Выпрабаванне на прафесiяналiзм
Барыс ПРАКОПЧЫК
На базе РУП «Гроднаэнерга» адбылiся рэспублiканскi семiнар «Павышэнне эфектыўнасцi энергетычнай вытворчасцi» i выязная калегiя Мiнiстэрства энергетыкi Беларусi.
У 2006 годзе прыродны газ быў пададзены ў Браслаў, Верхнядзвiнск, Мiёры, Шаркаўшчыну Вiцебскай, Старыя Дарогi, Ганцавiчы Мiнскай, Акцябрскi Гомельскай абласцей. Такiм чынам, на 1 студзеня гэтага года газiфiкаваны 116 адмiнiстрацыйных раёнаў рэспублiкi са 118. Разам з тым ужо летась, калi толькi прагназавалася падаражанне прыроднага газу, былi зроблены i важныя крокi па выкарыстанню мясцовых рэсурсаў. Да прыкладу, на Асiповiцкай ЦЭЦ уведзена ў эксплуатацыю энергаўстаноўка, якая працуе на драўняным палiве i фрэзерным торфе. Кацёл для спальвання гэтай жа сыравiны i паравая турбiна ўстаноўлены на Беларускай ГРЭС. Пускавыя комплексы, дзе крынiцай цяпла служыць драўняная шчэпка, ужо працуюць у Вiлейцы i на Пiнскай ЦЭЦ. А на Бабруйскай ЦЭЦ-1 рэалiзаваны праект па выкарыстанню ў якасцi палiва не толькi торфу, але i лiгнiну. — Спажывец не так адчуў павышэнне цаны на газ, як гэта адчулi мы. У нас будзе вельмi цяжкi год, — адзначыў на пасяджэннi калегii мiнiстр энергетыкi Беларусi Аляксандр Азярэц. — А адсюль i першачарговыя задачы для ўсiх прадпрыемстваў энергасiстэмы — забяспечыць стопрацэнтны збор сродкаў за адпушчаныя спажыўцам прыродны газ, электрычную i цеплавую энергiю, перагледзець свае бiзнэс-планы, зарыентаваўшы iх на эканомнае, эфектыўнае выкарыстанне матэрыяльных i энергетычных рэсурсаў. I галоўнае тут — мадэрнiзацыя тэхналогiй, каб зменшыць расход палiва на выпрацоўку адзiнкi электраэнергii альбо цяпла. «Скарачэнне сабекошту рэалiзацыi газу, выпрацоўкi электраэнергii i цяпла выходзiць на першае месца» — падкрэслiў Аляксандр Азярэц. У гэтых мэтах неабходна, у прыватнасцi, паскоранымi тэмпамi рэалiзаваць праграму будаўнiцтва каскадаў гiдраэлектрастанцый на Заходняй Дзвiне i Нёмане. Нашы рэкi быццам бы i не валодаюць надта ўжо вялiзным энергетычным патэнцыялам, але, на думку першага намеснiка мiнiстра энергетыкi Эдуарда Таўпянца, трэба «падбiраць» усё, што ёсць у краiне. Няхай гэта будуць не вельмi магутныя ГЭС, аднак усё роўна нейкую частку энергii мы будзем атрымлiваць з уласных рэсурсаў i, такiм чынам, будзе скарачацца наша залежнасць ад знешнiх пастаўшчыкоў i аднаго вiду палiва, паколькi на сёння ў сiстэме «Белэнерга» за кошт прыроднага газу вырабляецца ажно 95 працэнтаў энергii. У гэтым сэнсе рацыянальным, лiчыць Эдуард Таўпянец, уяўляецца i выкарыстанне каменнага вугалю. Першую цеплаэлектрастанцыю на гэтым палiве плануецца да 2010 года пабудаваць у Зэльве. Галiновым iнстытутам, на думку Аляксандра Азярца, не хапае вопыту i прафесiяналiзму ў пытаннях выкарыстання мясцовых вiдаў палiва i альтэрнатыўных крынiц энергii. А што датычыцца закупкi новага абсталявання, то ёсць прыклады, калi аддаецца перавага больш нiзкай цане, але i эфектыўнасць таксама невысокая. Быццам бы i зэканомiлi, але ў рэшце рэшт страцiлi, як гэта атрымалася на Бярозаўскай ГРЭС, дзе пакуль не дабiлiся надзейнай работы абсталявання. «Трэба знаходзiць сiнхронны кампрамiс, якi даваў бы карысць галiне i рэспублiцы ў цэлым» — лiчыць Аляксандр Азярэц. Паводле слоў мiнiстра, каб выканаць неабходныя аб’ёмы работ, трэба будзе прыцягнуць i знешнiя iнвестыцыi. Згодна з iнфармацыяй генеральнага дырэктара ДВА «Белэнерга» Сяргея Белага, ужо падпiсаны кантракт на мадэрнiзацыю Мiнскай ЦЭЦ-2 з кiтайскай карпарацыяй па замежнаму эканамiчнаму супрацоўнiцтву: прадугледжана льготнае крэдытаванне з пастаўкамi абсталявання вытворчасцi Кiтая i еўрапейскiх краiн. З кiтайскiм бокам вядзецца таксама супрацоўнiцтва па будаўнiцтву ГЭС на Нёмане i Полацкай ГЭС, вугальнай ЦЭЦ, iншых праектах. Сяргей Белы лiчыць знамянальнай падзеяй для Беларускай энергасiстэмы ўключэнне ў работу дзвюх лiнiй электраперадач на ўкраiнска-беларускiм напрамку «Чарнiгаў — Гомель» i «Чарнобыльская АЭС — Мазыр». Дзякуючы гэтаму летась былi забяспечаны пастаўкi ў Беларусь 2,5 мдрд кВт. электраэнергii. I на гэты год падпiсаны кантракты, якiя дазваляюць нам атрымлiваць электраэнергiю нават па больш аптымальных цэнах, чым з Расii.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
На базе РУП «Гроднаэнерга» адбылiся рэспублiканскi семiнар «Павышэнне эфектыўнасцi энергетычнай вытворчасцi» i выязная калегiя Мiнiстэрства энергетыкi
|
|