Выпадковыя няўдзячныя госцi
Мiкола ДЗЯБЁЛА
Канферэнц-зала Палову кватэрных крадзяжоў у сталiцы здзяйсняюць асобы, якiх прыводзяць дадому самi ж гаспадарыЖыць у беларускай сталiцы стала яшчэ спакайней. Менавiта такiм быў лейтматыў выступлення начальнiка Галоўнага ўпраўлення ўнутраных спраў (ГУУС) Мiнгарвыканкама Анатоля Куляшова падчас прэс-канферэнцыi, на якой ён паведамiў аб вынiках працы сталiчнай мiлiцыi за 2006 год. Генерал адзначыў, што ў мiнулым годзе супрацоўнiкi ГУУС разгледзелi больш за 93 тысячы заяў i паведамленняў аб злачынствах i здарэннях, па якiх узбуджана больш за 40 тысяч крымiнальных спраў. Амаль 80 працэнтаў гэтых спраў не ўяўлялi вялiкай грамадскай небяспекi. Колькасць цяжкiх i асаблiва цяжкiх злачынстваў зменшылася на 10 працэнтаў, «бытавых» — на чвэрць. Паводле слоў Анатоля Куляшова, летась былi дасягнуты значныя поспехi ў раскрыццi асаблiва цяжкiх злачынстваў. Напрыклад, з 90 забойстваў засталiся нераскрытымi толькi два, устаноўлены ўсе асобы, вiнаватыя ў згвалтаваннях, выяўлены больш за дзве трэцi рабаўнiкоў, знойдзены больш за тысячу знiклых грамадзян. А самымi распаўсюджанымi злачынствамi ў Мiнску застаюцца крадзяжы маёмасцi. Зарэгiстравана 23 тысячы такiх парушэнняў закона. Шмат клопату вартавым правапарадку дастаўляюць «паляўнiчыя» за чужымi «мабiльнiкамi». Летась у нашай сталiцы было зафiксавана каля 9 тысяч падобных крадзяжоў. Паводле слоў Анатоля Куляшова, сышчыкам ўдаецца раскрыць за тыдзень па 3—4 такiя злачынствы. Так што шанцы вярнуць сваю маёмасць у ахвяраў «мабiльных зладзеяў» ёсць. Аднак кiраўнiк ГУУС усё ж параiў грамадзянам самiм праяўляць пiльнасць i больш уважлiва сачыць за сваiмi тэлефонамi. «Наiўныя» мiнчане — сапраўдная знаходка i для кватэрных зладзеяў. У мiнулым годзе прыкладна палову ахвяраў такiх злачынстваў самi ж прыводзiлi дадаму зладзеяў, разам выпiвалi, а назаўтра прачыналiся ў «спустошаных» кватэрах. Некаторыя зладзеi залазiлi ў чужое жыллё даволi арыгiнальным спосабам. Напрыклад, была затрымана група «дамушнiкаў», якiя траплялi ў кватэры праз вентыляцыйныя шахты. На рахунку гэтых «спелеолагаў» каля 66 крадзяжоў. Кiраўнiцтва ГУУС нават накiроўвала мэру сталiцы спецыяльны лiст, у якiм прапаноўвала тэрмiнова прыняць меры для перакрыцця такiх шляхоў у кватэры мiнчан. Адной з самых вострых праблем у сталiцы застаецца п’янства. Толькi летась на ўлiку адмысловыя медустановы былi пастаўлены 6 тысяч жыхароў сталiцы, якiя злоўжываюць алкаголем. Зараз у гэтым сумным спiсе 37 тысяч мiнчан, з якiх 6,5 тысячы — жанчыны. У мiнулым годзе ў Мiнску былi ўведзены абмежаваннi на гандаль спiртовымi напоямi ў начны час. Колькасць кругласутачных крамаў скарацiлася з 22 да 14. Але i ў тых гандлёвых кропках, якiя засталiся, забаронена прадаваць ноччу пiва, пладова-ягаднае вiно i гарэлку. Праўда, гэтую «нiшу» спрабуюць заняць самагоншчыкi i гандляры сурагатам. Сталiчныя мiлiцыянеры летась канфiскавалi больш за 18 тон спiртовай вадкасцi, знiшчылi 14 самагонных апаратаў. Аднак, па ўсiм вiдаць, святкаваць перамогу над мiнскiмi «бутлегерамi» яшчэ рана. Толькi за мiнулы тыдзень з незаконнага абароту было канфiскавана больш за 200 лiтраў алкагольных напояў i больш за 1,5 тоны рознага сурагату. Як адзначыў Анатоль Куляшоў, актыўную дапамогу ў выяўленнi падпольных гандляроў i вытворцаў спiртовых напояў аказваюць самi жыхары сталiцы. Увогуле, мiнчане сталi больш давяраць вартавым правапарадку. Па вынiках сацыялагiчных даследаванняў рэйтынг даверу мiлiцыi ў сталiцы складае 45 працэнтаў, а кожны дзесяты мiнчанiн выказаў гатоўнасць прыняць актыўны ўдзел у ахове грамадскага парадку ў якасцi дружыннiка.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Палову кватэрных крадзяжоў у сталiцы здзяйсняюць асобы, якiх прыводзяць дадому самi ж гаспадары |
|