Праблема не ў сэксе. А ў яго адсутнасцiДвое пад коўдрай Дзмiтрый Капусцiн ведае пра сэкс усё. Цi амаль усё. За 33 гады практычнай дзейнасцi праз кабiнет вядомага беларускага сэксапатолага прайшлi дзесяткi тысяч пацыентаў. 25 гадоў таму ўбачыў свет яго першы «бестселер» — кнiга пра ролю сэкса ў адносiнах мужа i жонкi «Гармонiя шлюбу», якую зачытвалi лiтаральна да дзiрак...А не так даўно выйшаў сэксалагiчны слоўнiк-даведнiк «Новы погляд», якi складаецца з 3,5 тысячы тэрмiнаў. Сёння яго аўтар Дзмiтрый КАПУСЦIН дзелiцца з чытачамi сваiмi новымi поглядамi на старую, як свет, праблему сэксуальных узаемаадносiнаў палоў. — Пасля выхаду вашай «Гармонii шлюбу» прайшло 25 гадоў... За гэты час мы далёка «прасунулiся» ў сэксуальным развiццi? — На тры крокi назад. — ?! — Параўнайце — у пачатку 90-х у рэспублiцы было 12 сэксапатолагаў, сёння iх усяго 8: адзiн — на мiльён насельнiцтва. — Iнакш кажучы, 8 спецыялiстаў паспяхова спраўляюцца з усiмi нашымi сэксуальнымi праблемамi? — Паводле сусветнай статыстыкi, часовыя цi пастаянныя сэксуальныя парушэннi назiраюцца ў 10 працэнтаў дзеяздольных мужчын. Калi «перанесцi» гэту лiчбу на Беларусь, атрымлiваецца, што прыкладна 200 тысяч мужчын (!) штогод зведваюць тыя цi iншыя праблемы ў сэксуальным жыццi. Але да спецыялiстаў-сэксапатолагаў даходзiць крыху больш за 5 тысяч чалавек у год, iнакш кажучы, у 50 разоў менш, чым у заходнiх краiнах. Раней, гадоў 10—15 таму, яны загадзя запiсвалiся, каб патрапiць на прыём, а цяпер нiякай чаргi практычна няма. Мужчыны i жанчыны пачынаюць жыць палавым жыццём, ствараюць сям’ю цi проста «сувязi» — але да спецыялiстаў-сэксапатолагаў так i не даходзяць. Магчыма, у iх няма праблем? Я сказаў бы «так», калi б 33 гады не адпрацаваў у гэтай сферы. Праблемы ў людзей ёсць, i праблемы сур’ёзныя. Але ў мяне складваецца ўражанне, што актуальнасць, значнасць не толькi ўласнай сэксуальнасцi, але i сэксуальнай гармонii з партнёрам адыходзяць сёння нават не на другi, а на.... пяты цi дзесяты план. Людзi зарабляюць грошы, будуюць катэджы, займаюцца палiтыкай, кiруюць прадпрыемствамi... Робяць гэта апантана i з азартам... I iх праблемы — не ў самiм сэксе, а ў яго адсутнасцi. Адзiн 38-гадовы пацыент падчас запаўнення гiсторыi хваробы размеркаваў свае прыярытэты так: на першым месцы — грошы, потым — здароўе, далей — праца, культурныя iнтарэсы, хобi (вырошчванне кактусаў). I толькi на шостае месца ён паставiў сэкс... — У еўрапейскiх краiнах урачы таксама канстатуюць знiжэнне цiкавасцi да гэтага боку жыцця... А можа — ну i Бог з iм? Ну што чалавек губляе? Няхай разводзiць кактусы. Цi зарабляе грошы. — Ды калi ласка! У такiм выпадку мы гаворым аб сублiмацыi сэксуальнай энергii — яна расходуецца на дасягненне iншых задавальненняў. Але як толькi мужчына пачынае жыць палавым жыццём радзей, чым патрабуюць яго палавая канстытуцыя i ўзрост, з iм адбываецца тое ж, што i са спартсменам, якi пачынае радзей трэнiравацца. Арганiзм «растрэнiроўваецца». У сэксалогii iснуе нават такое паняцце, як сэксуальная дэтрэнiраванасць. Такiя працяглыя перапынкi асаблiва небяспечныя пасля 40 гадоў. Калi тыднямi i месяцамi ў чалавека адсутнiчае палавое жыццё, палавая сiстэма «кансервуе» сябе да мiнiмальнага ўзроўню. Яна не даходзiць да нуля, але каб аднавiць яе, спатрэбяцца час, намаганнi i пераадоленне няўдач у адносiнах з канкрэтным партнёрам — у дадзеным выпадку з жанчынай, якая павiнна ўсё гэта вытрымаць. А вытрымлiваюць далёка не ўсе i не заўсёды, што, у сваю чаргу, яшчэ больш прыгнятае мужчыну... Атрымлiваецца замкнёнае кола. «Размыкаецца» яно, калi ў мужчыны паяўляецца iншая жанчына. Тым больш што сёння з гэтым няма праблем. — Вы маеце на ўвазе, што жанчыны ў апошнi час моцна знiзiлi «планку»? — Гэта ж вiдавочна! Многiя жанчыны пачалi жыць па «мужчынскаму сцэнарыю». Яны не iмкнуцца выйсцi замуж, стварыць сям’ю, iх цiкавiць толькi ўласнае задавальненне. Аргазм стаў самамэтай — я не кажу для ўсiх, але для вельмi многiх жанчын. Успомнiце фiльм «Сэкс у вялiкiм горадзе»: «Ты з Джонам сустракаешся? — Не, я з iм сплю». Разумееце, што адбылося? Мужчыны выкупiлi (!) сэкс ва ўласных жонак. Ён зарабляе грошы i час ад часу ходзiць «налева», а яна трацiць грошы. I сэкса ў iх як такога няма, i ўрач-сэксолаг непатрэбны. — Добра, калi такая «гармонiя» — яму не хочацца, а ёй i не трэба — задавальняе абодвух. А калi не? — Тады канфлiкт. I такiх сем’яў многа, i дысгармонiй многа. Як з iмi спраўляцца? Калi ёсць сiлы i энергiя, людзi разводзяцца, спрабуюць стварыць новую сям’ю. Але часцей за ўсё, застаючыся ў шлюбе, заводзяць новага партнёра, якi здымае «напружанасць». Ну, на самай справе, навошта рэзаць курыцу, якая нясе залатыя яйкi? Калi муж зарабляе грошы i яму не да сэксу, навошта яго тэрарызаваць, нерваваць?.. Таму, я думаю, колькасць пазашлюбных сувязяў будзе ўзрастаць — адпаведна таму, як будзе ўзрастаць наша жаданне працаваць на «залатога цяльца». — У амерыканцаў, напрыклад, прынята абмяркоўваць у сям’i любую дробязь, не кажучы ўжо пра сэксуальныя праблемы: «Давай пра гэта пагаворым...». — Гэта не наш метад. I традыцыi не тыя, i менталiтэт. I наша стрыманасць невыпраўная перашкаджае... Пагаварыць — гэта спроба напiсаць з двух «сцэнарыяў» адзiн. Але кагосьцi задавальняе менавiта яго сцэнарый, i ён не жадае падладжвацца пад iншага. Чалавеку з нашым менталiтэтам прасцей агалiць цела, чым душу. Да мяне на прыём (кабiнет знаходзiцца ў Мiнскiм абласным псiханеўралагiчным дыспансэры. — Н.К.) прыходзiць звычайна нехта адзiн — муж цi жонка. I калi я прашу прывесцi партнёра, часта чую ў адказ: «А ён не прыйдзе, яму i так добра». Але ж гармонiя адносiнаў — гэта справа дваiх. Як можна пiсаць агульны сцэнарый, не ведаючы, што хоча атрымаць цi аддаць твой партнёр? — Знiжэнне патэнцыi паддаецца лячэнню? — Натуральна! Тут шмат залежыць ад прычыны. Цi гэта дэтрэнiраванасць, цi сасудзiстая паталогiя, цi псiхалагiчныя варыянты. Напрыклад, ёсць выпадкi, калi жанчына ў сям’i практыкуе «кастрыруючыя паводзiны» — iнакш кажучы, паводзiць сябе так, што ў падобнай сiтуацыi нi адзiн мужчына не здолеў бы нiчога зрабiць. Мне за ўсе трыццаць тры гады практыкi толькi адзiн пацыент расказваў, як, прыйшоўшы дадому i заспеўшы жонку з палюбоўнiкам, выкiнуў сапернiка за дзверы i завяршыў iм пачатае. Ад злосцi, напэўна... Бывае, жанчына пачынае выказваць пастаянныя (часта неабгрунтаваныя) прэтэнзii мужчыну наконт таго, што той яе не задавальняе... Зведваючы пачуццё вiны, мужчына iмкнецца кампенсаваць свае «збоi» фiнансавымi ўлiваннямi, дарагiмi падарункамi. Што i патрабавалася яго «палове». — Свет становiцца матэрыяльна залежным... — А людзi ператвараюцца ў iндывiдуалiстаў. Раней жанчыны запiсвалiся на прыём разам са сваiмi мужчынамi, хвалявалiся за iх, суперажывалi... Я гэтага супе- ражывання гадоў дзесяць ужо не бачыў! I з кожным годам неразуменне, аддаленне адно ад аднаго робiцца ўсё большым, на жаль. У людзей ёсць агульны ложак, агульныя дзецi i агульны бюджэт, але кожны жыве сваiм жыццём. Я нават не маю на ўвазе наяўнасць палюбоўнiкаў i палюбоўнiц — проста свае iнтымныя перажываннi кожны хоча трымаць у сабе... На ўрача ж, на кансультацыю i тым больш на лячэнне трэба патрацiць час i грошы... Лепш мы спачатку купiм машыну, футра жонцы, з’ездзiм у адпачынак... А потым ужо звернемся да спецыялiста са сваiмi праблемамi. Але пакуль надыходзiць гэта «потым», шлюб цi саюз развальваецца... — Сэксуальная, сэксапiльная жанчына — гэта небяспечна? — Скажу, што сэксапiльная жанчына сэксапiльнай жонкай быць не можа — iнакш шлюб будзе суправаджацца пастаянным пачуццём рэўнасцi i «разборкамi». — А па якiх «параметрах» мужчына вызначае ў натоўпе сэксапiльную жанчыну? — Па-першае, iснуюць нейкiя агульныя стандарты, скажам, той жа «90х60х90». Вы думаеце, жанчына прыцягвае мужчыну чым? — Я думаю, поглядам... Характарам, iнтэлектам... — Ну што вы! Мужчына ў вочы не глядзiць. Дакладней, глядзiць, але далёка не адразу... Не вельмi сталы мужчына з нармальнай сэксуальнай арыентацыяй першыя 11 секунд разглядае жаночую постаць. Калi агульныя абрысы яго задавальняюць, з’яўляецца патрэба разгледзець «аб’ект» больш падрабязна, у дэталях. I далей мужчына «пераключаецца» на ягадзiцы, ногi, грудзi, талiю, твар... Калi ўсё гэта адпавядае яго iдэалу, ён iдзе далей. Першапачатковая задача любога мужчыны — як мага хутчэй перавесцi аблюбаваны «аб’ект» у гарызантальнае становiшча. — Як прымiтыўна... — Але гэта праўда i — што важна — праўда, навукова даказаная... Што далей? Мужчына атрымаў задавальненне i зразумеў, што за прыгожай «шыльдай» нiчога цiкавага няма. Ён пастараецца ад яе пазбавiцца, не паспеўшы нават спытаць нумар тэлефона. Калi жанчына думае, што яе могуць пакахаць за веданне тэхнiкi аральнага сэксу — глыбока памыляецца. У такiм выпадку яна становiцца не каханай, а... зручнай. А гэта розныя рэчы. Патрэба разабрацца — каго ж я сустрэў? — узнiкае ў мужчыны далёка не адразу. Але калi жанчына падчас першага (другога, трэцяга) спаткання ў адказ на недвухсэнсоўную прапанову гаворыць новаму знаёмаму «не», ён вымушаны неяк падтрымлiваць зносiны... Вось тады i пачынаецца разуменне, што ў яе ёсць не толькi ногi i грудзi. Прыходзiць закаханасць... — Iнакш кажучы, слова «не» па-ранейшаму актуальнае? — Безумоўна. Хоць прадбачу «пытанне з залы»: як доўга трэба гаварыць «не»? Звычайна адказваю: тры тыднi i два днi. Жарт, канешне. Нiякiх крытэрыяў тут няма, гэты момант трэба адчуць самому. Магчыма, ёсць сэнс сказаць мужчыну «так» праз дзесяць хвiлiн — бо раптам гэта той самы «ўдар маланкi»? Я не ведаю... Але сёння — я ўжо ўзгадваў пра гэта — адбываецца такая ролевая трансфармацыя: жанчына паводзiць сябе па мужчынскаму сцэнарыю, сама актыўна знаёмiцца i выбiрае партнёра, сама прапаноўвае ложак... Такiя паводзiны iдуць супраць прыроды i нiчым добрым не заканчваюцца. Калi жанчына пачынае бегаць за мужчынам, я кажу ёй: прырода зрабiла так, што самка можа злавiць толькi слабага самца. А злавiўшы, будзе пакутаваць, таму што атрымае зацiснутага i падаўленага партнёра. — А нашы мужчыны сэксуальна прывабныя? — Мне больш падабаюцца жанчыны — яны ўмеюць сябе падаць. Iдучы па вулiцы, можна i галаву згубiць... Шкада, што ўвесь негатыў многiя з iх нясуць менавiта дадому. А ў парадак сябе прыводзяць, выходзячы з дому. — У нас увогуле лiчыцца, што пасля 40 гадоў на сэксуальных адносiнах можна ставiць крыж... — Ды нi ў якiм выпадку! Чаму кажуць: «сiвiзна ў галаву, чорт у рабрыну»? Не таму, што мужчына сталее. А таму, што пачынае ўсведамляць: нi ён, нi сэкс жонцы нецiкавыя. У яе з’явiлiся больш «актуальныя» праблемы: сёлета мы закаталi на дваццаць слоiкаў агуркоў меней, чым у мiнулым годзе... Пастаянна трэба некуды ехаць, нешта капаць, збiраць... Вось i шукаем тых, хто бачыць у нас мужчын, думае пра нас як пра мужчын. Я збiраюся напiсаць кнiгу, якая будзе называцца «Сiвiзна ў бараду» — якраз пра гэта. Там будзе эпiграф: «Мужчына не старэе, эякулiруючы». Вось так, нi больш нi менш. — Але, пражыўшы з чалавекам 20—25 гадоў, наўрад цi будзеш зведваць тое, што раней... — Так, вострае прыцягненне праз 4—5 гадоў праходзiць. Але да гэтага часу трэба знайсцi ў партнёры iншыя «моманты», якiя цябе чапляюць, задзейнiчаць новыя каналы стымуляцыi. Таму, напэўна, самае вялiкае майстэрства для жанчыны — навучыцца спакушаць уласнага мужа. Прымушаць сябе не трэба — павiнны быць натуральнае жаданне, пасыл. Нельга зводзiць сэксуальную сферу да ўзроўню кактусаў i агуркоў нi па прычыне ўзросту, нi па якiх-небудзь iншых прычынах. — А што неабходна для добрага сэксу? — Для пачатку — жаданне iм заняцца. Ну а потым разуменне таго, што побач знаходзiцца блiзкi i родны чалавек, перад якiм можна агалiць не толькi цела, але i душу. I, агалiўшыся, быць упэўненым, што табе не зробяць балюча. Гутарыла Наталля КАРПЕНКА.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Дзмiтрый Капусцiн ведае пра сэкс усё. Цi амаль усё. За 33 гады практычнай дзейнасцi праз кабiнет вядомага беларускага сэксапатолага прайшлi дзесяткi
|
|