Эротыка — не экзотыка, а паўнапраўная частка фальклору
Вiкторыя ЦЕЛЯШУК
Летась расiйскае выдавецтва «Ладомир» выпусцiла зборнiк «Беларускi эратычны фальклор». Гадаць, чаму падобная кнiга не была выдадзена ў Беларусi, мабыць, позна. А вось зазiрнуць па той бок вокладкi — даведацца, хто i як збiрае гэткi, шчыра кажучы, спецыфiчны матэрыял, якiм чынам выказвалiся нашы продкi «пра гэта» — чаму б i не?
...Адразу расчаруем тых, хто ласы на «клубнiчку»: гэты зборнiк — не беларуская «Камасутра». I карцiнак там няма ўвогуле. Затое ёсць разгорнутае даследаванне, якiм чынам у беларускiм фальклоры зашыфраваны мужчынскi i жаночы пачаткi, сэксуальныя адносiны, нават назвы «саромных» органаў. Пакуль дачытваеш да канца, прыходзiш да высновы, што дзядзька Фрэйд пазайздросцiў бы фантазii нашых продкаў. А калi ўжо даходзiць справа да канкрэтных прыкладаў — двухсэнсоўных загадак, прыпевак, прымавак, жартаў — нават чырванець не атрымлiваецца, бо ў сучасным жыццi i не такога начытаешся-наслухаешся-пабачыш. Толькi цiкавасць бярэ, дзеля чаго спатрэбiлася выпускаць падобную кнiгу? Уласна кажучы, з гэтага пытання i пачалася наша размова з Таццянай ВАЛОДЗIНАЙ — фалькларысткай, адной з аўтараў-складальнiкаў зборнiка «Беларускi эратычны фальклор». — Таццяна, чаму вы ўвогуле выбралi для вывучэння такую незвычайную тэму? Можна ж было ў агульным рэчышчы народазнаўства збiраць сабе якiя-небудзь бяскрыўдныя песенькi i не шукаць у iх патаемнага сэнсу... — Каб сказаць, што гэта тэма ўсяго жыцця — то не. Раней я займалася каляндарнай абраднасцю, затым сiмволiкай рэчаў; апошнiя гадоў дзесяць мяне цiкавiць народная медыцына Беларусi. Прычым у сiмвалiчным аспекце — не як комплекс рэцэптаў, а як комплекс уяўленняў пра чалавека i пра свет. Магiчнае лекаванне сыходзiць не проста з фiзiялогii чалавека ў звыклым разуменнi, а з сiмвалiзацыi самога цела i ўсiх яго частак. I калi пачынаеш больш глыбока разглядаць сiмволiку галавы, тулава — адбываецца натуральны пераход i да сiмволiкi цялеснага нiзу. Прыступiўшы да гэтай тэмы, памятаю, я найперш здзiвiлася надзвычайнай яе распрацаванасцi — у нас неверагоднае багацце сюжэтаў, вобразаў, метафар i г.д. Гэта з аднаго боку. З iншага боку, маскоўскае выдавецтва «Ладомир», якое спецыялiзуецца на выданнi так званай «патаемнай» лiтаратуры, якраз на той момант мела — i мае да гэтага часу — праект па выданню эратычнага фальклору розных народаў. Атрымалася вялiкая серыя, у некалькi дзесяткаў кнiг. Ну, i мы атрымалi такi афiцыйны заказ. ...Я заўжды гэта гаварыла i зараз зноў паўтаруся: зборнiк «Беларускi эратычны фальклор» — гэта анiякiм чынам не зборнiк пахабных песенек, фрывольных жартаў. Гэта навуковае выданне, якое iлюструе адпаведны бок жыцця беларусаў. Зборнiк не прызначаны, каб яго выдавалi вялiкiм тыражом, папулярызавалi i «раскручвалi» на масавым узроўнi. Мы не ставiлi мэтай здзiвiць публiку. — Але каштоўнасць зборнiка, вiдаць, не толькi ў тым, каб ён трапiў на палiцы абмежаванага кола навукоўцаў? — Як i ўсякае даследаванне, прысвечанае традыцыйнай культуры, зборнiк меў на ўвазе прэзентацыю духоўнага свету беларусаў, ва ўсiм яго багаццi. Гэта мы i паспрабавалi зрабiць разам з доктарам фiлалагiчных навук, прафесарам Анатолем Сямёнавiчам Фядосiкам. (На жаль, другога ўкладальнiка ўжо няма ў жывых. — Аўт.). Калi мы толькi пачыналi працаваць над кнiгай, у грамадскасцi ствараўся так званы нацыянальны мiф, i адным з элементаў яго была iдэя пра беларуса як чалавека цiхага, спакойнага, неактыўнага, нават «зацiснутага» ў сцiпласцi, суперцнатлiвага... Так, нашы продкi былi цнатлiвымi, захоўвалi гэты iдэал, i за нячэснасць ды нявернасць — о-ёй, што чакала правiнных! Але залiшняй скаванасцi не было. Хацелася паказаць беларусаў такiмi, якiя яны ёсць. I багацце нашага эратычнага фальклору паказвае не на разбэшчанасць цi распуснасць, а менавiта на тое, што беларусы з прычыны сваёй стрыманай натуры здолелi ўвасобiць гэты бок жыцця не ў наборы вульгарнасцяў, а ў цэлым блоку прыгожых, вытанчаных i па-мастацку аформленых вобразаў. Яшчэ хацелася б падкрэслiць, што ўся гэтая насычаная вобразнасць, якую мы «расчытваем» у эратычных песнях, уласцiвая не толькi эратычным творам, а i iншым жанрам фальклору. Гэта не адвольная фантазiя, а вельмi архаiчная i заканамерная ў рэчышчы народнага светаўспрымання схема. Напрыклад, калi жанчыну сiмвалiзуе начынне — гаршчок, дзяжа, ступа, а мужчыну — прадметы накшталт нажа, сякеры, шыла i г.д. — то гэтае значэнне рэалiзуецца не толькi ў эратычнай паэзii, а наогул у народнай культуры. Ой, кум куму У садочык вядзець. Ой, кум куме Агурочак даець — Ах, кум-кумочак, Нi хачу агурочка, Ня псуй ты майго жываточка. — А што, што ды ў нас было, Чатыры чаленцы ды радам было, А пятае шыла Гарэлачку саладзiла. — У кнiзе, памятаю, асобным «мужным» i чыста мужчынскiм вобразам называўся каваль — у гэтай прафесii нават няма жаночага роду... — Што да каваля, ён наогул у сусветнай мiфалогii лiчыцца ў пэўным сэнсе дэмiургам, творцам, якi выкоўвае ўвесь свет. У вясельных песнях часта ўзгадваюць, што каваль «скоўвае новую сямейку». А ў радзiнных творах каваль паўстае ў вобразе самога бацькi: Дзякуй таму кавалю, Што ўстроiў нам гульню. Малаточкам не стукаў, У ручачкi не хукаў. А не каваў ён удзень, А стыдаўся людзей. А каваў ён уначы, Не палiўшы свячы. — Мы ўзгадалi мiф пра «звышзацiснутасць», звышсарамлiвасць беларусаў. Iснуе яшчэ адзiн — пра тое, што нашай мове не ўласцiвыя лаянкавыя словы. А ў зборнiку мацяршчына сустракаецца, i нярэдка. Гэта прынесена звонку? — Калi паглядзець на дыяхранiю зборнiка, ён прадстаўляе два часавыя рубяжы. Па-першае, гэта фальклор, сабраны дарэвалюцыйнымi даследчыкамi, па-другое — набыткi сучасных збiральнiкаў, маiх калег-фалькларыстаў. (У перыяд савецкага часу гэта практычна не вывучалася, забаранялася, i таму ён з даследаванняў выпаў.) I вось калi паглядзець на дарэвалюцыйны фальклор, то брыдкаслоўе, так званы мат у iм — гэта адзiнкавыя выпадкi, хутчэй як выключэнне. Актыўнае пранiкненне брыдкiх слоўцаў характэрнае для сучаснасцi. Казаць пра тое, што гэта прынесена з усходу i ў нашай мове лаянкi нiколi не было — таксама не зусiм правiльна. Хапае падобнай лексiкi i чыста славянскага паходжання. Насамрэч, сабраны матэрыял вiдавочна iлюструе пашыранасць табуiраванай лексiкi менавiта ў наш час, i ад гэтага нiкуды не падзенешся. *** Мiж iншым, узнятая тэма — не ёсць штосьцi ўнiкальнае i абсалютна новае ў беларускiм народазнаўстве. Да запiсу падобных твораў звярталiся практычна ўсе вядомыя фалькларысты: напрыклад, Мiхал Федароўскi на мяжы ХIХ—ХХ стагоддзяў выдаў асобны зборнiк «Фрывольных песенек», Мiкалай Нiкiфароўскi, якi вывучаў этнаграфiю i духоўную культуру Вiцебшчыны, падаў нiзку прыпевак; Аляксандр Дэмбавецкi запiсваў вясельныя песнi эратычнага плана (гэты зборнiк быў выдадзены ўсяго ў 20 асобнiках з паметкай «для службовага карыстання»). Знакамiты наш суайчыннiк Мiтрафан Доўнар-Запольскi адзначаў, што падобныя творы, можа, i непрыемна ўздзейнiчаюць на слых чытача, але ўяўляюць сабой важную частку беларускай культуры, якая захавала глыбокi архаiчны сэнс. — Калi раней усё гэта нармальна даследавалася i выдавалася, чаму сёння ўзняўся такi ажыятаж? Мо, сапраўды кожны думае ў меру сваёй разбэшчанасцi? — Магчыма, справа ў тым, што ўсе творы сабраны пад адной вокладкай i пад такой кiдкай назвай. Калi б гэта называлася «Патаемны фальклор беларусаў», мабыць, кнiга прыцягнула б выключна ўвагу спецыялiстаў... — У якiх абласцях Беларусi эратычны фальклор захаваўся найбольш поўна — або эратычны фальклор рэгiянальнага падзелу не мае? — Калi казаць пра друкаваныя крынiцы, то тут ужо як пашанцавала. У запiсах даследчыкаў асаблiва добра прадстаўленымi аказалiся Вiцебшчына, Гродзеншчына i Магiлёўшчына. Аднак сучасныя экспедыцыi па тэрыторыi Беларусi дэманструюць прыблiзна роўную захаванасць эратычнага фальклору. I часам у абсалютна дыяметральна раскiданых куточках нашай краiны можна запiсаць варыянты адной i той жа песнi, што паказвае на архаiчнасць i распаўсюджанасць гэтых твораў. — Дарэчы, цi лёгка сёння арганiзаваць этнаграфiчныя экспедыцыi — я не кажу нават пра эратычны фальклор, а пра звычайны? Носьбiтаў, якiя памятаюць тыя прыпеўкi ды прымаўкi, робiцца ўсё менш, а ўнукi наўрад цi з асаблiвым жаданнем пераймаюць гэту спадчыну... — Трансляцыя, перадача фальклору — увогуле пытанне асобнае. Але ўсё ж такi фальклорная практыка iснуе на фiлалагiчных факультэтах. А якасць фальклорна-этнаграфiчных запiсаў найперш залежыць ад асобы кiраўнiка. У гэтым плане мне хацелася б адзначыць Iнстытут праблем культуры, якi выдае серыю «Традыцыйная мастацкая культура Беларусi», фiлфакi БДУ i БДПУ iмя М. Танка. Багатая калекцыя фальклору знаходзiцца ў архiве БДПУ, створаным пад кiраўнiцтвам Уладзiмiра Васiлевiча, у фальклорна-этнаграфiчным архiве Полацкага дзяржаўнага ўнiверсiтэта (кiраўнiк — Уладзiмiр Лобач). З прыватных калекцый, дзякуй, са мной падзялiлiся збiральнiкi Зiнаiда Мажэйка, Аляксей Ненадавец, Тамара Варфаламеева. *** — Я больш цi менш усвядомiла, што да мужчынскiх сiмвалаў адносяцца ўсе доўгiя i вострыя прадметы. А якiм чынам у гэты пералiк трапiла шапка? — Наогул, любая рэч, якая датычная да мужчыны, яго дзейнасцi, — трапляла ў лiк мужчынскiх сiмвалаў. Значэнне шапкi выразiлася ў тых абрадах, якiя i сёння запiсваюцца на Беларусi — напрыклад, шапку падкладвалi пад ложак, калi хацелi зацяжарыць хлопчыкам. Iснуе таксама павер’е: калi збiраць яйкi ў шапку — будуць пеўнiкi, калi ў фартух — курачкi... — Звычайныя штаны раней таксама былi не тое што сiмвалам, але нават элементам любоўнай магii. Сёння ж рэдка ў якой дзяўчыны ў гардэробе не знойдзецца дзве-тры пары джынсаў... Магiя страчаная? — Калi казаць пра штаны, то гэта наогул элемент вельмi познi нават у мужчын. Паводле запiсаў бабуль, хлопцы амаль да шлюбу хадзiлi ў адной падпаясанай кашулi. Найперш, прычым, гэта элемент шляхецкага саслоўя... У любоўнай магii штаны сапраўды выкарыстоўвалiся — дзяўчаты iх кралi (абавязкова трэба было менавiта скрасцi) i цягалi вакол вёскi, каб хлопцы не хадзiлi далёка жонку шукаць. Або штаны падкладвалi пад падушку, каб прыснiць суджанага. Але збольшага, вiдаць, мужчынская сiмволiка штаноў выкарыстоўвалася нават не ў любоўнай магii, а ў жывёлагадоўлi: штанамi абцiралi карову перад тым, як весцi да быка, падкладалi пад ногi, калi выганялi першы раз у поле. Адметна, апладняльная моц мужчыны мусiла перадацца не толькi жывёле, але, што цiкава, i зямлi. Бо яшчэ на пачатку ХХ стагоддзя iснаваў звычай, калi ў штанах неслi насенне да поля, каб яно абавязкова ўзышло. — Калi паслухаць навукоўцаў, то метафарычная эротыка ёсць нават у бяскрыўдных радках з песень накшталт «Ясю конiка паiў». Што, i ў «Купалiнцы» ёсць — там дачка «ружу поле», «кветачкi рве», «вяночкi звiвае»?.. — Ну, давайце паспрабуем разгледзець. Вянок — гэта ўвогуле сiмвал дзяўчыны, дзявоцкай цноты. Гэтую сiмволiку можна сустрэць у шматлiкiх песнях. Страта вянка перадавала страту дзявоцкасцi да шлюбу: «Мацi дочку бiла, а дзе ты, шэльма, вянок згубiла?». Надзець вянок мела права толькi дзяўчына, якая, па-першае, чэсная, а па-другое, упершыню бярэ шлюб — гэта таксама адлюстравана ў фальклоры. I калi хлопец прыязджае да дзяўчыны i зрывае вяночак, а яшчэ горш, калi парваў, змяў i кiнуў — такой кранальнай паэтычнасцю перадаецца тое, што адбылося непапраўнае... Наконт садзiка i ружы дакладна не ведаю, казаць не буду. Адзiнае, зазначу: не трэба зводзiць усё невычэрпнае багацце народнай лiрыкi толькi да перадачы мiжпалавых зносiнаў. Вой, шла я цераз гай зеляненькi, Да сустрэў мяне да казак маладзенькi, Сарваў з мяне вяночак руцьвяненькi, Кiнуў да ў Дунай быстрэнькi: — Плывi, плывi ты, вяночак, з вадою, Вандруй, вандруй ты, дзяўчына, са мною. — Не многiя старажытныя святы дажылi да сучаснасцi ў нязменным, архаiчным выглядзе. Самыя распаўсюджаныя — вiдаць, Каляды, Масленiца ды Купалле. А якое свята можна назваць самым эратычным? — Безумоўна, гэта Купалле. Увогуле, усе поры года сiмвалiчна адпавядалi ўзросту чалавека. Вясна — гэта маладосць, i веснавыя песнi ўтрымлiваюць эратычныя матывы ў мяккiм, прыхаваным, завуаляваным выглядзе. Калi ж прырода ўступае ў перыяд абсалютнага буяння i росквiту жыцця, вегетатыўных сiл — натуральным чынам, дасягаюць свайго апагею i росквiту эратычныя матывы ў паэзii. Архаiчныя друкаваныя крынiцы сцвярджаюць, што ў дзень Купалля адбываецца «отрокам осквернение, девам растление». Зiрнём зноў на веснавыя песнi: «Воран крача — сыру хоча, дзеўка плача — сына хоча», — i пабачым, што ўвесну часам нараджалiся дзецi, зачатыя ў купальскую ноч. Але назваць тую палавую свабоду законам i абавязковым элементам купальскiх iгрышчаў усё ж неправамоцна. Iснавала пэўная вольнасць, якая дазваляла моладзi больш свабодныя гульнi, але звесцi купальскi эратызм да агульнай уседазволенасцi не выпадае. Збольшага гэты пiк урадлiвасцi носiць сакральны, касмiчны сэнс. *** — У беларускiм фальклоры пануе патрыярхат мужчынскiх сiмвалаў, або хоць тут захавалася раўнапраўе? — Не трэба казаць пра катэгарычную патрыярхальнасць: статут Вялiкага княства Лiтоўскага дэклараваў значна больш правоў нашым жанчынам, у адрозненне ад усходнiх суседзяў, якiя жылi па «Дамастроi». Беларускi мелi сваю вагу i ў грамадстве, i ў сям’i, карысталiся несумненнай павагай. Што да колькасных паказчыкаў у суадносiнах мужчынскiх i жаночых сiмвалаў, тут выяўнай перавагi не будзе — у пэўнай ступенi захоўвалася гармонiя. Увесь свет падзяляўся па складнiках на «Ён» i «Яна», практычна кожны сiмвал меў свой палавы адпаведнiк. Як i ў жыццi. — Мабыць, я гарадское дзяўчо, таму i звярнула ўвагу, што беларускi фальклор, у тым лiку i эратычны, iдзе «ад зямлi», ад вясковых традыцый. Горад зусiм абдзелены? — Гарадскi фальклор збольшага з’ява сучасная i рускамоўная, таму яго ўзоры не ўвайшлi ў кнiгу прынцыпова — зборнiк прадставiў толькi традыцыйны беларускi фальклор. Але, натуральна, можна вылучыць гарадскi фальклор як асобны аб’ект вывучэння i паўнапраўную частку беларускага фальклору. Нават калi нейкiя творы складзены на рускай мове i з чужой мелодыкай, гэта не азначае, што яны не захоўваюць беларускую вобразнасць, уяўленнi, ментальнасць... Праўда, збiранне i даследаванне гэтага сегменту — у самым пачатку. — Цi запатрабаваны беларускi фальклор ва ўмовах сучаснага жыцця? Часта даводзiцца бачыць, як маладых гараджан сваякi спрабуюць пажанiць па вясковых традыцыях, а для юнакоў гэта чужое i незнаёмае, як штучны роспiс пад хахламу... — Пытанне вельмi складанае. Трэба сказаць, што вельмi часта пад фальклорам разумеюцца толькi песнi i абрады, якiя выкарыстоўваюцца ў найбольш папулярных святах — на тым жа вяселлi, на Купаллi. Мiж тым, фальклорная свядомасць пранiзвае абсалютна ўсе бакi жыццядзейнасцi чалавека. Сённяшнiя гараджане, нават не задумваючыся, выконваюць шэраг рытуалаў: пасядзяць перад дарогай, не будуць есцi цераз нож, спалохаюцца той жа чорнай кошкi, не сядуць на рагу стала, не абмятаюць венiкам па нагах i г.д. I не задумваюцца, што гэта — таксама кавалачкi цэласнай i прыгожай светапогляднай сiстэмы. Менавiта быт, штодзённы распарадак чалавека прасякнуты мiфалагiчнымi i сiмвалiчнымi момантамi: ежа, сон, адпачынак, — я ўжо не кажу пра вялiзны блок земляробчай працы. Iншая справа, што пэўныя жанры перажываюць перыяд затухання, iншыя, наадварот, расквiтаюць: напрыклад, лiтаратурна-пiсьменная традыцыя значна адсунула ў бок традыцыю расказвання казак, а калыханкi — як жылi, так i жывуць, нават калi дапаўняюцца новымi вобразамi. Пахавальны абрад увогуле захоўвае комплекс старажытных законаў да драбязы. Iншая справа, што сёння назiраецца своеасаблiвае штучнае ўзнаўленне i ў пэўнай ступенi нават насаджванне фальклору. Яно выражаецца ў тым, напрыклад, што мясцовыя самадзейныя калектывы пачынаюць выконваць творы зусiм не сваёй мясцовасцi, апранаць не ўласцiвыя гэтым мясцiнам строi, або калi дзецi пераймаюць абсалютна дарослыя вячоркi... Фальклор — з’ява вельмi арганiчная, у якой кожны ўзрост, кожны пол, кожная пара года, кожны занятак мае сваё адпаведнае жыццё. Смешна i недарэчна спяваць калядныя песнi ўвосень, цi вясельныя — на радзiнах, цi эратычныя прыпеўкi — у дзiцячай аўдыторыi. Iнакш атрымлiваецца сiтуацыя, пра якую вы ўзгадалi: насаджванне звычаю, незнаёмага i неўласцiвага людзям i абставiнам. Аднак гэта не адмаўляе неабходнасцi iмкнуцца да ведаў — проста iх трэба выкарыстоўваць з розумам. — А як выкарыстоўваць, да прыкладу, сучасныя тэхналогii — бо сёння сiнтэтыка пераважае над iльном, а камп’ютарныя запiсы mр3 над жывымi бабулiнымi галасамi?.. — Найпершая i надзённая задача, якая стаiць перад намi — паспець запiсаць, хоць бы зафiксаваць тое, што адыходзiць. I вельмi крыўдна, што чым мацней развiваецца тэхнiка — дыктафоны, камеры i ўсё такое, — тым менш носьбiтаў фальклору ў нас застаецца, па натуральных прычынах. Трэба, каб гэта зразумелi кiраўнiкi розных узроўняў — гэта справа проста вымагае дзяржаўнай падтрымкi, а не толькi энтузiязму асобных збiральнiкаў. *** ...Дарэчы, зараз Таццяна Валодзiна займаецца складаннем новага зборнiка з серыi «Беларуская народная творчасць» — «Народная медыцына: рытуальна-магiчная практыка». Пад адной вокладкай будуць сабраны ўяўленнi пра хваробы, пра iх прычыны i сiмптомы, а таксама цэлы комплекс магiчнага лекавання. Але гэта зноў жа будзе не папулярнае выданне парад у стылi «сам сабе доктар», а сур’ёзнае i глыбокае навуковае даследаванне. I пазначце: зроблена ў Беларусi. Як, зрэшты, i мы з вамi...
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Летась расiйскае выдавецтва «Ладомир» выпусцiла зборнiк «Беларускi эратычны фальклор». Гадаць, чаму падобная кнiга не была выдадзена ў Беларусi, мабыц
|
|