Падумайце пра летнi рамонт сваiх цепласетак ужо сёння
Іван БАРАНОЎСКІ
Да гэтага заклiкаюць сваiх цяперашнiх i патэнцыяльных партнёраў на сумесным прадпрыемстве «Бел-Iзалiт»
Аднак адносна сутнасцi заклiку — крыху нiжэй, а спачатку нагадаем, што сабой уяўляе «Бел-Iзалiт». Гэта — сумеснае беларуска-нямецкае прадпрыемства, заснавальнiкам якога з беларускага боку з’яўляецца Мiнгарвыканкам. Заснавана яно, адпаведна, па iнiцыятыве Мiнгарвыканкама, а таксама Мiнiстэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркi ў 1996 годзе, размешчана ў прамысловай зоне «Шабаны» ў свабоднай эканамiчнай зоне «Мiнск». Асноўная прадукцыя «Бел-Iзалiта» — папярэдне тэрмаiзаляваныя трубы, якiя служаць для пракладкi цеплавых трас. Чым вызначаюцца гэтыя трубы i адпаведная тэхналогiя? Пачнём з таго, што нашы традыцыйныя цеплатрасы, або цеплатрасы, якiя былi ўзведзены раней (пры гэтым металiчная труба хавалася ў грувасткi жалезабетонны канал, якi загадзя трэба было выкласцi ў земляной траншэi, загортвалася ў мiнеральную вату) мелi (i маюць) вялiкую здольнасць страчваць цяпло. Гэтыя страты даходзяць да 40 працэнтаў. А губляць столькi цяпла ўвогуле недаравальна, i асаблiва цяпер, калi перад намi, як нiколi востра, паўстала пытанне энергазберажэння. I гэта яшчэ не ўсё. Як сведчаць спецыялiсты, больш-менш надзейны тэрмiн службы «традыцыйнай» трубы, нягледзячы на ўсялякiя абгортваннi, складае 10—15 гадоў. Вось таму мы i з’яўляемся даволi частымi сведкамi раскопак на вулiцах нашых гарадоў. Папярэдне iзаляваная труба (ПI-труба), паводле выказванняў спецыялiстаў, уяўляе сабой гэткi сэндвiч, якi рыхтуецца наступным чынам: металiчная труба ўстаўляецца ў полiэтыленавую — мiлiметраў на 100 большую па дыяметру, а свабодная прастора памiж iмi запеньваецца полiурэтанам. Прычым полiурэтан наглуха схоплiвае абедзве трубы памiж сабой, утвараючы жорсткую канструкцыю. Атрыманы «сэндвiч» i ўкладваецца непасрэдна ў земляную траншэю. А цяпер самае галоўнае: у цеплатрасе, пракладзенай з папярэдне iзаляваных труб па дарозе да спажыўца губляецца ўсяго 2—5 працэнтаў цяпла. Параўнаем з 40 працэнтамi традыцыйнай трубы. Летась прадпрыемства «Бел-Iзалiт» адзначыла свой 10-гадовы юбiлей. — «Бел-Iзалiт» першым прыйшоў на айчынны рынак з адзначанай тэхналогiяй, спецыялiсты прадпрыемства шмат зрабiлi па папулярызацыi гэтай тэхналогii, — падкрэслiвае яго генеральны дырэктар Святаслаў Абражэвiч. — Самае галоўнае, што нясе з сабой гэта тэхналогiя, — эканомiю энергарэсурсаў. Выключна гэта тэхналогiя прымяняецца ў еўрапейскiх краiнах, знаходзiць шырокае распаўсюджванне ў Расii i iншых постсавецкiх краiнах. У мiнулым годзе мы асвоiлi выпуск ПI-труб вялiкага дыяметра, у якiх дыяметр металiчнай трубы складае 700—800 мiлiметраў. Гэта дае нам магчымасць цалкам задавальняць патрэбнасцi вялiкай энергетыкi (тут у першую чаргу маецца на ўвазе пракладванне адрэзкаў цеплатрас, што бяруць свой пачатак непасрэдна ад цеплаэлектрастанцый)... «Бел-Iзалiт» стаў надзейным партнёрам для прадпрыемстваў, якiя працуюць у