Мсцiслаўскi фiлiял «нябеснай канцылярыi»
Iлона IВАНОВА
(22 сакавiка: 1983 год — +2, 1992 год — 0, 2006-ы — да 10 марозу, а сёлета чакаецца +15) 30 гадоў пенсiянер з Мсцiслава Мiхаiл Савельевiч ГАНЧАРОЎ вядзе свой улiк надвор’я. Аматар-метэаролаг двойчы на дзень адзначае тэмпературу паветра, накiрунак ветру, ападкi i сонечную актыўнасць. А таксама i вынiкi рыбалкi, бо менавiта дзеля гэтага свайго любiмага хобi Мiхаiл Савельевiч i стаў назiраць за надвор’ем.Ганчароў — ураджэнец Мсцiслаўшчыны. Тут яго каранi, а на Алеi герояў у раённым цэнтры ёсць партрэт яго роднага дзядзькi, якi стаў Героем Савецкага Саюза. Мiхаiл пасля заканчэння школы вывучыўся на ваеннага фiнансiста i служыў у Iркуцкай вобласцi. Там, на рацэ Белая, здарыўся выпадак, якi перавярнуў усе жыццёвыя планы маладога чалавека. Лейтэнант-казначэй перавозiў i раздаваў у дывiзii грошы. Цераз раку ездзiлi па лёдзе, бо мост рамантаваўся. I аднойчы правалiлiся. Суму ў 800 тысяч савецкiх рублёў (вельмi вялiкiя грошы за тым часам) Ганчароў выратаваў, але пасля вымушанага купання ў халоднай вадзе моцна захварэў i быў камiсаваны. Таму вярнуўся ў родныя мясцiны i пачаў жыццё нанова. Мiхаiлу давялося доўга лячыцца, потым змянiць прафесiю, i ад тугi i праблем мужчыну ратавалi паляванне i рыбалка. — Мой бацька мне заўсёды казаў, што жыццё — гэта рух, — дзелiцца цяпер вопытам выжывання Мiхаiл Савельевiч. — I я ўвесь час рухаюся. Мне цяпер ужо 71 год, а я ўсё яшчэ магу даць «фору» маладому. З паляваннем цяпер Ганчароў развiтаўся з-за сталага ўзросту, а вось вялiкiм аматарам рыбалкi застаецца i па сёння. Любiмае месца — Святое возера непадалёк ад Мсцiслава, дзе, кажуць, водзяцца выдатныя карасi. Злавiць там на звычайную вуду некалькi кiлаграмаў свежай рыбы — не праблема, сцвярджае Мiхаiл Савельевiч. Трэба толькi ведаць, калi i як. Якраз з апошняй высновай i звязана iншае трывалае хобi Ганчарова — сачыць за надвор’ем. Гэтай справе навучыў яго стары мсцiслаўскi настаўнiк, сябра Мiхаiла Савельевiча па рыбалцы. Аматар спiнiнга, ён калiсьцi расказаў маладому калегу, што запiсвае надвор’е i клёў рыбы, параўноўвае даныя i вылiчвае, цi варта выходзiць на промысел. Так вырашыў рабiць i Ганчароў. Узяў звычайны блакнот за 7 капеек, i са жнiўня 1977 года пачаў штодня рабiць запiсы. «1 жнiўня: +29, цёпла, ранiцай туман. 2 жнiўня: +28, цёпла, сонца, увечары дождж. 3 жнiўня: +27, цёпла, увечары пайшоў дождж, ноччу моцная навальнiца. 4 жнiўня: +18, ранiцай дождж, увечары на 7-м кiламетры набралi кайстру падасiнавiкаў...» I так далей. Акрамя ўмоў надвор’я, таксама ёсць у запiсах згадкi пра сельскагаспадарчыя справы: калi пасадзiлi бульбу, калi грады на агародзе зрабiлi. I, канешне, рыбалка. У сярэдзiне кастрычнiка 1997 года яна была такая ўдалая, што да блакнота Мiхаiл Савельевiч прычапiў дзве выразкi з перакiднога календара з па-савецку чырвонымi лiчбамi. «16 кастрычнiка: адзiн акунёк, адзiн галавень на 200 грамаў i 10 плотак — усяго 12 галоў. 17 кастрычнiка: 2 галаўнi, 15 плотак i з iх — дзве вялiкiя, усяго 17 галоў злоўлена з ранiцы да 11 гадзiн на плынi». Цяпер у Мiхаiла Савельевiча цэлы архiў: некалькi блакнотаў, запоўненых яго бiсерным почыркам. Такiм дробным, што аднаго блакнота хапае звычайна гадоў на пяць. Ён нiколi не забываецца рабiць запiсы: толькi аднойчы, калi паехаў да сына на вяселле, прапусцiў некалькi дзён. — Я падымаюся ранiцай i iду на двор, — расказвае Ганчароў. — У мяне на двары два тэрмометры — гэта для дакладнасцi, каб не падманвалi. Дарэчы, тэрмометр на Мсцiслаўскiм райвыканкаме хлусiць, увесь час паказвае на 2—3 градусы халадней за сапраўдную тэмпературу. Блакнот на стале: я запiсваю ў яго ранiцай, а потым удзень. Так што надвор’е пад кантролем. Паводле Ганчарова, такой халоднай зiмы ды яшчэ працяглай, як летась, на яго памяцi не было. Як i не было такой цёплай, як сёлетняя зiма. Толькi ў ноч з 24 на 25 студзеня ў Мсцiславе выпаў першы вялiкi снег. Гэты снег напярэдаднi халоднага лютага выратаваў азiмыя пасевы. А нiякай паводкi, лiчыць Мiхаiл Савельевiч, сёлета i быць не павiнна: уся вiльгаць сышла ў нямёрзлую зямлю. Аднак ён памятае нязвычнае надвор’е i раней. Аднойчы ў студзенi было да 7 градусаў цяпла i пайшоў дождж. Гэта было ў 1983 годзе. Ганчароў добра запомнiў гэты дзень, бо тады злавiў на вуду 9 кiлаграмаў акунёў. А каб зайсцi на лёд, сек i падкладаў дрэвы. Ды яшчэ распрануўся да кашулi, бо баяўся правалiцца ў ваду i замерзнуць. Мiхаiл Савельевiч спецыяльна запiсвае звесткi пра розныя прыродныя катаклiзмы, ад якiх церпiць чалавек. Напрыклад, 11 снежня 1967 года была моцная мяцелiца, i ў Мсцiслаўскiм раёне замерзла 12 чалавек. — Мне тады было 30 гадоў, i ў той дзень я быў на паляваннi, — узгадвае Ганчароў. — Памятаю, што 3 кiламетры да дому я iшоў 4 гадзiны. Арыенцiрам былi слупы электраперадач: я станавiўся роўна, раскiдваў рукi i iшоў прама да наступнага, якi праз 50 метраў. Такiм чынам i дайшоў, не згубiўся ў мяцелiцы. I хоць мароз быў невялiкi, людзi пазамярзалi. Якая карысць ад звестак пра надвор’е? З iх Ганчароў робiць высновы: у якi дзень i калi можна лавiць рыбу, каб быў добры вынiк. Напрыклад, калi дзьме ўсходнi вецер, то можна на рыбалку i не хадзiць. Гэта яшчэ горш, чым вецер паўночны. Смела можна iсцi пры паўднёва-заходнiм i паўднёва-ўсходнiм ветры. Звесткi пра надвор’е спатрэбiлiся i дачцэ Ганчарова. Па прафесii бiёлаг, яна абараняла кандыдацкую дысертацыю ў Горацкай сельскагаспадарчай акадэмii. Тады яна i зацiкавiлася блакнотамi бацькi. Сябры добразычлiва цiкавяцца надвор’ем у метэаролага-аматара, жонка Марыя Васiльеўна лiчыць хобi сужэнца няшкодным дзiвацтвам. Затое яна вельмi любiць рыбу, улоў якой таксама залежыць i ад назiранняў за надвор’ем. Мiхаiл Савельевiч заўсёды жартуе, што Марыя Васiльеўна ведала, за каго пайсцi замуж — за заўзятага аматара рыбалкi, якi заўсёды забяспечыць сям’ю свежай рыбай. Белую рыбу Ганчаровы соляць, астатнюю смажаць, гатуюць з яе юшку. Нават самую малую рыбку Марыя Васiльеўна перакручвае на фарш i лепiць файныя катлеткi! Рыбалка — гэта самае вялiкае задавальненне на свеце, упэўнены Ганчароў. Ды i свежую рыбу карысна ўжываць у ежу. Таму ён рашуча настроены супраць электравудаў i iншых сродкаў масавага знiшчэння рыбы, патрабуе караць браканьераў «на ўсю катушку». Што датычыцца надвор’я, то мсцiславец упэўнены, што яно пагаршаецца i становiцца непрадказальным ад дзейнасцi чалавека. Людзi шкодзяць прыродзе, а яна — iм. — Побач з Мсцiславам ёсць лес, якi называецца Дуброва, — гаворыць Мiхаiл Савельевiч. — Раней, калi ўзiмку пойдзеш на паляванне, праз кожныя сто метраў былi ласiныя пераходы. А потым далi план прамысловага адстрэлу на экспарт, i там выжылi толькi лiчаныя жывёлiны. Хiба ж так можна? Яму не падабаецца, што на зямным шары «развялося столькi аўтамабiляў i самалётаў, якiя паляць тонамi бензiн i газу». Што «запускаюць спадарожнiкi сотнямi, i гэта таксама шкодзiць прыродзе». Што «выхлапныя газы акупавалi атмасферу планеты». — Карацей, чалавек сам вiнаваты, — упэўнена расстаўляе кропкi над «i» мсцiславец Ганчароў. — I паверце, надвор’е за апошнiя 30 гадоў сапраўды змянiлася ў горшы бок. Дзе гэта бачна: каб спачатку была вар’яцкая халадэча, а потым узiмку ад цеплынi кветкi распускалiся? Калi нiчога не зменiцца, то дрэнна будзе. Але чалавек ужо прыдумляе аўтамабiлi, якiя працуюць на сонечнай энергii, бо запасы нафты рана цi позна закончацца. Так што навука дойдзе, людзi выкараскаюцца i будуць жыць. Сёлетняя вясна выдалася ран-няй, незвычайна цёплай — пацвярджае мсцiслаўскi аматар-метэаролаг. Напрыклад, паводле запiсаў Ганчарова, у 1992 годзе 21 сакавiка ўдзень быў толькi 1 градус цяпла, 22-га — нулявая тэмпература. У 1983 годзе ноччу i ранiцай 21, 22, 23 сакавiка былi мiнусавыя тэмпературы, i толькi ўдзень пад сонейкам паветра прагравалася да 2—5 градусаў цяпла. А ў леташнiм сакавiку, калi памятаеце, яшчэ трашчалi маразы: з 21-га па 27-га назiралася аж да 10 градусаў марозу, i толькi з 28 сакавiка пайшло патроху цяпло. А што будзе далей з нашай сёлетняй вясной — цяжка прадказаць. Мiхаiл Савельевiч звяртае ўвагу на адсутнасць цвёрдых заканамернасцяў i схiльнасць да крайнасцяў. Сам Ганчароў з нецярплiвасцю чакае аднаўлення рыбалкi: цяпер, калi паднялiся рэкi i растаў лёд, трэба пачакаць з любiмай справай. Ды i пасяўныя работы, якiя ў Магiлёўскай вобласцi пачнуцца сёлета раней, таксама адцягнуць увагу. Але перапынак у рыбалцы не будзе працяглым. Хочацца верыць, што прырода-мацi не падмане чаканнi людзей i дасць добрае цёплае надвор’е. Мiхаiл Савельевiч, канешне, спрабуе рабiць i прагнозы надвор’я. Праўда прызнаецца, што спраўджваюцца яны далёка не заўсёды. — Хто ж мог прадбачыць такую незвычайна цёплую вясну? — гаворыць Ганчароў. — Нават пелiкан з цёплых краiн да нас у Беларусь прыляцеў! Бярозавы сок пайшоў — а такога напрыканцы сакавiка нiколi не было! Вiдаць, будзе i далей цёпла. Хоць летась, павiнен сказаць, пасля пацяплення зноў прыйшоў холад. Я праглядаў свае запiсы на вясну за апошнiя 10—15 гадоў, i магу даць такi прагноз: тыднi праз два будуць яшчэ замаразкi. Хутчэй за ўсё, як i па народных прыкметах, пахаладанне прыйдзецца на тыдзень перад Вялiкаднем i потым на цвiценне садоў. А вось лета, паводле меркавання Мiхаiла Савельевiча, будзе спякотным. Аднак толькi першая палова. У другой палове лета, прагназуе мсцiслаўскi пенсiянер, будуць дажджы. Тады пойдуць грыбы — хоць не так многа, як летась, бо штогод гэта не паўтараецца. I вельмi добры прагноз дае Мiхаiл Савельевiч на рыбную лоўлю: гаворыць, што ўжо цяпер плотка пачынае кляваць добра! Мсцiслаўскi раён.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
30 гадоў пенсiянер з Мсцiслава Мiхаiл Савельевiч ГАНЧАРОЎ вядзе свой улiк надвор’я. Аматар-метэаролаг двойчы на дзень адзначае тэмпературу паветра |
|