Працэс з працягам
Мiкола ДЗЯБЁЛА
Суд ды справа У Гомельскiм следчым iзалятары завяршылася другая частка «судовай эпапеi» над злачыннай арганiзацыяй, сумнавядомай пад назвай «пажарнiкi».Гэтым разам на лаве падсудных апынулiся 18 чалавек, 1 бандыт да «суднага дня» не дажыў — пакончыў жыццё самагубствам у камеры СIЗА. На рахунку «другой партыi пажарнiкаў» больш чым 30 цяжкiх i асаблiва цяжкiх злачынстваў, у тым лiку забойствы, выкраданнi людзей, згвалтаваннi, вымагальнiцтва. Таму i прысуд бандытам быў даволi суровы. Кожны з удзельнiкаў злачыннай арганiзацыi ў залежнасцi ад цяжару ўчыненага атрымаў прыгавор ад 4 да 15 гадоў пазбаўлення волi. Варта нагадаць, што банда «пажарнiкаў» на працягу 10 гадоў тэрарызавала жыхароў Гомеля, наводзiла жах на прадпрымальнiкаў, якiя гандлявалi на мясцовым рынку. З нязгоднымi плацiць «аброк» сурова распраўлялiся: падпальвалi iх гандлёвыя аб’екты, аўтамабiлi, жыллё. Менавiта таму злачынная арганiзацыя i атрымала назву «пажарнiкi». Усяго на рахунку «пажарнiкаў» больш за 100 злачынстваў. Суд над «першай партыяй» бандытаў пачаўся 22 лiстапада 2005 года i працягваўся 7 месяцаў. Тады 27 удзельнiкаў злачыннай арганiзацыi атрымалi ў залежнасцi ад ступенi вiны ад 3 да 14 гадоў пазбаўлення волi. Аднак ставiць кропку ў гэтай справе яшчэ рана. Сямёра членаў банды, у тым лiку i яе завадатары на чале з Генадзем Бярэзiным, зараз чакаюць экстрадыцыi з Расii ў Беларусь. Iх «судныя днi» наперадзе. Але i пасля трэцяга працэсу над «пажарнiкамi» павiнен быць працяг, бо яшчэ трое бандытаў знаходзяцца ў вышуку.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У Гомельскiм следчым iзалятары завяршылася другая частка «судовай эпапеi» над злачыннай арганiзацыяй, сумнавядомай пад назвай «пажарнiкi»
|
|