Жывой птушкай будуць гандляваць толькi па заяўках
Надзея НIКАЛАЕВА
«Крылатая» хвароба Вакцынацыя свойскай птушкi ў населеных пунктах, размешчаных побач з адкрытымi вадаёмамi i птушкафабрыкамi, распачнецца за тыдзень-другi да пачатку масавай веснавой мiграцыi пералётных птушак. Больш дакладныя тэрмiны назваць пакуль немагчыма, паколькi ўсё будзе залежаць ад таго, наколькi iмклiва распачнецца вясна. Аб гэтым паведамiў учора на сустрэчы з журналiстамi начальнiк галоўнага ўпраўлення ветэрынарыi Мiнiстэрства сельскай гаспадаркi i харчавання Аляксандр Аксёнаў. Мiнулагодняй вясной, напрыклад, з-за халодных умоў надвор’я птушкi ў нашы мясцiны не спяшалiся.Паводле слоў спецыялiста, вакцынацыi падлягае свойская птушка ў населеных пунктах, размешчаных у радыусе 500 метраў ад адкрытых вадаёмаў i трох кiламетраў ад прадпрыемстваў птушкагадоўлi. Усяго ў нашай краiне налiчваецца 7 тысяч такiх населеных пунктаў. Летась ветэрынарныя iнспектары наведалi кожнага гаспадара прыватнага падворка ў гэтых пунктах сама меней тры разы: адзiн раз — для таго, каб правесцi з iмi тлумачальную работу наконт пагрозы заносу птушынага грыпу, i два разы — для таго каб зрабiць птушкам прышчэпкi. Усяго за дзяржаўны кошт было прышчэплена 6 млн птушак. Паколькi дзве прышчэпкi гарантуюць птушкам пажыццёвы iмунiтэт, будучай вясной прышчапляць супраць птушынага грыпу будуць толькi маладняк. Для гэтых мэтаў прыгатававаныя 2 млн доз вакцыны. Веснавую мiграцыю пералётных птушак беларускiя спецыялiсты лiчаць найбольш небяспечнай у плане магчымага заносу на нашу тэрыторыю высокапатагеннага ўзбуджальнiка птушынага грыпу з паўднёвага накiрунку. Арнiтолагамi была складзена карта, па якой можна прасачыць шляхi пералётных птушак — усе яны пралягаюць уздоўж буйных рэк (Прыпяцi, Сожа i г. д.). Толькi 20 працэнтаў пералётных птушак вяртаюцца на месцы гнездавання ў Беларусь, а 80 працэнтаў «транзiтам» рухаюцца далей. Летась на тэрыторыi нашай краiны дзейнiчалi шэсць станцый назiрання за пералётнымi птушкамi, але спецыялiсты схiляюцца да думкi, што няма неабходнасцi ў такой колькасцi станцый. Хутчэй за ўсё, вясной пакiнуць толькi дзве-тры станцыi назiрання ў месцах масавай канцэнтрацыi пералётных птушак. Уся птушка, якая гiне падчас пералёту, адпраўляецца на лабараторную экспертызу. За 2006 год было даследавана 5 тысяч галоў забiтай цi загiнулай птушкi. Спецыялiсты лiчаць, што калi падчас веснавой мiграцыi ўдасца максiмальна абмежаваць кантакты пералётных i свойскiх птушак, то на шляху птушынага грыпу будзе пастаўлены сур’ёзны бар’ер. Таму на гэты перыяд будзе ўведзена забарона на выгульнае ўтрыманне хатняй птушкi — яе трэба будзе трымаць або ў межах уласнага падворка, або ў закрытых памяшканнях. Хоць, як ужо вядома, у Падмаскоўе птушыны грып усё ж такi прасачыўся, прычым разам з птушкай, якая была набыта прыватнiкамi на адным з маскоўскiх рынкаў. Цi магчыма паўтарэнне маскоўскага сцэнарыя ў нас? Паводле слоў Аляксандра Аксёнава, у нашай краiне дзейнiчае забарона на рэалiзацыю насельнiцтву жывой птушкi на рынках. Але для таго, каб аматары хатняй птушкагадоўлi не засталiся без птушкi, «жывы тавар» будзе рэалiзоўвацца на спецыяльна абсталяваных пляцоўках, размешчаных на тэрыторыi ад 300 метраў да 1 кiламетра ад птушкафабрык, прычым толькi па папярэднiх заяўках. — Калi, скажам, на заўтрашнi дзень будзе заяўка ад насельнiцтва на 5 тысяч галоў, значыць, менавiта столькi i прывязуць на рэалiзацыю птушкафабрыкi. Вяртаць непрададзеную птушку на птушкафабрыкi катэгарычна забараняецца, — патлумачыў Галоўны дзяржаўны ветэрынарны iнспектар. — Усе 78 нашых прадпрыемстваў птушкагадоўлi круглы год працуюць у закрытым рэжыме. На iх арганiзаваны жорсткi ветэрынарны i санiтарны кантроль. Для аўтатранспарту ўстаноўлены дэзiнфекцыйныя бар’еры. Вельмi жорсткiм стаў парадак наведвання гэтых прадпрыемстваў. Усе работнiкi птушкафабрык былi прышчэплены ад грыпу за дзяржаўны кошт. На наступным тыднi на ўсiх птушкафабрыках пройдуць вучэннi, падчас якiх будзе адпрацоўвацца схема дзеянняў на выпадак выяўлення вiрусу птушынага грыпу.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Вакцынацыя свойскай птушкi ў населеных пунктах, размешчаных побач з адкрытымi вадаёмамi i птушкафабрыкамi, распачнецца за тыдзень-другi да пачатку мас |
|