Мы вас памятаем...
Дзмiтрый АЛЬФЕР
Яны выконвалi загад Радзiмы i загiнулi. Учора, у Дзень памяцi воiнаў-iнтэрнацыяналiстаў, у Пухавiцкiм раёне былi праведзены ўрачыстыя ўшанаваннi памяцi салдатаў, якiя аддалi сваё жыццё ў афганскай вайне. Ваеннаслужачыя 5-й асобнай брыгады спецыяльнага прызначэння будуць памятаць падзеi ў Афгане заўсёды — сто пяць яе салдатаў былi забiтыя ў час канфлiкту.
У Дзень памяцi ў брыгаду прыехала i сястра Героя Савецкага Саюза Мiкалая Чэпiка, чыя магiла знаходзiцца ў вёсцы Блужа. Яго жыццё раптоўна абарвалася ў «лiшнi» вiсакосны дзень — 29 лютага 1980 года. Раiса Пятроўна памятае, якiм быў яе брат: «Высокi, прыгожы i добры... Яго Вiцебскую дывiзiю кiнулi ў бой адразу ж, як салдаты прыехалi ў Афганiстан. Баявы загад хлопцы выканалi — падарвалi пячору, а калi вярталiся, на iх напалi душманы. Брат быў паранены...» «Большасць з нас маюць дзяцей. I мы робiм усё магчымае, каб такiя даты, як Дзень памяцi войнаў-iнтэрнацыяналiстаў, больш не з’яўлялiся ў календары. Я жадаю, каб нашыя дзецi не пазналi жахаў вайны i ўзброеных канфлiктаў. I таму памяць аб нашых воiнах, якiя выконвалi свой доўг, абавязвае нас не забывацца на будучыню», — пасля ўскладання вянкоў ля помнiка воiнам 5-й асобнай брыгады спецыяльнага прызначэння сказаў старшыня Мiнскага абласнога выканаўчага камiтэта Мiкалай Дамашкевiч. — Мы можам смела глядзець у вочы ветэранам усiх ваенных канфлiктаў, сем’ям загiнулых. Нiкога не забываем. Трэба захоўваць памяць аб iх. Дарэчы, мы накiруем каля 20 мiльёнаў рублёў на рэканструкцыю школьнага музея iмя Мiкалая Чэпiка». Мiкалай Дамашкевiч адзначыў таксама, што Мiнскi аблвыканкам выдаткуе фiнансавыя сродкi для стварэння i друкавання кнiгi аб загiнулых у Афганiстане вайскоўцах 5-й брыгады спецыяльнага прызначэння, дапаможа i брыгаднаму музею, у якiм сабраны ўнiкальныя матэрыялы i дакументы аб жыццi i подзвiгу салдатаў. «Увогуле, мы выдадзiм шэраг кнiг, якiя расказваюць аб вайсковых подзвiгах i жыццi людзей, што нарадзiлiся на Мiншчыне», — падкрэслiў ён. У Дзень памяцi ўзгадваюць не толькi пра афганцаў, але i пра кожнага, хто прымаў удзел у лакальных канфлiктах у любой краiне. «Можна па-рознаму ставiцца да падзей у Афганiстане, але нельга не заўважыць, што калi савецкi воiн ваяваў там, Еўропа не ведала, што гэта такое — канфiскоўваць на сваёй тэрыторыi кантрабандныя наркотыкi, не ведаў свет i такую з’яву, як масавы тэрарызм, — упэўнены былы афганец Валянцiн Сiтнiк, старшыня Мiнскай абласной арганiзацыi Беларускага саюза ветэранаў вайны ў Афганiстане. — Мы вядзём адлiк дзейнасцi воінаў-iнтэрнацыяналiстаў з часоў Iспанii. Проста афганская вайна, на жаль, сабрала найбольш ахвяраў».
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Яны выконвалi загад Радзiмы i загiнулi. Учора, у Дзень памяцi воiнаў-iнтэрнацыяналiстаў, у Пухавiцкiм раёне былi праведзены ўрачыстыя ўшанаваннi памяц |
|