21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Свята непаслушэнства, альбо Мастацтва пераразання пупавiны ў 14 гадоў

25.08.2009 22:21 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА

У маёй сям’i тры падлеткi, поўны набор: малодшы — 10 гадоў, сярэднi — 12 i старэйшы — 17. I канешне, як ва ўсякай сям’i, бацькi гэтых падлеткаў час ад часу чухаюць патылiцы i пераглядаюцца з пытаннем у вачах, якое не патрабуе вербалiзацыi: «Што рабiць?». Бо падлетка выхоўваць — гэта вам не памперсы мяняць! Праўда, калi перавалiў за самы востры перыяд старэйшы, бацькi адчулi сябе амаль што спяцамi, не тое што ўздыхнулi з палёгкай (так табе i дадуць!), проста адчуванне бездапаможнасцi не выклiкае ўжо такой панiкi, як раней. Калi шчыра, то справа, можа ў тым, што сярэднi падлетак пiка немагчымай складанасцi быцця яшчэ не дасягнуў i бацькi проста крыху пераводзяць дух. Але ж ён ужо на падыходах, i сведчаннем таму — апошнi бацькоўскi сход у 7-м класе. Размову завялi бацькi дзяўчынак: маўляў, хай школа будзе больш строгая да адзення i касметыкi, бо дома шторанiцы скандалы: «Няма што апрануць!», «А iншыя дзяўчынкi фарбуюцца!». Настаўнiца толькi пакiвала галавой: «У школе патрабаванне да стылю адзення адназначнае: дзелавы, а вось вы, бацькi, прасачыце, каб спiны ў дзяўчынак не былi голыя, а то ж ныркi застудзяць...». Ну i пайшло-паехала. У вынiку настаўнiца па сакрэту сказала, што дзяўчынкi (амаль што ўсе) скардзяцца: дома iх нiхто не разумее! Мацi дзяўчынак былi ашаломленыя i запатрабавалi псiхолага для сваiх дзяцей, мацi хлопчыкаў кiнулiся iх супакойваць: сябе ўзгадайце. I тут я зразумела, што псiхолаг патрэбны ў першую чаргу не дзецям, а бацькам. Праўда, я, як мацi хлопчыка, не рашылася сваю здагадку агучыць, каб не быць абсвiстанай, тым не менш да псiхолага знаёмага звярнулася, i тая пацвердзiла: так, выпадак зусiм не прыватны. Мы дамовiлiся сустрэцца i зрабiць кансультацыю для бацькоў падлеткаў праз газету.

Святлана АНIШЧАНКАВА працуе псiхолагам у сацыяльна-псiхалагiчным цэнтры Ленiнскага раёна горада Мiнска, i, што немалаважна, — сама мацi 9-гадовай дзяўчынкi.

— Святлана, ты кажаш, што бацькам надзвычай важна ведаць узроставыя асаблiвасцi развiцця дзiцяцi. Што для гэтага трэба купляць i чытаць кнiжкi па псiхалогii. Мне стала сорамна, я пайшла i купiла i са здзiўленнем прачытала, што, аказваецца, крызiс у падлеткавым ўзросце перажываюць дзецi не ва ўсiх грамадствах. Напрыклад, кiтайцы, быццам бы амаль не ведаюць, што гэта такое...

— Слова «крызiс» тут увогуле не да месца. Якi крызiс? Гэта — жыццё.

— Хай не крызiс, але ж канфлiкт мае месца: дарослым раптам робiцца цяжка з дзiцем.

— Вось iменна: даросламу цяжка. А ў дзiцяцi нiякага крызiсу няма. Яму няпроста, але гэта натуральна. Як натуральна няпроста яму было, калi яно нараджалася. Але калi гэта натуральна, то казаць пра гэта, як пра нейкую праблему, значыць рабiць з мухi слана. Таму мы будзем казаць не пра праблему, а пра асаблiвасцi развiцця асобы ва ўзросце 12—14 гадоў. Прычым мы павiнны памятаць, што тут усё адносна.

Узяць тую ж самаацэнку: наколькi яна адэкватная? Калi дарослы не адэкватны да самога сябе, не бярэ адказнасцi за свае паводзiны, за сваё ўспрыманне, а такiх, на жаль, вельмi многа, ён перакладае адказнасць на плечы свайго дзiцяцi: «У мяне не атрымалася, я зраблю ўсё, каб атрымалася ГЭТА ў цябе». Здаецца, што быццам бы любоўны падыход, але на самай справе гэта — эгаiзм.

Класiчныя эпiтэты, якiя чуюць дзецi ў 14 гадоў: «Неакуратная, бесталковая, нiчога табе ў жыццi не трэба, мацi з бацькам гарбацяцца, стараюцца з усiх сiл...

—... а ты нiчога не даводзiш да канца!

— I ў цябе няма мэты ў жыццi — ШТО З ЦЯБЕ АТРЫМАЕЦЦА!!» Класiчная фраза, якую прамаўляюць 90 працэнтаў бацькоў у нашай краiне. Якiя ў кiтайцаў могуць быць крызiсы? Я нядаўна чула па радыё, што калi ў iх быў Новы год, то яны ў гэты дзень дзецям дазволiлi рабiць цалкам усё.

— I што? Дзецi скарысталiся гэтай свабодай?

— Думаю, што не. Бо якi сэнс карыстацца тым, што ты i так маеш. Разумееш, дзецi цалкам адэкватныя, калi яны жывуць сваiм жыццём, так, як iм зручна, калi пры гэтым у iх сфармiраваны маральныя каштоўнасцi. Калi шчыра, то я думаю: дай мы такое Свята непаслушэнства сваiм дзецям, то нiчога страшнага не атрымалася б.

— Ты думаеш, што нiхто не сеў бы за татаў «Мерседэс» i не выехаў на сустрэчную паласу? Што нашы дзецi не кiнулiся б адразу смакаваць дарослыя напоi, закупляць цыгарэты i паўтараць пiкантныя сцэны з кiнафiльмаў?

— Цяжэй за ўсё не асуджаць. Чалавеку трэба давяраць, у якiм бы ён узросце нi быў. Калi дзiцяцi давяраюць, то казаць пра бытавыя нюансы, якiя могуць быць у сiтуацыi аднаго дня (а не пра хранiчную псiхалагiчную траўму, якая можа справакаваць сiстэматычныя негатыўныя паводзiны ў далейшым), няма сэнсу. У нас педагогiка асуджальная, аўтарытарная, прыцiскальная: «Колькi б цябе нi прасiў, ты зноў зрабiў так, як я не жадаю! Колькi можна цярпець гэтае бязладдзе!». Пры гэтым мы не думаем пра тое, што наша асуджэнне не толькi не падштурхне дзiця змянiць сiтуацыю (калi дагэтуль не падштурхнула), але i зробiць блiзкiя, гарманiчныя адносiны з iм зусiм недасягальнымi.

Я працавала ў каледжы з маладымi людзьмi 17—20 гадоў. Ведаеш, што яны чуюць ад бацькоў штодня? «Ты неахайная, ты зноў не прыбрала ў пакоi, колькi можна?». Уяўляеш, якая нуда?! Гадамi адно i тое ж. Ды не неахайныя яны. Проста ў 15 гадоў нiкому не хочацца мыць посуд. Потым яны БУДУЦЬ такiя, як iх бацькi. Яны скапiруюць нашы густы, рэакцыi, звычкi... Дык навошта казаць iм «ты неахайная» замест «што ў цябе сёння атрымалася»? Бо калi нешта не атрымлiваецца, адразу падае самаацэнка, разумееш, што жыццё — не такая ўжо прыемная рэч.

Мы забываем, што дзецi — жывуць. У нас яны, пакуль не створаць уласныя сем’i, iснуюць. Мы iх глядзiм, кантралюем, ганяем. Таму ў нашых сем’ях зашкалiвае адчуванне трывожнасцi, адзiноты, нiзкая самаацэнка. У той час як сям’я павiнна быць месцам, дзе гарантаваны пакой, упэўненасць у тым, што тут за цябе пастаяць i прымуць цябе безумоўна, якiм бы ты нi быў.

— Як тут утрымацца ад iншай крайнасцi — уседазволенасцi?

— А хто сказаў, што педагогiка (усе бацькi — педагогi) — лёгкая навука? Мы зараз кажам пра фармiраванне асобы i пра асноўныя «выбоiны» ў гэтай справе. Бо ў чалавека павiнна быць стабiльная самаацэнка, сітуатыўная трывожнасць, якая правакуецца сiтуацыяй агрэсii i небяспекi, а ў цэлым знаходзiцца ў норме...

— Дык што бацькi, на погляд псiхолага, павiнны рабiць, каб так было?

— Як я ўжо сказала, ведаць асаблiвасць узросту свайго дзiця. Калi бацькi бачаць, што яны не спраўляюцца са сваiм тынэйджарам, значыць яны павiнны ўзяць на сябе адказнасць i зразумець, што iх ведаў i ўвагi недастаткова. Трэба знайсцi рэсурсы, прааналiзаваць сiтуацыю. Нiводны псiхолаг не бярэцца карэктаваць асобу ў 14 гадоў, бо гэта не-маг-чы-ма! Дзiця чуе нас да 12 гадоў, да палавога выспявання. Потым на першы план выходзiць самастойнасць як iндывiда. Iндывiду патрэбны канфлiкты для падрыхтоўкi да дарослага жыцця. У 12 гадоў адбываецца «другое пераразанне пупавiны». Нездарма пасля 12 гадоў дзiцяцi нiчога не патлумачыш, яно нiбы глухое, яно не цябе слухае, яно само сябе слухае. I калi ты дагэтуль не паспеў сфармiраваць упэўненасць у сям’i, у тым, што ты яго любiш, што калi яго пакрыўдзяць, то ты заўсёды прыйдзеш на дапамогу, то пасля 12 гадоў даверу не чакай.

