Мядовая зарплата
Надзея ДРЫЛА
Дзе нарадзiўся, там i спатрэбiўся. На сёння гэты крылаты выраз супярэчыць думкам сучаснай вясковай моладзi. Цяжка сустрэць выпускнiка, якi б марыў застацца працаваць у родным сельскагаспадарчым кааператыве. Не перспектыўна, адным словам. Але, што нi кажы, i там патрэбны маладыя i адказныя спецыялiсты...
У Вiцебскай вобласцi патрэба ў заатэхнiках па пчалаводству. З заходнiх раёнаў краiны мала хто з маладых людзей вырашае звязаць свой лёс з пчоламi. Паводле слоў вядучага спецыялiста па пчалаводству Мiёрскага раёна (лiдзiруе ў вобласцi па колькасцi пчоласем’яў: iх тут 525) Любовi Танайны, гэта звязана, у першую чаргу, з нiзкай зарплатай пчаляра. Але самае галоўнае, каб да справы ляжала душа. Не кожны зможа тут працаваць. — У нашым раёне тры маладыя пчаляры: Мiхаiл Шульга, Яўген Чарневiч i Артур Антанёнак. Мiша ўжо самастойна адпрацаваў сезон на пасецы СВК «Чаромушкi». Я ўпэўнена, што гэты хлопец будзе добрым спецыялiстам, — зазначыла Любоў Мiкалаеўна. — Яўген i Артур, якiя працуюць у СВК «Наўгароды», таксама стараюцца, прыслухоўваюцца да парад старэйшых... Зiмняя марозная ранiца. З Яўгенам i Артурам крочу ў суседнюю вёску на пасеку. Адлегласць невялiкая — усяго толькi 5 кiламетраў. — Што можна рабiць зiмой на пасецы? — здзiвiла я хлопцаў сваiм пытаннем. — Без справы не сядзiм, — гаворыць Яўген. — Зараз рыхтуемся да сезона. Чысцiм рамкi, рамантуем пустыя вуллi. — Зiмой абавязкова трэба наведваць пасеку, слухаць пчол, ганяць мышэй, якiя маюць моду зашывацца ў падушкi, якiмi ўцяплiлi вуллi, — дадаў Артур. Акрамя гэтага, хлопцы расказалi, што зiмой iм раз на месяц чытаюць лекцыi, каб не забывалi тэорыю. — Нядаўна з сябрам размаўлялi пра тое, дзе i чым зарплату выдаюць, — узгадала я. — I малаком, i цукрам, i канцылярскiмi таварамi. Цiкава, а ў вашым кааператыве не практыкавалi тое ж самае зрабiць з мёдам? — Так, — усмiхаюцца, — улетку накачалi аж сем цэнтнераў таварнага мёду. Людзi бралi па лiтру цi два ў кошт зарплаты. Магчыма, бралi б i больш, але зарплаты маленькiя. Сярэднi заробак складае каля ста тысяч рублёў, а лiтр мёду каштуе дзесяць тысяч рублёў. За размовай не заўважылi, як апынулiся на пасецы. Дахi маленькiх домiкаў убачылi яшчэ здалёк. — Гэта ўзiмку так, а як пацяплее — за зялёнымi кустамi iх нябачна, — зазначыў Яўген. — I мосцiк трэба будзе будаваць, бо так залье сцяжынку да вулляў, што не прайсцi, — заклапочана дапоўнiў Артур. Хлопцы мараць павялiчыць пасеку, хочуць, каб прывезлi болей вулляў. — Старшыня кааператыва параiў мне iсцi вучыцца на пчаляра, бо Антонавiчу трэба было рыхтаваць замену, — першым пачынае аповед Яўген. — Пасля таго, як паступiў, дзядзька падарыў мне вулей. Я завёў дома пчол. На працягу 4 гадоў вучобы прыязджаў на практыку на сваю маленькую радзiму. Раней спраў з пчоламi не меў. Таму спачатку было вельмi страшна... Пайшоў у армiю, адслужыў. Нават адпачыць не давялося. Трэба было качаць мёд. Артур жа спачатку паспрабаваў працу пчаляра на ўласным «горбе», а пасля вырашыў падмацаваць практыку тэорыяй. У гэтым годзе ён паступiў у Смiлавiцкi дзяржаўны аграрны каледж на завочную форму навучання. — У суседа-ветэрынара была пасека. Але, калi ён пастарэў, аслаб, даглядаць пчол не стала каму, — расказвае Артур. — Аднойчы, калi я быў яшчэ малы, паспрабаваў выняць з вулля дзве рамкi. Захацелася мёду. Трошкi, праўда, пакусалi пчолы, але пашанцавала — спакойныя трапiлiся. Гэта быў мой першы вопыт. Пасля, калi вучыўся ў 10-м класе, бабуля сказала, што Яўген у армii, Iвану Антонавiчу трэба падмога. Вось Артур i пачаў кожны дзень хадзiць на пасеку. Падабалася. Бывала, улетку адразу пасля дыскатэкi засынаў ля вулля. У школе ўсе ведалi, што ён працуе пчаляром. Таму нядзiўна, што на 23 лютага аднакласнiцы падарылi кубак з пчоламi i паштоўку з мядзведзямi. — Два гады, пакуль вучыўся ў школе, я дапамагаў дзеду, — гаворыць Артур. — А зараз дапамагаю Яўгену. Разам весялей. Пасля таго, як хлопцы пераканалiся, што ўсё даведзена да ладу, паказалi мне на хатку ў некалькiх метрах ад пасекi. — Тут жыве наш Антонавiч, — тлумачыць Яўген i прапаноўвае нам з Артурам праведаць яго. Знайшлi Iвана Антонавiча на двары, ён ладзiў воз. — О, ужо мне нявестачку прывялi, — жартуе ён, разглядаючы мяне. — Не, я пра вас пiсаць буду, — прамовiла з усмешкай на твары. Iвану Антонавiчу ўжо 78 гадоў. Амаль палову з iх прысвяцiў калгаснай пасецы, дзе больш за 70 пчоласем’яў. — Цi не боязна вам было аддаваць сваё багацце ў рукi маладых, нявопытных? — Я iх усяму, што ўмеў, навучыў, — пераконвае Iван Антонавiч. — Узрост ужо не малады. Цяжка мне было. На працы — пчолы, дадому прыходзiш — i там яны. Перад тым, як даверыць Яўгену гаспадарку, мы абышлi ўсе вуллi (каб праверыў, а мо там карова сядзiць (смяецца). — Iван Антонавiч, а як вы з укусамi змагаецеся, можа, забабоны якiя маюцца? — А нiяк. Нягледзячы на тое, што пчолы сваiх людзей пазнаюць, усё роўна кусаюць. За дзень можа ўкусiць 30—40 пчол, — гаворыць пчаляр. — А я i рады. Бо так падлячыў радыкулiт. А да гэтага што толькi нi рабiў — i ў Сочы ездзiў, i лекi прымаў — нiчога не дапамагала... — Чым цiшэй ты сябе паводзiш, тым большая верагоднасць, што пчолы цябе не крануць, — дадаў Артур. — Улетку жанчыны дапамагалi качаць мёд. Усе бывалыя, бо даводзiлася гэтым займацца не раз, а маладая дзяўчына прыйшла на пасеку ўпершыню. Баялася. Смешна было назiраць, як Юля, калi пчала заблыталася ў яе валасах, танчыла ля вулляў i крычала. Не ведала яна, што чым больш крычыш, тым больш злуеш пчол. Развiтаўшыся з Iванам Антонавiчам, мы пакрочылi дадому па знаёмай ужо дарозе (10 кiламетраў у дзень — i не трэба думаць пра дыету). — Мой сябар есць мёд лыжкамi. А цi любiце вы, пчаляры, мёд? — пытаюся. — Ну, так сабе, — прамовiлi хлопцы амаль у адзiн голас. — За дзень ён так надакучыць. Дадому прыходзiш увесь лiпкi i салодкi. Ды яшчэ, часам, i пчалу ў кiшэнi прынясеш (i па iнерцыi абмацалі кiшэнi). Пры ўваходзе ў Наўгароды нас сустрэў шэраг новых цагляных домiкаў (калi iшлi на пасеку, я на iх не звярнула ўвагi). — Гэта аграгарадок — злавiўшы мой цiкаўны позiрк, патлумачыў Яўген. — Тут Артуру, як маладому спецыялiсту, далi кватэру. Спадзяюся, у хуткiм часе я таксама буду адзначаць наваселле. Мiёрскi раён. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Дзе нарадзiўся, там i спатрэбiўся. На сёння гэты крылаты выраз супярэчыць думкам сучаснай вясковай моладзi. Цяжка сустрэць выпускнiка, якi б марыў зас
|
|