Хто ў доме гаспадар?..
Уладзя ТАЦЦЯНЧЫК
Напярэдаднi Дня Жанчын грамадскi прэс-цэнтр Дома прэсы правёў пасяджэнне «круглага стала» на не зусiм звычную для пачатку сакавiка тэму: «Калi галоўны ў сям’i мужчына...».
Экспертамi i «дзейнымi асобамi» былi шэсць шчаслiвых сямейных пар. Паколькi абмен думкамi i дыскусii працягвалiся каля дзвюх гадзiн, мы выкладзем, так бы мовiць, квiнтэсенцыю, своеасаблiвы «рэцэпт шчасця» сучаснай сям’i. 1. Сям’я Кузняцовых Тамара Усеваладаўна — член Грамадскага аб’яднання «Беларуская асацыяцыя шматдзетных бацькоў», мацi чацвярых дзяцей. Iван Рыгоравiч — слесар-сантэхнiк РУП «Белмедпрэпараты», бацька чацвярых дзяцей. Для яе жаночае шчасце — гэта здароўе дзяцей, разуменне ў сям’i. Дзецi — сэнс жыцця. А жаночая хiтрасць — гэта ўменне выйсцi з любой сiтуацыi. — У нас чацвёра сыноў, i бацька для iх — узор. У нашай сям’i няма падзелу на жаночую i мужчынскую работу... 12 гадоў назад мы ўсынавiлi хлопчыка. Усяго адзiн кiлаграм ён важыў, калi я забiрала яго з раддома. Выхадзiлi, але аказалася, што ён вельмi хворы, ДЦП. Работу давялося пакiнуць... Усе сiлы ўкладваем у сына... Але я шчаслiвая жанчына: для мяне 8 Сакавiка не раз на год, а кожны дзень, — прызнаецца Тамара. — 25 гадоў нашай сям’i. Мая жонка — моцны чалавек, — дадае Iван. 2. Сям’я Лiсiцкай—Ялфiмава Тамара Рыгораўна Лiсiцкая — тэлевядучая праграмы «Вось такiя пiрагi», ды-джэй «Альфа-радыё», пiсьменнiца. Вiталь Юр’евiч Ялфiмаў — ды-джэй радыё «Радыус-FM» (творчы псеўданiм — Глеб Марозаў). Для яе жаночае шчасце — гэта сям’я, муж, любiмая справа i адэкватная ацэнка гэтай справы, а таксама здароўе. Жаночая хiтрасць — гэта мужчынская хiтрасць, толькi ў жанчыны. Любiмыя кветкi — тыя, якiя не адразу асыпаюцца. — Нашай сям’i тры гады. Ёсць пытаннi, за якiя я нiколi не вазьмуся, — прызнаецца Вiталь. — Навошта перашкаджаць: адзiн чалавек павiнен i варыць, i салiць... Калi я не валодаю пытаннем, з задавальненнем яго абмяркую. Увогуле ўсё канкрэтна: мужчына сказаў — мужчына зрабiў. — Па статыстыцы замужнiя жанчыны жывуць менш, чым незамужнiя. А жанатыя мужчыны — даўжэй, чым халасцякi, — гаворыць Тамара. — Сумяшчаць сямейнае жыццё з работай вельмi цяжка, нiчога не паспяваеш, стамляешся... Але мой муж — для мяне яшчэ i муза! — Мая жонка — неверагодна прыгожая! I наколькi яна прыгожая, настолькi i разумная! Мне падабаецца ўсё, што яна робiць. Тамара — добры псiхолаг. Можна бясконца назiраць, як гарыць агонь, як цячэ вада i як гаворыць мая жонка, — дадае Вiталь. 3. Сям’я Лобач—Багданава Марына Вiкенцьеўна Лобач — заслужаны майстар спорту, алiмпiйская чэмпiёнка па мастацкай гiмнастыцы ў Сеуле-1988. Дзмiтрый Анатольевiч Багданаў — менеджар па продажах кампанii «Асбiс». Муж прыхварэў, i таму на «круглым стале» Марыне давялося даваць справаздачу за дваiх. — Галоўнае ў сямейным жыццi — цярпенне. Не бывае дрэнных мужа цi жонкi. Збудаваць сям’ю — гэта значыць штодзень па крупiнках «збiраць» яе, — перакананая Марына. — У гэтым годзе 15 гадоў нашай сям’i. У нас дзве дачушкi, Iрына i Надзея. Малодшай 6 гадкоў, старэйшай — 11. У нашай сям’i нельга вызначыць «галоўнага» — абсалютнае ўзаемаразуменне. Муж i жонка дапаўняюць адно аднаго. Калi некаму аддаць «кiраўнiчыя лейцы», дык другi будзе адчуваць сябе абдзеленым. Прынамсi, жанчыны заўсёды змагаюцца за свае правы, а мужчыны лiчаць, што менавiта яны — галоўныя (усмiхаецца). Жанчыне трэба зрабiць усё магчымае, каб муж лiчыў сябе галоўным i той жа час каб ён усяляк падтрымлiваў жонку. 4. Сям’я Матульскiх Тамара Уладзiмiраўна — лагапед Рэспублiканскага навукова-практычнага цэнтра «Мацi i дзiця». Раман Сцяпанавiч — дырэктар Нацыянальнай бiблiятэкi Рэспублiкi Беларусь. Яна перакананая: «галава» сям’i той, хто прымае рашэннi i нясе за iх адказнасць. А жаночае шчасце — «быў бы мiлы побач». Жаночая хiтрасць — ласкавае кiраўнiцтва для дасягнення сваiх жаданняў (ацэнiм гэту мудрасць, жанчыны!). Галоўнае сямейнае свята — дзень вяселля... Iх сыну Тарасу — 24, дачцэ Аксане — 20. А мацi, Тамара, такая абаяльная i прывабная, — цяжка паверыць, што такiя дарослыя дзецi! — Усе праблемы вырашаем разам, — адзначае Тамара. — Сям’я — той асяродак, дзе цябе заўсёды зразумеюць i падтрымаюць — нават калi праўда не на тваiм баку, — Раман Матульскi быў гранiчна шчыры. — Нядаўна жанiўся наш сын. А ёсць такая даўняя хрысцiянская традыцыя: праводзiць маладых у царкву павiнна шчаслiвая сямейная пара, бо сям’я павiнна нараджацца ў шчаслiвай ауры. Мы не знайшлi... Не, сярод нашых знаёмых шмат шчаслiвых сем’яў — але не ў першым шлюбе... Галоўнае ў сям’i — гэта адказнасць адзiн за аднаго. На жаль, некаторыя сучасныя маладыя сем’i нагадваюць магазiны «сэканд-хэнд»: узяў — панасiў — зноў здаў у магазiн... 5. Сям’я Чуйко Вера Аляксееўна — бiблiятэкар СШ № 212 г. Мiнска. Рыгор Пятровiч — генеральны дырэктар УП «Агракамбiнат «Ждановiчы». Жаночае шчасце для яе — бачыць сваё адлюстраванне ў вачах каханага. Жаночая хiтрасць — ва ўменнi прамаўчаць. А прафесiя жонкi — гэта хобi (адзначым: апошняе i здзiвiла, i ўразiла яе супруга). — Якая несправядлiвасць: пераважная большасць твораў мастацтва прысвечана нешчаслiвым сем’ям! — недаўмявае Рыгор Чуйко. — Не разумею, чаму пра шчаслiвыя сем’i гаварыць не тое што не прынята, але лiчыцца... нецiкавым. Мы 26 гадоў разам, жонка — раўнапраўны партнёр у сям’i. Я — гаспадар, яна — гаспадыня. Кожны заняты сваёй справай, у нас няма часу на нейкiя сямейныя «разборкi»... Увогуле чалавеку нельга рабiць дзвюх галоўных памылак у жыццi: пры выбары прафесii i пры выбары спадарожнiка жыцця. — Жонка павiнна стварыць такую абстаноўку, каб мужу хацелася iсцi дадому, — адкрывае свой сакрэт шчасця Вера. — I перш за ўсё трэба палюбiць хобi мужа. «Хварэць» за яго на тэнiсным корце, разам хадзiць на футбол, у басейн, у лазню... 6. Сям’я Швец Юлiя Алегаўна — хатняя гаспадыня. Аляксандр Iосiфавiч — кiраўнiк прадстаўнiцтва кампанii «ХЕRОХ». Яе жаночая хiтрасць — нiчога не патрабуючы, атрымлiваць усё. А прафесiя жонкi — штодзённая, штомiнутная праца па ўласным жаданнi... — У нас двое дзяцей, Настассi 7 гадоў, Алегу — 3. Быць гаспадыняй дома — гэта вельмi вялiкая праца... Магчыма, менавiта я ў доме гаспадар — калi так думае жонка, — гаворыць Аляксандр. — Я замужам — сапраўды за мужам. Выхоўваю дзяцей, кар’ерныя амбiцыi для мяне пакуль не актуальныя. Але добрыя, выхаваныя дзецi — хiба не галоўная «кар’ера» для жанчыны? — мяркуе Юлiя.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Напярэдаднi Дня Жанчын грамадскi прэс-цэнтр Дома прэсы правёў пасяджэнне «круглага стала» на не зусiм звычную для пачатку сакавiка тэму: «Калi галоўны |
|