Адраджэнне вёскi — гэта найперш праца i заробак
Iлона IВАНОВА
Так лiчаць мясцовая ўлада i жыхары вёскi Ходасы Мсцiслаўскага раёна
Сёлета Ходасам, што на Мсцiслаўшчыне, спаўняецца 400 гадоў. Юбiлей тут мяркуюць адзначыць увосень, калi скончацца палявыя работы, i да вялiкага свята плануюць добра падрыхтавацца. Ходасаўцы хочуць, каб iх вёска стала ў будучым аграгарадком, i таму спадзяюцца на галоўны падарунак да «круглага» юбiлею: каб Ходасы ўключылi ў адпаведны план па будаўнiцтву аграгарадкоў. Адраджэнне вёскi мясцовыя жыхары звязваюць найперш з пашырэннем вытворчасцi i стварэннем новых працоўных месцаў. Веснавое прыбiранне У Ходасах, якiя за два дзесяткi кiламетраў ад раённага цэнтра, сёння жыве амаль дзве тысячы чалавек. Гэта вялiкая вёска сярод iншых вылучаецца чыгуначнай станцыяй. Таму тут месцяцца розныя арганiзацыi раённага маштабу, у тым лiку i камбiкормавы завод. У цэнтры Ходасаў каля амбулаторыi i сельвыканкама тоўпiцца народ. На дзвярах сельсавета да агульнай увагi — аб’ява з настойлiвай просьбай навесцi парадак на прыдваровых тэрыторыях, дзе шмат смецця пасля раставання снегу. Гэта на сёння асноўная задача мясцовай улады — прасачыць за веснавым прыбiраннем. Ходасаўскi сельсавет летась заняў першае месца ў раёне па ўсiх паказчыках, i тут маюць намер трымаць «марку». У мясцовай школе, дзе вучыцца тры сотнi школьнiкаў, цяпер iдзе рамонт: усе дзверы i вокны мяняюцца на пластыкавыя шклопакеты, будынак уцяпляецца, фарбуюцца сцены, iдзе касметычны рамонт класаў. На ўсё гэта ўжо выдаткавана 400 мiльёнаў рублёў. Побач са школай — яшчэ адна будаўнiчая пляцоўка. Гэта ўзводзiцца фiзкультурна-спартыўны комплекс. Калiсьцi гэта будоўля была замарожаная, а летась была адноўленая. На суседнiх вулiцах вядзецца пракладка каналiзацыi: людзi радуюцца, што цяпер у iх будзе такая важная для жыцця выгода, але i хвалююцца — калi ж будзе адноўлена дарога, якая цяпер падобная на гразевую ванну. Мясцовыя ўлады пераконваюць, што ўсё будзе прыведзена ў парадак. Упрыгажэнне цэнтральнай плошчы Ходасаў — Дом культуры. Гэта не новы будынак, i колькi гадоў ходасаўцы змагалiся з дахам, якi пастаянна працякаў. У вынiку дапамаглi дэпутат Магiлёўскага абласнога Савета дэпутатаў Вiктар Нерушкiн i ўраджэнец Ходасаў Аляксандр Кулiчкоў, кiраўнiк спраў Прэзiдэнта Беларусi. «Усе зацiкаўленыя ў тым, каб захаваць, што маем, i стварыць новае», — з гордасцю гаворыць старшыня Ходасаўскага сельскага Савета Анатоль Шаванаў. Самае галоўнае — праца Асноўны працадаўца ходасаўцаў — гэта Райаграпрамтэхзабеспячэнне, да якога далучылi дзве сельскiя гаспадаркi. СВК «Усполле» ўжо злiлося з арганiзацыяй, а саўгас iмя Тэльмана — яшчэ ў працэсе. Гаспадаркi — эканамiчна слабыя. I надоi, i ўраджаi збожжавых тут малыя. Напрыклад, у саўгасе iмя Тэльмана дойны статак складаецца толькi з трох соцень галоў. Прычым, як кажуць, гэта ўжо не каровы, а, лiчы, козы. Яны даюць малака менш, чым сабраныя сельсаветам у прыватнiкаў лiшкi. Так што Райаграпрамтэхзабеспячэнню давядзецца прыкласцi нямала намаганняў, каб адрадзiць вытворчасць малака i збожжа. Аднак ужо летась арганiзацыя практычна сеяла i збiрала ўраджай у гаспадарках, i вал збожжа быў удвая большы. Значыць, можна дасягнуць вынiкаў. На новыя добрыя вынiкi павiнны працаваць тэхнiка i людзi. Сяляне звязваюць свае надзеi на лепшае з гэтым аб’яднаннем i найперш спадзяюцца, што не будзе скарачэнняў. На мясцовым камбiкормавым заводзе такiя скарачэннi, на жаль, раней адбылiся: там працавала каля сотнi чалавек, а цяпер — напалову меней. Усё ж працоўных месцаў для жыхароў Ходасаў не хапае. — Адраджэнне вёскi — гэта ў першую чаргу вытворчасць, — упэўнены кiраўнiк Ходасаўскай улады. — Людзям трэба даць працу, каб яны зараблялi нармальныя грошы, а потым думаць пра культурны адпачынак. Анатоль Шаванаў лiчыць, што сёння, каб нармальна жыць, сельскi жыхар павiнен зарабляць тысяч 500 рублёў. Некаторыя такiя грошы ўжо атрымлiваюць: у першую чаргу, размова тут пра бюджэтнiкаў — медыкаў, настаўнiкаў. А вось работнiкi сельскагаспадарчай вытворчасцi столькi яшчэ не зарабляюць. Цi ёсць iншыя магчымасцi для адраджэння сельскiх гаспадарак, акрамя як перадачы iх у рукi Райаграпрамтэхзабеспячэнню? Напэўна, пакуль няма, адказваюць у сельвыканкаме. Пра перадачу зямель у прыватныя рукi сёння размовы няма. Наадварот, людзi цяпер прыходзяць да ўлады з заявамi аб адмове ад сваiх зямельных надзелаў: альбо няма сiл па старасцi апрацоўваць зямлю, альбо стамiлiся ад дадатковых клопатаў. У гэтых мясцiнах сем’i звычайна маюць у сярэднiм гектар зямлi, дзе вырошчваюць збожжа i бульбу. А вось смелых прыватнiкаў, якiя б узялi паболей зямлi i сталi сапраўднымi фермерамi, пакуль няма. Рух за аграгарадок Акрамя чыгункi, Ходасы знаходзяцца на шашы, якая вядзе да Мсцiслава i потым на мяжу з Расiяй. Тут ёсць i заправачная станцыя — вiдавочная прыкмета цывiлiзацыi. Аднак нягледзячы на ўсё гэта, Ходасы дасюль маюць статус вёскi i нават стаць аграгарадком няма перспектывы, калi нiчога не зменiцца. — Калi складаўся спiс аграгарадкоў, мне ў раёне сказалi, што Ходасы па сутнасцi даўно аграгарадок i, маўляў, трэба iншых падняць да гэтага ўзроўню, — тлумачыць Анатоль Шаванаў. — Аднак мы тут з такой пазiцыяй не згодныя. Наколькi мне вядома, цяпер Мсцiслаўскi раён звярнуўся з хадайнiцтвам, каб Ходасы ўсё ж сталi ў будучым аграгарадком. Аднак тут размова iдзе пра вялiкiя грашовыя выдаткi, i рашэння на гэты конт яшчэ няма. Канешне, прызнаюць ходасаўцы, у iх i так нядрэнна, але, з iншага боку, дасканаласцi няма межаў. I ёсць праблемы ў Ходасах, якiя можна было б вырашыць за кошт сродкаў, выдаткоўваемых на добраўпарадкаванне будучага аграгарадка. У «лiсце чакання» — падсыпка дарог, правядзенне водаправода ў некаторых месцах, рамонт i ўсталяванне ў цэнтры бетонных агароджаў. Усяго ў Ходасаўскiм сельсавеце — 13 вёсак. Аднак, акрамя буйных Ходасаў, iншыя вёскi, на жаль, наўрад цi маюць шанцы на будучае. Верагодна, што ў будучым невялiкiя вёскi знiкнуць з карты Ходасаўскага сельсавета — ужо цяпер там эканамiчна нявыгадна ўкладаць грошы ў дарогi i ўтрымлiваць школы. У малых паселiшчах жывуць у асноўным пенсiянеры, якiя хочуць, натуральна, не працоўных месцаў, а якаснага сацыяльнага абслугоўвання. Анатоль Шаванаў лiчыць, што праз некалькi дзесяткаў гадоў гаспадарка з цэнтрам у Ходасах будзе мець развiтую эканомiку. Тут будуць не толькi вырабляць прадукцыю, але i перапрацоўваць яе. У перспектыве вытворчая i сацыяльная сферы сканцэнтруюцца ў цэнтры, i жыццё ходасаўцаў стане больш камфортным. — Калi мы прыязджаем у Магiлёў, то бачым, што там для людзей зроблена значна больш, — разважае старшыня сельвыканкама. — Гэта не значыць, што мы хочам жыць у горадзе. Мы хочам, каб i для нас, сялян, было больш выгод для звычайнага жыцця. Заробак, бальнiца, маладзёжнае кафэ Сёння няма нiякай рознiцы памiж харчовымi крамамi, напрыклад, у Магiлёве i ў Ходасах. I асартымент амаль такi ж, i цэны не скачуць. Толькi прыходзь i набывай! — А каб людзi маглi набыць, трэба даць iм добрую працу, каб яны маглi дастойна зарабiць, — зноў вяртаецца да сваёй асноўнай думкi Анатоль Шаванаў. — Таму адраджэнне вёскi — гэта, у першую чаргу, развiццё вытворчасцi. Ходасаўцы згодныя са сваiм старшынёй, што для iх важней за ўсё адраджэнне сельскiх гаспадарак, якiя апошнiя гады былi ў заняпадзе. — У маiм разуменнi адраджэнне — гэта каб нашым людзям было дзе працаваць i жыць, — лiчыць сакратар Ходасаўскага сельскага Савета Людмiла Сурава. — Неабходны сацкультбыт маем, а вось праца — гэта галоўнае. Будзе праца — будуць прыязджаць маладыя семi, будзе нешта рабiцца, вёска будзе расцi i развiвацца. — У нас у Ходасах ёсць амбулаторыя, але для нармальнага жыцця, я лiчу, патрэбны i стацыянар, дзе можна было б людзям, асаблiва сталага ўзросту, падлячыцца, — гаворыць пенсiянерка Галiна Палеева. — Магазiнаў хапае, усё ў нас ёсць, вось толькi здароўя нестае. Таму хочацца, каб у нас была свая бальнiца. — Трэба стварыць умовы жыцця для моладзi, каб яна ў нас заставалася, — мае сваё меркаванне начальнiк Ходасаўскай чыгуначнай станцыi Аляксандр Бебекаў. — Нам патрэбныя добрыя спартыўныя пабудовы i месцы адпачынку. Трэба i кафэ, i паркi, i ўсё iншае, дзе моладзь будзе бавiць свой вольны час. I адраджэнне таксама — паляпшэнне стану дарог i вулiц. Трэба ствараць умовы для лепшага жыцця. Мы ж iдзём наперад! Адраджэнне вёскi — справа кожнага — Ну канешне, мы вiтаем усё, што мае дачыненне да адраджэння вёскi! — усмiхаецца Анатоль Шаванаў. — Мы ж самi вяскоўцы! Гэта добра, што дзяржава клапоцiцца пра тое, каб вяскоўцы заможна жылi i культурна адпачывалi. Аднак улады нагадваюць, што адраджэнне вёскi датычыцца не толькi дзяржавы i начальнiкаў. Яно датычыцца кожнага чалавека, якi ў гэтай вёсцы жыве. — Многiя з разуменнем ставяцца i самi iмкнуцца, каб у iх было ўсё добра i прыгожа, — падкрэслiвае старшыня Ходасаўскага сельскага Савета. — А вось iншых трэба штурхаць. I ў некаторых з’явiўся такi прынцып утрыманства: яны хочуць, каб за iх усё зрабiла дзяржава i за дзяржаўныя грошы. Маўляў, абавязаны нам i давай! Не разумеюць, што гэта яны самi павiнны для сябе зрабiць. I трэба тлумачыць, што без iх удзелу нiчога мы не адродзiм. Мсцiслаўскi раён.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Так лiчаць мясцовая ўлада i жыхары вёскi Ходасы Мсцiслаўскага раёна |
|