«Лiм»: элiтарнае выданне для масавага чытача
Аднаму са старэйшых выданняў Беларусi, газеце «Лiтаратура i мастацтва», 26 лютага спаўняецца 75 гадоў. Гэта сапраўды ўзрост мудрасцi i сталасцi.
У «ЛiМа» былi, ёсць i будуць свае прыхiльнiкi, верныя чытачы, таленавiтыя аўтары. Выданне запатрабавана ў нашай краiне, яно, як i iншыя сродкi масавай iнфармацыi Беларусi, крочыць у нагу з часам, адлюстроўвае на сваiх старонках шматгранны спектр жыцця i творчасцi рэспублiкi. З нагоды юбiлею мы звярнулiся з некалькiмi пытаннямi да галоўнага рэдактара «Лiтаратуры i мастацтва», пiсьменнiка Анатоля КАЗЛОВА. — Якiя традыцыi папярэднiкаў асаблiва ашчадна захоўвае i развiвае «ЛiМ»? — Напачатку варта адзначыць, што першы нумар газеты «Лiтаратура i мастацтва» прыйшоў да беларусаў у няпросты час, а менавiта ў перыяд, калi ўзрост маладой БССР крышку перавалiў за дзесяцiгоддзе. Як мы цяпер добра ведаем — гэта быў складаны i жорсткi перыяд. Але, тым не менш, «ЛiМ» нарадзiўся. Першы нумар прывiтальным словам блаславiў у свет тагачасны сакратар ЦК КП(б)Б Шаранговiч. Зразумела, што газета, якая абвясцiла сваёй галоўнай задачай «быць вострай зброяй барацьбы за генеральную лiнiю партыi ў галiне лiтаратуры i мастацтва», прайшла разам са сваiмi чытачамi не толькi доўгi, але i складаны шлях. Гартаючы падшыўкi, нельга без хвалявання чытаць нумары «ЛiМа» за 1937—1938 гады, потым — часы хрушчоўскай «адлiгi» ды «перабудовы». Вядомая не аднаму пакаленню беларусаў, газета стала не толькi крынiцай iнфармацыi пра найважнейшыя падзеi ў лiтаратурным жыццi i мастацкай творчасцi нашых суайчыннiкаў, але i добрым дарадцам па шматлiкiх пытаннях дзейнасцi беларускай творчай iнтэлiгенцыi — лiтаратараў i мастакоў, акцёраў i музыкантаў, навукоўцаў i ўсiх тых, хто неабыякавы да кожнай духоўна-культурнай праявы. Без перабольшання можна адзначыць, што за гады свайго iснавання «ЛiМ» выправiў у лiтаратуру шмат каго з пiсьменнiкаў, даўно прызнаных майстроў слова не толькi ў нашай краiне, але i далёка за яе межамi. Свае першыя лiтаратурныя творы друкавалi на старонках газеты I. Мележ, I. Шамякiн, В. Быкаў, У. Караткевiч, Я. Янiшчыц, Т. Бондар, А. Разанаў, А. Пiсьмянкоў i многiя iншыя. Думаю, будзе справядлiвым сцвярджэнне, што нiводны беларускi пiсьменнiк не абмiнуў i не абмiнае сваёй увагай «ЛiМ», паколькi надрукавацца ў газеце «Лiтаратура i мастацтва» заўсёды лiчылася за гонар для любога творцы. З поўнай адказнасцю сведчу, што паўнавартасны твор i сёння нiколi ў рэдакцыйным партфелi не залежваецца, а праз газетныя старонкi выходзiць да шырокага чытача, нашага чытача. I даходзiць значна хутчэй, чым праз iншыя лiтаратурныя выданнi. Лепшыя традыцыi мiнулага газета захоўвае i сёння. А гэта — асвятленне творчых дасягненняў празаiкаў i паэтаў, кампазiтараў i мастакоў, акцёраў i дзеячаў культуры, навукоўцаў... Усiх тых асобаў, хто спрыяе духоўнаму развiццю сённяшняга беларуса, дапамагае сучаснiку ўсвядомiць сябе часцiнкай адзiнай магутнай i маральна здаровай нацыi. Не забываецца «ЛiМ» i пра нашых папярэднiкаў — славутых сыноў i дачок Бацькаўшчыны, якiя з’яўляюцца гонарам краiны. Хацелася б адзначыць, што ля вытокаў нашай газеты стаялi такiя тытаны духу i таленту, як Янка Купала i Якуб Колас. Менавiта яны былi аўтарамi i дарадцамi «ЛiМа». I зараз на старонках газеты друкуецца шмат матэрыялаў, прысвечаных жыццю i творчасцi класiкаў, архiўныя знаходкi, асвятляюцца мерапрыемствы, звязаныя з дарагiмi для кожнага беларуса iмёнамi. Як вядома, гэты год па iнiцыятыве Саюза пiсьменнiкаў Беларусi абвешчаны Лiтаратурным годам Янкi Купалы i Якуба Коласа. Адпаведна, усе мерапрыемствы, што плануецца праводзiць у краiне, знойдуць шырокае адлюстраванне на старонках «Лiтаратуры i мастацтва». Арыентавацца чытачу нашага штотыднёвiка дапамагаюць пастаянныя рубрыкi «ЛiМ-часапiс» (пра самыя значныя, яскравыя падзеi тыдня ў лiтаратурным i культурным жыццi краiны), «Крытыка», «Паэзiя», «Проза», «Сядзiба муз» (пра музыку, тэатр, кiно, выяўленчае мастацтва...), «Кулуары» (агляды творчасцi пiсьменнiкаў з нагоды выхаду ў свет новай кнiжкi). Чытачоў цiкавяць i такiя рубрыкi (ведаем па рэдакцыйнай пошце), як «Толькi ў «ЛiМе», «Мабiльныя лiтсувязi» (гутаркi з цiкавымi творцамi), «Перыферыйны кнiгазбор» (агляды i рэцэнзii на кнiжкi, выдадзеныя ў правiнцыi), «Пасольскi клуб» (iнтэрв’ю з кiраўнiкамi дыпламатычных мiсiй у Беларусi) ды шмат iншых. Адным словам, з газетай «Лiтаратура i мастацтва» няма калi сумаваць. Нават не зазiраючы ў кнiгарнi, тэатры i на выставы, а чытаючы «ЛiМ», можна быць у курсе ўсяго лiтаратурнага i культурнага жыцця рэспублiкi. Тым больш, што пры непасрэднай падтрымцы i дапамозе Мiнiстэрства iнфармацыi з 16 лютага гэтага года газета пачала выходзiць у чатырохколерным палiграфiчным выкананнi на афсетнай паперы. Гэта, бясспрэчна, паспрыяе лепшаму эстэтычна-вiзуальнаму ўспрыняццю «ЛiМа» чытачом. — «ЛiМ» сёння — выданне элiтарнае або скiраванае на масавага чытача? — Лiчу, што тыднёвiк — элiтарнае i ў той жа час зарыентаванае на масавага чытача выданне. Магу патлумачыць чаму: сённяшнi беларус — высокаадукаваны, духоўна багаты з шырокiмi поглядамi чалавек, а гэта значыць, што ён не вузкаспецыялiзаваная асоба, а чалавек, якога цiкавяць лiтаратура, культура, мастацтва. Адпаведна — пачарпнуць усё гэта можна з нашага выдання. Тым больш, што iншыя СМI неналежным чынам надаюць увагi, калi можна так сказаць, духоўна-душэўнай сферы чалавека. Лiтаратура ж увогуле знiкла са старонак многiх рэспублiканскiх газет. Дзякуй Богу, што пакуль «Звязда» знаходзiць месца на сваiх палосах для правядзення конкурсаў на лепшае апавяданне года, друкуе падборкi вершаў, а вось iншыя... — Зборны вобраз чытача — якi ён? — Наш чытач — школьнiк i студэнт, рабочы i вясковец, настаўнiк i iнжынер, творца i акадэмiк, мiнiстр... Калi некалькiмi словамi, то гэта чалавек, якi любiць, шануе i паважае сваё роднае, крэўнае, нацыянальнае. Хто неабыякавы да гiстарычнай, лiтаратурнай, культурнай i мастацкай спадчыны нашага таленавiтага i працавiтага народа. Хто ў першую чаргу любiць сваё, а ўжо затым пазiрае на суседскае, не так i важна, блiзкi гэта сусед альбо далёкi. Так, нам яшчэ шмат чаму прыйдзецца навучыцца. Навучыцца не раскiдваць найбагацейшую спадчыну, а па крупiнках збiраць i захоўваць. Навучыцца з гонарам, павагай i годнасцю ставiцца да нацыянальных творцаў, людзей, якiя ўзвышаюць наш народ. Навучыцца самiм рабiць ацэнку зробленаму пэўнымi асобамi, а не чакаць, пакуль гэта заўважаць у Расii цi Польшчы, Лiтве альбо Францыi... Бачыць тых i тое, што побач. — Як бы вы сфармулявалi крэда «ЛiМа»? — Не абмiнаць анiводную вартую ўвагi падзею ў лiтаратурным, культурным i мастацкiм жыццi краiны. Заўсёды iсцi ў нагу з хуткаплынным часам, а iншым разам i апярэджваючы пэўныя падзеi, якiя толькi акрэслiваюцца ў розных плынях творчасцi. Бо тыднёвiк «ЛiМ» для ўсёй беларускай культуры — знакавае выданне.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Аднаму са старэйшых выданняў Беларусi, газеце «Лiтаратура i мастацтва», 26 лютага спаўняецца 75 гадоў. Гэта сапраўды ўзрост мудрасцi i сталасцi
|
|