21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Мастак, які паказвае праўду

25.08.2009 22:19 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Таццяна ПАДАЛЯК

18 лютага народнаму мастаку СССР i Беларусi, акадэмiку, Герою Беларусi, ветэрану Вялiкай Айчыннай вайны Мiхаiлу САВIЦКАМУ споўнiцца 85. У гэты ж дзень у Нацыянальным мастацкiм музеi Беларусi адкрыецца яго персанальная выстаўка.

Яго бiяграфiя — суцэльны шлях выпрабаванняў. Фронт, 250 дзён абароны Севастопаля, канцлагеры Мiтэльбау-Дора, Бухенвальд, Дахау... Доўгай была дарога i да прызнання. Мастак добра помнiць тыя часы, калi яго работы здымалi з выставак, таму што «няма энтузiязму на тварах працаўнiкоў», таму што гэта «скажэнне рэчаiснасцi», таму што «Ленiн намаляваны няправiльна...» Калiсьцi яго апантана крытыкавалi за адыход ад сацыялiстычнага рэалiзму, а зараз, наадварот, сёй-той бачыць у iм «апалагета сацрэалiзму»... А ён, не зважаючы нi на што, заўсёдна працуе.

...Ужо больш як паўстагоддзя Мiхаiл Андрэевiч Савiцкi штодзень прыходзiць у майстэрню. Працуе без выхадных i святаў, без водпускаў. Ён не любiць пампезнасцi, высакамоўных слоў — i не любiць юбiлеяў. Таму што яны адцягваюць ад работы.

А работы ў Мiхаiла Савiцкага шмат. I шмат задум. Ён хоча паспець ажыццявiць iх...

Зараз мастак працуе над вялiкiм палатном, якое адкрывае яшчэ адну жорсткую праўду Вялiкай Айчыннай вайны на Беларусi. Праўду, якую не ўсе ведаюць i пра якую чамусьцi доўгi час маўчалi... Новая работа Майстра — «Скобраўка-1944».

Мiхаiл Савiцкi расказвае:

— У цыкле «Лiчбы на сэрцы» я стараўся паказаць праз канцлагеры сутнасць расiзму. Але адзiн канцлагер, дзе бралi кроў у дзяцей, нiдзе афiцыйна не iснаваў. Калi я быў старшынёй фонду «Узаемаразуменне i прымiрэнне», пачалi паступаць пiсьмы... Я быў неверагодна ўражаны, што ў нас у Мiнскай вобласцi, каля Мар’iнай Горкi, у Скобраўцы, быў лагер, праз якi прайшло больш за тры тысячы дзяцей. Гiганцкi лагер, дзе забiралi ў дзетак кроў.

Пра гэты лагер немцы маўчаць. Калi мы прад’явiлi нямецкаму боку звесткi па выплатах тым, хто прайшоў праз Скобраўку, — без слоў, адразу выплацiлi... Але працягваюць маўчаць. I нашы маўчаць. У чым прычына? Не ведаю.

Ужо тады ў мяне ўзнiкла думка пра тое, што абавязкова трэба гучна сказаць аб гэтым найвялiкшым злачынстве. Асабiста я расцэньваю яго як яшчэ больш страшнае, чым злачынства Iрада, якi забiваў дзяцей. Гэта злачынства на многiя вякi ўвайшло ў гiсторыю, нават у Бiблii зафiксавана... А злачынства ў Скобраўцы не iдзе ў параўнанне з iншымi. Дзяцей, якiя не вытрымлiвалi, пасля трох забораў крывi памiралi, — iх проста закопвалi...

Найвялiкшае злачынства ў Скобраўцы павiнна прагучаць гэтак жа, як бiблейскае. Як злачынствы ў Лiдзiцы, у Гернiцы (у Пiкасо ёсць плакатная работа «Гернiка»)...

Зараз iншы час. I час таксама патрабуе — ужо сённяшнiм днём асэнсаваць гэту з’яву. «Скобраўка-1944» — там армiя i звычайныя людзi, грамадзяне, былi адным народам, непадзельным, Яны ўсе былi СВАЕ. Зараз да армii iншае стаўленне ў грамадстве: людзi цывiльныя — гэта нiбыта адно, а ваенныя — другое.

Таму я лiчу, што пра Скобраўку, акрамя нацысцкага злачынства, трэба гаварыць i падзеямi таго часу.

Людзi, якiя ведалi пра вызваленне лагера, паведамлялi па акрузе, усе беглi туды, у Скобраўку, бо хацелi хутчэй даведацца, цi жывыя iх дзецi... Вызваленне — гэта адна сюжэтная лiнiя. Бацькi адкопваюць дзетак-нябожчыкаў — другая. А дзеткi, якiя яшчэ жывыя, але надта знясiленыя, не могуць устаць, iх выносяць, аказваюць дапамогу — гэта ўжо трэцяя...

Была неабходнасць звярнуцца да класiчнай кампазiцыi, г. зн. кампазiцыi ранняга хрысцiянства. Яна адна была — што ў выяўленчым мастацтве, што ў драматургii, — вiдовiшчная. У драматургii паслядоўна iдуць акты, вось i я ўзяўся за «актавую» кампазiцыю. Акты «Вызваленне», «Зняцце» (як Хрыста — выносяць хлопчыка) i «Аплакванне». I як эпiлог — з усёй шматфiгурнай карцiны толькi адна жанчына глядзiць на нас, сённяшнюю аўдыторыю.

— Работа надзвычай складаная...

— Так. Гэта партрэтная кампазiцыя. Вопратка цi пейзаж маюць меншае значэнне. Усё робiцца праз партрэт, i гэта вельмi складана. Яшчэ варта падумаць над тыпажом...

Мне абавязкова трэба гэту работу напiсаць. Не «загнуцца»...

— Пра тое, што задумана такая работа, вы расказвалi мне даўно...

— Даўно, так. Але ў мяне не было магчымасцi да яе звярнуцца.

— У вас заўсёды мноства iдэй, задум...

— Я маю намер, калi паспею, напiсаць вельмi злосную работу — «Трыумф iлжы».

— У вас ёсць твор «ХХ век. Забойства праўды»...

— У мiнулым годзе адзначаўся сумны юбiлей Чарнобыля, прайшла навуковая канферэнцыя... Да мяне звярнулiся з просьбай даць работы на выстаўку (яны ж усе ў мяне ў майстэрнi). На адкрыццi выстаўкi я праводзiў мiтрапалiта Фiларэта, мiнiстра культуры У. Мацвейчука, iншых прысутных каля твораў i даваў каментарыi па iх. Аказваецца, мяне ў гэты час здымалi. Ну, мала што там шчоўкала — я ўвогуле не звяртаў увагi... А там былi эстонцы, якiя запiсалi ўсе мае тлумачэннi. Потым звярнуўся да мяне дырэктар эстонскага музея з просьбай паказаць у Эстонii гэту выстаўку. Я патлумачыў яму, што ў краiнах былога СССР не створаны ўмовы для транспарцiроўкi работ. Iх б’юць, потым трэба рэстаўраваць... Работы, якiя стаяць у мяне ў майстэрнi, у выдатным стане. А iншыя, як карцiны цыкла «Лiчбы на сэрцы», — цi то ў дарозе пашкоджаны, цi хто бiў па iх прама кулаком... Псуюць работы. А гэта ж усё-такi праца. Можа, каму-небудзь потым спатрэбiцца?..

I ўсё ж эстонец настойваў: «Ну, хоць бы дзве работы вы зможаце даць?..». I ён добра выбраў!

— Якiя творы?

— «Забароненую зону» i «ХХ век. Забойства праўды». Гэта была выстаўка дзвюх работ, у новай выставачнай зале Талiна.

