Падкова на шчасце
Мiкалай ЛIТВIНАЎ
Пакуль варыянтаў для коннага адпачынку ў Беларусi не так ужо i шмат. I не сказаць, што iх увогуле няма, але, каб знайсцi такую магчымасць, трэба добра пашукаць. У Iнтэрнэце сустрэў некалькi прапаноў аб арганiзацыi конных падарожжаў. У асноўным гэта маршруты невялiкай працягласцi — у межах аднаго дня. Як правiла, культурная праграма складаецца з агляду помнiкаў даўнiны, а таксама сучасных прадпрыемстваў, дзе ёсць свае «фiшкi». Таксама ў залежнасцi ад пажаданняў турыстаў распрацоўваецца графiк харчавання i нават складаецца меню (звычайна са стравамi нацыянальнай кухнi). Адна з турфiрмаў прапануе трохдзённы водна-конны маршрут па рацэ Волме. Спачатку турысты сплаўляюцца на байдарках, а пасля перасаджваюцца на коней цi ў брычкi. Дарэчы, менавiта «пасiўнае» падарожжа (на санках, драбiнах, нават карэтах) прапануюць шмат дзе, а вось праехацца верхам можна далёка не ўсюль.
Адна з цiкавых баз размясцiлася ў вёсцы Старынкi, што на Вiлейшчыне. Iнiцыятыва па арганiзацыi гэтай справы належыць Алене Волкавай i Вiкторыi Шаўцовай. Iдэя вырасла з сумеснага захаплення коннымi паходамi, якiмi яны займалiся доўгiя гады. Патрабавалася добрая база, дзе б можна было размясцiць коней, абсталяваць гасцявы домiк. Варыянты разглядалi розныя, аднак аддалi перавагу менавiта Старынкам. Чаму? Проста размяшчэнне вельмi зручнае — не так далёка ад сталiцы (дзесьцi 70 кiламетраў), побач Нарачанскi край, якi заўсёды прывабны для падарожжаў. Ды i сама Вiлейшчына надзвычай перспектыўная для турызму — чаго вартае вадасховiшча працягласцю 27 кiламетраў. У раёне захавалiся рэшткi 11 шляхецкiх сядзiб. Дарэчы, адна з iх належала роду Багдановiчаў i размяшчалася ўласна ў Старынках. У блiжэйшай акрузе яшчэ некалькi помнiкаў даўнiны, у тым лiку i велiчны касцёл. Зараз у Старынках 167 жыхароў, палова з iх пенсiянеры. Таму вёску да разраду надта перспектыўных не аднясеш. Раней тут была панская сядзiба, вiравала жыццё, а з цягам часу ўсё радзей чуваць дзiцячыя галасы. У заняпад прыйшоў маёнтак Багдановiчаў, сустрэнеш па вулiцы i пакiнутыя хаты. Адзiн з такiх падворкаў, якi размясцiўся на ўскрайку лесу, i пераабсталяваны зараз пад конную базу. — Спачатку нi аб якiх паходах нават i гаворкi не вялося, — узгадвае Вiкторыя Шаўцова. — Дамаўлялiся з мясцовымi жыхарамi, каб можна было коней размясцiць. Пасля зрабiлi неабходныя памяшканнi ў сябе на сядзiбе. У мяне вялiкi вопыт конных паходаў, у свой час ездзiла нават на iнструктарскiя зборы ў Башкiрыю. У Беларусi ёсць энтузiясты гэтай справы, аднак стрымлiвала адсутнасць патрэбных баз. Iх шмат было на Каўказе, там арганiзоўвалi цiкавыя шматдзённыя паходы, нават горныя. У Башкiрыi iснавала 5 маршрутаў (у тым лiку i санны), столькi ж ва Украiне. Каля дзесятка iх было ў Алтайскiм краi, па аднаму — у Краснадарскiм, Краснаярскiм, Стаўрапольскiм, Чувашыi. У Беларусi напрыканцы 1980-х гадоў iснаваў афiцыйны маршрут на базе Iльянскага аддзялення Зазерскай школы верхавой язды, якi арганiзоўваў Вiлейскi турклуб. Акрамя таго штогод праходзiлi (i праходзяць) «самадзейныя» падарожжы на базе школ i пракатаў у Лiдзе, Ганцавiчах, Крупках, Клецку, Глыбокiм, Брэсце, Магiлёве, Асiповiчах. Адметнасць праекта на Вiлейшчыне — шматдзённыя конныя паходы, такi варыянт пакуль мала дзе прадстаўлены. Маршруты можна «вярстаць» якiя заўгодна — наколькi дазваляе фантазiя i, канешне, падрыхтоўка. Без патрэбных навыкаў у шматдзённы паход не пойдзеш, трэба навучыцца. У Старынках зараз працуе прафесiйны iнструктар па верхавой яздзе. Дагэтуль Аляксандр Ягоранка быў трэнерам у конна-спартыўнай школе ў Брэсце, прычым гэтай справай займаўся вельмi даўно. У Старынкi трапiў, як лiчыць, выпадкова: шукаў новае месца працы i аднойчы зацiкавiўся аб’явай у Iнтэрнэце. Аказалася, што з Аленай Волкавай быў даўно знаёмы — сустракалiся на спаборнiцтвах. Так Ягоранка i апынуўся на вясковай коннай базе, дзе загадвае ўсёй гаспадаркай. У Старынках цяпер 10 коней, у асноўным беларускай пароды. Сярод iх ёсць вельмi цiкавыя — напрыклад, мацi вядомага Проблiска альбо «араб» па мянушцы Чэгет. Вельмi прыгожы, але ж i наравiсты — не кожнага павязе. Аднак — як не паспрабаваць. Дагэтуль у сядле сядзеў толькi аднойчы, ды i тое падчас «дэманстрацыйнай» паездкi, калi iнструктар iшоў побач i вёў каня. А ў Старынках праехаўся на Чэгеце самастойна, ён спачатку насцярожыўся, аднак пасля спакойна «накручваў» кругi па лiвадзе (месца для «прагулак» коней). Можна толькi ўявiць сабе, якiя адчуваннi застаюцца пасля сапраўднага коннага паходу! — Сваёй кампанiяй апрабавалi адзiн з маршрутаў па Вiлейшчыне, па якiм сёлета плануем вадзiць групы, — кажа Вiкторыя Шаўцова. — Гэта каля сотнi кiламетраў, што для такiх маршрутаў нямнога, звычайна пераадольваецца за 3—4 днi. Дагэтуль былi толькi «разавыя» (без пэўнай сiстэмы) падарожжы па Беларусi — па Глыбоцкаму, Браслаўскаму, Лепельскаму i Асiповiцкаму раёнах. Падчас iх здаралiся розныя выпадкi — аднойчы наш атрад за цыганаў прынялi, нават мiлiцыю выклiкалi. Тыя, пасля таго, як ва ўсiм разабралiся, спыталi: як вы сюды дабралiся? Коннiку можна прабрацца па самым дзiкiм лесе без усялякiх праблем: сеў на каня, узяў компас — i наперад. А дарога патрэбна толькi для таго, каб драбiны праехалi. Жыхары Старынак аматараў конных паходаў адразу не разумелi: маўляў, няма чым людзям займацца. А пасля, мабыць, прывыклi, як прывыкаюць да ўсяго спачатку новага i незвычайнага. На базе некалькi месцiчаў дапамагаюць даглядаць за конямi. Улетку прыбягае i мясцовая дзятва — iм Аляксандр нават дазваляе праехацца. Паходы звычайна арганiзуюць у цёплую пару, зiмой жа амаль «мёртвы сезон». Мiж тым, зiмовы маршрут можа быць якiм заўгодна — i санным, i верхавым, i «змешаным». Палаткi для такога паходу не патрэбныя, паколькi месца для начлегу можна знайсцi заўсёды. У зiмовага падарожжа ёсць свае перавагi — вельмi прыгожа, да таго ж можна патрапiць туды, куды ўлетку не даехаць з-за дрыгвы цi бродаў. Акрамя таго няма мух i аваднёў, конi паводзяць сябе спакайней. А шашлык цi боршч з марозу — сапраўднае задавальненне. Конны паход падыходзiць i для сямейнага адпачынку. — З дзяцiнства побач з конямi, без iх ужо не магу, быццам не хапае чагосьцi, — заўважае Аляксандр Ягоранка. — Гэта вельмi цiкавая, высакародная жывёла, каню можна даверыцца, ён нiколi не падвядзе. Вельмi добра, што зараз адбываецца вяртанне да сваiх вытокаў, каранёў. Раней без каня цяжка было сабе ўявiць i селянiна, i пана. Памятаеце, як у Караткевiча ў «Дзiкiм паляваннi караля Стаха» ўзгадваюцца дрыкганты, вельмi б хацеў паглядзець на гэтых коней. Па прыезду ў Мiнск я яшчэ раз перачытаў знакамiтую аповесць. I ўзгадаў нашу размову. «Коней сяляне зводзiлi ўбок. Гэта былi сапраўдныя палескiя дрыкганты, парода, ад якой зараз нiчога не засталося. Усе ў палосах i плямах, як рысi або леапарды, з белымi ноздрамi i вачамi, якiя адлiвалi ў глыбiнi чырвоным агнём. Гэтая парода вызначаецца дзiўнай трывалай, машыстай iнахаддзю i падчас намёту iмчыць вялiзнымi скачкамi, як алень». Вiлейскi раён.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Пакуль варыянтаў для коннага адпачынку ў Беларусi не так ужо i шмат. I не сказаць, што iх увогуле няма, але, каб знайсцi такую магчымасць, трэба добра |
|