у выглядзе парашку ў 6000 разоў мацнейшы за марфiн, i ў 4 тысячы разоў — за гераiн. Як расказаў карэспандэнту «Звязды» начальнiк упраўлення па наркакантролю i процiдзеянню гандлю людзьмi УУС Вiцебскага аблвыканкама Мiкалай Волкаў, упершыню ў рэгiёне таксама канфiскавалi i 3 партыi какаiну. На Вiцебшчыне летась канфiскавана 91 працэнт (вагой 7167 грамаў) ад усiх канфiскаваных у краiне так званых Курсораў — асноўных кампанентаў для вырабу наркатычных i псiхатропных рэчываў. У апошнi час на змену найбольш танным i «даступным» наркотыкам раслiннага паходжання прыходзяць больш небяспечныя i дарагiя псiхатропныя рэчывы i сiнтэтычныя наркотыкi. I мясцовыя спецпадраздзяленнi мiлiцыi адэкватна рэагуюць на гэтыя змены. Летась да крымiнальнай адказнасцi за злачынствы, звязаныя з наркотыкамi, было прыцягнута больш за 250 чалавек. На ўлiку ва ўстановах аховы здароўя з дыягназам «наркаманiя» i «эпiзадычнае ўжыванне наркотыкаў» стаяць 914 жыхароў Прыдзвiнскага краю. Цiкавае сацыяльнае апытанне правялi супрацоўнiкi ўпраўлення сярод студэнтаў, навучэнцаў ПТВ, каледжаў, а таксама вучняў старэйшых класаў. Усяго ў ананiмным анкетаваннi бралi ўдзел 1682 падлеткi. Дык вось толькi невялiчкая цытата: «...Разам з ужываннем слабых наркотыкаў 1—2 разы спрабавалi ў сваiм жыццi марыхуану 10,4 працэнта апытаных...». Дзесяткi хлопцаў i дзяўчат прызналiся, што ўжо ўжывалi амфетамiн, экстазi, гераiн. Такая iнфармацыя не можа не насцярожваць. Аляксандр ПУКШАНСКI. АДШУКВАЕЦЦА... РАСПУСНIК Праваахоўнiкi зараз адшукваюць злачынцу, якi пад выглядам урача трапіў у адну з кватэр Пiнска. Паводле даных аддзела iнфармацыi i грамадскiх сувязяў УУС Брэсцкага аблвыканкама, з заявай у мiлiцыю звярнулася 31-гадовая жыхарка, якая i паведамiла аб «пахаджэннях» невядомага «доктара». У прыватнасцi, стала вядома, што мужчына, прадставiўшыся гiнеколагам, ранiцай зайшоў у кватэру i пад маркай мед-агляду ўчынiў распусныя дзеяннi ў адносiнах да двух непаўнагадовых дзяўчынак — 9 i 12 гадоў. Пракуратурай Пiнска па гэтаму факту ўзбуджана крымiнальная справа. Iгар ГРЫШЫН. НАВОШТА ЎРАЧАМ ЭКСКАВАТАР? Незвычайная выратавальная аперацыя была праведзена на будоўлi, што непадалёк ад фiлiяла БДУ. 45-гадовы рабочы звалiўся ў катлаван глыбiнёй чатыры метры. Яго калегi патэлефанавалi на «03», а вось выклiкаць выратавальнiкаў забылiся. Медыкi, якiя прыехалi, вырашылi не губляць каштоўны час на званкi ў МНС. Урачы спусцiлiся ў катлаван, аказалi дапамогу пацярпеламу, а пасля паклалi яго на насiлкi, якiя ўмацавалi на коўш экскаватара. Выцягнуўшы пацярпелага такiм чынам, брыгада даставiла яго ў дзевятую клiнiчную бальнiцу. Як паведамiлi ў гарадской станцыi хуткай медыцынскай дапамогi, будаўнiк атрымаў шматлiкiя траўмы, аднак цяпер яго жыццё знаходзiцца ў бяспецы. Кацярына ГУСЕВА, «Мiнск—Навiны». СВАВОЛЬНIЧАЎ З ГРАШАМI У Барысаве ў адной са школ 15-гадовыя падлеткi атаварылiся ў школьным буфеце, расплацiўшыся падробнай купюрай у 1000 рублёў. Пасля праверкi высветлiлася, што хлопцаў забяспечыў фальшыўкай вучань малодшага класа. 11-гадовы фальшываманетчык вырабiў купюру з дапамогай камп’ютара i сканера. Свавольнiка, трэба меркаваць, чакае яшчэ тая «прафiлактычная» гутарка з бацькамi. Iгар ГРЫШЫН. ДОЛАРЫ Ў ПАШПАРЦЕ Супрацоўнiк мытнi бярэ ў чалавека, якi перасякае дзяржаўную мяжу, пашпарт, а там — валюта, як правiла, ад аднаго да дзесяцi долараў альбо еўра. Летась у зоне дзейнасцi Гродзенскай рэгiянальнай мытнi зафiксавана больш за сто падобных выпадкаў. Зразумела, што нiхто не прызнаваўся, што тым самым рабiлася спроба даць хабар. Тлумачэнне адно: грошы, маўляў, аказалiся ў пашпарце выпадкова. Але ўсё роўна, паводле iнфармацыi начальнiка Гродзенскай рэгiянальнай мытнi Юрыя Сянько, матэрыялы па гэтых справах накiроўвалiся ў пракуратуру.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У Вiцебскай вобласцi ўпершыню мiлiцыянеры канфiскавалi 8 грамаў наркотыку, якi спажыўцы называюць «Белы кiтаец», альбо «Кракадзiл»
|
|