Камуна вясковых пенсiянераў
Iлона IВАНОВА
Хрысцiянская дабрачынная грамадская арганiзацыя «Табея» ажыццяўляе ў Бялынiцкiм раёне сацыяльны праект для састарэлых людзей. Ужо другi год 15 нямоглых старых з навакольных вёсак аб’ядноўваюцца на зiму ў своеасаблiвую пенсiянерскую камуну. Мяркуецца, што ў наступным сезоне яна яшчэ пашырыцца.
На тэрыторыi Цяхцiнскага сельскага Савета паблiзу вёскi Прыбар арганiзацыя «Табея» некалькi гадоў таму пабудавала дзiцячы аздараўленчы летнiк. Там у маляўнiчым месцы на беразе ракi стаяць драўляныя добраўпарадкаваныя хаты. У летнiку за сезон бясплатна аздараўляецца паўтысячы дзяцей, прычым пераважная большасць — сацыяльна неабароненыя. А потым у кiраўнiка дабрачыннай арганiзацыi Паўла Бродава ўзнiкла iдэя браць на зiму састарэлых людзей i засяляць iх у лагер. — Я бачу, што некаторыя старыя ў вёсках засталiся зусiм адны i без нiчога, — расказвае Бродаў. — Гэта ў асноўным жанчыны, якiя ў вайну былi падлеткамi. У iх вельмi падобныя лёсы. З вайны iх хлопцы не прыйшлi, замуж дзяўчаты не выйшлi i засталiся ў бацькоўскiх хатах, а потым сталi iх гаспадынямi. Яны самi састарылiся разам з гэтымi хатамi. Дзецi, у каго яны былi, з’ехалi i маюць сваё жыццё далёка ад бацькоў... Такiх людзей шмат у вёсках. I як iм iснаваць далей — нiхто не ведае. А ў нас узнiкла iдэя сабраць iх разам. Такi план ухвалiлi магiлёўскiя i бялынiцкiя ўлады. А аддзел сацыяльнай абароны Бялынiцкага райвыканкама падабраў людзей. Iх засялiлi ў памяшканнi дзiцячага лагера, якiя раней узiмку пуставалi. Там уключылi ацяпленне i стварылi ўмовы для пражывання — чыстая бялiзна, прыгатаваная смачная ежа, цёплая прыбiральня i штотыдзень лазня. Асаблiва прыемна для старых апошняе: бо каб натапiць лазню ў вёсцы, трэба дапамога моцнага мужыка, якi б нацягаў дроў i вады. У камуне пенсiянерам дапамагаюць валанцёры. Камунары — 8 жанчын i 7 мужчын. Усе яны — вясковыя жыхары, якiм больш за 80 гадоў. У двух мужчын адмарожаны пальцы на нагах, яны цяжка рухаюцца i без дапамогi абысцiся не могуць. I хоць усе — добрыя людзi, але лёсы так склалiся, што яны засталiся адны. Напрыклад, адна жанчына добра працавала i зарабiла пенсiю ў 300 тысяч рублёў. Гэта пенсiянерка ўсё жыццё пражыла ў вёсцы сярод бялынiцкiх балот, а хата цяпер разбураецца, на дапамогу дзяцей разлiчваць не выпадае, а ў самой няма здароўя i сiл заняцца яе рамонтам. Камунай кiруе Таццяна Елiсеева. Яна — добраахвотная памочнiца, але i ёй з-за асабiстых складаных жыццёвых абставiнаў праца ў камуне вельмi дарэчы. Жанчына не толькi гатуе ежу, але i дапамагае пенсiянерам мыцца i прыбiрацца. Тут запатрабаваны яе навыкi медыцынскай сястры, а таксама цярплiвасць. Яна вельмi ўважлiвы чалавек i з вялiкай павагай ставiцца да старых. Праект «Табеi» не патрабуе дадатковых дзяржаўных сродкаў: камунары жывуць разам па прынцыпах самафiнансавання. Кожны з жыхароў аддае ў агульны «кацёл» са сваёй пенсii 120 тысяч рублёў. Iмi плацяць за святло i палiва, мыццё бялiзны i адзення, набываюць харчы i сродкi гiгiены. Праўда, некаторыя атрымлiваюць пенсii меншыя за дагаворную суму, таму iм даводзiцца аддаваць усю пенсiю. Гавораць, што грошай iм не шкада, таму што ўзiмку на 120 тысяч у месяц не пражывеш. А разам усё ж такi больш эканомна. Праўда, грошай на ўсё не хапае, прызнаецца Бродаў. Але тут падключаюцца магчымасцi дабрачыннай арганiзацыi i iх вопыт работы са спонсарамi. Яны просяць у сельскiх гаспадарак бульбу i гароднiну. Дапамагаюць, як правiла, ахвотна. Фермер з Круглянскага раёна Сяргей Дудкiн прывёз старым дзве бочкi капусты, агуркоў, некалькi вёдраў сушаных яблыкаў. А вось мяса, курыцу, рыбу даводзiцца набываць самiм. Праўда, той жа суп гатаваць на 15 чалавек танней, чым рабiць гэта паасобку для кожнага. — Людзi жывуць у цеплынi i чысцiнi i нам за гэта дзякуюць, — гаворыць Павел Бродаў. — Штодзень катлетка, сасiска, масла, бутэрброд. Дома яны так не ядуць i не адпачываюць. Тут яны разам, iм весялей, i калi я да iх прыязджаю, то старыя бясконца распавядаюць мне «казкi» пра сваё жыццё. Старшыня Бялынiцкага райвыканкама Аляксандр Iльянаў падарыў камуне тэлевiзар. А памочнiк Прэзiдэнта i галоўны iнспектар па Магiлёўскай вобласцi Генадзь Лаўранкоў знаёмiўся з новым сацыяльным праектам на месцы: з тартамi i пячэннем прыехаў пiць чай са старымi. Сезон доўжыцца з 15 кастрычнiка па 15 красавiка. Потым пенсiянеры раз’язджаюцца ў родныя мясцiны — улетку жыць прасцей. На наступны сезон, як правiла, прыязджаюць новыя людзi. Пагалоскi пра камуну ў Прыбары разлятаюцца па сельскiх мясцовасцях, з розных сельсаветаў у «Табею» звяртаюцца з просьбамi ўзяць старых. Таму Павел Бродаў са сваiмi паплечнiкамi вырашыў пайсцi далей i пашырыць сацыяльны праект. Непадалёк у вёсцы Асман-Касаева стаяць безгаспадарныя драўляныя будынкi. Былая школа, сталоўка, медпункт, настаўнiцкiя хаты — усе яны ў добрым стане, але нiкому не патрэбныя i таму паступова разбураюцца. Бялынiцкi райвыканкам прыняў рашэнне бясплатна перадаць будынкi «Табеi», i неўзабаве iх пачнуць перавозiць на тэрыторыю аздараўленчага лагера ў Прыбары. Цяпер робiцца праектна-каштарысная дакументацыя для будаўнiцтва пансiяната сумеснага пражывання для састарэлых людзей. Паводле планаў, у гэтым пансiянаце круглы год будуць жыць 30 чалавек. Гэта будуць людзi, якiм няма куды падацца на схiле жыцця. Напрыклад, мужыкам без пальцаў на нагах. «Ну куды я iх выганю?» — засмучаецца Бродаў. Мяркуецца, што ў новым комплексе будзе асобная сталоўка i веранда. Невялiкiя пакоi на 3—4 чалавекi. Новая мэбля i падлога з дывановым пакрыццём, каб нагам было цёпла. На будоўлi гатовы працаваць шмат валанцёраў. «Табея» плануе прыцягнуць да гэтага новага праекта сродкi замежных i беларускiх спонсараў, каб агульнымi сiламi пабудаваць утульны дом для вясковых пенсiянераў. — Я таксама разлiчваю, што новы праект ажывiць маю родную вёску, — прызнаецца ўраджэнец Прыбара Павел Бродаў. — На маёй вулiцы, якая даўжынёю з кiламетр, цяпер засталiся толькi дзве хаты, дзе жывуць людзi. А летнiк i пансiянат павiнны спынiць памiранне Прыбара. Можа, наша справа будзе развiвацца i сюды зноў прыедуць жыць людзi?.. Хочацца спадзявацца на гэта. У кiраўнiка дабрачыннай арганiзацыi ёсць свае iдэi, як арганiзаваць жыццё для пенсiянераў. Напрыклад, ён лiчыць, што ў iдэале ў кожным новым доме можна будаваць адзiн пад’езд для старых. Аднак рабiць для iх жыллё па асобнаму праекту: напрыклад, некалькi блокаў са спальнага пакоя i кухнi, i для ўсiх — адзiн вялiкi хол, дзе можна збiрацца для размоў i прагляду тэлепраграм. Гэта можна назваць сумесным пражываннем. А ў сельскай мясцовасцi, марыць Бродаў, варта хоць бы на зiму рабiць камуны. У кожнай вёсцы вызначыць хату ў добрым стане, куды засяляць старых, якiм цяжка жыць адным. Сацыяльнаму работнiку сабраць з кожнага жыхара такога дома грошы за абслугоўванне i клапацiцца пра ўсiх адразу. Каб перажыць разам цяжкi зiмовы час, а вясной вярнуцца ў свае хаты. — I такiм чынам можна было б крыху зняць праблему са старымi ў вёсках, — гаворыць Бродаў. — Памятаю, iду па Прыбару, а бабка Агапа спрабуе выцягнуць ваду з калодзежа. Калодзеж абмерзлы, больш за 20 метраў глыбiнi. Яна з усiх сiл цягне вядро, спатыкаецца... Я дапамог, зайшоў у хату. Холадна, хата брудная, гаспадыня спiць на печы. А я памятаю, калi мяне, хлопчука, гэтая бабка частавала морквай. Цяпер яна састарылася, i мая чарга паклапацiцца пра яе. Такiм, як бабка Агапа, прызначаны наш новы праект. Калi ўсё будзе добра, пансiянат сумеснага пражывання пенсiянераў будзе гатовы прыняць сваiх жыхароў напрыканцы гэтага года, перад пачаткам новага халоднага сезона.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Хрысцiянская дабрачынная грамадская арганiзацыя «Табея» ажыццяўляе ў Бялынiцкiм раёне сацыяльны праект для састарэлых людзей. Ужо другi год 15 нямоглы |
|