КАЖУХ
Алесь КАСЦЕНЬ
Простыя рэчы Баюся праявiць пэўную некампетэнтнасць, але выкажу сваё меркаванне. Сярод таго, што чалавек першым прыстасаваў сабе для адзення, акрамя нейкiх там раслiн, былi, безумоўна, скуры забiтых iм жывёлiн. Як яны там выскрабалiся каменнымi скрабкамi, якiмi там жыламi сшывалiся таксама каменнымi iголкамi — але гэта былi скуры. Таму кажух бясспрэчна можа ганарыцца, што ў яго такiя старажытныя, ледзь не ад пачатку iснавання чалавецтва, папярэднiкi.Здаўна i ў беларусаў мужчынскi i жаночы кажух з аўчыны быў самай распаўсюджанай вопраткай. Асаблiва ў зiмовы час. Спачатку ён шыўся з нядубленых аўчын, потым з вырабленых. Як падаюць этнаграфiчныя матэрыялы, у Беларусi пераважалi кажухi жоўта-карычнева-вохрыстага, вохрыста-цаглянага, радзей белага колераў. У ХIХ — пачатку ХХ стагоддзяў сфармiравалася тры групы кажухоў. Прамога крою — прамая суцэльная спiна, вялiкi каўнер, апуха iшла ўздоўж крыса i па нiзе. Прыталены — спiнка адразалася, пярэдняя частка была ў зборкi. Апуха iшла па крысу, па нiзе, па рукавах. З «вусам» — прыталены, знiзу па баках клiны, так званыя вусы. У Беларусi славiлiся мотальскiя кажухi. Святочную вопратку ўпрыгожвалi тканiнай, скурай, вышыўкай. У нашым сямейным архiве ёсць фотаздымак зiмы 1954 года. Мацi з бацькам пад сцяной свайго дома, у якi толькi восенню ўсялiлiся. На бацьку даўгi, ледзь не да пят кажух з чорных аўчын. Нават на фотаздымку бачна, што выраб аўчын саматужны, далёка не лепшай якасцi. Але ж кажух! Нiякая зiма не страшная. Дарэчы, крой, наколькi можна меркаваць, прамы. А гэта яшчэ i мамiн пасаг. Яе бацька збiраў аўчыны, тады ў iхняй вёсцы яшчэ трымалi авечак, не адзiн год. I вось пасля вяселля аддалi дачцэ. А тая палiчыла неабходным справiць маладому мужу кажух — для мястэчка самая тая вопратка. А яшчэ ж былi кажухi, пакрытыя сукном, iх даўней называлi бармамi. Слова бармы ёсць i ў рускай мове. Праўда, маюць яны iншае значэнне. Рускiя цары перанялi ад вiзантыйскiх iмператараў бармы, якiя надзявалiся на плечы, яны былi аздобленыя малюнкамi рэлiгiйнага зместу, каштоўнымi камянямi. Надзявалiся яны толькi ў час каранацый альбо вельмi ўрачыстых выхадаў цара. Выкаранiў iх у Расii, вiдаць, рэфарматар Пётр I. Па крайняй меры ў рамане Аляксея Талстога гэтыя бармы вельмi мулялi цару на пачатку яго праўлення, ды i не пасавалi яго доўгай, няскладнай фiгуры. Ёсць у беларускай мове i словы шуба, футра. Але яны ўжо гавораць аб больш высокай якасцi вопраткi, не з аўчын. Але ў народным побыце менавiта кажух з аўчын служыў верай i праўдай. У паэме Якуба Коласа «Новая зямля», як толькi гаворка iдзе пра зiмовы час — кажух сустракаецца вельмi часта. I вось над хатай, над гуменцам Сняжынкi жвавыя гуляюць, Садок i дворык засцiлаюць Бялюткiм, чыстым палаценцам.. I тут у хаце не ўтрываеш: Кажух на плечы накiдаеш, Бяжыш на двор. Як той шалёны, Крычыш, гукаеш здавалёны, Зямлi не чуеш пад сабою I ловiш белы снег рукою. I паглядзiце, як простае, нават нязграбнае, як каму можа падасца, слова кажух натуральна пасуецца да пачуццяў, выклiканых прыходам першага снегу. Цi яшчэ: На iм кучомка, верх зялёны, Кажух кароценькi, чырвоны, А стан шырокая папруга Сцiскае спрытна, лоўка, туга; На меднай спронжцы лось красуе I з жоўтай бляхаю фасуе, А праз плячо паўзверх кажуха Iдзе раменны пас бы ў зуха... Гэта герой паэмы Мiхал, ляснiк на панскай службе, выпраўляецца ў абход свайго ўчастка. А паны ж палякi, таму ў апiсаннi форменных адзнак леснiка сустракаюцца польскiя словы. Ды пераважае кажух, без якога ў лесе не абысцiся. Ён кароткi, гэта дакладней кажушок, каб спрытней было хадзiць па снезе. Успомнiў. Некалi ў кнiзе пра сваю салдацкую службу ў сямiдзесятых гадах «Каменьчыкi ў кiрзавым боце» пiсаў i я пра кажух. У адной з навел iшла гаворка пра тое, як нясецца каравульная служба ў завiруху. Прывяду ўрывак: «Падышлi да майго паста. Гэта склады арт i стралковага забеспячэння. Яны абнесены па перыметру двума радамi калючага дроту. Мiж iх i ходзiць вартавы, як той сабака без ланцуга. Ля ўваходу сiгналiзацыя. Але на званкi мой сябар, якi цяпер стаiць на пасту, Фёдар Цапко, не рэагуе. Яшчэ звонiм — Федзi няма. Сяржант-развадзячы злуецца. Сваiм ключом ён адмыкае металiчную брамку, удвух iдзём па перыметру складоў. Ён, злуючыся, што вось мог бы iсцi ў цёплае каравульнае памяшканне, я — што мне дзве гадзiны тупаць тут сярод начы i завiрухi. Абыходзiм усю загарадку за некалькi хвiлiн. Федзi няма. Сяржант, яшчэ не верачы, пытаецца ў тых, хто застаўся ля ўваходу: цi бачылi? Не. Гэта ўжо не жарты. Склады адным са сваiх бакоў увогуле з’яўляюцца мяжой часцi. Ды i дрот кругом высозны. Куды мог падзецца вартавы? Два чалавекi застаюцца ля ўваходу з аўтаматамi, у якiх адцягнуты затворы, а мы ўжо ўтраiх абягаем яшчэ раз склады. Федзi няма! А завiруха круцiць, насмiхаецца. Сяржант пiльна аглядае брамку ўнутранай агароджы складоў: усё на месцы, замкi, пячаткi. Нiхто на склад не залез. Знешнюю ж брамку можа адкрыць толькi ён. — Пройдзем яшчэ раз. Цяпер iдзём па маршруту вартавога асцярожна, асаблiва сяржант, свецячы лiхтаром, аглядае дрот агароджы. I тут на адной з паваротак сяржант, загробшы ботам гурбiну, прыпыняецца. Мы таксама. Пачынаем разграбаць снег рукамi. I вось ужо бачым кажух. Федзя! Ён пад нашымi не надта далiкатнымi дотыкамi варушыцца, нешта мармыча i ўрэшце прачынаецца, садзiцца ў снежным мярле. Жывы. Злосць сяржанта ад аднаго гэтага знiкае. Знаходзiцца ў снезе пад Федзем i аўтамат. Сяржант не «заложыць», ён таксама з маладых. А Федзя проста заснуў. Кажух апранаю я. Калi падняць каўнер — вышэй за шапку, сам ён да зямлi. Завалiся ў снег — сапраўды можна заснуць. А праз паўгадзiны навальваецца гэта згрызотлiвая спакуса: а сапраўды, чаму б не прылегчы, цi прысесцi адпачыць. Ды толькi ўспамiнаю, што на гэты склад былi спробы нападу. Зброя цiкавiць многiх... У Паставах прыгожы гарадскi парк. Соснам тутэйшым далёка i далёка за сто гадоў. Здаўна гэту мясцiну мясцовыя жыхары называюць «гарбаркай», нават цяпер, калi праводзяцца тут мiжнародныя святы «Звiняць цымбалы i гармонiк». Адкуль узялося слова? У польскай мове ёсць слова «garbowanie», што па-беларуску азначае дубленне. I сапраўды, ёсць звесткi, што яшчэ пры Тызенгаўзах, якiя валодалi Паставамi, у гэтым месцы выраблялiся, дубiлiся скуры. Адсюль i назва, якая захавалася праз стагоддзi. Сённяшнiя метады i тэхналогii вырабу скур сягнулi далёка наперад. I цяперашнiя кажушкi ўжо неяк i няёмка называць кажухамi. Прыдумалi для iх адпаведную назву — дублёнкi. У нашу правiнцыю масавая мода на дублёнкi прыйшла недзе ў сямiдзесятых гадах. Але «дастаць» — характэрнае для таго часу слова — iх было практычна немагчыма. I вось у вядомым на ўсю рэспублiку калгасе iмя Суворава разгарнулiся. Пачалi выраб скур i пашыў досыць прыстойных дублёнак. Але i iх на ўсiх жадаючых не хапала. Кiраваў гэтымi промысламi мой добры знаёмы Уладзiмiр Рабаконь. Сёння гэтай вытворчасцi ў калгасе, прабачце, сельгаскааператыве ўжо няма. А вось у сувораўскiх дублёнках ходзяць многiя пастаўчане. Служыць яна i мне. Вiцебская вобласць.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Баюся праявiць пэўную некампетэнтнасць, але выкажу сваё меркаванне. Сярод таго, што чалавек першым прыстасаваў сабе для адзення, акрамя нейкiх там рас |
|