Работа. Плюс «жыллёвыя пытаннi»
Сяргей ГРЫБ
На пытаннi чытачоў нашай газеты адказваюць загадчык юрыдычнай кансультацыi галоўнага прававога ўпраўлення апарату Савета Федэрацыi прафсаюзаў Беларусi Уладзiмiр Iванавiч ШЭЛКОВIЧ i намеснiк загадчыка юрыдычнай кансультацыi ФПБ Васiль Мiкалаевiч КОРСУК.
(Працяг. Пачатак у нумары за 14 сакавіка.) — Да вас звяртаецца Кацярына Iванаўна па такой справе. Мой сын з сям’ёй жыве ў Мiнску i з 1989 года стаiць у чарзе на паляпшэнне жыллёвых умоў. Цi мае ён права разлiчваць на будаўнiцтва i атрыманне льготнага крэдыту? — Летась у Мiнску права будаваць кватэры з выкарыстаннем iльготных крэдытаў прадастаўлялi асобам, якiя знаходзiлiся ў чарзе з 1988 года. Словам, чарга вашага сына ўжо блiзка. Таму мы параiлi б яму праз колькi месяцаў падысцi ў адмiнiстрацыю свайго раёна — цалкам верагодна, што магчымасць уключэння ў лiк забудоўшчыкаў будзе сёлета цi ў наступным годзе. Прычым калi сын пачне будавацца, то ён зможа разлiчваць на крэдыт тэрмiнам на 20 гадоў пад 5 працэнтаў гадавых. — Майму сыну 32 гады. Цi зможа ён атрымаць субсiдыю на будаўнiцтва, рэканструкцыю цi набыццё жылля, i якой будзе сума гэтай субсiдыi? Вера Мiкалаеўна, г. Баранавiчы — Права на атрыманне бязвыплатнай субсiдыi маюць грамадзяне, у якiх падышла чарга будавацца i да таго ж даход якiх не перавышае 2 мiнiмальныя спажывецкiя бюджэты на кожнага члена сям’i цi на сёння — 530 тыс. рублёў на чалавека. Што да сумы субсiдыi, то яна залежыць ад працягласцi знаходжання ў чарзе, наяўнасцi чэкаў «Жыллё», колькасцi членаў сям’i, якiя знаходзяцца на ўлiку маючых патрэбу ў паляпшэннi жыллёвых умоў, iншых акалiчнасцяў i можа дасягаць 70 працэнтаў ад кошту будаўнiцтва па вызначаных для сям’i нарматывах агульнай плошчы жылых памяшканяў тыпавых спажывецкiх якасцяў. — Мне 34 гады, жонцы — 28. Патлумачце, калi ласка, цi маем мы, як маладая сям’я, якiя-небудзь перавагi ў чарзе на паляпшэнне жыллёвых умоў? Анатоль ЛАДУЦЬКА, г. Мiнск — Якiх-небудзь «iльгот» па прадастаўленню жылля ў маладых сем’яў няма. Аднак, згодна з Указам кiраўнiка дзяржавы ад 14 красавiка 2000 года № 185,, пры «падыходзе» чаргi такiя сем’i маюць права на сумеснае выкарыстанне як iльготнага крэдыту, так i аднаразовай бязвыплатнай субсiдыi. — Патлумачце, калi ласка, за кiм захоўваецца службовае жыллё i цi можа прыватызаваць яго чалавек, якi адпрацаваў у арганiзацыi 15 гадоў? I яшчэ. Цi можна правесцi добраўпарадкаванне тэрыторыi i перапланiроўку жылога памяшкання з улiкам таго, што яно мне не належыць? Мiкалай Сяргеевiч, г. Капыль — Згодна з Жыллёвым кодэксам, асобы, што адпрацавалi на прадпрыемстве дзесяць i больш гадоў, не падлягаюць высяленню са службовага жылля без прадастаўлення iншага памяшкання. Апроч таго, наколькi нам вядома, зараз на гэты конт падрыхтаваны спецыяльны праект указа. I, у прыватнасцi, у гэтым праекце iдзе гаворка аб тым, што асобы, якiя атрымалi службовае жыллё да 8 красавiка мiнулага года i якiх нельга з яго выселiць, змогуць атрымаць дазвол на прыватызацыю. Зрэшты, заўважым, што пакуль гэта — толькi праект. Словам, Мiкалай Сяргеевiч, сачыце за друкам. Што да другога пытання, то правесцi добраўпарадкаванне i перапланiроўку можна. Аднак толькi пасля атрымання адпаведнага дазволу. — Мы пераехалi ў вёску, дзе нам далi службовае жыллё. Зараз тут прапiсана я i двое дзяцей, а муж — у iншым населеным пункце. Цi магу я прыватызаваць гэты дом, тым больш, што супраць яго перадачы цi продажу нiчога не маюць у сельгаспрадпрыемстве? Алена Мiхайлаўна, Мядзельскi раён — Зноў-такi, Алена Мiхайлаўна, трэба крыху пачакаць з’яўлення ўказа кiраўнiка дзяржавы — менавiта ў iм будзе вызначана, каму i якое жыллё можна будзе прыватызаваць. — Турбуюць з Брэсцкай вобласцi, а нагодай сталася такая сiтуацыя. Тэрмiн майго працоўнага кантракта заканчваўся 9 сакавiка гэтага года. Кантракт па стану здароўя я вырашыла не працягваць i паведамiла аб гэтым наймальнiку. Аднак звольнiлi мяне чамусьцi не з 9, а з 3 сакавiка. Цi меў рацыю наймальнiк? — Адназначна, ваш наймальнiк паступiў неправамоцна, таму зараз на працягу месяца вы можаце абскардзiць яго рашэнне ў судзе. Дарэчы, узоры адпаведных заяў ёсць у любым будынку суда. I да таго ж сама падача заявы, а таксама юрыдычныя кансультацыi калегii адвакатаў у такой сiтуацыi з’яўляюцца бясплатнымi. Прычым, каб зноў-такi бясплатна атрымаць кансультацыйную дапамогу ў падрыхтоўцы заявы, можна звярнуцца ў прафсаюзы, i ў дадзеным выпадку — у Брэсцкае абласное аб’яднанне прафсаюзаў. — Маю намер пераехаць у Мiнскую вобласць. Пры гэтым, наколькi вядома, зараз у сталiцы iснуе дадатковая дапамога на маленькiх дзяцей «на памперсы». Цi змагу ў выпадку пераезду атрымлiваць такую дапамогу асабiста я? Вольга ГОЛIКАВА, Краснапольскi раён — Так званая дадатковая дапамога «на памперсы» на дзяцей да 1 года фiнансуецца з бюджэту горада Мiнска i, адпаведна, вызначана толькi для жыхароў непасрэдна сталiцы. Разам з тым, Вольга, варта заўважыць, што кожны рэгiён мае магчымасцi прымаць свае меры па падтрымцы сем’яў з дзецьмi. А даведацца аб гэтых мерах падтрымкi на мясцовым узроўнi можна ва ўпраўленнi па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне таго раёна, куды вы збiраецеся пераязджаць. — Магчыма, пытанне не зусiм звычайнае, i тым не менш: цi захаваецца за мной чарга на паляпшэнне жыллёвых умоў у выпадку перапрапiскi з Першамайскага ў Ленiнскi раён сталiцы? Кацярына Уладзiмiраўна ПРУДНIКОВIЧ, г. Мiнск — У выпадку перапрапiскi ў межах Мiнска ваша чарга застанецца, прычым — па першаму месцу прыняцця на ўлiк. Iнакш кажучы, вы застаняцеся ў чарзе ў Першамайскiм раёне. — Мая дачка не мае ўласнай кватэры, а таму, пасля ўступлення ў першы шлюб, стала ў чаргу на паляпшэнне жыллёвых умоў. На жаль, шлюб аказаўся няўдалым. I зараз дачка, яе малое дзiця, былы муж i я прапiсаны ў адным доме плошчай 74 квадратныя метры. Цi могуць дачку зняць з чаргi на паляпшэнне жыллёвых умоў? Ларыса Мiхайлаўна ГАМАНОВIЧ, Навагрудскi раён — У такой сiтуацыi, Ларыса Мiхайлаўна, зняць вашу дачку з чаргi сапраўды павiнны. Бо пасля таго, як дачка i яе муж разышлiся, яны ўжо не адносяцца да катэгорыi маладых сем’яў, якiя ўзялi першы шлюб i не маюць уласнага жылля. Прычым не могуць яны знаходзiцца ў чарзе на паляпшэнне жыллёвых умоў i па метражу — на кожнага чалавека, якi пражывае ў доме зараз, прыпадае больш за 15 «квадратаў» агульнай плошчы. — Як малады спецыялiст, была размеркавана ў Аксакаўшчыну, дзе мне далi месца ў iнтэрнаце. Потым нарадзiлася дзiця, а праз пэўны час я звольнiлася. Цi магчыма ў такiм выпадку застацца ў iнтэрнаце i мець тут асобны пакой? Iрына НОВIКАВА, г. Мiнск — Прадаставiць пакой у iнтэрнаце магчыма толькi па хадайнiцтву вашай новай арганiзацыi. I да таго ж пры ўмове, што ваша ранейшая арганiзацыя будзе мець такую магчымасць. — Прачытала ў «Звяздзе», што аформiць дапамогу па догляду дзiцяцi ва ўзросце да 3 гадоў замест мацi нельга на бабулю цi дзядулю, якiя з’яўляюцца пенсiянерамi. Разам з тым цi магчыма аформiць такую дапамогу на бабулю, якая яшчэ не дасягнула пенсiйнага ўзросту, аднак пры гэтым прапiсана ў iншым населеным пункце? Ларыса ЗЯНЬКОВIЧ, г. Мiнск — Наяўнасць у бабулi або iншага сваяка працаздольнага ўзросту — толькi адна з умоў афармлення дапамогi. Умова ж другая — фактычны догляд сваяком дзiцяцi ва ўзросце да 3 гадоў. А пры пражываннi ў iншым населеным пункце апошняе, пагадзiцеся, практычна не рэальна, а таму ў прызначэннi дапамогi могуць адмовiць. — Патлумачце, цi магчыма ўладкавацца на работу ў Мiнску жыхарам iншых рэгiёнаў? Пётр МIХЕВIЧ, г. Барысаў (аналагiчнае пытанне паступiла па телефоне з Ашмянскага раёна) — Працаўладкоўвацца ў сталiцы без абмежаванняў могуць тыя iншагароднiя асобы, якiя маюць магчымасць штодня дабiрацца з пастаяннага месца жыхарства на работу i вяртацца назад. Калi ж такой магчымасцi няма, справа нашмат складаней. У прыватнасцi, прыём такога чалавека на работу павiнен быць узгоднены з Мiнгарвыканкамам, i наймальнiк будзе абавязаны зрабiць адлiчэнне ў бюджэт горада ў памеры 500 базавых велiчынь. Праўда, па рашэнню Мiнгарвыканкама наймальнiк можа быць вызвалены ад адлiчэння. Аднак такое рашэнне прымаецца асобна па кожнаму выпадку — з улiкам патрэбы горада ў тым цi iншым спецыялiсце. (Працяг будзе.)
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
На пытаннi чытачоў нашай газеты адказваюць загадчык юрыдычнай кансультацыi галоўнага прававога ўпраўлення апарату Савета Федэрацыi прафсаюзаў Беларусi
|
|