Офiс i фiтнэс — паняццi сумяшчальныя
Анастасiя ФАНДО
У свеце дзелавых касцюмаў i высокiх абцасаў заўсёды можна знайсцi месца i час для спорту. Было б жаданне!
Зарадка на працоўным месцы — вось што выратуе нас ад дэпрэсii, а цела — ад маларухомасцi. Нялёгка, згадзiцеся, бывае прымусiць сябе зрабiць зарадку, праводзячы цэлы дзень за офiсным сталом перад манiторам камп’ютара. I справа не толькi ў нашай ляноце: здаецца, вось толькi сабраўся зрабiць колькi прысяданняў цi iншых практыкаванняў, як тут жа спатрэбiшся калегам па рабоце, начальству. I ўсё ж знайсцi 15 хвiлiн на працягу 8-гадзiннага працоўнага дня можна кожнаму. Лепш зрабiць гэта апоўднi цi перад абедам (але не варта адразу пасля размiнкi накiроўвацца ў сталовую). Пачнём з паставы. Прыгожая пастава — гэта першы крок да iдэальнай знешнасцi. Прамая спiна i распраўленыя плечы заўсёды дазволяць вам адчуваць сябе ўпэўнена i прымусяць навакольных глядзець на вас з павагай. Працуючы седзячы, мы нахiляемся i знаходзiмся ў такiм становiшчы шмат гадзiн у дзень, часта без перапынку. Наша цела мiжволi прымае такое становiшча, i мы, самi таго не заўважаючы, горбiмся. Для прыгожай паставы i прафiлактыкi сутуласцi ёсць просты комплекс практыкаванняў. Для гэтага трэба знайсцi ў офiсе сцяну, не застаўленую мэбляй (пады-дзе свабодная сцяна шафы памерам 2х2 м). Практыкаванне першае. Шчыльна прыхiнiцеся да сцяны ўсiм целам, прыцiснiце да сцяны спiну, плечы, рукi далонi, ногi. Хвiлiну пастойце ў такiм становiшчы i зрабiце 7 глыбокiх удыхаў-выдыхаў (удых цераз нос, выдых — цераз рот). Затым, не мяняючы становiшча цела, зафiксуйце яго. З такой выпрамленай спiнай-«сцяной» пахадзiце некалькi хвiлiн па пакоi. Практыкаванне другое. Зноў прыхiнiцеся да сцяны (ужо не так шчыльна) i, сагнуўшы нагу ў калене, зрабiце па 7 махаў кожнай нагой. Практыкаванне трэцяе. Няшчыльна прыхiнiцеся да сцяны i, сагнуўшы руку ў локцi, зрабiце па 7 махаў кожнай рукой. Гэтае практыкаванне лёгка выконваецца ў любым адзеннi, нават у аблiпку. Практыкаванне чацвёртае. Цяпер выконвайце адначасова мах правай рукой i левай нагой — 7 разоў. Затым — наадварот: мах левай рукой i правай нагой, таксама 7 разоў. Практыкаванне пятае. 7 глыбокiх удыхаў-выдыхаў з нахiленнямi цела ўперад i матляннем рук унiзе. Гэтыя практыкаваннi дапамогуць захаваць выдатную паставу, прыгажосць, маладосць, вядома, цудоўны настрой. Правiлы офiснага фiтнэсу: нiякiх iнтэнсiўных практыкаванняў — толькi размiнка (у душ вы ж трапiце няхутка!); нiякiх рэзкiх практыкаванняў i махаў з вялiкай амплiтудай (вы ж у бiзнэс-адзеннi). Нават такая абмежаваная размiнка прынясе нямала карысцi. Для большай зручнасцi ў гэтым выпадку не насiце адзенне ў аблiпку i занадта цесную бялiзну. Абутак падбiрайце са зручным абцасам i калодкай — для таго, каб забяспечваўся нармальны кровазварот i не дэфармавалася ступня. Для ног добра i простая нагрузка — хадзьба. З’явiлася вольная хвiлiнка — устаньце з-за камп’ютара i пахадзiце па калiдоры, лепш — хуткiм крокам. Калi вам даводзiцца доўга сядзець на адным месцы — пастарайцеся перыядычна перамiнацца з нагi на нагу. Пазбаўцеся ад нядобрай звычкi сядзець закiнуўшы нагу на нагу. Пры гэтым не злоўжывайце кавай — кава расшырае сасуды. Выкарыстоўвайце такiя прак-тыкаваннi: Седзячы, «пабегайце» нагамi па падлозе. Пару хвiлiн пастукайце пяткамi па падлозе. Сэнс гэтага практыкавання ў тым, што вы разганяеце кроў i лiмфу. Патрэнiруйце пальцы ног — паспрабуйце падняць з iх дапамогай з падлогi дробныя прадметы — ручку цi аловак — шкарпэткi цi калготкi ў гэтым не перашкода. Пакатайце падэшвай нагi па падлозе якi-небудзь цылiндрычны прадмет, напрыклад, тоўсты аловак. Зрабiце нагам невялiкi масаж — лёгкiмi пагладжваннямi, пачаўшы са ступнi, паднiмайцеся па iкрах да калена, затым — некалькi кругавых рухаў над каленам. Iснуюць практыкаваннi для любых частак цела. Вось некалькi з iх: каб не зацякала шыя ад працяглага сядзення за камп’ютарам, устаньце i распраўце плечы, выцягнiце шыю, а затым нахiляйце яе ўправа i ўлева, выконвайце i кругавыя рухi; калi стамляюцца кiсцi рук ад доўгай работы на клавiятуры, трэба перыядычна iмi ўстрахваць. Для ўмацавання мышцаў рук можна паадцiскацца ад стала цi ад сцяны; для ўмацавання прэса неабходна сесцi бокам на крэсла да спiнкi i пападнiмаць каленi да ўзроўню грудзей. Спрошчаны варыянт — патрымаць выпрамленыя ногi, падняўшы iх пад вуглом 90 градусаў; для паляпшэння работы сэрца выкарыстоўвайце кожную вольную хвiлiнку, прайдзiцеся па кабiнеце, па калiдоры. I ўвогуле, не ўпускайце нiводнай магчымасцi прайсцiся лiшнi раз пешшу, не чакайце лiфта. Галоўнае, памятайце: усё трэба рабiць у спакойным рытме, нетаропка. ФIТНЭС ДЛЯ МАЗГОЎ Хто з нас не трапляў у такое становiшча: трэба працаваць, спраў па горла, часу на ўсё не хапае, вы яўна не паспяваеце ўсё зрабiць i ўжо сталi панiкаваць — як вам справiцца з такой сiтуацыяй? Стрэсы нельга «накоплiваць» у сабе. Стрэсы робяць нас старымi раней часу, паскараюць развiццё цэлюлiту, утварэнне маршчынак, а самае галоўнае — яны знiжаюць iмунiтэт з усiмi выцякаючымi наступствамi. Стрэсы трэба ўмець знiмаць правiльна. Нельга знiмаць стрэс перакурамi, пiрожнымi, моцнай кавай. Пажадана прыняць некалькi заспакаяльных пiлюль з мятай, можна з’есцi крыху шакаладу, прычым не жаваць яго, а смактаць. Эфектыўным метадам зняцця стрэсу ў любых вытворчых умовах з’яўляецца прыемная размiнка на працоўным месцы — вось што выратуе ад наступстваў стрэсу. Першае — выпрамiце спiну, распраўце плечы i ўцягнiце жывот. Стрэс, як правiла, адразу пагаршае нашу паставу, прымушае «абмякнуць». Заплюшчыце вочы. Перастаньце думаць аб непрыемнай размове з начальствам цi саслужыўцамi, аб нервовым тэлефонным званку. Падумайце аб тым, як вы зараз выглядаеце, успомнiце, што пасля стрэсу ўсё напiсана на вашым твары. Расслабце твар, знiмiце з яго напружанне. Пакладзiце рукi на лоб i крыху памасiруйце яго, лёгка папляскайце сябе па шчоках, скулах. Патрыце скронi. Паўсправы зроблена. Далей зрабiце некалькi глыбокiх удыхаў i выдыхаў, паклаўшы рукi на каленi. Калi лягчэй не становiцца, ёсць яшчэ адзiн народны сродак — паскачыце i памахайце рукамi i нагамi. Ну а калi зусiм нядобра, iснуе яшчэ адзiн сродак — удар рабром далонi па цвёрдай паверхнi. Згодна з легендай, гэта практыкаванне выкарыстоўвалi амазонкi — а ўжо яны ўмелi процiстаяць стрэсам i нiколi не гублялi сiл i баявога духу. Цяпер, калi вы супакоiлiся, вяртайцеся да работы з новымi адчуваннямi, добрым настроем i разумнымi думкамi. Вы ў выдатнай рабочай форме!
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У свеце дзелавых касцюмаў i высокiх абцасаў заўсёды можна знайсцi месца i час для спорту. Было б жаданне! |
|