Яшчэ адна асаблiвасць падлеткавага ўзросту: бацькi пераўтвараюцца ў баксёрскую грушу для дзiцяцi. Першы эмацыянальны негатыўны вопыт падлетак спазнае праз узаемадзеянне з бацькамi. Канфлiкты патрэбны ў жыццi? Патрэбны. Вось 14-гадовае дзiця i правакуе iх само. Таму я кажу бацькам на кансультацыi: цярпенне i яшчэ раз цярпенне.

I, нарэшце, перабудова арганiзма. У дзяўчынак гэта адбываецца звычайна раней. Таму з’яўляецца акцэнт на знешнасць. Калi ў сям’i расце дзяўчынка, то вельмi важна, каб тата быў цудоўным мужчынам, сябрам, якi скажа ёй, што ў яе прыгожыя вочы, што яна лепей за ўсiх.

Палавыя прыярытэты пачынаюць актыўна развiвацца з 6 гадоў. Дзяўчынка ў сем — гэта паўнацэнная ўжо жанчына, з усiмi яе комплексамi, вартасцямi i недахопамi. Яна пачынае актыўна прыхарошвацца. Таму забараняць у 14 гадоў фарбавацца — гэта самы горшы шлях да сэрца роднага дзiцяцi.

— Як жа павiнны адрэагаваць бацькi, калi iх дачка-сямiкласнiца нафарбуецца нiбы шымпанзэ i пойдзе ў школу?

— Яны павiнны яе падтрымаць. А ў школе сказаць: не смейце асуджаць маё дзiця. Падтрымка можа быць рознай. Можна сказаць: «Мне не падабаецца твой макiяж, але гэта твой выбар». Ну значыць у яе сёння такi эмацыянальны стан, калi хочацца фарбаваць чырвоным вусны. У жанчыны эмацыянальны ўсплёск заўсёды выражаецца ў знешнасцi. Нельга асуджаць чалавека за тое, што ён нафарбаваўся, калi ён вядзе сацыяльна актыўнае жыццё, паспяхова вучыцца i адэкватна сябе паводзiць. Я параiла б бацькам iсцi ад адваротнага. Замест таго, каб забараняць, лепш дазвольце i навучыце рабiць гэта прыгожа. Я сваёй 9-гадовай дачцэ дазваляю карыстацца касметыкай, каб у яе быў вопыт. На апошняе свята сама прапанавала ёй падфарбаваць ружовым павекi.

— Ёсць яшчэ адна праблема: падлеткi гадзiнамi сядзяць перад камп’ютарам альбо тэлевiзарам...

— Апатыя таксама ўласцiвая гэтаму ўзросту. Яны думаюць пра сябе, у iх вельмi шмат сiл iдзе на гэта. Цяжка параiць нешта групе людзей, але адно вядома дакладна — дзецям патрэбна наша падтрымка. I поўная адсутнасць асуджэння. Цяпло. Вось што добрага можна зрабiць для дзiцяці ў 14 гадоў.

Нiхто дзiцяцi, якое бадзяецца па вулiцы, прапускае заняткi ў школе i курыць, не дапамог асуджэннем. Калi мы сустракаем яго вокрыкам: «Як ты можаш!», то яно перастае прыходзiць дадому. Яно яшчэ не ведае, што яно такое. Адкуль яно павiнна даведацца? Хто яму скажа: «Ты малайчына, у цябе ўсё атрымаецца i жыццё пойдзе далей?». У бацькоў што, не бывае эмацыянальных зрываў? Але мы прызвычаiлiся. А для iх гэта ўсё толькi пачынаецца, гэта нараджаецца новае жыццё, асоба, якую мы стваралi. Нiякай карэкцыi ў 14 гадоў не можа быць. Толькi падтрымка i цяпло.

I яшчэ адна вельмi важная парада для бацькоў. Для таго, каб вырасцiць шчаслiвага, здаровага чалавека, якi ў стане будзе пра сябе паклапацiцца, навучыцеся клапацiцца пра сябе. Каб потым здолець своечасова перарэзаць пупавiну, здолець жыць асобна ад дзiцяцi. Сачыце за сваiм здароўем, будзьце шчаслiвыя, радуйцеся жыццю, атрымлiвайце задавальненне ад кожнага пражытага дня! Эмацыянальна здаровыя бацькi нiколi не выгадуюць негатыўна настроенае, слабаразвiтае дзiця.



 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У маёй сям’i тры падлеткi, поўны набор: малодшы — 10 гадоў, сярэднi — 12 i старэйшы — 17. I канешне, як ва ўсякай сям’i, бацькi гэтых падлеткаў час ад
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика