21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Лiхтар у небе, або Светлавы «грэйпфрут»

25.08.2009 22:21 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Iлона IВАНОВА

Не можа быць?!

У Бялынiчах назiралi за незвычайнай плямай святла над могiлкамi i вырашылi, што гэта НЛА

ЗАДРУЦКI НЛА

Вольга Невядомская, жыхарка раённага цэнтра Бялынiчы, напрыканцы студзеня ўвечары ехала на сваiм аўтамабiлi дадому. На мосце цераз Друць зiрнула на цёмнае неба i не паверыла сваiм вачам. Каб лепей разглядзець незвычайнае нябеснае цела, жанчына спынiла «Опель» i выйшла з машыны. Сярод зорак вiсела нешта: не шар i не элiпс, а падобная на грэйптфрут буйная зорка, яркага срэбра-жоўтага колеру, шчыльная, але з размытымi краямi. Пакуль Вольга даехала дадому, на вулiцу Задруцкую, незвычайная зорка знiкла.

Аднак прыкладна праз месяц, 26 лютага, ёй зноў давялося пабачыць гэты неапазнаны лятаючы аб’ект. Вольга iшла па вулiцы, павярнулася i... вiсiць гэты цуд! Акурат над Слабадскiмi могiлкамi, якiя месцяцца непадалёк. Цяпер Вольга назiрала ўжо знаёмы НЛА цэлы вечар: на вулiцы было вельмi халодна, таму яна грэлася ў хаце, а потым зноў выскоквала на вулiцу глядзець на нябесны «грэйпфрут».

— А раптам выходжу, i зноў няма, — расказвае жанчына. — Я тады палезла на агарод. На снег, якi там па калена, я ўжо не зважала. Стала на бочку i ўбачыла НЛА ў прасвеце памiж могiлкамi i ўзлескам. I нiбыта апускаецца, хоць сам працэс быў незаўважны. Зорка нiбыта растваралася i аддалялася. Яна стала мяняць колеры: спачатку чырвоная, потым стала зялёная, затым зайграла светлавая каляровая сумесь. Яна мяняла абрысы i памеры... Усё гэта пабачыў i мой 27-гадовы сын Саша.

Вольга паведамiла пра НЛА ў мясцовую службу МНС i прасiла з вышкi паназiраць за незвычайнай з’явай. Яе тэлефанаванне сапраўды зарэгiстраванае. Аднак дзяжурныя толькi параiлi зрабiць здымкi хатняй вiдэакамерай. Вось толькi Вольга ад хвалявання зусiм забылася пра тое, дзе яна схаваная.

— Спачатку было захапленне, — расказвае пра свае ўражаннi, пачуццi суразмоўца. — А потым, калi пачалося свячэнне розных колераў, мяне ахапiў панiчны, дзiкi страх. У мяне нiколi ў жыццi не было такога страху i адчування, што нешта страшнае можа здарыцца. А потым усё знiкла — i наступiлi цiшыня i пустата.

НЕ ВЕРАЦЬ I ЛIЧАЦЬ ЗА ДЗIВАКОЎ

Тым лютаўскiм вечарам Вольга паказала дзiўную зорку i суседскiм дзецям.

— Яна нас паклiкала i паказала на небе зорку — толькi не звычайную, а вялiкую, — расказвае 13-гадовы Арцём Цапiк. — У некалькi разоў большую i круглую.

— Я глядзела на зорачку, — гаворыць 9-гадовая сястра Арцёма Надзя. — Яна была падобная на вялiкi жоўты яблык. Мне спадабалася.

Веды, атрыманыя Арцёмам у школе, даюць яму ўпэўненасць, што мы адны ў Сусвеце. А як растлумачыць бачаную iм з’яву, збянтэжаны хлопчык не ведае.

— А можа, гэта i сапраўды нешта незямное? Карабель прышэльцаў? — саму сябе пытаецца Арцём.

— Гэта было падобна на лiхтарык, якi нехта запалiў высока ў небе, — усмiхаецца Надзя.

Дарэчы, дзецi расказалi пра выпадак сваiм братам i сёстрам: сям’я Цапiкаў — шматдзетная. Але нiхто iм не паверыў. Таму ў школе, каб з iх не пасмяялiся, вырашылi не расказваць увогуле.

Як, дарэчы, i iншы сведка падобнай з’явы ў гэтых мясцiнах. У размове з суседам Вольга Невядомская дазналася, што той гадоў 15 таму бачыў шар у небе.

— Ён расказаў мне, што маладым хлопцам гуляў ноччу ў кампанii з дзяўчатамi, — пераказвае Вольга за суседа, якi цяпер у ад’ездзе. — I над могiлкамi, як i я, убачылi шар сярэднiх памераў, якi спачатку быў жоўты, а потым пачаў мяняць колеры i праз хвiлiн дзесяць знiк увогуле. Дзеўкi, расказаў сусед, як убачылi гэта, сталi з вiскатам разбягацца. А ён, каб захаваць рэпутацыю дарослага i сур’ёзнага чалавека, застаўся i назiраў. Праўда, распавядаць пра гэта пасаромеўся. Пабаяўся, што палiчаць дзiваком. Мяне, напэўна, такой i лiчаць...

ЗДОЛЬНАСЦЬ БАЧЫЦЬ НЕЗВЫЧАЙНАЕ

Вольга Невядомская, 49-гадовая прадпрымальнiца, займаецца ў Бялынiчах рознiчным гандлем. Так у яе жыццi здарылася, што НЛА яна ўбачыла сёлета не першым разам. Вольга — ураджэнка Бялынiччыны, але жыла доўгi час у Iжэўску, куды яе бацькi трапiлi па размеркаванню навучальнай установы. Школьнiцай яна захапiлася конным спортам, i аднойчы на трэнiроўцы стала сведкай незвычайнага вiдовiшча.

— Я заўсёды любiла глядзець на неба, — усмiхаецца Вольга. — У той дзень яно было яснае, шмат зорак, i нечакана я ўбачыла, як з умоўнага разрэзу на небе выплывае расплывiсты жоўты шар i за iм цягнуцца, як у рыбiны-вуалехвоста, нiбыта дробныя зорачкi, якiя мiльгацяць на газавай тканiне. Цяжка знайсцi словы, каб апiсаць гэты цуд. Я паклiкала сяброў, i мы разам пабачылi, як гэты шар з хвастом знiкае ў iншым разрэзе ў небе. Назаўтра я прыйшла ў школу на ўрок астраномii i расказала ўсё настаўнiку. А ён нiбыта глядзеў праз мяне i не чуў. За тым часам казаць пра НЛА было не прынята. Я пакрыўдзiлася i замкнулася.

Але цiкаўнасць да незвычайных спраў у Вольгi засталася на ўсё жыццё. Гэта датычыцца не толькi НЛА. Жанчына нiбыта мае асаблiвую здольнасць прыцягваць i назiраць дзiўныя рэчы i сiтуацыi. Яна мае ўспрыманне да незвычайнага альбо, можа, проста больш уважлiвая за iншых? Аднак так цi iнакш, а Вольга расказвае шмат цiкавых гiсторый са свайго жыцця.

Напрыклад, пра тое, як напярэдаднi першага выпускнога экзамену па матэматыцы ўбачыла ў сне рашэнне задачы. Калi расказала пра гэта ў класе, настаўнiца толькi недаверлiва паглядзела праз акуляры, а вучнi смяялiся.

А калi працавала ў Бялынiчах у заводскай лабараторыi, аднойчы ранiцай знайшла на стале незвычайныя рэшткi звычайнай гранёнай шклянкi. Яна была нiбыта разрэзана на дзве роўныя часткi. Адна засталася стаяць на стале, а другая дробнымi гарошынамi разляцелася на некалькi метраў вакол. Тады Вольга моцна спужалася i папрасiла тлумачэнняў у фiзiкаў з Магiлёва. Тыя нешта казалi пра напружанне, але Вользе гэта ўсё роўна не падалося праўдападобным.

Затым яна жыла ў кватэры, дзе чула дзiўныя незразумелыя гукi, а потым высветлiлася, што дом быў пабудаваны на старажытным пахаваннi. А ў сталым узросце зразумела, што ведала свайго першага мужа яшчэ да знаёмства: малады чалавек прыснiўся ёй у першым класе, сцвярджае Вольга!

Як гаворыцца, хочаце — верце, а хочаце — не.

ЯНЫ З КОСМАСУ I СЛАБАДСКIЯ МОГIЛКI

— Ведаеце, усё ж такi ў космасе, якi нездарма прыцягвае людзей, ёсць нешта невытлумачальнае, — гаворыць Вольга. — Часам думаеш пра тое, што такое Сусвет? Нiхто не ведае. А якая прыгажосць у зорным небе! Гавораць, што трэба на яго глядзець, бо з неба i зорак да нас прыходзiць моц. Мы не ведаем, што там. Аднак вельмi хацелася б...

Канешне, жанчына верыць у НЛА. Лiчыць, што нешта такое ёсць: добрае цi дрэннае. Аднак далёка не ўсе вераць самой Вользе: звычайна паслухаюць яе гiсторыю назiрання за незвычайным нябесным целам i нават пытанняў не задаюць, нiякай цiкаўнасцi. А сведку крыўдзiць такое раўнадушша. Сама яна бунтуе супраць шэрай будзённасцi, цягнецца да ўсяго цiкавага, хоча даведацца — а што гэта такое насамрэч.

— Хоць вось страх, якi я адчула, сведчыць пра тое, што мая цiкаўнасць залiшняя, — разважае Вольга. — Можа, гэта пасыл ад iх, каб я не падглядала? Маўляў, ты лезеш не ў свае справы, жанчына...

— А хто гэта — яны?

— Не ведаю, але я маю на ўвазе нейкае аб’яднанне iстотаў, — адказвае бялынiчанка. — А вось дружалюбныя яны цi не? Можа такія як i мы: ёсць сярод iх i дрэнныя, i добрыя. А можа, iншапланецяне — гэта папярэднiк людзей. Я, дарэчы, у школе не вельмi давярала тэорыi паходжання людзей Дарвiна. Аднак гэта сапраўды толькi нашы здагадкi. А як там насамрэч — нам, вiдаць, пазнаць не дадзена.

Дарэчы, НЛА на ўскраiне Бялынiчаў назiралi над могiлкамi. Слабадскiя могiлкi — дзеючыя. Калi пайшлi размовы пра нябесныя з’явы, людзi адразу сталi ўзгадваць дзiўныя гiсторыi, звязаныя з гэтымi могiлкамi. Напрыклад, пра мужчын, якiя прыйшлi позна ўвечары памянуць свайго сябра на яго магiлу i нiбыта ўбачылi згустак святла, ад чаго ў страху разбеглiся. Пра рыбакоў, якiя ноччу бачылi над могiлкамi вялiкае чырвонае воблака.

А на гарызонце за могiлкамi пачынаецца вёска Алешкавiчы. Адзiн з яе жыхароў таксама некалi бачыў НЛА — невялiкi мяч, якi свяцiўся. «Добра, што я ўсё ж такi не адзiная вiдавочца, — смяецца Вольга. — Разам неяк весялей!».

— Што могуць азначаць светлавыя плямы над могiлкамi? — задае яна сама сабе пытанне. — Напэўна, гэта не вайскоўцы, бо ўжо б стала вядома. Можа гэта знак, i ён прадказвае нешта? А можа гэта звязана з Чарнобылем i радыеактыўным забруджваннем? Пытанняў шмат — адказаў няма.

ЧЫРВОНЫ ЭЛIПС «ЛУБЯНСКАГА ТРОХКУТНIКА»

Якраз з Чарнобылем звязалi выпадак са з’яўленнем НЛА ў 1990-х гадах на тэрыторыi Ланькаўскага сельсавета ў Бялынiцкiм раёне. У раёне вёсак Лубяны, Хвойна i Малiнаўка людзi назiралi ў небе незвычайны элiпсавiдны прадмет, якi дасягаў у папярэчнiку, паводле сведкаў, прыкладна двух метраў. Яны расказвалi, што позна ўвечары бачылi чырвона-аранжавы элiпс, якi нiбыта выпускаў промнi.

Тады гэтай з’явай зацiкавiлiся ў раённай газеце «Зара над Друццю». Журналiст Мiхась Карпечанка выязджаў на месца здарэння i разам з фатакорам пiльнаваў НЛА. Праўда, убачыць незвычайную з’яву iм не ўдалося, але яны выслухалi шмат расповедаў сведкаў. Паводле вынiкаў расследавання газета надрукавала артыкул «Лубянскi трохкутнiк». I сапраўды, НЛА бачылi пасярод трох вёсак — над бязлюднай балоцiстай мясцовасцю, парослай хмызняком.

— Дарэчы, потым мне паведамiлi, што людзi, якiя хадзiлi па таму балоту, бачылi там нейкую выпаленую пляму, — паведамiў мне Мiхась Карпечанка. — За тым часам мы найбольш звязвалi з’яўленне НЛА з радыяцыйным забруджваннем, якое, як вядома, на балотах найбольшае. А потым з’явiлася версiя з геалагiчнымi разломамi. Дарэчы, дзесятак гадоў таму такую карту надрукавала менавiта «Звязда». I атрымалася, што разлом кары iдзе якраз па Бялынiцкаму раёну. Можа ў гэтым справа?

Журналiст добра памятае тое даўняе «паляванне на НЛА» i вялiкую цiкаўнасць, прадчуванне нязведанага. А вось у сведкаў, як ён памятае, назiранне за НЛА выклiкала ў душы страх. Сам Мiхась Карпечанка лiчыць, што розум чалавека яшчэ не можа ахапiць пабудову космасу. «Гэта з’ява, якая на парадак вышэйшая за наша разуменне», — гаворыць журналiст.

«ТАЛЕРКI», КРЫЖ У НЕБЕ I СВЕТЛАВЫЯ СТАЎБЫ

У Бялынiцкiм раёне зарэгiстравана нямала выпадкаў назiранняў за НЛА. Вядомы былi сведчаннi з вёсак Галоўчынскага i Вiшоўскага сельскiх Саветаў. Ёсць такiя звесткi i ў Iнтэрнэце: напрыклад, у жнiўнi 1997 года ўвечары людзi пужалiся нечага нябачанага, што праляцела над трасай Магiлёў—Мiнск. Гэта была вогненна-аранжавая «талерка».

Ярка-малiнавая «талерка», паводле гэтага ж паведамлення, з’явiлася каля апоўначы над вёскай Цяхцiн Бялынiцкага раёна. Сям’я, якая назiрала за з’явай, убачыла, як аб’ект пераўтварыўся ў яркi элiпс, з вялiзнай рысай пасярэдзiне. Людзi тады не столькi здзiвiлiся, колькi спужалiся. У жанчыны, якая потым распавядала пра здарэнне, у галаве настойлiва грукала адна думка: «А раптам з’явiцца промень i спалiць нас?..» Непрыемнае пачуццё трывогi трымалася некалькi дзён.

А адно з першых узгадванняў пра НЛА ў Магiлёўскай вобласцi з’явiлася, паводле iнфармацыi ўфалагiчнага камiтэта на адным з сайтаў, 160 гадоў таму. «Магiлёўскiя губернскiя ведамасцi» напiсалi, што ў лiпенi 1847 года ў Магiлёве i яго наваколлi шмат людзей некалькi гадзiн назiрала за дзiўнай з’явай: каля Месяца быў вялiкi крыж вогненна-чырвонага колеру. Выклiкала гэта ў людзей прымхлiвы жах.

Таксама з абласнога цэнтра прыйшло i адно з апошнiх сведчанняў. Магiляўчанiн лiчыць, што назiраў НЛА прама ў горадзе, непадалёк ад цэнтральнай вулiцы Першамайскай. Пра гэта мужчына распавёў у «Магiлёўскiх ведамасцях». Позна ўвечары ён звярнуў увагу на яркае святло ў небе, светлавыя стаўбы блакiтнага i ружовага колераў. Так што летапiс сустрэч з НЛА i iншымi таямнiчымi з’явамi працягваецца.

Бялынiцкi раён.

Р.S. Калi артыкул рыхтаваўся да друку, зноў патэлефанавала Вольга Невядомская. Разам з Цапiкамi-малодшымi яна зноў назiрала за дзiўнай зоркай у небе над Бялынiчамi, якая ззяла ярчэй — а потым блякла, рабiлася маленькай кропкай — i зноў пераўтваралася ў шар. Вольга сказала: «Ну сапраўды як лiхтар на небе, якi свецiць прама на нас!».



 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У Бялынiчах назiралi за незвычайнай плямай святла над могiлкамi i вырашылi, што гэта НЛА
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика