Свята соннага царстваЁсць нагода Сёння — Дзень сну, абвешчаны па iнiцыятыве Сусветнага фонду псiхiчнага здароўя. За што яму ад усiх аматараў паспаць (а цi многа сярод нас не-аматараў?) вялiкi дзякуй. Шкада толькi, святочную дату не прынята адзначаць масавай спячкай — а мо, пакуль што?Не важна, «жаўрук» вы або «сава» — праблема сну апошнiм часам аднолькава вострая для ўсiх. Паводле статыстыкi, звыш 10 працэнтаў насельнiцтва iндустрыяльных гарадоў пакутуюць ад бяссоннiцы. Кожны пяты вадзiцель хоць раз у жыццi засынаў за рулём — што, пагадзiцеся, збольшага завяршаецца плачэўна. Увогуле, мы спiм прыкладна на 20 працэнтаў менш, чым людзi мiнулага стагоддзя, хоць «нарматыў» у 7—8 гадзiн нiхто не адмяняў. Урачы-самнолагi (менавiта яны даследуюць праблемы сну) мяркуюць, што палова насельнiцтва планеты развучылася правiльна спаць i зарабiла ўсякiя парушэннi сну — вось таму мы i кладзёмся як быццам рана, але не паспяваем адпачыць, а на працу прыходзiм разбiтыя... Кожны другi дарослы чалавек Зямлi не прыслухоўваецца да пажаданняў уласнага арганiзма. Арганiзм пачынае помсцiць — асаблiва людзям за 50 гадоў, i большасцi жанчын, незалежна ад узросту. Прафесiйныя перавагi ў бяссоннiцы таксама ёсць — складана заснуць прадстаўнiкам сферы юрыспрудэнцыi, адукацыi, культуры i мастацтва — карацей, стандартны iнтэлiгенцкi набор. А дрэнны сон, мiж iншым, гэта не толькi павышаная раздражнёнасць i стомлены знешнi выгляд; гэта першая прыступка па дарозе да iнсультаў, гiпертанii i iншых сур’ёзных захворванняў. Акрамя таго, сон — не толькi ваша асабiстая праблема. Скрупулёзныя амерыканцы падлiчылi, што страты ад знiжэння працаздольнасцi змучаных бяссоннiцай работнiкаў складаюць 18 мiльярдаў долараў штогод. Так што не бярыце дрэнны прыклад са Шцiрлiца, якi «праграмаваў» сон з дакладнасцю да хвiлiны — марш спаць па ўсiх правiлах! Правiлы насамрэч не складаныя. Па-першае, не пiце многа перад сном — асаблiва алкаголю. Не адкладвайце на вечар заняткаў, якiя патрабуюць канцэнтрацыi i напружання ўсiх сiл. Чытанне, праслухоўванне музыкi, прыняцце ванны — якраз тое, «што доктар прапiсаў», а вось рамонт, змаганне ў «Соuntеr Strikе» i хуткаснае напiсанне курсавой лепш перанесцi на заўтра. Па-другое — чаму самыя простыя парады заўжды такiя цяжкавыканальныя? — старайцеся класцiся спаць прыкладна ў аднолькавы час. Зручны ложак, якасная бялiзна, гукаiзаляцыя вокнаў спальнi — рэчы самi сабой зразумелыя. I не глядзiце на ноч тэлевiзар, асаблiва ў пасцелi, асаблiва навiны! Лепш прагуляцца 15 хвiлiн на свежым паветры, дый спальню не забыцца праветрыць. I не есцi перад сном, максiмум — шклянку цёплага малака. Самнолагi сцвярджаюць: цывiлiзацыя шкодная для сну. Гэта значыць, чым большы горад, дзе вы жывяце, тым больш верагодныя праблемы са сном. А ў iм, салодкiм i моцным, мы павiнны праводзiць трэць жыцця, i прачынацца не ад аўтамабiльнай сiгналiзацыi пад акном, а ад промняў сонца (электрычнасць канчаткова збiла ў сучаснiкаў паняццi пра пачатак i канец светлавога дня). Нездарма казалi: «Хто спiць, той не грашыць». Так што заплацiце падаткi, прымiце ванну з валяр’янам ды хвояй — i спiце, таварышы, спакойна i здарова... НА ЗАМЕТКУ Як здаўна лiчыцца, сны — прадвеснiкi верагоднай будучынi. Так што першыя соннiкi з’явiлiся больш за 3 тысячы гадоў таму. Найбольш поўным з сучасных соннiкаў лiчыцца зборнiк Густава Мiлера, якi называецца «10 тысяч тлумачэнняў сноў». Другi па папулярнасцi тлумачальнiк сноў — знакамiты нямецкi псiхолаг Зiгмунд Фрэйд. Самы знакамiты са «стваральных» сноў — сон Д.I. Мендзялеева, якому ўбачылася Перыядычная таблiца хiмiчных элементаў. Самы фiласофскi сон — сон мудрага Лао-цзы. Яму прыснiлася, што ён матылёк, якому снiцца, што ён Лао-цзы. Вам смешна, а на гэтым пабудавана цэлая фiласофская канцэпцыя. Адзiн з вядомых прароцкiх сноў — сон Аўраама Лiнкальна, якi ўбачыў уласнае пахаванне. Самы вядомы лiтаратурны сон — чацвёрты сон Веры Паўлаўны, у якiм Чарнышэўскi апiсаў светлую будучыню. Сон выкарыстоўвалi i ў кiнематографе, толькi зусiм па-рознаму: амерыканцы са сваiм падыходам стварылi шэраг «Жахаў на вулiцы Вязаў» пра Фрэдзi Кругера, а рускiя — камедыю «Iван Васiльевiч мяняе прафесiю». Вiкторыя ЦЕЛЯШУК, соня са стажам. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Сёння — Дзень сну, абвешчаны па iнiцыятыве Сусветнага фонду псiхiчнага здароўя. За што яму ад усiх аматараў паспаць (а цi многа сярод нас не-аматараў?
|
|