Як дбаеш, так i маеш?Алё, народ на провадзе! Неяк у вашай рубрыцы была гiсторыя пра цыганоў. Яны i ў нас жывуць, на Пастаўшчыне. Адразу скажу — нiчога супраць не маю: таму, як шануюць мову сваю, нам у iх павучыцца трэба.Але многаму i не трэба — таму ж гандлярству, больш падобнаму на махлярства, таму ж жабрацтву... Зрэшты, i тут iм нельга не аддаць належнае. ...Некалi ў нашых мясцiнах хадзiлi цыганкi, i ў адной хаце згледзела госця боты — новыя, скураныя. I па памеру — якраз на мужыка. Бяда толькi, стаяць далёка — пад ложкам, амаль на покуце. Хацеў бы ўзяць... А як? Прыйшла яна дамоў, расказала свайму мужыку. Разам, вiдаць, i план прыдумалi. Карацей, назаўтра тая ж самая цыганка зноў завiтала ў тую ж самую хату. Толькi парог пераступiла, толькi слова прамовiла (гаспадыня адказаць не паспела), у хату цыган улятае. Ды з пугай! Ды з гвалтам: «Колькi разоў казаць табе — не хадзi ў адну хату! Паважай гаспадароў! Ты ж тут учора была! Забылася? Дык я табе зараз розуму ўстаўлю!..». I пугай па ёй. Прычым не мiма, не жартам... Цыганка ў слёзы, у крык i на падлогу, i, ратуючыся, паўзком пад абразы, пад... той самы ложак, дзе боты стаяць. Гаспадыня на выручку: «Уцякай! — крычыць. — Уцякай з хаты!». I давай лавiць тую пугу, давай угаворваць раз’юшанага цыгана. Пакуль прасiла яго, пакуль малiла, пакуль улагоджвала неяк, цыганкi i след прастыў. За ёй у хуткасцi i цыган падаўся. А гаспадыня стала чакаць свайго мужыка: карцела ж расказаць, якое тут здарэнне было. Той паслухаў яе, зiрнуў пад ложак i ўсё зразумеў. Атрымала жонка пугi. Але цыганка, атрымаўшы, абула свайго мужыка ды ў новыя прыгожыя боты, а наша кабетка наадварот — разула. В. ГАЎРЫШ, в. Навасёлкi, Пастаўскi раён. ПЕРШАЕ ВЯСЕЛЛЕ У далёкай маладосцi запрасiлi мяне ў шаферы да школьнага сябры. Быў гэта адзiн з першых маiх самастойных выхадаў «у людзi», таму паставiўся я да яго вельмi адказна. Гэта азначала не напiцца, не пабiцца i наогул паводзiць сябе прыстойна, што мне збольшага i ўдалося... Пад ранiцу, калi нават самыя заўзятыя танцоркi крыху прытамiлiся i разбрылiся хто з кiм, а хто дахаты, адвёў я на начлег музыкаў, выпiў з iмi чарку гарэлкi ды выйшаў на цiхую цёмную вясковую вулiцу. I тут паўстала перада мной пытанне: дзе паспаць? Вядома, можна было пайсцi дамоў, але... Гэта амаль тры кiламетры па гразкай палявой дарозе, а адзiных у наваколлi глянцавых чаравiкаў, што я купiў на апошнiм тыднi вайсковай службы ў Нямеччыне, было вельмi шкада. Да таго ж мацi (каб сынок, крый Бог не разлайдачыўся) магла ўспомнiць пра якую-небудзь неадкладную работу... Пасля гэтых развагаў нiчога лепшага я не выдумаў, чым вярнуцца ў хату, дзе адбывалася вяселле. Дакладней — у каморку. Мэтай маёй быў вялiзны самаробны даўнейшы... стол, за якiм ускармiлася не адно пакаленне сябравых продкаў. Цяпер з-за сваiх памераў ён быў выдалены з кухнi. З гэтай жа прычыны не згадзiўся i для ўрачыстасцяў... Дык вось на досвiтку я цiха прашмыгнуў у згаданую каморку, саставiў на падваконне няхiтры посуд, паклаў пад галаву нейкi кажушок i, выцягнуўшы да вакенца стомленыя ногi, iмгненна заснуў. На свiтанку бацькi маладога выправiліся кармiць i даiць карову. Мой жа бацька, якi быў запрошаны на чарку яшчэ пазаўчора, тым часам перадаў конюху свае абавязкi вартаўнiка ў ляснiцтве i якраз у гэтыя хвiлiны завiтаў у хату. Нiхто яго не сустрэў, таму ён уважлiва агледзеў пакоi, вясельныя сталы i ў пошуках гаспадароў зазiрнуў у каморку. А там... На стале пад цьмянай лямпачкай ляжаў яго адзiны сын... Сашчапiўшы рукi на грудзях, у касцюме, пры гальштуку, у блiскучых чаравiках... (Дзеля паўнаты карцiны не хапала толькi свечкi запаленай). У беднага бацькi аж рукi затрэслiся. — Твой хлопец з паўгадзiны як спiць, — з-за спiны сказаў яму гаспадар, вярнуўшыся ў хату. Але бацька, спужаўшыся, мяне ўжо расштурхаў... Здымаць атрыманы стрэс прыйшлося пляшкай першаку. Больш нiчога незвычайнага на гэтым вяселлi не здарылася. Але ўсё ж параду дамо: не спiце, хлопцы, на стале. I пад сталом таксама. В.П., г. Лiда. НЕ СIЛАЙ, ДЫК ХIТРАСЦЮ Было гэта падчас фашысцкай блакады вясной 43-га. Наш партызанскi атрад вёў баявыя аперацыi на тэрыторыi Гарадоцкага раёна. Асаблiва ж жорсткi бой быў за вёску Пушча: некалькi разоў мы адбiвалi атакi гiтлераўцаў i палiцаяў, але сiлы былi няроўныя, камандаванне дало загад адступiць. Не далёка — да хмызняку. Толькi запынiлiся, бачым — з вёскi выбеглi двое: першым наш, партызан, а за iм — немец. Даганяе... I страляць не будзеш — на пяты наступае... Наступiў во... Хапае за каўнер i... У той жа момант наш... выслiзвае з кажуха, бяжыць далей. Немец жа — чапляецца за крысо i, з разгону, як грымне!.. Тут ужо i мы... Пачалi страляць. Праўда, безвынiкова — немец схапiў нанешта кажух i даўся назад. ...Як потым высветлiлася, уцекачом быў Васiль Лявонаў. Ад перажытага ён страцiў не толькi апратку, але i мову. Дзякаваць Богу, ненадоўга. Што надоўга было, дык гэта агульная ўвага i клопат: усе проста неабходным лiчылi спытаць у яго, калi да немцаў пойдзе? Па свой кажух. Ф. СЕМУРОЎ, былы партызан, г.п. Падсвiлле. НЕ ЎСЁ МЁД, ШТО САЛОДКАЕ Гадоў да 30 спiртнога я ў рот не брала — нi кроплi. — А некалi ж магла... I ледзь не цэлую шклянку, — нагадала радня. I не схлусiла. У нашай вёсцы дзiцячага садка тады не было. Малеча сама расла, сама сабе занятак знаходзiла. Прычэпiшся, бывала, да цёткi якой — паразмаўляць хочацца, а яна з паўхвiлькi цябе паслухае, а потым кажа: «Iдзi, дзетка, гуляй». Iм жа, цёткам, вечна часу няма. Iншая справа дзядзькi. Не тое, што заўжды... Але ж калi яны ля крамы сабралiся... Вось мы i круцiлiся там, чакалi — раптам збяруцца. Асаблiвая «вязуха» была, калi дзядзька Дзiма з’яўляўся. Ён i сырам у чырвонай скурцы мог пачаставаць (iм яны закусвалi), i на каленях пагушкаць, а найлепшае... Падыме высока-высока, скажа: «Расцi вялiкая!»... А потым падкiдвае цябе i ловiць, падкiдвае i ловiць... I смяецца разам з табой... Карацей, як на мой дзiцячы розум, дык у краме яны куплялi, а потым разлiвалi па шклянках нешта незвычайна салодкае, чароўнае, тое, што рабiла iх вясёлымi, прыгожымi, бясконца добрымi, шчаслiвымi... I вось бяседа ў нашай раднi рыхтуецца. Показку «дзе харчы, там i тырчы», мы, малыя, яшчэ, вiдаць, не чулi, але трымалiся менавiта гэных месцаў. У адным — баба Iсачыха пышкi ў смятану макала i зверху пасыпала цукрам. А побач з ёй — знаёмыя пасудзiны. Прашу: «Бабка, дай мне гарэлкi». Тая смехам з лыжку ў шклянку i ўлiла. «Не, — кажу, — гэтага мала. Трэба, каб была поўная...». Колькi яна там плюхнула, не памятаю. Як я пiла — таксама... Помню толькi, што яна мне яшчэ i пышку дала. А я, як дзядзькi ля крамы, сказала, што пасля першай не закусваю. Яшчэ памятаю, як брацiк (яму 9 гадкоў, мне 5) цягнуў мяне дадому (гэта з кiламетр). I праклiнаў... Нехта, вiдаць, усё ўбачыў-пачуў, сказаў нашай мацi, бо апошняе, што помню — як яна падхапiла мяне на рукi... Першае, што ўбачыла потым, як ачнулася — ляжу пад абразамi. Мабыць, памiраць паклалi... Як ратавалi, не памятаю. Але ж, калi чвэрць веку пасля гэтага на спiртное глядзець не магла, добрага ў тым не было. Соф’я К, Рагачоўскi раён. Рубрыку вядзе Валянцiна ДОЎНАР. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Неяк у вашай рубрыцы была гiсторыя пра цыганоў. Яны i ў нас жывуць, на Пастаўшчыне. Адразу скажу — нiчога супраць не маю: таму, як шануюць мову сваю,
|
|