Потым мне прыслалi прэсу на рускай мове i кнiгу артыкулаў, адзiн з якiх называўся так: «Мастак Савiцкi заваяваў права гаварыць праўду».

... Быў у мяне беларускi консул, якi працуе ў Эстонii, i расказваў пра адкрыццё выстаўкi. У той дзень яны праводзiлi каралеву Англii, i цырымонiя адкрыцця выстаўкi распачалася словамi: «Мы развiталiся з каралевай Англii — па сутнасцi, каралевай Еўропы. А зараз да нас прыбыў кароль еўрапейскага жывапiсу». Так мяне назвалi! (Смяецца).

— У мiнулым годзе вы сталi Героем Беларусi...

— Мяне адразу павiншавалi Клiмук i Кавалёнак—Героi Савецкага Саюза... Але самым нечаканым было iншае вiншаванне. Ранiцай я стаю на трамвайным прыпынку, а ў суботу i нядзелю транспарт у «мой» час рэдка ходзiць, перазменка. Стаю, стаю... Мiма праехала машына, а потым — вяртаецца, спыняецца каля мяне. Вадзiцель адкрывае дзверцу: «Савiцкi?!. Сядайце, я вас падвязу». Папрасiў высадзiць каля магазiна непадалёк ад майстэрнi: у той дзень да мяне павiнны былi прыйсцi масквiчы... «Вы давяраеце мне? — пытаецца. — Я сам усё куплю... Вы павiнны паказаць сваю «вагу»: вы ж Герой не «па выпадку» — вы асаблiвы Герой, сапраўдны! Хай гэта будзе маё вам вiншаванне»... Цэлы халадзiльнiк мне загрузiў!.. Кажу: скажыце хоць прозвiшча ваша. Палкоўнiк у адстаўцы Мятла.

— Мiхаiл Андрэевiч, у вас, мабыць, цудоўная памяць на твары?

— Зараз ужо не. Раней я збiраў асаблiвыя, адметныя твары. Зараз карыстаюся старым запасам... Але партрэт па памяцi, як калiсьцi, ужо не напiшу.

— На некаторых даўнiх здымках вы з цыгарэтай. Але ж вы не курыце, Мiхаiл Андрэевiч?

— Ужо даўно кiнуў.

— А ў канцлагеры курылi?

— Увесь час курыў. У канцлагеры нават пайку мяняў на курыва.

— А калi кiнулi?

— Даўно, у 80-я гады. Пасля iнфаркту курыў з месяц, а потым кiнуў. Прычым адразу кiнуў! Тады я быў старшынёй таварыства «Радзiма», з-за мяжы прыязджалi нашы землякi, дарылi сувенiры: ручку, запальнiчку... I адзiн наш замежнiк падарыў мне цэлы блок англiйскiх цыгарэт. А я тады курыў па два пачкi ў дзень — курыў праз мундштук, каб дым у вочы не трапляў у час работы... Дык вось, наш вадзiцель Барыс, убачыўшы блок цыгарэт, кажа: «О, падзапасiўся!». Ды не, гавару, варта было б кiнуць. А ён са смехам: «Гэта каб вы — ды кiнулi?!.». А я ўжо гадоў 40 курыў... Аддаў Барысу цыгарэты i запальнiчку: кiдаю курыць! Назаўтра ён адкрывае пачак, працягвае мне... Не, я не ўзяў потым нiводнай цыгарэты. Зараз i ўвогуле дым не цярплю.

Такая вось моцная воля ў гэтага чалавека...

Аднойчы спытала Мiхаiла Андрэевiча, як бы ён абазначыў формулу поспеху. Мастак працытаваў Бернарда Шоу: «Працуйце, усё астатняе прыйдзе само...».



 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
18 лютага народнаму мастаку СССР i Беларусi, акадэмiку, Герою Беларусi, ветэрану Вялiкай Айчыннай вайны Мiхаiлу САВIЦКАМУ споўнiцца 85. У гэты ж дзень
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика