21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Колер маёй Беларусi

25.08.2009 22:21 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Анатоль БУТЭВIЧ

Уражанне

У нацыянальным мастацкiм музеi Беларусi працуе выстава твораў Леанiда Шчамялёва

Творчасць народнага мастака Беларусi Леанiда Шчамялёва для сталага гледача не загадка, а заўсёднае адкрыццё. Але i для дасведчаных гэта заўсёды здзiўленне. Здзiўленне не адно ад працавiтай руплiвасцi мастака, але i ад ягонай нязменнай прыхiльнасцi сваёй тэме, почырку i свайму колеру. Так, менавiта колеру. Бо шмат у каго менавіта колер выклiкае разуменне, што творы гэтыя належаць Леанiду Шчамялёву.

Для мяне гэта таксама своеасаблiвы апазнавальны знак маёй Беларусi i творчай адметнасцi мастака.

Напэўна, кожны з нас чуў словы вядомай песнi «Каб любiць Беларусь нашу мiлую, трэба ў розных краях пабываць...». Прызнаюся, я па-рознаму ў розны час ставiўся да гэтых слоў. I ў якасцi аргумента прыводзiў прыклад маiх бацькоў, якiя, як i шмат хто з даўнейшых жыхароў, не мелi магчымасцi быць далёка за яе межамi. Але цi шкодзiла гэта iм любiць нашу зямлю, шанаваць наша нацыянальнае i жыць з iмi — заўсёды, пастаянна, нязводна?

Аднак быў момант, калi лёс закiнуў мяне хоць i не надта далёка, але ж за межы Беларусi. I мо толькi тады я больш глыбока зразумеў сэнс гэтых слоў. Сапраўды, каб больш i мацней любiць Беларусь нашу мiлую, часам трэба зiрнуць на яе як бы збоку, здаля, вачыма часова адарванага ад яе. I тады нешта чуллiвае кране тваю душу, нешта ў ёй зварухнецца, i ты адчуеш самае звыклае i простае: няма на гэтым вялiзным зямным шары нiчога мiлейшага за сваё, роднае, блiзкае, што завецца гэтак проста i зваблiва — мая Радзiма, мая Беларусь.

Я таксама не раз зведаў такiя пачуццi. I сярод iншых згадак даволi часта ў памяцi паўставалi палотны Леанiда Шчамялёва. Часам нават не нейкiя канкрэтныя. Перад вачыма мiжволi паўставаў найперш iхнi непаўторны i нi на каго не падобны настрой, аўра, колеравая насычанасць. Я не раз задумваўся: а што ж гэта за колер, адкуль такая насычанасць, з чаго вырастае, чаму так хвалюе мяне, чаму не магу безуважна i безэмацыйна пазiраць на знаёмыя сюжэты з жыцця маiх суайчыннiкаў, так выразна падсвечаныя талентам Леанiда Дзмiтрыевiча?

I аднойчы нечакана прыйшло разуменне: дык гэта ж колер настальгii. Настальгii па родным, блiзкiм, што з часам змяняецца, набывае новыя рысы i абрысы, а то i знiкае зусiм. А хацелася, каб яно заставалася непаўторным i нязводным, бо ў сукупнасцi складае тое, што завецца роднай зямлёй.

Тады я зразумеў, што шчамялёўскi колер — гэта колер маёй Беларусi. Валошкавай, iльняной, азёрнай, снежнай. Блакiтнавокай ад рэк, азёраў, балот, стаўкоў, сажалак, копанак. Блакiтнай ад валошак у пажаўцелых спелай збажыной палявых прасторах. Блакiтнай ад ценяў i паўценяў у цянiстых яловых лясах. Блакiтнай ад лыжнымi паралелямi разлiнаванай i звярынымi слядамi пазначанай белiзны пульхнага снегу на ўзлесках. Блакiтнай ад гушчынi някiдкiх кветак лёну, якi так дарэчы ў спрытных ды майстравiтых руках ператвараўся ў апратку, настольнiкi, уборы i ўпрыгожаннi беларусаў.

Так нечакана i назаўсёды ў маiм уяўленнi паядналiся колеры Радзiмы з колерамi мастака Леанiда Шчамялёва. Сёння я ўжо i не ўяўляю iншага (хай не крыўдуюць iншыя мастакi, чыя творчасць не менш адметная i таленавiтая i якую я моцна шаную) спалучэння, iншай адметнасцi, чым колеравая адметнасць твораў Шчамялёва i колеравая насычанасць паветра ў маёй Беларусi.

Гэта для мяне паядналася — як настальгiя не адно па Радзiме, а па нечым спрадвечна чыстым i свежым, адметным i непаўторным, што хвалюе, супакойвае i дае спадзеў, што не знiкне, не можа знiкнуць гэта нi з гадамi, нi з уздзеяннем прагрэсу i чалавечай дзейнасцi. Бо пакуль будзе жывiць нас блакiт паветра, мацаваць наш дух валошкавая сiнява i разложыстае блакiтнакветкавае хваляванне лёну, датуль будуць беларусы пачувацца беларусамi, датуль людзi далёкiх краiн будуць пазнаваць маю Беларусь.

I за гэта дзякуй Леанiду Дзмiтрыевiчу, дзякуй ягонай нястомнай пастаяннасцi i пастаяннай прывязанасцi да гэтага i гэтакага колеру ў сваiх творах. Колеру, якi стаў адметнай прыкметай не адно яго асабiстай творчасцi.

I яшчэ адна важная адметнасць. Таксама ўласна шчамялёўская. Адрознасць гэтая — конi на ягоных карцiнах. Таксама невыпадкова, не часова i не мiмаходзь, не столькi для антуражу, бо гэта не ягоная прыватная прыхамаць. Падаецца, што конi на карцiнах Шчамялёва — неад’емная рыса беларускага пейзажу i нават, калi хочаце, беларускага ўкладу жыцця. Хiба ж не з даўным даўна жылi нашы продкi ў добрай спалучанасцi з коньмi, з iхняй сiлай i моцай, што лагодзiла душу, дапамагала пераносiць усе нягоды i няшчасцi, нават ратавала ад бед.

А згадайма нашага непаўторна таленавiтага Максiма Багдановiча з яго несмяротнымi словамi пра старадаўнюю лiтоўскую, то значыць беларускую пагоню, якая не давала спакою нiякiм заваёўнiкам, нiякай набрыдзi, што намагалася не адно зваяваць гэты народ, але i вынiшчыць ягоную памяць, ягоную годнасць. I толькi ў ратавальнай, сумеснай з iншымi пагонi, у суладдзi з прыродным асяроддзем i тутэйшым жывёльным светам, што скрозь i заўсёды былi поруч i разам, насельнiкi гэтай зямлi сталелi, станавiлiся грамадзянамi сваёй краiны, яе гаспадарамi i шанавальнiкамi.

I гэта таксама разам — конi на карцiнах Леанiда Шчамялёва i маё ўяўленне пра мой край, маю зямлю, маю Беларусь.

Хай сабе ў кожнага будзе сваё, асабiстае ўяўленне. Гэта нармальна, гэта звыкла, гэта апраўдана, як апраўдана сама размаiтасць жывога жыцця. А гэта — маё ўспрыняцце, маё ўражанне. Яно падтрымлiвае мяне, улагоджвае, супакойвае i дае надзею. I гэта — нямала...


 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У нацыянальным мастацкiм музеi Беларусi працуе выстава твораў Леанiда Шчамялёва
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика