21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Асаблiвасцi вясновага шопiнгу

25.08.2009 22:21 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Ларыса ЦIМОШЫК

Памятаю, у школе на ўроках англiйскай мовы мы вывучалi тэму «шопiнг». Расказ пра пакупкi ўсiм даваўся вельмi складана, прынамсi, тады, у маiм савецкiм юнацтве. Трэба было ведаць назвы розных аддзелаў у крамах, вялiкую колькасць слоў, якiя абазначалi тавары — з прадуктаў i вопраткi. Складанасць была ў тым, што мы ў прынцыпе не ведалi, што азначаюць многiя словы нават на нашай роднай мове. Такога не елi i не насiлi. I можа таму раслi вялiкiмi патрыётамi, якiя люта ненавiдзелi буржуазны лад жыцця: яны, бачыце, шыкуюць, а ў нашым раённым унiвермагу стандартны набор тавараў...

Цяпер я вырасла i ўсё змянiлася. Сам шопiнг i расказ пра яго па-англiйску не ўяўляецца фатальна безнадзейным. Паходы за пакупкамi сталi даволi звычайнай справай. Праўда, падставы для дэпрэсii ёсць i з гэтым даступным сучасным шопiнгам.

Вось i яна: вечная жаночая праблема —— «мне няма чаго апрануць». З першымi промнямi вясны яна абвастраецца. Мая шафа набiтая да канца. Усе палiцы занятыя. Свабодных вешалак няма. Але кожную ранiцу я стаю перад ёю i разумею, што нiчога добрага яна мне не адкажа. У яе для мяне нiчога няма. Мне сапраўды няма чаго апрануць. Ну абсалютна!.. Як можна радавацца жыццю ў такiх умовах?

Гэта той самы выпадак, калi клiн клiнам выбiваюць. Пазбавiцца ад вясновай дэпрэсii прасцей за ўсё менавiта падчас шопiнгу. Адзiн з найбольш эфектыўных сродкаў барацьбы з дрэнным настроем для жанчын, сцвярджаюць псiхолагi. Ён пакiдае далёка ззаду нават такiя правераныя сродкi, як шакалад i марожанае.

Кажуць, жанчына не можа патрапiць у дэпрэсiю, калi ў яе ёсць хоць колькi грошай, каб прайсцiся па блiжэйшых крамах. Асаблiва прыемна набыць што-небудзь простае i непатрэбнае, што нагадвае яшчэ раз пра нашу жаночую прыроду.

«А цi ведаеце вы, што блуканне па крамах абыходзiцца нашмат танней, чым паслугi псiхааналiтыка?» — пытае Аманда Форд, жанчына з вялiкiм пакупнiцкiм стажам, якая яму ж прысвяцiла цэлую кнiгу. У жартаўлiвай манеры яна разважае аб уроках жыцця, якiя засвойвала ў працэсе шопiнгу: як навучыцца рабiць правiльныя i прыемныя пакупкi, як дазволiць сабе купляць тое, што хочацца...

Вось начытаешся такога... I захочацца здзейснiць рэвалюцыю. Таму што ў нас паход па крамах ператварыўся ў жаночы вiд спорту, прычым, лёгкай атлетыкай яго наўрад цi назавеш, асаблiва калi iмкнешся данесцi дадому пакет з прадуктамi, якi (вось зараза!) яшчэ i рвецца ў самы непрадказальны момант. Але каб хоць раз атрымаць ад гэтага сапраўднае задавальненне, пра якое гавораць замежныя прафесiяналы...

Усё, першы вясновы заробак патрачу толькi на сябе, хiба я не жанчына!? Для большасцi з нас грунтоўны паход па пакупкi арганiзуецца з прычыны непазбежнага i неабходнага абнаўлення гардэробу. Па правiлах цывiлiзаванага шопiнгу, у гэтай справе муж цi сябра павiнен удзельнiчаць толькi ў якасцi кашалька. На тым i пагадзiлiся.

Узброiўшыся парадамi Аманды, я ўпэўнена крочу да шапiка з рознымi глянцавымi часопiсамi: для таго, каб паход атрымаўся прадуктыўным, спачатку трэба вывучыць апошнiя модныя тэндэнцыi. У кожным з часопiсаў яны чамусьцi асаблiвыя, таму, набраўшы стос, лезу ў кашалёк. Ён тут як тут: «Дык, можа, гэтым i абмяжуемся? Сума ўжо кругленькая...» Але гэта толькi пачатак. Кашалёк мяне не разумее. Ужо можна было аплацiць электрычнасць за месяц, цi набыць праязны на метро i адкласцi на маршрутку, некалькi разоў схадзiць у кiно цi тэатр, урэшце набыць дарагiя полiвiтамiны, якiя дакладна пайшлi б на карысць.

Затое мяне разумее сяброўка. У яе тая ж праблема, плюс непаразуменнi на працы. Хочацца развеяцца, нi пра што не думаць. Мы працягваем разам блуканне па крамах, якiя абяцаюць распродажы. Гламурная прафесiяналка шопiнгу звар’яцела б дакладна, калi б пайшла адсюль нi з чым. А я радуюся: атрымала задавальненне ад таго, што прымярала шыкоўныя дарагiя рэчы, нарэшце адчула сябе сапраўднай топ-мадэллю i пры гэтым зберагла грошы. Хочаце верце, хочаце не, але маёй спадарожнiцы здалося, што ўсё гэта не вельмi мне пасуе. Нарэшце яна мяне ацанiла ў поўнай красе!.. Прычым далося мне гэта абсалютна бясплатна.

Можа, каб не вярнуцца дадому з пустымi рукамi, браць з сабой на шопiнг маму? Хто-хто, а яна заўсёды хоча, каб дачка выглядала добра, купляла да кожнага сезона штосьцi новае. Пры гэтым яна параiць iсцi на кiрмаш, дзе ўсё танней. I з выбарам тут усё проста, калi ўлiчыць канфлiкт пакаленняў: кажа, што нясцiплая сукенка i надта адкрытая — каханаму дакладна спадабаецца, трэба браць. Яшчэ i на боты застанецца...

Замежным пакупнiцам-крамаманкам нас не зразумець. Нашы жанчыны нiколi не патрацяць грошай больш, чым ёсць у кiшэнi, папярэдне адклаўшы на квартплату, тэлефон, харчаванне i яшчэ на ўсякi непрадказальны выпадак. Таму што колькi б нi даваў сабе слова, што купiш усё, што захочаш, разумееш, што ты не Вiкторыя Бэкхэм i не Брытнi Спiрс. Яны могуць дазволiць сабе купляць усё, на што вока глянула i не думаць пра цану. I сучасная хвароба крамаманii (залежнасцi ад пакупак) большасцi з нас наўрад цi пагражае. Таму што збiраючыся за пакупкамi, мы заўсёды ведаем, колькi можам патрацiць i што дакладна трэба набыць, калi ўвогуле не склалi спiс неабходных набыткаў. Калі такi спiс амаль увесь будзе складацца з прадуктаў, жанчына хутчэй за ўсё вернецца дадому задаволенай. I гэтаму нават ёсць навуковае тлумачэнне.

Нямецкiя вучоныя ў вынiку двухгадовых даследаванняў прыйшлi да высновы, што падчас паходаў па крамах разумовая актыўнасць жанчын-пакупнiц роўная нулю. Збiраючыся зрабiць пакупку, яны ў гэты момант не могуць адэкватна на што-небудзь рэагаваць i тым больш думаць. Папросту, яны расслабляюцца. У момант шопiнгу арганiзм вырабляе «гармоны радасцi» — эндарфiны. А iх проста так не купiш ні за якiя грошы.

Чаму пакупкi падымаюць настрой? Па-першае, мы iдзём трацiць грошы, а гэта адказнасць. Адказнасць за пакупкi прымушае розум адхіліцца ад таго, што ёсць на душы набалелага. Iдзе пазбаўленне ад стрэсу. Па-другое, прыгожыя вiтрыны прымушаюць забываць на ўсё на свеце. У тым лiку на крыўдныя словы i праблемы на працы, якiя сапсавалi настрой. Калi чалавек робiць набыткi, у яго павышаецца самаацэнка. Трэцяе: рэальныя вынiкi наведвання крам у выглядзе новага прыгожага адзення. А з новай сукенкi пачынаецца новае жыццё, у якiм няма старых праблем.

Шопiнг — сёння не праблема. Як i яго адсутнасць у жыццi многiх людзей. Шчаслiвыя — яны ўмеюць атрымлiваць радасць ад простых звычайных рэчаў, не ўкладваючы ў iх нi капейчыны, а толькi сваю душу. Найлепшае выйце з розных непрыемнасцяў. Але для тых, хто iмкнецца стварыць сабе штучную радасць, прайшоўшыся па крамах, ёсць усё-такi пэўныя законы. Я для сябе знайшла iх не ў «правiльных» кнiгах, а выключна вопытным шляхам.

Вось адзiн з iх: калi заходзiш у краму, каб развеяць дрэнны настрой, не варта набываць больш за адну рэч. Эфект задаволенасцi ад пакупкi сiмпатычнай таннай драбязы ў гэтым выпадку будзе такi ж, як ад 10 сукенак i футра ў прыдачу. Iнакш застаецца адчуванне выкiнутых на вецер грошай, i жаданне насiць рэчы, выбраныя ў змрочным настроi, наўрад цi будзе. Цi не iмi перапоўнена мая шафа зараз?..

Далей — болей. Чалавечая iстота лёгка ператвараецца ва ўючную жывёлiну, якая можа ўзяць i панесцi столькi, колькi б нi далi. Вось толькi цi варта браць? Сёння на чалавека абрушылася вялiкая колькасць спосабаў уздзеяння, iх мэта — прымусiць зрабiць iмпульсiўную пакупку. Калi сказаць больш проста — купiць тое, без чаго лёгка можна абысцiся. Спецыялiсты па маркетынгу добра ведаюць, што больш за палову пакупак робяцца якраз iмпульсiўна —прыйшоў, убачыў, набыў. Рэклама, сучасныя тэхналогii продажу разлiчаны на падсвядомасць, iнстынкты чалавека. Яны заснаваныя на выкарыстаннi пачуццяў пакупнiкоў, не заўсёды самых лепшых.

Наўрад цi вас здзiвiла б падобная размова прадаўца з пакупнiком: «Гэта апошнi экзэмпляр застаўся, усё ўжо раскупiлi. Завозу такога тавару больш не будзе. Потым будзеце шкадаваць, што не набылi...»

Цi такая: «У нас самыя нiзкiя цэны. Вы ж паглядзiце, усё даражэе. Што тыя грошы...»

Альбо вось так: «Рэч таго каштуе. Я нават сабе купiў». Многiя прадаўцы для нагляднасцi апранутыя ў тое, што самi прадаюць.

Яшчэ адзiн стопрацэнтны варыянт апрацоўкi клiента: «Ваш густ бездакорны! На вас выдатна глядзiцца. Упершыню бачу, каб так цудоўна сядзела...» Прымiтыўная лiслiвасць, а якi вынiк!

Найлепшае выйсце ў такiх выпадках — ветлiва адмовiцца ад дапамогi прадаўцоў, не паказвацца iм на вочы, прымяраючы што-небудзь. Не ўступаць у размовы i спрэчкi, не тлумачыць, чаму не падабаецца тавар. Проста канстатуйце — не падабаецца i ўсё! Сапраўды, цяжка сказаць «не» ў адказ на цудоўнае абслугоўванне. Але можна прызнаць сваю (!) памылку. Маўляў, я вiнаватая, прычынiла вам столькi клопатаў, а сама памылiлася з выбарам фасону, колеру, матэрыялу i гэтак далей. Можна нават папрасiць прабачэння за тое, што на вас патрацiлi столькi часу дарэмна. I мiла разысцiся. Каб пазбавiцца небяспекi прыйсцi дадому ў дрэнным настроi. А то дзеля чаго тады гэта ўсё ўвогуле патрэбна?

Ёсць жанчыны, якiя крамамi i супермаркетамi падмяняюць музеi, дзе гадзiнамi праводзяць даследаванне палiц i вешалак. Здаецца, менавiта тут рэалiзуецца iх жыццё, тут яны знаходзяць стымул для працы, адначасова форму адпачынку i тэрапiю, а паход па абноўкi становiцца для iх назойлiвай iдэяй. I ў такiх выпадках я разумею мужчын, якiя шалеюць ад таго, што iх палавіна гадзiнамi падбiрае шалiк для новага палiто. Але гэта не прыкмета жаноцкасцi, а прыкмета чагосьцi iншага. Няма большых клопатаў...

А ёсць жанчыны, якiя iдуць у краму цi на кiрмаш таму, што гэта неабходна рабiць час ад часу. Тут жа знаходзяць патрэбны памер, колер i яшчэ купляюць нешта сваiм каханым. Тыя часам толькi робяць выгляд, што iх уся гэтая мiтусня надта напружвае, а розныя неабавязковыя дробязi раздражняюць. Яны таксама бываюць рады абноўкам i любяць прыемныя дробязi, якiя здольныя ўзнiмаць настрой. Дык няхай дораць нам неназойлiвую вясновую тэрапiю.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Памятаю, у школе на ўроках англiйскай мовы мы вывучалi тэму «шопiнг». Расказ пра пакупкi ўсiм даваўся вельмi складана, прынамсi, тады, у маiм савецкiм
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика