З чым iдуць да дэпутата?
Леанiд ЛАХМАНЕНКА
НА ПРЫЁМЕ Разам з дэпутатам Палаты прадстаўнiкоў Нацыянальнага сходу, намеснiкам старшынi камiсii па аграрных пытаннях Вiктарам АНIКЕЕНКАМ карэспандэнт «Местного самоуправления», правёў прыём наведвальнiкаў з Вiлейскага раёна.Чачэнскi след Жыццёвая праўда была на баку наведвальнiка — маёра запасу Юрыя Мамчыца. У 1990 годзе ён закончыў ваеннае вучылiшча i быў накiраваны служыць у Чачню, горад Маздок. Там стаў сведкам чачэна-iнгушскага канфлiкту, а затым i ўдзельнiкам першай i другой ваенных чачэнскiх кампанiй. I ўвесь гэты час сям’я Мамчыца знаходзiлася ў Чачнi. У 2000 годзе ён звольнiўся ў запас па стану здароўя, пераехаў у Смаленск, там атрымлiваў пенсiю. У 2006 годзе вярнуўся на радзiму ў Вiлейскi раён. Як баявы ў нядаўнiм мiнулым афiцэр, звярнуўся ў райваенкамат, паказаў дакументы аб удзеле ў ваенных аперацыях. Разлiчваў на пэўныя льготы як удзельнiк лакальнага ваеннага канфлiкту. Яму ветлiва растлумачылi, што ў беларускiм пералiку тых, хто некалi ваяваў за межамi рэспублiкi (напрыклад, у Афганiстане), Чачня не значыцца. А значыць i льготы на яго не распаўсюджваюцца. Гэта i здзiвiла i абурыла Юрыя. У Расii тыя, хто прайшоў мясарубку Чачнi i выжыў, карыстаюцца льготамi: бясплатны праезд па чыгунцы раз у год, бясплатная пуцёўка ў санаторый, 50-працэнтная аплата камунальных паслуг, магчымасць дзецям без конкурсу паступаць у ВНУ сiлавых структур i шэраг iншых. А на радзiме — нiчога. Хоць, на яго думку, Чачня была пеклам, падобным на Афган, а часам можа яшчэ i горшым. Звычайна Вiктар Пятровiч даволi хутка адказвае наведвальнiкам на iх пытаннi i запыты — за два з паловай гады дэпутацтва ўжо набыў пэўны вопыт i цяпер можа з вялiкай доляй дакладнасцi сказаць чалавеку, цi ў яго сiлах яму дапамагчы. Можа адразу параiць, куды варта звярнуцца, якiя мець пры сабе дакументы i якiя падрыхтаваць паперы, каб потым не марнаваць час. Бо людзi часцей за ўсё прыходзяць з тыповымi жыццёвымi праблемамi, якiя па нейкiх аб’ектыўных i суб’ектыўных прычынах чамусьцi не вырашаюцца ў iншых iнстанцыях. Падчас прыёму Вiктар Анiкеенка цi яго памочнiк Мiкалай Жукаў некуды тэлефанавалi, нешта нагадвалi камусьцi аб яго абавязках, i здаралася, што дробнае пытанне вырашалася цi амаль вырашалася. А вось на гэта чачэнскае пытанне не знаходзiўся хуткi адказ. Праўда, адну праблему 39-гадовага ветэрана баявых дзеянняў у Расii Вiктар Пятровiч, здаецца, часткова вырашыў: патэлефанаваў камандзiру ваеннай часцi, размешчанай на тэрыторыi раёна, i папрасiў узяць Юрыя на работу. Камандзiр паабяцаў. Наконт жа таго, каб зраўняць правы «афганцаў» i тых, хто змагаўся ў Чачнi з агрэсiяй мiжнароднага тэрарызму, трэба падумаць, параiцца ў парламенце, iншых дзяржаўных структурах краiны. Магчыма, прыйдзецца iнiцыяваць пагадненне з Масквой, каб Расiя матэрыяльна падтрымлiвала ветэранаў-беларусаў, якiя ваявалi ў Чачнi. Дрэва спiлаваць — не поле перайсцi А вось праблема, з якой прыйшлi жыхары Вiлейкi, чыста мясцовая. Двухкватэрны дом, дзе яны пражываюць, паступова прыйшоў у заняпад, а рамантаваць яго нiхто не спяшаецца. Тым часам дом дае асадку, па сценах пайшлi трэшчыны. Анiкеенка тут жа прыняў пэўныя захады. Адначасова ўсплыло яшчэ адно — на першы погляд, дробнае, але ўжо набыўшае рэгiянальную актуальнасць пытанне. Жыхары старога дома паскардзiлiся, што пабудове пагражаюць вялiзныя дрэвы, якiя ў любы момант ад моцнага ветру могуць павалiцца на страху i паламаць яе. Вiктар Пятровiч гаворыць, што праблема старых аварыйных дрэў непакоiць ужо сотнi жыхароў Вiлейскага i Мядзельскага раёнаў. Сёння такая паслуга каштуе 500—600 тысяч рублёў. Пры гэткiх расцэнках нават сям’я з сярэднiм даходам на душу насельнiцтва моцна падумае, заказваць цi не спецыяльную брыгаду. Усяго ў раёне, па даных сельсаветаў, 2284 аварыйныя дрэвы. Iх могуць спiлаваць работнiкi жылкамунгаса, дарожнай арганiзацыi i службы электрыкаў. Цiкава, што кожная з iх бярэ сваю немалую цану. У райсавеце вырашылi разам з сельскiмi Саветамi да пачатку красавiка сфармiраваць сваю брыгаду, якая б згодна з патрабаваннямi тэхнiкi бяспекi занялася лiквiдацыяй гэтых дрэў. Расцэнкi ў брыгады будуць на парадак нiжэй. «Лiчу, што гэта правiльны падыход», — гаворыць Анiкеенка. Неўтаймаваны самагоншчык Пакуль на некалькi хвiлiн утварыўся перапынак, Вiктар Пятровiч дзелiцца думкамi наконт практыкi ажыццяўлення зваротаў выбаршчыкаў. Так, паводле яго слоў, не ўдалося пакуль у заканадаўчым плане вырашыць адну надзвычай злабадзённую праблему: увесцi крымiнальную адказнасць за самагонаварэнне, яго збыт i выкарыстанне для продажу спiрта-змяшчальных вадкасцяў. I наведвальнiкi пастаянна ставяць пытаннi: чаму той, хто атручвае людзей, нясе непараўнальна лёгкую адказнасць за маральныя, матэрыяльныя i сацыяльныя наступствы сваiх учынкаў? Самае вялiкае пакаранне самагоншчыка — штраф у 10 базавых велiчынь. Гэту акалiчнасць улiчваюць аматары лёгкiх грошай. Сярод iх сустракаюцца i былыя супрацоўнiкi сiлавых мiнiстэрстваў, якiя пасля выхаду на вельмi нядрэнную пенсiю займаюцца самагонаварэннем. Пры шматмiльённых прыбытках для iх такi штраф не перашкода. — Таму летась я iнiцыяваў прапанову аб унясеннi ў закон пункта аб узмацненнi адказнасцi за збыт алкагольнай атруты. Пакуль пытанне вывучаецца i разглядаецца, неўтаймаваны самагоншчык адчувае сябе прывольна, — канстатуе дэпутат. Кватэрнае пытанне шматдзетнай сям’i Гэта хударлявая жанчына з цiхiм голасам прыйшла па кватэрнаму пытанню. Яна i чацвёра яе непаўналетнiх дзяцей жывуць разам з мацi, але адносiны з ёй, паводле слоў наведвальнiцы, вельмi дрэнныя. У гаспадарцы, дзе яна працуе ў паляводчай брыгадзе, ёсць свабодная двухпакаёвая кватэра. Жанчына звярнулася да кiраўнiка з просьбай выдзелiць ёй гэту кватэру як шматдзетнай сям’i. Той адмовiў. Вось i прыйшла да дэпутата. Было бачна, што гэта гiсторыя кранула Вiктара Пятровiча. У паляводстве, як вядома, самыя нiзкiя заробкi i можна здагадацца, як жанчыне не проста выхоўваць дзяцей, кармiць i апранаць. А на якiя даходы ёй пабудаваць уласнае жыллё? Таму Анiкеенка цвёрда паабяцаў дапамагчы па меры магчымасцi. Не бытам адзiным... Былi i наведвальнiкi, якiя «не грузiлi» дэпутата сваiмi праблемамi, а прыйшлi, каб падзякаваць i параiцца. Загадчык Вiлейскай гарадской бiблiятэкi Тамара Валынец уводзiць мяне ў курс справы. Пры бiблiятэцы ўжо больш як 20 гадоў iснуе аб’яднанне «Натхненне», у яго ўваходзяць паэты i лiтаратары раёна. Пiшуць яны добрыя творы, а вось магчымасцi выдацца няма. Вось i звярнулася да дэпутата з просьбай пасадзейнiчаць. Той паабяцаў падумаць. Адказ даў не адразу, але да радасцi Тамары Мiхайлаўны, ён быў станоўчым. — Мне ўдалося пераканаць начальнiка МПМК № 185 Фёдара Васiльевiча Смолiка падтрымаць мясцовыя таленты i выступiць у ролi спонсара. Неўзабаве ў свет быў выдадзены прыгожа аформлены паэтычны зборнiк «Пад шэпт хваляў Вiлii». Дарэчы, ужо выдадзена пяць лiтаратурных зборнiкаў пры падтрымцы мясцовых спонсараў, — гаворыць Анiкеенка. Вiлейскi краязнаўчы музей — у сваёй катэгорыi адзiн з лепшых у краiне. Тут цiкавая i багатая экспазiцыя, ёсць нават асобная выставачная зала, працуюць квалiфiкаваныя спецыялiсты. Вось толькi адна незадача: зiмой у музеi вельмi холадна. Таму i завiтала да дэпутата яго дырэктар Валянцiна Лапко. З дапамогай Вiктара Пятровiча яна «прабiвае» газiфiкацыю музея, бо ацяпленне будынка электрычнымi прыборамi абыходзiцца даволi дорага — 8—10 млн рублёў штомесяц. Газ быў бы значна танней. Тым больш што труба пракладзена побач з музеем i падключэнне да яе каштавала б прыкладна 15 млн рублёў. Але ўзнiклi бюракратычныя бар’еры i зараз дырэктар i дэпутат разам спрабуюць iх пераадолець. Дырэктар сярэдняй школы № 5 Наталля Занковiч прынесла кветкi дэпутату з нагоды свята, Дня Канстытуцыi. Яна таксама ў асобе Вiктара Пятровiча знайшла аднадумца. Яму спадабалася iдэя новага кiраўнiка пераўтварыць гэту школу ў адну з лепшых у раёне i па ўзроўню навучання, i па знешняму выгляду, аснашчэнню аргтэхнiкай. Кiраўнiкi мэблевай фабрыкi Анатоль Сяргеевiч Драздоў, камбiкормавага завода — Франц Мiраслававiч Касцевiч i хлебазавода Анатоль Пятровiч Сяргей па парадзе дэпутата набылi для школы ксеракс, факс, музычны цэнтр. Цяпер Наталля Мiкалаеўна прыйшла сказаць, што настаў час заняцца камп’ютарызацыяй класаў. Інфармацыя для роздуму — Па вялiкаму рахунку, маё асноўнае месца работы як дэпутата — авальная зала парламента i дэпутацкая камiсiя, — гаворыць Вiктар Анiкеенка, — менавiта там iдзе заканатворчая праца. Але, каб прымаць новыя i мадэрнiзаваць, прыводзiць у адпаведнасць з часам раней прынятыя законы, трэба ведаць, чым жывуць людзi, што iх хвалюе i турбуе. У гэтым сэнсе прыём наведвальнiкаў, сустрэчы ў акрузе з выбаршчыкамi даюць вялiкую iнфармацыю да роздуму i асэнсавання рэчаiснасцi. Дэпутату вельмi важна ведаць праблемы рэгiёна, яго асобных тэрыторый з першых вуснаў. Так, за час майго дэпутацтва зваротаў выбаршчыкаў, якiя датычылiся б заканатворчай дзейнасцi, было няшмат. Значыць, на мой погляд, прымаемыя парламентам законы ў цэлым задавальняюць людзей. Iх больш хвалююць праблемы ўзроўню мясцовай улады: у першую чаргу камунальнай гаспадаркi, сферы паслуг, добраўпарадкавання населеных пунктаў i г.д. Асаблiва часта па гэтых пытаннях звяртаюцца жыхары Мядзельскага раёна. Вiдаць таму, што Вiлейскi раён эканамiчна мацнейшы, тут больш магчымасцяў для вырашэння бытавых праблем. Ды i вiлейскiя камунальнiкi на мае дэпутацкiя запыты звычайна аператыўна адгукаюцца. Хоць фармалiзму, абыякавасцi, цяганiны ў рабоце некаторых мясцовых службаў са зваротамi i скаргамi людзей яшчэ, трэба прызнаць, дастаткова. Бывае, што дробнае пытанне, якое не вырашаецца гадамi, пасля «падключэння» дэпутата здымаецца на працягу дзвюх-трох гадзiн. Мяне ўразiў такi выпадак. Адна сталая жанчына прынесла сваё пiсьмо з рэзалюцыяй намеснiка старшынi Вiлейскага райвыканкама — вырашыць пытанне на працягу месяца. Зiрнуў на дату i вачам не паверыў — рэзалюцыя была зроблена... 16 гадоў таму! Увесь гэты час жанчыну кармiлi абяцанкамi. А справа была «смешная» — пракласцi трубу для адводу вады, якая падтоплiвала вясковую хацiну. Такiя выпадкi больш засмучаюць, чым радуюць. Яны — яшчэ адно сведчанне таго, што iнiцыяваная Саветам Рэспублiкi i Палатай прадстаўнiкоў i падтрыманая Прэзiдэнтам работа па актывiзацыi дзейнасцi мясцовай улады, у першую чаргу сельскiх Саветаў, надзвычай актуальная. На асабiстым вопыце пераканаўся, што рэзервы тут велiзарныя. Апошнiм часам, напрыклад, стала модным сярод начальнiкаў даваць ветлiвы i своечасовы адказ i не спяшацца з выкананнем выкладзенай у пiсьме просьбы. Чыстай вады фармалiзм. Каб яго выкаранiць, не трэба матэрыяльных выдаткаў. Дастаткова мясцовай уладзе наладзiць сiстэмны кантроль за адказамi на звароты людзей. Шчыра скажу: тое, што мне i маiм памочнiкам удаецца зрабiць па зваротах выбаршчыкаў, — вынiк узаемадзеяння з абласнымi i раённымi кiраўнiкамi. Мне ў выбарчай акрузе пашанцавала з выканаўчай i судовай уладай, бо часта людзi iдуць i з юрыдычнымi пытаннямi. Калi я выбiраўся дэпутатам, ад выбаршчыкаў атрымаў два сур’ёзныя наказы: у Вiлейцы пасадзейнiчаць завяршэнню 18-гадовай будоўлi басейна, у Мядзельскiм раёне — узвесцi новую школу ў вёсцы Старлыгi. Зразумела, без удзелу абласных уладаў такiя пытаннi не вырашаюцца, i на першай сустрэчы са старшынёй Мiнаблвыканкама Мiкалаем Дамашкевiчам я перадаў яму змест гэтых наказаў. У вынiку аблвыканкамам было прынята станоўчае рашэнне па гэтых двух аб’ектах, за што выбаршчыкi вельмi ўдзячныя губернатару. Узаемапаразуменне i добрыя, дзелавыя адносiны склалiся са старшынямi Мядзельскага i Вiлейскага райвыканкамаў Аляксандрам Данiленкам i Яўгенам Сiнiлам. Радуе, што апошнiм часам i райсаветы, сельскiя Саветы абодвух раёнаў усё больш прафесiйна працуюць. Разам, упэўнены, нам многае ўдасца зрабiць. *** Сям’я Ярашэвiч у пэўным сэнсе стала ахвярай урбанiзацыi. Паступова яе дом у Вiлейцы ўзяла ў жорсткiя абдымкi гарадская забудова, ды так шчыльна, што прысядзiбны ўчастак амаль у 30 сотак паступова звузiўся да памераў невялiкай пляцоўкi. А пасля смерцi мужа дом пенсiянеркi Марыi Iванаўны i ўвогуле аказаўся ў аварыйным стане, без ацяплення, водазабеспячэння i г.д. Тады летась i прыйшла яна на прыём да Анiкеенкi... Разам з памочнiкам дэпутата М. Жукавым едзем да Ярашэвiч. Марыя Iванаўна сустракае яго як дарагога госця, паказвае, што ўжо зроблена рамонтнiкамi. — У маёй хаты нiбы пачалося другое жыццё. I ўсё дзякуючы Вiктару Пятровiчу. Бо колькi гадоў я стукала ў розныя дзверы, i ўсё дарэмна. А цяпер паглядзiце — жыць можна сталаму чалавеку. Дай Бог здароўя гэтаму дэпутату.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Разам з дэпутатам Палаты прадстаўнiкоў Нацыянальнага сходу, намеснiкам старшынi камiсii па аграрных пытаннях Вiктарам АНIКЕЕНКАМ карэспандэнт «Местног |
|