Урок «японскай»...Алё, народ на проваде! Цi не ў кожнага настаўнiка такiх гiсторый — мiльён, шкада толькi, што расказваюць не ўсе...Уяўляйце: вясковая школка. Першы клас. I досыць вялiкi. Усiх дзяцей настаўнiца пакуль не запомнiла, а тым больш — не паспела заўважыць яшчэ, што адзiн з вучняў замест звонкiх зычных вымаўляе глухiя. Раздала сшыткi. Дзецi схiлiлiся, стараюцца, пiшуць. А гэты — сядзiць. — Што здарылася? Чаму ты не пiшаш? — цiхенька пытае настаўнiца. — А тахалi нахамi, — гаворыць Пеця. — Што-што? — Тахалi нахамi... Не разумее настаўнiца. Пытае ў суседа па парце: — Што ён гаворыць? — Ён гаворыць, што вы палажылi яму сшытак дагары нагамi... Перавярнуць — ён, бедны, не здагадаўся. Алiна Эдуардаўна Якубовiч, в. Струбнiца, Мастоўскi раён Не ўсё тое золата... Гэта гiсторыя адбылася з нашымi турыстамi. Тады яны не так часта бывалi за мяжой, да ўсяго прыглядалiся, шмат якiя дзiковiнкi везлi дадому. Вось драбяза, здавалася б, раздаюць у аўтобусе нейкiя маленькiя лёгенькiя пакецiкi. Не напiсана на iх нiчога, намаляваны — парэзаны лiмон... Шмат хто з турыстаў падумаў, што гэта — заварка для чаю. Таму за яе — i ў кiшэню... I от адзiн з падарожнiкаў прыязджае дадому, ставiць чайнiк на плiту, налiвае кiпеню ў кубак, кiдае пакецiк. Хвiлiна прайшла, другая — няма нi колеру, нi смаку. I пахне таксама ледзь-ледзь... Немаведама чым. Цiкава стала, што ж гэта за заварка такая? Узяў другi такi ж пакецiк, асцярожна разарваў, а там... сурвэтачка — вусны выцiраць. Пасля таго, вiдаць, як нашай гарбаткi пап’еш. Сяржук Чылiкiн-Садэльскi, г. Мiнск Гад? Побач Нехта з класiкаў пiсаў «Времена не выбирают, в них живут и умирают». У горадзе — акурат таксама — не выбiраюць суседзяў. Мне на сваiх яшчэ i грэх скардзiцца — нi алкаголiкаў за сценкай, нi зладзеяў, нi меламанаў... Зверху толькi вечны будаўнiк: у сэнсе — колькi жывём, столькi ён кватэру рамантуе — стукае, грукае, пiлуе, прыбiвае... Мы ўнучачку неяк да сябе забралi, толькi спаць палажылi, зверху ду-дух, ду-дух. Пабудзiў... — Во гад! — кажу. I малая (следам за мной) пальчыкам на столь паказвае: там гад. Наверсе. ...У тую ноч унучкi ў нас не было, мужа дома — таксама (ён у начную працаваў), таму я рашыла адаспацца, крыху раней лягла... Не ведаю, колькi праспала, чую — шум нейкi: быццам дождж iдзе, але не за вокнамi, а ўнутры, у кватэры. Устала, уключыла святло, адчынiла дзверы ў ванну, у туалет i душа ў пяткi: вада па сценах бяжыць, нiжнiх суседзяў зараз зальём. Да таго ж i самi плiтку нядаўна паклалi. Усё, думаю, адстане, адвалiцца. Выскакваю, як Пiлiп з канапель, i наверх — да суседа. У дзверы званю, крычу: — Уставайце! Вы людзей залiваеце! А ён мне з-за дзвярэй (галоўнае спакойна так): — Быць таго не можа! У нас — усё ў парадку. — У якiм, — крычу, — парадку? У нас вада па сценах бяжыць. Самi паглядзiце, калi не верыце... Ды хутчэй жа! — Зараз, — цягне, — апрануся... Не ў трусах жа мне iсцi? — А мне, — кажу, — па барабану ў чым! Хоць i без... Толькi хутчэй! Сама кумiльгом унiз... Па лесвiцы. Чую — ён ззаду шлёпае. I насамрэч у трусах (прыгожыя такiя, у кветачку... Як потым разгледзела). Зайшоў у ванну да нас, убачыў, што я яго не падманваю, па-даўся да сябе, каб разабрацца, што там зрабiлася. Толькi нашы дзверы за сабой зачынiў, — муж мой насустрач — з работы трохi раней сарваўся... Не ведаю, як там яны глядзелi адзiн на аднаго, што казалi i думалi, але шчасце, што абодва цвярозыя i ў гарачай вадзе не купаныя — размiнулiся. Мой дадому прыйшоў, убачыў, што тут робiцца. I ўслед за ўнучкай пальцам паказаў наверх, паўтарыў яе: — Там гад. Там... Л.