Леанiд Крупец, першы намеснiк старшынi Мiнскага аблвыканкама: «Укладаннi ў здароўе — iнвестыцыi ў бу
Мiкалай ЛIТВIНАЎ
Фiзкультурай i спортам у Мiнскай вобласцi рэгулярна займаюцца больш чым 140 тысяч чалавек. Гэта амаль 10 працэнтаў насельнiцтва цэнтральнага рэгiёна. А з улiкам дзятвы, якая наведвае «фiз-ру» ў межах вучэбнай праграмы, выходзiць, што здаровы лад жыцця актыўна падтрымлiвае кожны трэцi жыхар сталiчнай вобласцi. Паказчык можа быць яшчэ вышэйшы — да такой высновы прыйшлi ўдзельнiкi вынiковага пасяджэння калегii ўпраўлення фiзiчнай культуры, спорту i турызму Мiнскага аблвыканкама, якое прайшло ў Маладзечне.
Укладаннi ў галiну фiзкультуры i спорту даволi важкiя — летась на адпаведныя патрэбы з абласнога бюджэту выдзелена каля 31 мiльярда рублёў. Як плануецца, сёлета яны ўзрастуць на 13 працэнтаў. За мiнулы год у вёсках Мiншчыны даведзены да ладу 34 футбольныя палi, 132 спартыўныя залы, 154 пляцоўкi, 3 мiнi-басейны. У Любанскiм i Смалявiцкiм раёнах узведзены фiзкультурна-аздараўленчыя комплексы. — Не менш важны момант — эфектыўнае, рацыянальнае выкарыстанне аб’ектаў — упэўнены першы намеснiк мiнiстра спорту i турызму Уладзiмiр Аляшкевiч, якi ўзяў удзел у калегii. — Неабходна забяспечваць патрэбу людзей у занятках спортам у кожны сезон, на працягу ўсяго года. Пакуль адпаведная ўнiверсальная iнфраструктура створана далёка не ўсюды. Таму аб’екты застаюцца незапатрабаванымi i прыносяць не прыбыткi, а страты. Гэта непрадуманае рашэнне. Пацвярджэннем таму — сiтуацыя з цэнтрам «Сiлiчы», якi доўгi час проста прастойваў без справы. Спартыўная iнфраструктура павiнна выкарыстоўвацца «пад попыт». Як заўважыў начальнiк аддзела па фiзiчнай культуры, спорту i турызму Салiгорскага райвыканкама Мiхаiл Малаш, толькi за чатыры днi ў раёне даход ад выкарыстання каткоў склаў 11 мiльёнаў рублёў. На думку Уладзiмiра Аляшкевiча, школы павiнны мець па некалькi спартыўных залаў, для чаго варта ўнесцi пэўныя змяненнi ў праекты новабудоўляў. Зразумела, рэгулярна патрэбна абнаўляць абсталяванне i спортiнвентар. Летась на гэта на Мiншчыне было выдаткавана 174,7 мiльёна рублёў. Мiж тым, забяспечанасць застаецца даволi невысокай — у межах 40 працэнтаў ад неабходнай колькасцi. — У параўнаннi з 2001-м годам колькасць школьнiкаў зменшылася на 57,4 тысячы — амаль на чвэрць, — адзначае начальнiк упраўлення фiзiчнай культуры, спорту i турызму Мiнскага аблвыканкама Алег Качан. — Зразумела, паменела i колькасць тых, хто займаецца спортам. Негатыўны ўплыў аказвае i стан здароўя дзяцей. Усе гэтыя хранiчныя, набытыя паталогii ў вынiку прыводзяць не да сiстэматычных заняткаў спортам, а, у лепшым выпадку, лячэбнай фiзкультурай. У кожным садку Мiншчыны ёсць уласны банк даных аб стане здароўя дзяцей, пастаянна праводзiцца аналiз захворваемасцi, прымяняецца дыягностыка фiзiчнай формы, у адпаведнасцi з чым малыя размяркоўваюцца па спецыяльных групах. На кожнага заводзiцца спецыяльны пашпарт здароўя. Больш чым 100 дашкольных навучальных устаноў цэнтральнага рэгiёна маюць фiзкультурна-аздараўленчы i экалагiчны ўхiл. У садках Мiншчыны ладзяцца нават свае малыя алiмпiйскiя гульнi. Сёлета цiкавае i самае масавае за апошнiя гады спартыўнае свята адбудзецца на Маладзечаншчыне — як паведамiў начальнiк аддзела фiзiчнай культуры, спорту i турызму Маладзечанскага райвыканкама Мiкалай Шрымф, тут пройдуць спаборнiцтвы за званне самага футбольнага класа. У красавiку i маi лiтаральна ўсе тутэйшыя хлопцы школьнага ўзросту будуць змагацца за высокi тытул. У iх ёсць на каго раўняцца: чэмпiёнам i бронзавым прызёрам вышэйшай футбольнай лiгi па вынiках мiнулага года сталi клубы Мiншчыны — барысаўскi «БАТЭ» i салiгорскi «Шахцёр». Дарэчы, спартсмены цэнтральнага рэгiёна летась дасягнулi значных поспехаў: на афiцыйных мiжнародных спаборнiцтвах (чэмпiянатах, першынствах, кубках свету i Еўропы) iмi было заваявана 24 залатыя, 24 сярэбраныя i 35 бронзавых медалёў. — Аднолькава важнае значэнне трэба надаваць развiццю як прафесiйнага, так i масавага спорту, — адзначыў першы намеснiк страшынi Мiнскага аблвыканкама Леанiд Крупец. — Здароўе чалавека — галоўная каштоўнасць, аснова эканомiкi. Гэта адзiн з дзяржаўных прыярытэтаў, трэба прыцягваць да рэгулярных заняткаў фiзкультурай i спортам людзей усiх узростаў. Пад пiльнай увагай — здароўе маладога пакалення, паколькi сёлета аб’яўлены Год дзiцяцi. Чаго хаваць — ёсць пэўныя адмоўныя моманты (злачыннасць сярод непаўналетнiх, алкагалiзм, ужыванне наркотыкаў), якiя, на жаль, пакуль не ўдалося да канца выкаранiць. Трэба ствараць умовы для таго, каб кожны меў магчымасць цiкава i з карысцю бавiць вольны час. Варта не забываць пра тое, што ўкладаннi ў здароўе чалавека — сапраўдныя iнвестыцыi ў будучыню. Мiнск—Маладзечна—Мiнск.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Леанiд Крупец, першы намеснiк старшынi Мiнскага аблвыканкама: «Укладаннi ў здароўе — iнвестыцыi ў бу Фiзкультурай i спортам у Мiнскай вобласцi рэгулярна займаюцца больш чым 140 тысяч чалавек. Гэта амаль 10 працэнтаў насельнiцтва цэнтральнага рэгiёна
|
|