галiне цеплаэнергазабеспячэння, для жыллёва-камунальных i будаўнiчых арганiзацый. Яны ў вынiку эканомяць i сродкi, i час. Напрыклад, сумарныя затраты на ўзвядзенне i эксплуатацыю цеплатрас з ПI-труб за 30 гадоў iх праектнай службы, у параўнаннi з ранейшай тэхналогiяй, меншыя ў 6 разоў... Да слоў Святаслава Iванавiча варта дадаць: гэта тэхналогiя, пры ўсiх яе плюсах, мае таксама на ўвазе аснашчэнне цеплатрас з ПI-труб спецыяльнай кантрольнай сiстэмай, якая можа з дакладнасцю да метра ўказаць месца нават самага нязначнага выхаду цепланосьбiту з трубы. Вядома, калi такое здарыцца. А здарыцца такому не можа дазволiць уся сiстэма надзвычай строгага кантролю як непасрэдна ў вытворчасцi ПI-труб, так i на мантажы цеплатрас. Пры гэтым пры «Бел-Iзалiце» створана таксама прадпрыемства «Бел-Iзалiт-Мантаж», якое ў нярэдкiх выпадках само ж i ўзводзiць адпаведныя цеплатрасы. Яшчэ раней сiстэма кiравання якасцю «Бел-Iзалiта» была атэставана на яе адпаведнасць мiжнародным стандартам ISO 9001, у мiнулым годзе адпаведны сертыфiкат атрымаў чарговае пацвярджэнне. Аднак пазнаёмiмся яшчэ з адным Святаславам Абражэвiчам — начальнiкам цэха. Прычым адразу ж зазначым: гэта тая «сямейнасць», якая справе нiколькi не шкодзiць, а, наадварот, толькi дапамагае. Напрыклад, варта было паглядзець, як ушчуваў рабочых маладзейшы Святаслаў Абражэвiч за трохi выпушчаную iмi на падлогу полiурэтанавую пену падчас залiўкi трубы: «Грошай жа каштуе»... Малады Святаслаў Абражэвiч яшчэ некалькi гадоў таму хадзiў у мора на гандлёвым флоце. Потым прыехаў у Мiнск, ды i надзейна кiнуў якар на «Бел-Iзалiце», на якiм, як зазначыў ён сам, нiколькi не горш. Пачынаў тут слесарам, потым быў iнжынерам па якасцi, а летась прызначаны начальнiкам цэха. Сёлета заканчвае БНТУ, факультэт цеплаэнергетыкi, лiтаральна праз тыдзень у яго дзяржаўны экзамен, дыпломны праект, вядома ж, — па «тэме»: вытворчасць тэрмаiзаляцыйных трубаправодаў. Малады Абражэвiч паказвае ўстаноўку, на якой можна працаваць з полiэтыленавымi трубамi вялiкiх дыяметраў, а таксама аўтамат для зварвання вялiкiх дыяметраў — набыты ў мiнулым годзе. Якраз набыццё гэтага абсталявання i дазваляе цяпер «Бел-Iзалiту» папоўнiць асартымент сваёй прадукцыi вялiкiмi ПI-трубамi... Падчас нашай размовы Святаслаў Абражэвiч адзначыў добрую якасць полiэтыленавых труб Барысаўскага завода пластмасавых вырабаў; шкада толькi, што на iм не выпускаюцца трубы менавiта вялiкiх дыяметраў, апошнiя даводзiцца завозiць з-за межаў Беларусi... Дарэчы, iмпартаваць «Бел-Iзалiту» даводзiцца нямала чаго (з Расii, Германii, Украiны), а ў цэлым кошт матэрыялаў для вытворчасцi ПI-труб складае каля 70 працэнтаў ад кошту заказу. Леанiд Зубкоўскi — намеснiк генеральнага дырэктара па маркетынгу, яго асноўны клопат, — зразумела, камплектаванне партфеля тых жа заказаў. Сёлета справа з iмi выглядае больш-менш добра. Цяпер «Бел-Iзалiт» выконвае неблагi заказ на даволi значную суму, для Брэстэнерга. «Бел-Iзалiт» таксама выйграў тэндар на пастаўку сваiх ПI-труб (820 мм) для мiнскiх метрабудаўцаў. Прычым менавiта гэты заказ стаў для прадпрыемства першым заказам на трубы вялiкага дыяметра, да выпуску якiх, як сказана ўжо, тут добра падрыхтавалiся яшчэ ў мiнулым годзе. — Гэта, аднак, цяпер справа з заказамi складваецца, як быццам, нядрэнна. А бывае так, што ўся наша работа хутчэй набывае гэткi сезонны характар, — скардзiцца Леанiд Зубкоўскi на зiмовую спячку патэнцыяльных заказчыкаў. — Прадпрыемства, пачынаючы з лiстапада i па май, як правiла, загружана слаба. Затое ў летнi перыяд даводзiцца арганiзоўваць нават трэцюю змену або кругласутачную, практычна бесперапынную работу. Адсюль цяжкасцi з камплектаваннем штату. На летнi перыяд даводзiцца нямала набiраць дадатковых людзей. Пры гэтым нярэдка выручаюць студэнты, якiя прыходзяць да нас летам зарабiць... Менавiта Леанiд Зубкоўскi i заклiкае заказчыкаў падумаць пра летнi рамонт сваiх цепласетак ужо цяпер. Гэта дазволiла б i прадпрыемству лепей спланаваць сваю работу, працаваць больш рытмiчна, а значыць — i больш якасна, i належным чынам падрыхтавацца да летняга сезона таму ж заказчыку, атрымаць ад прадпрыемства ўсё неабходнае ў дакладна вызначаны тэрмiн. А пры гэтым варта ўдакладнiць: вырабляюць на «Бел-Iзалiце» не толькi папярэдне iзаляваныя трубы, а i ўсе фасонныя элементы, якiя выкарыстоўваюцца пры пракладваннi цеплатрас, — пераходныя часткi трубаправодаў, трайнiкi i г.д. Сёння на «Бел-Iзалiце» за год здольныя забяспечыць патрэбы заказчыкаў у трубах i фасонных элементах цеплатрас працягласцю гэтых цеплатрас больш за 100 кiламетраў. Пры гэтым на «Бел-Iзалiце» падкрэслiваюць: вельмi значная колькасць цепласетак у краiне патрабуе замены. Як у сiстэме энергетыкi, так i ў камунальнiкаў. Каб больш-менш паспяваць за зношваннем гэтых сетак, трэба штогод мяняць iх (у прыватнасцi ў сiстэме энергетыкi) 200 кiламетраў. Карацей кажучы, работы хапае. А менавiта толькi ўказаную тэхналогiю цяпер i належыць выкарыстоўваць. I яшчэ некалькi лiчбаў. У прыватнасцi, адносна той жа эфектыўнасцi. На адным кiламетры папярэдне iзаляванай трубы за ацяпляльны сезон можна зберагчы цеплавой энергii на 15 тысяч долараў. А эканомiя палiва за кошт укаранення, напрыклад, 100 кiламетраў такiх труб забяспечвае эканомiю сродкаў на суму да 600 тысяч долараў. Дапоўнiм наш расказ наступным фактам: на «Бел-Iзалiце» ў мiнулым годзе створана свая праектная група, якая можа падрыхтаваць усю адпаведную дакументацыю на будаўнiцтва, рэканструкцыю i капiтальны рамонт цеплавых сетак, забяспечыць аўтарскае суправаджэнне свайго праекта, аказаць заказчыку рознага роду кансультацыйную дапамогу. Напрыклад, па ацэнцы стану яго цеплавых сетак. Як адзначаюць на прадпрыемстве, стварэнне такой групы ў цэлым павышае якасць i эфектыўнасць усёй работы. I ў заключэнне варта ўдакладнiць: на «Бел-Iзалiце» таксама выпускаюць ПI-трубы на базе шклапластыку i полiпрапiлену.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Да гэтага заклiкаюць сваiх цяперашнiх i патэнцыяльных партнёраў на сумесным прадпрыемстве «Бел-Iзалiт»
|
|