Нарадзiць лягчэй, чым пракармiць
Уладзiмiр ПЕРНIКАЎ
Улады даюць гора-бацькам работу, а яна iм «да лямпачкi»
Напярэдаднi Новага года пенсiянерка Лiдзiя Гаўрыленка пакiнула ва ўпраўленнi па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне насельнiцтва Гомельскага гарвыканкама пiсьмо, у якiм выказала шчырую падзяку iнспектару Ларысе Капычковай за тое, што дапамагла атрымаць работу яе сыну Дзмiтрыю. У размове са мной Лiдзiя Васiльеўна засяродзiла ўвагу на тым, што Ларыса Яфiмаўна вельмi тактоўна, з вялiкай цярплiвасцю i разуменнем сiтуацыi давяла справу да канца. Дзмiтрыя ўладкавалi на работу на камбiнат будаўнiчых канструкцый, дзе спачатку ён быў вучнем, а зараз працуе станочнiкам. Летась са статусам беспрацоўных, якiя стаялi на ўлiку ў цэнтрах занятасцi насельнiцтва гарадскiх i раённых выканаўчых камiтэтаў вобласцi, развiталiся 8,3 тысячы чалавек. Дарэчы, указаная лiчба — гэта 26,2 працэнта ад агульнай колькасцi былых беспрацоўных. Тым самым за мiнулы год сiтуацыя на рынку працы палепшылася. Зараз у вёсцы лягчэй за ўсiх могуць уладкавацца на працу механiзатары, трактарысты, аператары машыннага даення, аператары па догляду жывёлы, аграномы, ветурачы, заатэхнiкi, iнжынеры-механiкi. У iншых галiнах гаспадарання — iнжынеры-праграмiсты, электроншчыкi, энергетыкi, медыкi з вышэйшай адукацыяй, газаэлектразваршчыкi, муляры, цесляры, плiтачнiкi-аблiцоўшчыкi, машынiсты экскаватараў, слесары-сантэхнiкi i г.д. Усяго ў вобласцi на рынку працы 5,2 тысячы свабодных месцаў, у тым лiку 3,6 тысячы месцаў для рабочых. Асобная размова пра тых беспрацоўных, якiх жыццёвыя абставiны прымусiлi пераехаць у пошуках лепшай долi з горада ў вёску. Iх летась, праўда, было няшмат — 59 сем’яў, або 163 чалавекi, i iм, згодна з заключанымi дагаворамi, была прадастаўлена пастаянная работа, аказана матэрыяльная дапамога i кампенсаваны расходы па перасяленню ў суме 67 мiльёнаў рублёў. А на гэты год суб’екты гаспадарання падалi заяўкi ў службы занятасцi вобласцi на 195 свабодных рабочых месцаў з гарантыяй выдзялення жылля ў сельскай мясцовасцi. Нельга не закрануць тэму працаўладкавання бацькоў, якiя не клапоцяцца аб сваiх дзецях. Малыя з’яўляюцца фактычна сiротамi i знаходзяцца ў розных дзяржаўных установах на дзяржаўным забеспячэннi. Начальнiк аддзела арганiзацыi забеспячэння дзейнасцi судоў упраўлення юстыцыi аблвыканкама Лiлiя Камушкiна расказала, што да з’яўлення Дэкрэта Прэзiдэнта краiны № 8 «Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у няўдалых сем’ях», якi ўступiў у сiлу з 1 студзеня 2007 года, у адносiнах да такiх бацькоў дзейнiчаў артыкул 93 Кодэкса Рэспублiкi Беларусь аб шлюбе i сям’i. Летась суды вобласцi вынеслi 6174 выканаўчыя рашэннi на ўтрыманне памянёных дзяцей за кошт бацькоў. З iх трэба было спагнаць 3 906 695 тысяч рублёў, а спагнана толькi 13 працэнтаў з гэтай сумы. У чым справа? Аказваецца, судовыя выканаўцы сутыкнулiся тут з праблемамi. Па-першае, пасля вынясення рашэння суда копiя яго паступала ў цэнтр (той цi iншы) занятасцi, якi павiнен быў на пэўным прадпрыемстве для бацькоў бранiраваць працоўныя месцы, што i рабiлася. Але абсалютнай большасцi бацькоў тыя рашэннi, прабачце, былi «да лямпачкi». Яны проста не iшлi ў цэнтр занятасцi i прымусiць iх нiхто не мог. Па-другое, многiя бацькi вялi такi лад жыцця, што ў iх, як гаворыцца, не было нi кала нi двара, i разлiчваць на апiсанне маёмасцi не даводзiлася. Вышэйзгаданы дэкрэт карэнным чынам мяняе справу. Цяпер бацькi абавязаны ўзяць на сябе ўсе расходы па ўтрыманню дзяцей у школах-iнтэрнатах, спецыяльных навучальна-выхаваўчых установах, лячэбна-выхаваўчых i iншых установах для падлеткаў, дзiцячых дамах i г.