Дамрачова — новы лiдар
Iрына ПРЫМАК
Чэмпiянат Еўропы ў Балгарыi аказаўся для нашых бiятланiстаў з залатым адлiвам. На вышэйшую прыступку п’едэсталу ўзнялiся жаночая зборная (Надзея Скардзiно, Вольга Кудрашова, Людмiла Ананька, Дар’я Дамрачова) у эстафеце — 4х6 км; Вольга Кудрашова — у гонцы праследавання (10 км) i Дар’я Дамрачова — у спрынце (7,5 км), дзе бронзу таксама здабыла тая ж Кудрашова. Людмiла Ананька заваявала сярэбраны медаль у iндывiдуальнай гонцы (15 км). Мужчынская каманда (Сяргей Новiкаў, Аляксандр Сыман, Рустам Валiулiн, Уладзiмiр Мiклашэўскi) фiнiшавала трэцяй у эстафеце 4х7,5 км. Растлумачыць такi ўзлёт беларускiх страляючых лыжнiкаў пасля чэмпiянату свету ў Iталii, дзе наогул не ўдалося трапiць у прызёры, не тое што ў пераможцы, згадзiўся генеральны сакратар беларускай федэрацыi бiятлона Аляксандр БЯЛЯЕЎ:
— Для нашых спартсменаў чэмпiянаты Еўропы i свету — галоўныя старты сезона, а этапы Кубка свету хутчэй носяць падрыхтоўчы характар, таму на еўрапейскiм першынстве-2007 наша каманда спрабавала выступiць як мага лепей. Асаблiвасцю гэтага выступлення стала тое, што трэнеры зрабiлi стаўку на маладых i не прагадалi, бо медалi ў асноўным здабывалi маладыя, у прыватнасцi Дар’я Дамрачова i Уладзiмiр Мiклашэўскi, а больш вопытныя, гледзячы на iх, таксама заяўлялi аб сабе. Напрыклад, Людмiла Ананька, адзiная прадстаўнiца беларускай жаночай каманды алiмпiйскага ўзору (раней у эстафетным квартэце былi Ананька, Iванова, Назарава i Зубрылава), упершыню стала прызёрам у iндывiдуальных спаборнiцтвах сярод дарослых спартсменаў, што не можа не радаваць. На мой погляд, ужо зараз можна сказаць, што ў абноўленай жаночай камандзе з’явiўся новы лiдар — гэта Дар’я Дамрачова: яна хоць яшчэ i юнiёрскага ўзросту, толькi выходзiць на дарослы шлях, але мае сапраўдны байцоўскi характар. На жаль, у мужчын сiтуацыя не настолькi прыемная. Аднак змаглi-такi заваяваць «бронзу» ў эстафеце.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Чэмпiянат Еўропы ў Балгарыi аказаўся для нашых бiятланiстаў з залатым адлiвам
|
|