Генадзь ЛЯПУНОЎ, першы намеснiк мiнiстра жыллёва-камунальнай гаспадаркi:
Мiкалай ЛIТВIНАЎ
«Тарыфы не павiнны адчувальна ўдарыць па кiшэнi жыхароў»
Камунальнiкi не маюць намеру кампенсаваць свае расходы за кошт адчувальнага павышэння тарыфаў для насельнiцтва. Як заўважыў першы намеснiк мiнiстра жыллёва-камунальнай гаспадаркi Генадзь Ляпуноў, адзiн са шляхоў для гэтага — павелiчэнне аб’ёмаў дадатковых платных паслуг. Яны запатрабаваныя ў жыхароў: такiх паслуг летась было аказана на 118 мiльярдаў рублёў, а сёлета, як плануецца, гэты паказчык узрасце да 186 млрд рублёў. У галiне актыўна праводзiцца работа па змяншэнню затрат на аказанне комплексу жыллёва-камунальных паслуг. Паводле слоў Генадзя Ляпунова, за мiнулы год выдаткi ўдалося знiзiць на 4,7 працэнта. Такiя тэмпы адпавядаюць заданням праграмы развiцця ЖКГ, у адпаведнасцi з якой штогод затраты павiнны «мiнусаваць» на 4 працэнты, а да 2010 г. трэба выйсцi на ўзровень 20 працэнтаў. Планавай мяжы магчыма дасягнуць перш за ўсё за кошт эфектыўнага ўкаранення энергазберагальных тэхналогiй. Летась у камунальнай галiне ўдалося зэканомiць 213 тысяч тон умоўнага палiва i, такiм чынам, зменшыць агульны расход «гаручага» на 8,5 працэнта. Асаблiвая ўвага надаецца выкарыстанню мясцовых вiдаў палiва. Як лiчыць Генадзь Ляпуноў, сёлета iх спажыванне перавысiць 500 тысяч тон, што дазволiць давесцi долю «мясцовых» у агульным палiўна-энергетычным балансе да 27 працэнтаў. Зараз расклад выглядае наступным чынам: 70 працэнтаў спажывання прыпадае на прыродны газ, 12 — на мазут, 18 працэнтаў — на мясцовыя вiды палiва. Дарэчы, ужо налета доля выкарыстання апошнiх дасягне ўзроўню 32 працэнтаў, для чаго спатрэбiцца пэўная мадэрнiзацыя iнжынернага абсталявання. Такая работа актыўна праводзiцца ўжо зараз — напрыклад, летась было устаноўлена больш чым 300 катлоў на мясцовых вiдах палiва. Таксама ў мiнулым годзе ў камунальнай галiне адбыўся своеасаблiвы прэцэдэнт — абнаўленне цепласетак упершыню за апошнiя гады дасягнула нарматыўнай мяжы (каб падтрымлiваць iх у належным стане, неабходна замяняць не менш чым 4 працэнты ад агульнай працягласцi). Iнтэнсiўна праводзiцца i капiтальны рамонт жылля. Па гэтаму паказчыку ўжо тры гады таму ўдалося выйсцi на ўзровень 1990 г. Тэмпы пастаянна павялiчваюцца — летась пасля капiтальнага рамонту ў эксплуатацыю было ўведзена 857 тысяч квадратных метраў агульнай плошчы жылля. Больш чым 244 тыс. кв. м склаў аб’ём цеплавой рэабiлiтацыi будынкаў. У асноўным усе работы праводзiлiся за кошт адлiчэнняў жыхароў (нагадаем, што ў «жыроўцы» ёсць спецыяльны радок, якi па памеру налiчэнняў адпавядае плаце за тэхнiчнае абслугоўванне жылля). Такiм чынам, летась жыхары «прафiнансавалi» 54 працэнты неабходных сродкаў на капрамонт i цеплавую рэабiлiтацыю, 44 працэнты патрэбных грошай было выдзелена з мясцовых бюджэтаў, астатняе — з iншых крынiц. Летась удалося адрамантаваць 2,5 мiльёна кв. метраў дахаў. Паводле слоў Генадзя Ляпунова, 85 працэнтаў жыллёвага фонду абсталявана дамафонамi — «зачынена» 82,6 з 97,3 тысячы пад’ездаў. На гэтыя патрэбы ў тым лiку прыцягнута больш чым 15 мiльярдаў рублёў сродкаў жыхароў. Па вынiках мiнулага года сумарны рост тарыфаў у сярэднiм склаў 10,2 тысячы рублёў, што адпавядае 4,75 долара. Узровень вяртання жыхарамi затрат на аказанне жыллёва-камунальных паслуг пры гэтым склаў 40,6 працэнта. Такi ж узровень, паводле слоў спецыялiста, плануецца вытрымаць i сёлета. З 1 студзеня павысiлiся тарыфы на цяпло, гарачую ваду, газ i электрычнасць, i рост плацяжоў дасягнуў запланаваных 5 долараў. Такiм чынам, па разлiках упраўлення эканомiкi Мiнiстэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркi, цяпер плата за ўвесь набор паслуг за стандартную аднапакаёвую кватэру (агульнай плошчай 32 квадратных метры, дзе жывуць 2 чалавекi) падчас ацяпляльнага сезона ў сярэднiм «пацягне» на 81,4 тысячы рублёў, а ў летнi час — на 49,7 тыс. рублёў. За двухпакаёўку (48 кв. метраў, 3 чалавекi) трэба адпаведна заплаціць 122,1 i 74,6 тыс. рублёў, а за трохпакаёўку (69 кв. м, 4 чалавекi) — 170 i 101,7 тыс. рублёў. Як адзначыў Генадзь Ляпуноў, тарыфы не павiнны ўдарыць па кiшэнi жыхароў, мiнiмiзаваць страты ад падаражання энерганосьбiтаў перш за ўсё неабходна за кошт рацыянальнага выкарыстання рэсурсаў. Паводле падлiкаў, такiм чынам у камунальнай галiне магчыма зэканомiць не менш чым 80 мiльярдаў рублёў. Рост плацяжоў павiнен адпавядаць узроўню заробкаў, паколькi разлiкi за кватэру застаюцца адным з самых важкiх выдаткаў беларусаў. Паводле падлiкаў, гэтыя расходы складаюць больш чым 7 працэнтаў сямейнага бюджэту.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
«Тарыфы не павiнны адчувальна ўдарыць па кiшэнi жыхароў» |
|