Н. г. Мiнск Якiя былi дзядзькi! Мусiць, заўсёды, гледзячы на сучасныя часы i норавы, прызнавалi ўсе, што вось уперад... I неба было вышэйшае, i трава зелянейшая, i людзi дабрэйшыя, а ўжо дзецi... Вось i я пра тое ж. Нiякiх садкоў у вёсцы, нiякiх псiхолагаў. Бацькi працуюць ад цямна да цямна. I не дай Бог iм пачуць ад дзiцяцi «чорт з iм». Так «чортнуць», — болей не захочаш. Прычым не пугай, не махрачом якiм. Слова строгага было дастаткова. У галовы не прыходзiла шкоду якую рабiць цi нешта ўкрасцi... Ды i часу на дурное не мелi — занятыя былi. Прынамсi, мы з Лёнчыкам на рыбу хадзiлi. Лёнчык — гэта брат мой — старэйшы на чатыры гады. Не хацеў ён мяне браць, ды нiдзе не дзенешся... Да таго ж я са скуры лезла — старалася яму дагадзiць — вуды насiла, чарвякоў падавала. Толькi раз правiнiлася. У той дзень мацi падняла нас надосвiтку, звязала ў хусцiнку нешта на сняданак, адправiла. Да Прылаконня (ёсць такое месца на Дняпры) кiламетры са тры трэба iсцi — па расе, босымi (зараз на такую «працэдуру», мусiць, палкай бы не выгнаў. — Аўт.). А па дарозе там Быстрэц яшчэ — шчупакi ў iм добра лавiлiся... Нельга ж прамiнуць? Закiнуў брат вуду раз, потым другi... На чацвёрты — рыбiну выцягнуў. Ад радасцi аж дух заняло: даўжыня сантыметраў 70. Мы такой нi разу дамоў не прыносiлi... Але пра тое, як прынясём, думаць рана яшчэ — мы ж на рыбу iдзём. Дайшлi да месца, брат вуды паставiў, адышоўся крыху. А шчупак наш (Лёнчык для яго спецыяльны крук зрабiў — з лазiны) у траве ляжыць i, бедны, паветра ротам хапае, хапае, ды так... Шкада мяне яго стала. Дай, думаю, паднясу блiжэй да вады. Яму ж палягчэе? Узяла аберуч, падцягнула, а ён плясь хвастом i ў раку. Разам з той лазiной... Я ледзьве ўслед не нырнула! Цудам стрымалася... Па беразе бегаю, скуголю. Заб’е ж Лёнчык, а найгоршае — нiколi з сабой больш не возьме... Толькi ўявiла я гэта, бачу з-пад кручы... шчупак вылятае. Прасвiстаў над галавою ў мяне i плясь каля ног. Я аж знямела ад нечаканасцi. I цяпер толькi згледзела двух дзядзькоў, што якраз у гэты час i ў гэтым месцы рыбу з лодкi лавiлi. Яны, вiдаць, бачылi ўсё i, пашкадаваўшы малое, злавiлi таго шчупака (з лазiной ён не мог пайсцi ў глыбiню), выкiнулi на бераг. А, магчыма, i свайго падарылi (гэты — мне i большым падаўся, i прыгажэйшым)... Вельмi хацелася тут жа пабегчы да Лёнчыка, усё расказаць, але страшна было. Асмялела — па дарозе дамоў... Атрымала, зразумела ж, добрага кухталя i загад нiкому нiколi пра гэта не расказваць, бо брату ж, канешне, хацелася, каб шчупак быў «чысты», яго. I толькi. ...Пасля той рыбалкi былi ў нас з Лёнем i iншыя, — а вось такiх шчупакоў не было. I дзядзькоў (хаця б нечым падобных!) больш у жыццi не сустрэлася: сённяшнiя (я чамусьцi ўпэўнена), не кiнулi б нават уклейку. Софья Кусянкова, в. Лучын, Рагачоўскi раён Дзесятая вада на кiсялi Гады iдуць. I пакiдаюць успамiны. Не ведаю, як цяпер, а некалi былi ў школах так званыя прадметныя секцыi: настаўнiкi хадзiлi да калег на ўрокi, потым абмяркоўвалi iх, чыталi свае даклады па тэме. Атрымлiваўся вельмi цiкавы i вельмi карысны абмен — ведамi, вопытам, сакрэтамi. Дык вось... Чарговае пасяджэнне секцыi было запланавана ў суседняй школе. У нашай — тады быў свой конь. Запрэглi мы яго, уселiся ў санi i паехалi ў вёску Забалацце. Зрабiлi ўсё, што планавалi, выканалi, так бы мовiць, абавязковую праграму, — настаўнiца, якая давала ўрок, запрашае да сябе дадому, на абед. Зразумела ж, наварыла ўсяго, напякла, у чаркi налiла... Цудоўна, душэўна пасядзелi! Але ж трэба i меру ведаць. Дзякуем, развiтваемся. Ужо тупаем ля саняў, ля каня... Выбягае з хаты гаспадыня. Крычыць: — Людцы мае, а кiсель?! Гэта ж трэба — наварыла кiсялю, ды й багата, а на стол паставiць — забылася. Мы ў рогат... Вяртацца, зразумела ж, не сталi. А цяпер шкада: кiсель тады падавалi не ў шклянках — у мiсках альбо талерках. Ды сапраўдны, густы. Яго лыжкамi елi... Смаката... Яе, у той раз не адведанай, мо, шкадуюць недзе i былыя каляжанкi мае — Марыя Карнiлаўна, Усцiння Аляксееўна, Соф’я Фёдараўна, Вера Варфаламееўна? Добра было б спаткацца. Хоць успамiнамi. Валянцiна Гудачкова, г. Жыткавiчы Рубрыку вядзе Валянцiна ДОЎНАР.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Цi не ў кожнага настаўнiка такiх гiсторый — мiльён, шкада толькi, што расказваюць не ўсе... |
|