д. з дня знаходжання iх там i рабiць гэта кожны месяц. Вядома, каб зарабiць грошы, яны павiнны працаваць, i пытаннi працаўладкавання вырашаюцца судамi. Iх рашэннi-пастановы праз тры днi паступаюць у службы занятасцi i органы ўнутраных спраў, i першыя абавязаны на працягу трох дзён вызначыць тую цi iншую арганiзацыю для працаўладкавання. Выбар яе павiнен быць такi, каб бацькi мелi заробак, якi б пакрываў усе месячныя расходы на дзяцей i 30 працэнтаў заробленага заставалася iм. Лiлiя Сямёнаўна падкрэслiла такую акалiчнасць: чалавек на працу павiнен з’явiцца не пазней як на наступны дзень, калi ён атрымаў накiраванне на работу. Водпуск у яго толькi сем дзён. Калi ён не можа сваiм заробкам пагашаць запазычанасць, няхай думае яшчэ аб адной рабоце. Калi ж ён не з’явiцца на працу па няўважлiвай прычыне, яго будзе шукаць мiлiцыя. Калi будзе мець дзесяць нявыхадаў на работу, то супраць яго ўзбудзяць крымiнальную справу. А ў тым выпадку, калi кiраўнiк той цi iншай арганiзацыi заўпарцiцца прыняць нядбайных бацькоў на работу, служба занятасцi мае права звярнуцца ў суд для вынясення адпаведнага рашэння. Карацей кажучы, кожны чалавек, накiраваны на работу службамi занятасцi, знаходзiцца пад кантролем. Думаю, што варта тут прывесцi вынiкi дзейнасцi дэкрэта за першы месяц. Абласны выканаўчы камiтэт вызначыў больш як 900 арганiзацый, якiя павiнны даць работу нядбайным бацькам, а службы занятасцi вобласцi прынялi звыш 500 чалавек указанай катэгорыi, прычым 300 з iх — у суправаджэннi мiлiцыянераў. За гэты час суды прыслалi сюды 1300 пастаноў аб працаўладкаваннi бацькоў, а кiраўнiкi 23 арганiзацый своечасова не далi iнфармацыю аб прыняццi на работу. З больш падрабязнай дзейнасцю ў гэтым накiрунку я пазнаёмiўся ва ўпраўленнi па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне Гомельскага гарвыканкама. На той дзень (8 лютага) з пачатку года работу атрымаў 131 чалавек з 201 наведвальнiка, 62 з якiх прайшлi добраахвотна, астатнiя — пад прымусам. 27 чалавек пры гэтым, атрымаўшы накiраванне на работу, на прадпрыемствы не з’явiлiся. Па стану на 1 лютага нехта Марына Самародава мае запазычанасць перад дзяржавай за ўтрыманне дзяцей у суме 1 мiльён 56 тысяч рублёў, Уладзiмiр Мартыновiч — 1 млн 392 тыс., Iрына Вайцянкова — 1 млн 76 тыс. рублёў. Марыю Цярэшчанка некалькi дзён таму накiравалi на работу прыбiральшчыцай (у жанчыны восем класаў адукацыi), каб кожны месяц яна пагашала па 127 690 рублёў. Але ад работы яна адмаўляецца, бо, кажа, i зарплата невялiкая, i рэжым працы яе не задавальняе (з 7 да 15 гадзiн). — I такiх не адзiнкi, — гаворыць начальнiк упраўлення Аляксандр Ключынскi. — Няпроста знайсцi кожнаму працу, якая б яму спадабалася. Уявiце сабе, што адной саракагадовай жанчыне, каб разлiчыцца з даўгамi за ўтрыманне ў дзяржаўных установах яе семярых дзяцей i жыць самой, патрэбна ў месяц зарабляць... 1 млн 800 тыс. рублёў. Накiравалi яе ў газатранспартную арганiзацыю, а што далей — не ведаем. — А калi яе там не прымуць? — Будзем звяртацца ў суд. Дарэчы, вось прыйшло з суда рашэнне на аплату штрафа кiраўнiком дарожнай арганiзацыi. Заплацiць ён сваiмi ўласнымi грашыма. — Пэўна, маюцца i iншыя цяжкасцi? — Яны ёсць. I нямала. Мы iх абмяркоўвалi на семiнары, якi арганiзавала ўпраўленне юстыцыi. Удзельнiчалi ў iм i службы занятасцi, i судовыя выканаўцы, i прадстаўнiкi ўпраўлення ўнутраных спраў i адукацыi. Такiя ж семiнары прайшлi i ў раёнах. Поспех можа быць дасягнуты, калi будзе арганiзавана цеснае ўзаемадзеянне ўказаных службаў з грамадскасцю, з выканаўчымi i распарадчымi органамi.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Улады даюць гора-бацькам работу, а яна iм «да лямпачкi» |
|