Адкуль у танцаў ногi растуць, або Дзяўчына з вокладкi
Вiкторыя ЦЕЛЯШУК
Пакаленне NЕХT Яна першая, каму ўдалося зрабiць з музычнага накiрунку R’n’B «рускую народную» творчасць так, што гэта ўспрымаецца арганiчна, а не як дрэнная калька замежных выканаўцаў. Яе голас гучыць у расiйскiм блокбастары «Бой з ценем». У дзяцiнстве яна займалася ў гуртку народных танцаў, але вядомасць набыла зусiм у iншай сферы, у супрацоўнiцтве з рэперам Сярогай. У спiсе «маладых i паспяховых», якi складаюць вядучыя расiйскiя музканалы, яна ўмудрылася абагнаць нават Дзiму Бiлана. Зараз яе ведаюць пад iмем Б’янка, але многiя забываюцца (а мо, i зусiм не ведаюць), што яна наша суайчыннiца, мiнчанка...Ператварэнне спявачкi Таццяны Лiпнiцкай у новы сэкс-сiмвал пакалення Б’янку адбылося не раптоўна i не адразу. Чатыры гады пачынаючая артыстка прысвяцiла спевам у хоры, потым педагогi палiчылi, што ў дзяўчыны «нетрадыцыйны вакал», i яна вымушана была перайсцi ў эстрадную студыю. Ва ўзросце 16 гадоў атрымала гран-пры мiжнароднага конкурсу юных выканаўцаў «Мальва», потым — гран-пры фестывалю маладых выканаўцаў эстраднай песнi i танца «Белая Русь», а таксама заняла трэцяе месца на мiжнародным конкурсе iмя Агiнскага. Усяго праз год спявачка, якая ўжо карысталася сцэнiчным псеўданiмам Яна, з рэпертуарам уласнага сачынення з’ездзiла на гастролi ў Германiю. На той момант дзяўчына таксама працавала салiсткай Дзяржаўнага аркестра сiмфанiчнай i эстраднай музыкi пад кiраўнiцтвам Мiхаiла Фiнберга. Усяго ў гэтым статусе Яна пратрымалася 4 гады, у апошнi з якiх нават удзельнiчала ў нацыянальным адборы на «Еўрабачанне». Адтуль, з 15-кi фiналiстаў, разам з Максiмам Сапацьковым i пайшла ў iншы стэп — прыняла прапанову Сяргея Пархоменкi, або проста Сярогi, супрацоўнiчаць з яго праектам. Менавiта ў гэтым супрацоўнiцтве нарадзiлiся новыя псеўданiмы — Макс Лорэнс i Б’янка, — а таксама знакамiты хiт «Лебядзiная», якi ўпрыгожыў саўндтрэк фiльма «Бой з ценем» i стаў адкрыццём лета-2005. Чаму Б’янка? «Пацаны — мае «R’n’B-браты Сярога, Макс Лорэнс i Сацура — пачалi мяне так называць. I неяк гэта iмя да мяне хутка прычапiлася, усiм спадабалася», — прыгадвае зараз дзяўчына. Новае iмя да таго ж выдатна спалучылася з новым стылем. А дэбютны альбом Б’янкi «Рускi народны R’n’B», усе 12 песень якога спявачка напiсала сама, стаў музычнай бомбай i ўзнёс яе на вяршынi ўсiх магчымых хiт-парадаў. Паводле версii артысткi, песнi яна пiша, калi закаханая сама альбо калi закаханы блiзкiя людзi — «я вельмi эмацыянальны чалавек, мяне натхняюць прыгожыя гiсторыi навакольных людзей». Пра ўласны альбом дзяўчына, якой зараз крыху больш за 20 гадоў, марыла ўжо з 13 — а напiсаць ухiтрылася ўсяго за 6 месяцаў. Што ў вынiку? Тэксты, зразумелыя ўсiм ад пiянераў да пенсiянераў, запамiнальныя мелодыi з нацыянальным каларытам (яго забяспечваюць аранжыроўкi з балалайкай, гармонiкам i домрай), наiўная лiрыка, страсныя танцы, яркiя клiпы — i вось ужо Б’янку ледзьве не афiцыйна называюць «каралеўнай рускага R`n`B». Невядома, ашаламляльны поспех або юнацкi максiмалiзм таму прычынай, аднак летась спявачка пакiнула праект «Сярога» i адправiлася ў сольнае плаванне. «Вiдаць, прыйшоў час. I ён надышоў крыху раней, чым меркаваў Сярога», — так каментуе Б’янка сваё рашэнне. Гэтай восенню, у вераснi—кастрычнiку, абяцае прыхiльнiкам выпусцiць другi альбом. Прычым на гэты раз усёй яго падрыхтоўкай, ад аранжыровак да дызайну вокладкi, Б’янка шчыльна займаецца сама — на першай пласцiнцы знайшла многа недахопаў, чым была вельмi незадаволеная. Недахопы знайшлi i музычныя крытыкi — у прыватнасцi, у немудрагелiстасцi тэкстаў кшталту «парень Леха / мне ж так плохо / будь со мной вдвоем». Зрэшты, у моднай «чорнай» музыцы тэксты далёка не настолькi важныя, як формы выканаўцы, а з гэтым у Б’янкi якраз усё ў парадку. «Калi спявае Б’янка, хочацца плакаць i цалавацца», — сцвярджаецца ў прэс-рэлiзе на афiцыйным сайце спявачкi. Плакаць? Хiба што смеючыся да слёз, уяўляючы той бэзавы куст, пад якiм змясцiўся ўвесь двор. А цалавацца — справа добрая, але, баюся, прыхiльнiкi-мужчыны ўтвораць занадта вялiкую чаргу. Лепш усё-такi слухаць — драйву ў песнях Б’янкi на ўсiх хопiць.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Яна першая, каму ўдалося зрабiць з музычнага накiрунку R’n’B «рускую народную» творчасць так, што гэта ўспрымаецца арганiчна, а не як дрэнная калька з |
|