21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Бярно

25.08.2009 22:21 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Алесь КАСЦЕНЬ

Простыя рэчы

У нас пра гэту простую рэч кажуць так, але, вiдаць, лiтаратурна правiльна будзе — бервяно, а раней iснавала i назва бярво, было яшчэ берва. А пра ствол дрэва, што па руску, беларусы гаварылi — бермiшча, бермяно, галамень.

Пачну з таго, што многiм маладым чытачам, магчыма, i невядомае. Суботнiкi iснуюць i ў нашым цяперашнiм жыццi. Патрэбная справа хоць бы для таго, каб ачысцiць тэрыторыю там, дзе ты жывеш, адпачываеш. Але ж раней яны называлiся так: ленiнскi камунiстычны суботнiк. Некалi, на зары iснавання Савецкай краiны ў Крамлi быў арганiзаваны першы суботнiк. У iм прыняў удзел i Уладзiмiр Ульянаў-Ленiн, правадыр новай дзяржавы. Дакладна ў свой час сцвярджалася, што на гэтым суботнiку ён нёс бервяно. Факт сам па сабе малазначны. Але ў пазнейшыя савецкiя часы з’явiлася столькi ўспамiнаў пра гэта, так што атрымлiвалася: несцi гэта бервяно правадыру дапамагала ледзь не сотня чалавек. Ну, гэта даўняе i ўжо не зусiм наша бервяно.

А вось для беларуса з гэтым словам было звязана i да сёння звязана вельмi многае. Найперш, лясiстая краiна. I жыллё наша, хата, менавiта з бярвення. I шмат стагоддзяў таму, i сёння высечка, тралёўка i продаж лесу, бярвенняў было адным з важных заняткаў беларусаў.

У пачатку ХХ стагоддзя Аркадзь Смолiч так апiсваў гэты вiд працы.

«Галоўная работа ў лесе — гэта павал лесу i дастаўка яго на рум. Румам называецца бераг сплаўнае ракi, на якi звозiцца дрэва з акалiчных лясоў. Тут купец прымае дрэва. Павал i возка бёрнаў iдзе ўвосень i праз усю зiму. Вясною, як толькi рушаць рэкi, дрэва сплаўляюць — па малых рэчках россыпам, г.зн. асобнымi калодамi, па вялiкiх рэках — плытамi. Россыпам дрэва iдзе аж да вялiкiх рэк. Там яго ловяць i вяжуць у плыты. У плыце бывае па 300—500 калод, у залежнасцi ад вады. Калi вада глыбокая — кладуць больш. Плыт сядзiць у вадзе не больш, як на аршын, а над вадою высунуты на вяршок. З 10—20 плытоў складаецца сотня, або гонка. Пры кожнай гонцы ёсць цэлая грамада плытнiкаў. На чале iх знаходзiцца дубавiк, або рэтман, якi загадвае сплавам. Для плытнiкаў на адным з плытоў ёсць хатка з печкай, дзе яны сабе вараць есцi».

Як бачым, Смолiч выкарыстоўвае не слова бервяно, а слова калода. Яно ўжываецца i цяпер, але больш датычыцца кароткiх, тоўстых бярвенняў. На зусiм кароткай калодзе можна шчапаць дровы, секчы мяса, нешта сагнуць цi параўняць. Для гэтай рэчы выкарыстоўваюць яшчэ i назву калодка. Ёсць i прымаўка — цераз пень калоду. З вясковага ляснога жыцця, пра нядбайную працу. А калодай называюць яшчэ ж i вулей для пчол, праўда, цяпер такi вулей убачыць цяжкавата.

У Бядулi знаходзiм: «Мой бацька i дзядзька Язэп нанялiся звалiць у гаi пару дзесяткаў дубоў i парэзаць на кароткiя калодкi для клёпак». Прачытаў напiсанае i задумаўся. Недзе ж, недзе чытаў пра дубы i бёрны з iх. Успомнiў. У «Поднятой целине» Шолахава. Прабачце яшчэ за адну цытату, але працытую. Якаў Лукiч, калгасны загадчык гаспадаркi, прыехаў у дубраву выбiраць для калгаса лес.

«Зацясаў штук шэсць дубоў, падышоў да чарговага...

Зрабiў зацёс, надпiсаў на вызваленай ад кары бакавiне чарнiльным алоўкам «Г.К.» i, адкiнуўшы нагою сырыя... шчэпкi, сеў пакурыць. «Колькi гадоў жыў ты, браток! Нiхто над табою не меў улады, i вось падышоў час памiраць. Зваляць цябе, абскубуць, адсякуць сякерамi тваю красу — галiны i атожылкi, i павязуць да сажалкi, паляй зарыюць на месцы става... — думаў Якаў Лукiч, знiзу ўверх паглядваючы на шаты верхалiны дуба. — I будзеш ты гнiсцi ў калгаснай сажалцы, пакуль не сапрэеш. А потым узлымной вадой вясною зацягне цябе куды-небудзь у канец балкi, — i ўсё табе, канец!».

