21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

ПРАС

25.08.2009 22:19 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Алесь КАСЦЕНЬ

Гэту тэму падказаў мне Сцяпан Паўлавiч Нефядовiч з вёскi Любань Лунiнецкага раёна, звязаўся са мною праз рэдакцыю «Звязды». Што ж, давайце пагаворым пра прас.

1967 год. Пярэдадзень 7 лiстапада, 50-й гадавiны Вялiкай Кастрычнiцкай рэвалюцыi. Дырэктар школы, сабраўшы тых школьнiкаў, хто прыме ўдзел у святочнай дэманстрацыi (а ў Паставах жа бывалi i парады, бо мелася шмат вайсковых часцей), даў апошнiя настаўленнi i папярэдзiў:

— Каб на штанах у хлопцаў «стрэлкi» былi такiя — муха сядзе i парэжацца.

Я, шасцiкласнiк, прыбег дадому. Бацькi на працы. Расклаў на габляваным, але не фарбаваным яшчэ стале святочныя свае нагавiцы, уключыў прас. I тут паклiкаў нехта з суседнiх хлопцаў. Забавiлiся ў дварышчы. Заходжу ў хату — а яна поўная дыму. Прас! Стол прагарэў добра-такi, на сантыметр. Але нiчога больш не загарэлася. Ён, стол гэты, дарэчы, служыць i цяпер, мы не любiм выкiдаць старыя рэчы. Часам сядзеш ля яго, памацаеш настольнiк — ёсць тая прапалiна.

А якiмi ж прыстасаваннямi абыходзiлiся нашы папярэднiкi, калi iм трэба было папрасаваць бялiзну, адзенне? Далёка заглядаць не трэба. Яшчэ ў пяцiдзесятых гадах мiнулага ўжо стагоддзя ў ход iшло ўсё тое ж дрэва. Драўляным пранiкам, пляскатым, з ручкай, перылi бялiзну пры яе мыццi. Потым сушылi. Ну а потым качалкай i валам прасавалi. На качалку, сантыметраў на пяцьдзесят, роўную, круглую качулку намотвалi цi прасцiну, цi кашулю, цi што iншае i валам (дошчачкай, на якой былi паўкруглыя насечкi) качалi па стале цi лаўцы ў адзiн бок, а не туды-сюды. I выходзiла выдатна. Асаблiва таму, што выкарыстоўвалi тады на бялiзну льняное палатно. У маёй раднi быў такi Iван Аляксеевiч Сарока з вёскi Русакi. Дык вось у летнi час ён з лазнi — а гэта было далекавата ад хаты, праз вёску, нават ля могiлак — нiколi не iшоў апрануты. Толькi ў бялiзне, астатнюю вопратку нёс у руках. Бо бялiзна, вытканая з iльнянога кужалю, адбеленая, чыста вымытая, адпрасаваная качалкай i валам аж да бляску, выглядала вельмi прыгожа, прыцягвала позiркi. Гэта яго своеасаблiвае дзiвацтва помняць на вёсцы i цяпер.

Зразумела, што не сто гадоў, а раней з’явiлiся ў карыстаннi людзей, нават вясковых, i прасы, якiя маюць падабенства да сённяшнiх, хоць бы знешняе. Былi пеглi. Гэта такiя металiчныя прасы, якiя ўкiдвалiся ў агонь для награвання цалкам. Альбо ўкiдвалiся ў агонь толькi iх «душы», трохканцовыя кавалкi жалеза, якiя ўкладалiся ў сярэдзiну самой прылады. Таму беларусы яшчэ прас называлi i жалязкай. Ну, а ў нашай мясцовасцi, як i паўсюль, да з’яўлення электрычнасцi ў хатах карысталiся прасам, у нутро якога насыпалiся вуглi. Такiя прасы можна пабачыць у любым больш-менш разнастайным этнаграфiчным музеi. Ды толькi самi падумайце: трэба тэрмiнова што-небудзь папрасаваць. А печ выцеплена, вуглёў няма. Вось чаму так доўга захоўвалiся ў вёсках драўляныя прылады. Яны ж да таго не неслi i нiякай небяспекi, накшталт той, пра якую гаварыў вышэй.

Пiшу гэты артыкул i не магу не звярнуцца да адной з кнiг, якую прачытаў яшчэ ў дзяцiнстве. «Марцiн Iдэн» Джэка Лондана. Адна з вяршынь амерыканскага пiсьменнiка. Расказ аб простым матросе, у душы якога запалiлася прага да прыгожага пiсьменства. Герой рамана прайшоў неверагодна цяжкi шлях, атрымаў велiзарную вядомасць i вялiкiя грошы, але разам з тым i цяжкое расчараванне ў жыццi i каханнi, што i прывяло ў рэшце рэшт да самагубства. У час сваёй барацьбы з выдавецтвамi Марцiн Iдэн адзiн час працаваў i ў пральнi гатэля. Ну як тут не прывесцi апiсання гэтай катаржнай працы:

«Марцiн набыў шмат новых ведаў. На першым тыднi быў адзiн дзень, калi яны з Джо прапусцiлi дзвесце белых кашуль. Джо кiраваў машынай, да перакладзiны якой быў прывешаны прас на сталёвай спружыне, якi рэгуляваў цiск. Так ён прасаваў накрухмаленыя часткi кашулi, потым кiдаў яе Марцiну. Той на дошцы дагладжваў астатняе.

Гэта была цяжкая, знясiльваючая праца, якая працягвалася да таго ж бесперапынна, гадзiна за гадзiнай. На адкрытых верандах гатэля мужчыны i дамы, апранутыя ў белае, прагульвалiся для мацыёну альбо сядзелi за столiкамi i пiлi прахаладжальныя напоi. Але ў пральнi стаяла невыцерпная задуха. Напаленая да чырванi плiта патыхала жарам, а з-пад прасаў, якiя датыкалiся да сырой бялiзны, клубiлася пара. Прас награваўся значна мацней, чым яго звычайна награюць хатнiя гаспадынi. Прас, якi вызначаюць, паслiнiўшы палец, здаўся б Марцiну i Джо халодным. Яны вызначалi меру нагрэтасцi праса, проста падносячы яго да шчакi, i вызначалi тэмпературу нейкiм асаблiвым адчуваннем, якое здавалася Марцiну зусiм невытлумачальным. Калi прас быў вельмi гарачым, яго апускалi ў халодную ваду. Гэта таксама патрабавала вялiкага спрыту i ўмення. Дастаткова было пратрымаць прас у вадзе лiшнюю секунду, каб астудзiць яго больш, чым патрэбна; i Марцiн сам дзiвiўся сваёй дакладнасцi — бездакорнай дакладнасцi аўтамата, з якой ён выконваў гэты складаны манёўр...»

Можна i далей. Але навошта ўспамiнаць нешта з лiтаратуры. У працоўнай кнiжцы маёй мацi ёсць толькi два запiсы: калi яна паступiла на працу ў пральню вайскавой часцi пад пэўным нумарам. I калi звольнiлася ў сувязi з выхадам на пенсiю. Як я ўжо казаў вышэй, Паставы шмат дзесяцiгоддзяў былi практычна ваенным гарадком. Тут размяшчалiся ракетная дывiзiя войскаў стратэгiчнага прызначэння, два авiяцыйныя палкi. Бялiзна для такой процьмы салдат павiнна быць чыстай.

У той пральнi прасавалi кашулi, кальсоны, майкi i трусы салдацкiя на звычайных прасавальных дошках, звычайнымi электрычнымi прасамi. А вось для прасцiн была машына. З аднаго боку дзве жанчыны падавалi ў гэты барабан адцiснутую, але вiльготную прасцiну, з другога боку яшчэ дзве жанчыны прымалi адпрасаваную, але яшчэ гарачую прасцiну, складалi яе. На ручнiкi была свая, меншая машына, якую абслугоўвалi дзве жанчыны. Нялёгкая праца, гарачыня, да таго ж цэлы дзень у гумовых ботах.

I калi ўжо зайшла размова пра вайсковае. Я тэрмiновую служыў у мотастралковай часцi. Шмат бегалi, стралялi, мерзлi. А вось «дзедаўшчыны» не было. Дакладней, насiла яна некалькi насмешлiвы, толькi не злосны характар. Маладыя больш працавалi, дзяды чакалi загаду аб звальненнi. Але было i такое. Збiраецца дзед у звальненне ў горад. У звальненне мотастралок-пехацiнец павiнен быў абуваць чаравiкi. А калi два гады бегаеш у кiрзавых ботах — ногi ў чаравiках нiбы лётаюць, нязвычна. I вось з вечара дзед можа загадаць якому нягегламу маладому. «Ты схадзi ў капцёрку, вазьмi мае чаравiкi i папрасуй у iх шнуркi. Звальненне ўсё-такi». Калi малады выпраўляўся ў капцёрку — у казарме рогат. Калi разумеў, што гэта жарт — малайчына.

У сучасны слэнг камерсантаў-калякамерсантаў трывала ўвайшло слова «прэсаваць» цi «прасаваць». У сэнсе таго, што цiснуць на некага, патрабаваць нейкiя грошы, цi нейкiя льготы i гэтак далей. Шчыра сказаць, я ў разгубленасцi. Магчыма, гэта слова ад «прэс» — моцны цiск, нешта цяжкое. А, магчыма, ад таго ж праса. Помнiце, у колькiх фiльмах, кнiгах пра пачатак i росквiт мафii нам распавядалi пра тое, як з чалавека выбiваюць патрэбнае, ставячы яму на жывот прас i ўключаючы яго ў разетку. Ды не будзем пра гэта.

А сучасныя прасы — выдатныя. I, шчыра сказаць, я люблю прасаваць бялiзну, хоць, магчыма, не мужчынская справа. Не веру, любая праца i справа да твару чалавеку.

У прасе, калi ты яго трымаеш,

Агонь пякельны адчуваеш —

I ўсё гладзей, гладзей, гладзей.

I ўсё, браточак, для людзей.

Вiцебская вобласць.



 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Гэту тэму падказаў мне Сцяпан Паўлавiч Нефядовiч з вёскi Любань Лунiнецкага раёна, звязаўся са мною праз рэдакцыю «Звязды». Што ж, давайце пагаворым п
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика