Хто засмяецца апошнiм?
Iрына ПРЫМАК
Напярэдаднi Беларускi тэнiсiст трэнiруе сапернiкаў, а шведскi капiтан пiша музыкуЗаўтра ў Мiнску адбудуцца першыя сустрэчы 1/8 фiналу розыгрышу Кубка Дэвiса. Напярэдаднi прайшлi прэс-канферэнцыi з удзелам шведскай i беларускай зборных. Сапернiкi былi вельмi аптымiстычнымi, сказалi, што галоўнае для iх — пакiнуць Беларусь з «усмешкай на вуснах». Падтэкст гэтых слоў зразумелы: дружына Матса Вiландэра плануе выйграць у падначаленых Дзмiтрыя Татура. У чым сiла шведскiх ракетак, падзялiўся першы нумар беларускай каманды Максiм Мiрны: — Усе нашы мiнулыя сапернiкi фармiравалi каманду з iндывiдуальных iгракоў, а вось шведы зрабiлi стаўку на парных тэнiсiстаў. I гэта iх вялiкi плюс. Акрамя таго яны ў адрозненне ад iспанцаў i аргенцiнцаў, у якiх мы ўжо выйгравалi на хуткiм пакрыццi, цудоўна гуляюць на хардзе. — У шведаў добрая лаўка запасных, — дадаў Уладзiмiр Валчкоў. — Аднак гэта я хутчэй аднёс бы да мiнусаў шведскай зборнай, бо калi мы за пяць месяцаў ведаем, што нам з Максiмам давядзецца выйсцi на корт, трэба рыхтавацца абавязкова, то ў сапернiкаў ёсць выбар i ад гэтага некаторыя з тэнiсiстаў могуць расслабiцца. На пытанне, чым Валодзя растлумачыць сваю цудоўную гульню на Кубку Дэвiса (на iншых спаборнiцтвах зараз ён выступае не настолькi паспяхова), тэнiсiст адказаў жартам: нават незараджанае ружжо раз у год страляе. Праўда, на гэтым кур’ёзы не скончылiся. Аўтарам невялiкага казусу стаў навiчок каманды Павел Катляроў, якi ад хвалявання нечакана вымавiў: «Я дапамагаю рыхтаваць нашых ...сапернiкаў». «Ён у эйфарыi ад таго, што трапiў у зборную, — адрэагаваў на такую заяву капiтан беларускай дружыны Дзмiтрый Татур. — А на самай справе хацеў сказаць, што дапамагае рыхтавацца да матча нашым тэнiсiстам». Застаецца спадзявацца, што шведскiя iгракi не напалохаюць нашага дэбютанта, як журналiсты, калi той усё ж выйдзе на корт. А разгубiцца ёсць з-за чаго: сапернiк нашай каманды — вельмi сур’ёзны. За час свайго выступлення на Кубку Дэвiса (з 1925 года) шведская каманда правяла 206 матчаў, з якiх 140 выйграла. Беларусы стартавалi ў чэмпiянаце свету сярод мужчынскiх каманд у 1994-м i за гэты час правялi 31 сустрэчу, прычым святкавалi перамогу 21 раз (пяць з iх усухую). Зараз рэйтынг нашай каманды вышэйшы за пазiцыю шведаў — адпаведна дзевяты i дванаццаты. Затое сусветную групу нашы сапернiкi пакiдалi толькi аднойчы — у 2000-м, а Сярэбраную салатнiцу заваёўвалi сем разоў, прычым тройчы ўладальнiкам трафея станавiўся цяперашнi капiтан зборнай Матс Вiландэр. Гэта культавая асоба ў сусветным тэнiсе: у гiсторыю ён увайшоў як самы юны iгрок, якi перамог на турнiры Вялiкага шлема, бо выйграў Ралан Гарос ва ўзросце 17 гадоў 9 месяцаў, а наогул Вiландэр сем разоў станавiўся мацнейшым у адзiночным разрадзе i адзiн у парным. Цiкава, што шведскi капiтан не толькi дасюль удзельнiчае ў тэнiсных турнiрах у спаборнiцтвах ветэранаў, але i пiша вершы, прозу i ... музыку. Хутчэй за ўсё сваю новую кампазiцыю настаўнiк створыць пад уплывам вiзiту ў Мiнск i па вынiках матча. Аднак спачатку адна з каманд праспявае сваю лебядзiную песню. I яшчэ невядома, хто засмяецца апошнiм. Нагадаем, што акрамя матча Беларусь—Швецыя, таксама адбудуцца наступныя паядынкi: Расiя—Чылi, Францыя—Румынiя, Харватыя—Германiя, Аўстралiя—Бельгiя, Чэхiя—ЗША, Швейцарыя—Iспанiя, Аўстрыя—Аргенцiна. Пераможца матча ў Мiнску выйдзе на мацнейшую каманду апошняй пары.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Беларускi тэнiсiст трэнiруе сапернiкаў, а шведскi капiтан пiша музыку |
|