Ад гэтых думак Якаў Лукiч раптам балюча адчуў незразумелую самоту i трывогу. Яму стала не па сабе...

«Жывi! Расцi! Красуйся!...»

Ён мiтуслiва ўскочыў, набраў у жменю глiнiстай гразi, клапатлiва замазаў ёю зацёс».

Любое бервяно, перад тым, каб стаць яму такiм, спачатку бывае дрэвам. У беларуса гэта не толькi жыллё, але i самая неабходная рэч — дровы. У апошнi час торфабрыкет падаражэў, яго калi i купляюць, то стараюцца выкарыстоўваць ашчадна, толькi ў самыя моцныя маразы. А вось дровы — гэта калi ласка. Дарэчы, многiм пастаўчанам вельмi дапамагае прадпрымальнiк Бабiчаў, якi кiруе вялiкiм мэблевым прадпрыемствам. Ён па таннай цане прадае адыходы свайго прадпрыемства. Прычым з дастаўкай яго ж транспартам. I асаблiва пенсiянеры гэтым вельмi задаволены. Пад’ехала машына, выгрузiла ў дварышча абрэзкi, якiя нi рэзаць, нi шчапаць не трэба — насi пацiхеньку.

I ўсё-такi ёсць своеасаблiвае задавальненне ў нарыхтоўцы дроў непасрэдна ў лесе. Бывае гэта, як правiла, у зiмовы час цi восенню. Але па халадку, ужо без камароў. Колькi разоў прымаў удзел у такiх нарыхтоўках — не пералiчыць. Даводзiлася i двуручнай пiлой пiлаваць. Але ўсё-такi цяпер у асноўным бензапiлы нямецкай, шведскай вытворчасцi. З iмi, прызнаюся, не працаваў — не спецыялiст. I вось валiцца з караня бярэзiна цi альшына. Бярэш у рукi сякеру i з прыгожага, заiнелага дрэва робiш самае звычайнае бервяно. Тут таксама патрэбен пэўны спрыт i асцярога. Сякера можа адскочыць ад сука, а можа i па назе слiзгануць. Але бярно гатовае. Спецыялiст крыжуе яго на меншыя памеры, такiя, якiх памераў у вас транспарт. Вынесцi бярно да гэтага транспарту — таксама работа. Бывае, што i за некалькi дзесяткаў метраў. Калi яно не надта тоўстае — узвальваеш на плячо адзiн. Калi тоўстае, бярэшся ўдвух, а то i ўтрох. I гэта ўсё бывае па глыбокiм снезе. Праца, як кажуць, пад потам. Затое, калi машына цi трактар загружаныя, ляснiк праверыў выдзеленую дзялянку, падпiсаў дакументы, тут пачынаецца прыемнае. На пень трэба абавязкова паставiць пляшку. Прычым закуску далiкатную браць у лес неяк i нязвычна, нясмачна яна там глядзiцца, паляжаўшы на марозе. А вось кавалак сала, ды яшчэ густа пасыпаны перцам, салёны агурок, жытнi хлеб, якi не рэжацца нажом, а проста адломваецца, колькi каму хочацца, — гэта выклiкае слiну нават пры напiсаннi цяпер радкоў. Ну, а як бервяно ператварыць у палiва, — гэта ўжо праблема тэхнiчная i малапрываблiвая. А вось паездку ў лес запамiнаеш надоўга. Ды i цэлы тыдзень пасля гэтага дыхаецца неяк iнакш.

Бервяно, калода. У калоды ёсць яшчэ адно значэнне. Той, хто аматар картачных гульняў, добра гэта ведае. Ёсць i яшчэ адно. Нашы продкi (тады, вiдаць, i дрэвы былi таўсцейшыя) для нябожчыка з такiх тоўстых дрэў выдзёўбвалi калоды-труны. Цяпер цi ёсць такое дзе. Але гэта тэма сумнаватая. Вiдаць, патрэбна заканчваць размову пра простую рэч. I пажадаем усiм, каб не было так, як кажацца ў прымаўцы. Будзем не заўважаць у чужым воку парушынку, ведаць, што ў сваiм можа быць бервяно.

Вiцебская вобласць.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У нас пра гэту простую рэч кажуць так, але, вiдаць, лiтаратурна правiльна будзе — бервяно, а раней iснавала i назва бярво, было яшчэ берва. А пра ство
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика